Учора, 3 мая, у Рыме адбылася вельмі чаканая сустрэча з удзелам шасці нямецкіх біскупаў (і іх сакратара) і чатырох прадстаўнікоў Ватыкана, на якой павінна было абмяркоўвацца рашэнне, прынятае немцамі 20 лютага, згодна з якім пратэстанцкія сужэнцы каталікоў будуць у індывідуальных выпадках дапускацца да святой Камуніі. Сустрэча працягвалася тры з паловай гадзіны ў будынку Кангрэгацыі дактрыны веры. На ён прысутнічаў прэфект Кангрэгацыі арцыбіскуп Луіс Ладарыя, а таксама кардынал Курт Кох і два іншыя святары. Аднак вынікаў на сустрэчы, здаецца, дасягнута не было.

Сярод удзельнікаў з Германіі быў з аднаго боку кардынал Рэйнхард Маркс з Мюнхена, старшыня нямецкай біскупскай канферэнцыі, а з іншага боку кардынал Райнэр Вёлькі з Кёльна — адзін з сямі нямецкіх біскупаў, якія напісалі ў Ватыкан ліст з чатырма пытаннямі наконт нядаўніх нямецкіх пастырскіх інструкцый, зацверджаных дзвюма трацінамі нямецкага епіскапату.

Гэтыя чатыры новыя dubia, прадстаўленыя ў сакавіку ў Кангрэгацыю дактрыны веры, кардыналу Коху (старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству) і ў Папскую раду па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, гучаць наступным чынам:

1. Ці з’яўляецца прадстаўлены тут дакумент, як сцвярджаюць некаторыя нямецкія біскупы, “пастырскай інструкцыяй” і таму належыць выключна да пастырскай сферы, ці мова ў ім фундаментальным чынам ідзе пра веру і еднасць Касцёла, а не толькі пра зробленыя ім пастановы?

2. Ці не рэлятывізуе артыкул 58 гэтага дакумента веру Касцёла, згодна з якой Касцёл Езуса Хрыста рэалізуецца (існуе) у Каталіцкім Касцёле і таму неабходна, каб евангелічны хрысціянін, які падзяляе каталіцкую веру адносна Эўхарыстыі, павінен у дадзеным выпадку таксама стаць каталіком?

3. Згодна з №№ 283–293, крытэрыем [сур’ёзных душэўных] пакутаў становіцца перадусім не прагненне эўхарыстычнай ласкі, а хутчэй супольнае прыняцце Камуніі сужэнцамі, што належаць да розных канфесій. На наш погляд, гэтыя пакуты з’яўляюцца менавіта тымі, якія характэрны для экуменізму ў цэлым, гэта значыць для кожнага хрысціяніна, які сур’ёзна імкнецца да еднасці. Таму мы лічым, што гэта не з’яўляецца выключным крытэрыем.

4. Ці можа адзіная нацыянальная біскупская канферэнцыя ў адным асобна ўзятым моўным рэгіёне прыняць ізаляванае рашэнне наконт такога пытання, звязанага з верай і практыкай усяго Касцёла, без суаднясення і інтэграцыі з паўсюдным Касцёлам?

Можна бачыць, што гэтыя чатыры dubia ставяць вельмі фундаментальныя пытанні, якія закранаюць глыбокія дактрынальныя справы, такія як эклезіялогія і сакрамэнтальны парадак Касцёла, і на якія дзеля захавання каталіцкай веры і дысцыпліны Касцёла трэба даць ясны дактрынальны адказ.

Як мы казалі раней, допуск пратэстанцкіх сужэнцаў да святой Камуніі без навяртання ставіць пад пытанне вучэнне Касцёла пра тое, што для прыняцця святой Камуніі неабходна знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, якую пасля страты можна вярнуць пасля шчырага ўдзелу ў сакрамэнце пакуты.

Якія меры прадпрыняў Папа Францішак у сувязі з гэтай нямецкай дыскусіяй? Па сутнасці, хоць і не яўна, ён сказаў: “Глядзіце самі“. “Я не буду адказваць на гэтыя dubia дактрынальным і канчатковым чынам”. Такім чынам, ён робіць дакладна тое ж, што ён зрабіў у сувязі з дыскусіяй вакол Amoris laetitia і пяццю dubia, якія прадставілі яму кардыналы Вальтэр Брандмюлер, Ёахім Майснер, Карла Кафара і Рэйманд Бёрк.

Заява, якую 3 мая выдалі як нямецкая біскупская канферэнцыя, так і сам Ватыкан (яны ідэнтычныя), кажа пра сустрэчу ў Рыме наступнае:

У размове, якая вялася на нямецкай мове, арцыбіскуп Ладарыя Ферэр растлумачыў, што Папа Францішак падтрымаў экуменічны высілак нямецкіх біскупаў і папрасіў іх па магчымасці прыйсці да аднадушнага пагаджэння ў духу эклезіяльнай еднасці. Падчас дыскусіі былі разгледжаны розныя аспекты: згода паміж пытаннем веры і пастырскай апекай, яе важнасць для касцёльнага свету і яе юрыдычнае вымярэнне. Арцыбіскуп Ладарыя Ферэр праінфармуе Святога Айца пра змест размовы. Сустрэча прайшла ў цёплай і братэрскай атмасферы. [вылучэнне дададзена]

Калі скончацца папскае ўхіленне і адгаворкі?


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Raimond Spekking (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з даволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар