03.05.2018 / E. Christian Brugger

Перачытваючы энцыкліку “Humanae vitae”. Частка 1🕑 7 хвілін

Ад рэдактара The Catholic Thing:

З Рыма прыходзяць паведамленні пра тое, што ў гэтым годзе энцыкліка Humanae vitae і яе забарона на кантрацэпцыю могуць быць перагледжаны. Паколькі гэтая магчымая падзея будзе мець вялізныя наступствы для сужэнства і сям’і — і для самога Касцёла, — мы публікуем тэкст аднаго з самых знакамітых маральных тэолагаў Амерыкі, які старанна перачытвае гэтую важную энцыкліку. (…) — Роберт Роял.

* * *

Англійскае слова “peruse” азначае старанна вывучаць тэкст. Слова “reperuse” азначае вяртацца да яго, каб вывучыць яго яшчэ больш старанна, магчыма ў святле новай інфармацыі, важнай для яго разумення. Такі тып паўторнага разгляду, які на лацінскай мове называецца “relectio”, быў агульнапрынятым для каталіцкай тэалогіі XVI стагоддзя. У тыя часы еўрапейцы толькі адкрывалі Амерыку, таму паўставалі новыя пытанні наконт легітымнай улады, правоў чалавека, справядлівай вайны, рабства і забойства, асабліва ў тым, што датычылася толькі што захопленых карэнных амерыканцаў. Такія тэолагі, як іспанец Франсіска дэ Віторыя (каля 1483–1546), вярталіся да адпаведных класічных тэкстаў, пераважна да Тамаша Аквінскага, каб паразважаць над новымі рэчамі, якія адбываліся ў Новым Свеце. Ягоныя тэксты называліся “relectiones”, або перачытванні; яны аказвалі вельмі вялікі ўплыў на тагачасныя тэалагічныя дыскусіі.

У гэтым годзе, у 50-гадовы юбілей публікацыі найважнейшага тэкста Папы Паўла VI Humanae vitae (HV), шмат размоваў ідзе пра “перачытванне” гэтага папскага дакумента ў “святле” так званай “новай парадыгмы”, выведзенай з раздзела 8 апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. На жаль, гэтае перачытванне HV, у адрозненне ад сваіх аналагаў з XVI стагоддзя, не мае нічога супольнага з сур’ёзнай хрысціянскай тэалогіяй. Бо тэалогія ў якасці сваіх неаспрэчных зыходных пунктаў і сродкаў вымярэння выкарыстоўвае вучэнне Божага Адкрыцця, якое знаходзіцца ў Святым Пісанні і вучэнні Касцёла.

Таму тэалагічнае relectio энцыклікі Humanae vitae перачытвала б яе асноватворныя перадумовы, калі трэба, фармулюючы іх нанова, аднак захоўваючы лагічную звязнасць са зместам папярэдніх фармулёвак, пасля чаго прымяняла б іх па меры патрэбы да новых сітуацый і да новага стану рэчаў. Цяперашняе ж перачытванне Humanae vitae не робіць гэтага. Называючы сябе традыцыйным тэрмінам “перачытванне”, яно адыходзіць ад асноватворных перадумоваў тэкста і адкідае яго канкрэтныя вывады.

Я не стаўлю сабе за мэту крытыкаваць дадзенае перачытванне. Я зрабіў гэта ў іншым месцы. Тут я хацеў бы прапанаваць уласнае перачытванне Humanae vitae. Коратка акрэсліўшы гістарычны кантэкст гэтай энцыклікі, я прааналізую яе змест, засяроджваючыся на яго асноватворных перадумовах і стараючыся сфармуляваць іх яшчэ больш ясна для сітуацыі сённяшняга часу, пасля чаго я пагляджу, якім чынам іх можна прымяніць да цяперашняга стану рэчаў.

Азіраючыся назад, мы ўбачым, што чалавек імкнуўся зрабіць свой сэкс бясплодным ад таго часу, як пачаў ім займацца. Гэта рабілася пры дапамозе альбо coitus interruptus (перарванага палавога акту); альбо вагінальных супазіторыяў, якія старажытныя егіпцяне рабілі з калу кракадзіла і квашанага цеста (1850 да н. э.), а арабская медыцына — з фекалій слана (ІХ ст. н. э.); альбо натуральных супрацьзачаткавых сродкаў (жывіцы кедра, волава, гальбану і г. д.), якія, паводле прадпісання старажытнага гінеколага Сарана (ІІ ст. н. э.), наносіліся на ўваход маткі; альбо ўвільготненай меднай руды, якую рэкамендаваў грэцкі лекар Гіпакрат (IV ст. да н. э.).

