Нікейскі сімвал веры

Гэты сімвал веры быў укладзены ў 325 годзе на Нікейскім саборы ў г. Нікея ў Малой Азіі, дзе на заклік Папы Сільвестра сабраліся 318 біскупаў, каб асудзіць ерэтыка Арыя, які адмаўляў боскасць нашага Пана.

Сярод Айцоў, прысутных на гэтым знакамітым сінодзе, вядомым на Усходзе як “сінод 318-ці”, было некалькі асобаў, на якіх яшчэ былі раны, якія яны панеслі падчас былога пераследу. Вялікі Пафнуцій, біскуп Фіваіды, быў там з выбітым правым вокам і амаль цалкам спаленай правай рукою; гэтыя траўмы ён атрымаў падчас пераследу Максіміліяна. Імператар Канстанцін Вялікі быў настолькі ўражаны выглядам гэтага святога героя, што ён ніколі не адыходзіў ад яго, спачатку не пацалаваўшы ягоных ранаў. Іншым шаноўным удзельнікам быў св. Павел з Новай Цэзарэі, якому па загадзе Ліцынія спалілі абедзве рукі. Без правага вока быў таксама св. Патамон, біскуп Гераклеі. Усе гэтыя шаноўныя людзі, хоць і былі старымі і слабымі, кінулі выклік небяспекам вады і сушы, каб абараніць цэласнасць апостальскай веры ад самай нахабнай ерасі, якая калісьці з’яўлялася ў Касцёле.

Пантыфікам у той час быў Папа Сільвестр, аднак ён не ўзначальваў Сабор асабіста. Яго прадстаўлялі рымскія святары Віт і Вінцэнт, а таксама Осій, біскуп Кордавы (Іспанія). Лічыцца, што апошні са згаданых кіраваў дыскусіямі Айцоў. Таксама касцёльныя гісторыкі амаль аднадушна мяркуюць, што менавіта ён уклаў знакаміты Сімвал веры, які — наўрад ці трэба казаць — быў напісаны на грэцкай мове.

Пасля таго, як Айцы сабраліся, Канстанцін Вялікі нядоўга папрысутнічаў на Саборы. Калі абвясцілі пра ягоны прыезд, усе падняліся, каб прывітаць яго, і адразу правялі да цудоўнага залатога трона, які для яго падрыхтавалі ў пакоі паседжанняў. Імператар забараніў уваходзіць тым са свайго суправаджэння, хто не быў ахрышчаны. Сам Эўсэбій настолькі маляўніча апісвае гэтую сцэну, што мы не стрымаемся і пададзім апісанне цалкам: “Імператар з’явіўся, як Божы пасланнік, апрануты ў золата і каштоўныя камяні, цудоўны фігураю, высокі і зграбны, поўны ласкі і велічы. З гэтай веліччу ён спалучаў вялікую сціпласць і пабожную пакору, так што ён з пашанаю трымаў вочы долу і сеў на падрыхтаванае для яго залатое месца толькі тады, калі біскупы далі яму знак зрабіць гэта. Калі ён заняў сваё месца, біскупы занялі свае” (Vita Constan., ІІІ, с. 10). Калі ў адрас імператара прачыталі прывітальнае слова, імператар мяккім голасам звярнуўся да Айцоў. Ён прамаўляў на лацінскай мове, а пісар побач з ім адразу запісваў ягоныя словы па-грэцку. Пасля прамовы былі зачытаны і абмеркаваны пытанні