Усе хрысціяне з апостальскіх часоў адкідалі ўсе формы кантрацэпцыі, бачачы ў ёй атаку на задуманую Богам дзетародную мэту людской сэксуальнасці. Гэтай іх пазіцыі, прынамсі афіцыйна, быў пакладзены канец на англіканскай канферэнцыі ў Ламбеце ў 1930 годзе, калі англіканскія біскупы, адкінуўшы — хоць і неахвотна — старажытны кансэнсус, упершыню пастанавілі, што выкарыстанне кантрацэптыўных сродкаў жанатымі парамі можа быць маральна дапушчальным:

Там, дзе ясна адчуваецца маральны абавязак абмежаваць альбо пазбегнуць бацькоўства, неабходна, засноўваючыся на хрысціянскіх прынцыпах, вызначыць метад. Першы і відавочны метад заключаецца ў поўным устрыманні ад сэксуальнага кантакту (пакуль гэта будзе патрэбным) і жыцці ў дысцыпліне і самакантролі ў моцы Святога Духа. Аднак у тых выпадках, калі існуе такое яснае адчуванне маральнага абавязку абмежаваць альбо пазбегнуць бацькоўства і калі існуе маральна сур’ёзная прычына пазбягаць поўнага ўстрымання, Канферэнцыя згаджаецца на выкарыстанне іншых метадаў пры ўмове, што гэта робіцца ў святле тых самых хрысціянскіх прынцыпаў. Канферэнцыя адзначае сваё моцнае асуджэнне выкарыстання ўсялякіх сродкаў кантрацэпцыі з матываў эгаізму, распусты ці простай зручнасці. [курсіў дадзены]

Канферэнцыя ў Ламбеце ў 1958 годзе навучала са значна меншай стрыманасцю: “Сродкі, [якія хрысціянскія пары выкарыстоўваюць для адказнага] планавання сям’і, у вялікай ступені з’яўляюцца справай медыцынскага і эстэтычнага выбару… і хрысціяне маюць усялякае права выкарыстоўваць гэтыя дары навукі ў адпаведных мэтах”.

За Ламбетам і Англіканскай супольнасцю пайшоў і астатні пратэстанцкі свет.

Энцыкліка Humanae vitae была апублікавана толькі ў 1968 годзе, аднак пытаннем маральнасці кантрацэпцыі займаліся і Айцы Другога Ватыканскага сабору. У красавіку 1963 года Папа Ян ХХІІІ стварыў невялікую камісію з шасці членаў, якую ён назваў Папскай камісіяй па справах насельніцтва, сям’і і нараджальнасці. Яе мэта была абмежаваная тым, каб дапамагаць Святому Пасаду падрыхтавацца да міжнароднай канферэнцыі, якую праводзілі Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

У 1963 годзе Папа Ян памёр. Крытыкі, якія жадалі зменаў у вучэнні, заклікалі Папу Паўла VI пашырыць склад камісіі і даць ёй большыя паўнамоцтвы, у тым ліку права на пераацэнку маральнасці кантрацэпцыі. Папа Павел быў упэўнены ў праўдзівасці прынятага вучэння, аднак ён меў сумневы наконт амаральнасці адносна новай супрацьзачаткавай таблеткі. Яе можна было прымаць перад палавым актам, пакідаючы яго вольным ад умяшальніцтва фізічнага засцерагальнага сродку. Ці сапраўды яна была кантрацэптывам?

У пачатку 1964 года Папа Павел істотна пашырыў камісію па нараджальнасці, каб яна магла ўдзяліць максімальную ўвагу адзінаму пытанню — пытанню пра маральнасць “таблеткі”. Аднак ён не змог ясна выказаць сваіх намераў. Генеральны сакратар камісіі а. Анры дэ Рыдматэн ОР, які крытычна ставіўся да прынятага вучэння, вырашыў засяродзіць увагу камісіі не на пытанні “таблеткі”, а на пытанні таго, ці існуе магчымасць рэфармаваць прынятае вучэнне.

Большасць членаў тэалагічнай секцыі камісіі (12 з 19) лічыла, што гэтае вучэнне можна было змяніць. Іхняе меркаванне было сфармулявана ў выглядзе канфідэнцыйнай справаздачы, якую павінен быў убачыць толькі Папа. Астатнія члены, якія абаранялі традыцыйнае вучэнне, таксама напісалі справаздачу. У 1967 годзе хтосьці звязаны з большасцю зліў абедзве справаздачы ў прэсу, узняўшы публічныя спадзяванні, што Папа паследуе рэкамендацыі большасці.

Аднак Папа ў прыгожа напісаным і цудоўна кароткім тэксце, які налічваў крыху меней за 8000 слоў, пацвердзіў традыцыйнае суджэнне, што свабодна абраныя кантрацэптыўныя акты заўсёды з’яўляюцца няправільнымі. Яго паўторная фармуліроўка гэтай старажытнай маральнай нормы знаходзіцца ў HV 14. Але спачатку ён падаў кантэкст сацыяльных праблем, што знаходзіліся ў абмеркаванні, а таксама цэльны, хоць і кароткі, філасофскі аналіз сужэнства і палавых стасункаў, які з’яўляецца пэўнага кшталту перадумовай для канкрэтнай нормы. За параграфам 14 ідзе праніклівы душпастырскі каментарый і серыя зваротаў да розных груп людзей як унутры Касцёла, так і звонку.

У сваіх уступных заўвагах ён адзначае, што нядаўнія змены ў грамадстве ўзнялі “новыя пытанні”, на якія Касцёл павінен адказаць: рост насельніцтва, роля жанчыны ў грамадстве, значэнне, якім надзяляюць сужэнства і сэкс, і “агромністы прагрэс” у заваяванні прыроды. Адно з гэтых пытанняў такое: ці павінен Касцёл змяніць сваё навучанне наконт маральнасці кантрацэптыўных актаў, асабліва ў святле таго факту, што жыццё ў згодзе з гэтым вучэннем сёння можа быць вельмі цяжкім і часам патрабаваць “гераічнай ахвярнасці”?

Астатняя частка энцыклікі з’яўляецца адказам Папы на гэтае пытанне.

Любое этычнае абмеркаванне палавых стасункаў у каталіцкай традыцыі павінна заўсёды знаходзіцца ў шырэйшым кантэксце дабра сужэнства. Паколькі палавыя акты з’яўляюцца маральна апраўданымі — а насамрэч да канца зразумелымі — толькі ў сужэнстве, мы можам зразумець, якія з гэтых актаў абараняюць і падтрымліваюць сужэнства, а якія шкодзяць яму і аслабляюць яго, толькі спачатку зразумеўшы, што такое сужэнства.

З гэтай прычыны Папа тлумачыць прыроду сужэнства. Па-першае, ён кажа, што сужэнства — гэта адносіны любові, якія бяруць свой пачатак ад Бога, Які з’яўляецца любоўю. Гэта дае нам мала канкрэтыкі наконт сужэнства, таму што ўсялякае сапраўднае сяброўства прадугледжвае любоў. Аднак далей ён кажа, што гэты від любові з’яўляецца sui generis (цалкам унікальным), услед за Другім Ватыканскім саборам называючы яго тэрмінам “сужэнская любоў” [amor coniugalis].

Лацінскі дзеяслоў “сoniungo”, ад якога паходзіць прыметнік “coniugalis”, азначае звязваць разам, яднаць, злучаць. Amor coniugalis, якая характарызуе сужэнства, звязвае сужэнцаў разам, яднае і злучае іх абсалютна ўнікальным чынам. Гэта не проста саюз душаў, як у іншых платанічных сяброўствах; гэта не проста саюз целаў, як у выпадку тых, хто аддаецца культуры сэксу без адносінаў. Гэта саюз як целаў, так і душаў. Таму Папа называе сужэнскую любоў “поўнасцю чалавечай”. Акрамя таго, кажа ён, любоў сужэнцаў з’яўляецца “ўсеабдымнай”, бо яны дзеляцца ўсім, што звязана з дабротамі цела і душы. Таксама яна з’яўляецца “вернай”, гэта значыць адзінай да самай смерці сужэнцаў. Нарэшце, яна з’яўляецца “плённай”; сужэнская любоў выходзіць па-за межы дваіх сужэнцаў, каб прывітаць новае жыццё, якое рэалізацыя гэтай любові запрашае да існавання.

Гэтыя чатыры кампаненты сужэнскай любові — паўната, усеабдымнасць, вернасць і плённасць — складаюць, паводле Папы (і Каталіцкага Касцёла), нарматыўнае азначэнне сужэнства: выключная еднасць асобаў, якая характарызуецца поўным і ўсеабдымным яднаннем цела і душы.

З гэтага азначэння, узятага з новазапаветнага разумення сужэнства, Папа Павел робіць выснову наконт “нераздзельнай еднасці” паміж двума “значэннямі” (significationes), “уласцівымі” сужэнскаму акту. Адзін і той жа акт, які цесна злучае мужа і жонку ў адно цела, таксама “робіць іх здольнымі ствараць новае жыццё” (пар. ККП, кан. 1061 §1). Таму еднасць і нараджэнне патомства з’яўляюцца “ўласцівымі” сужэнскаму акту.


Аўтар: E. Christian Brugger
Крыніца: The Catholic Thing
Ілюстрацыя: Джота дзі Бандонэ, “Сустрэча пры Залатой браме”, паміж 1304 і 1306, фрагмент, рэд.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі і аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up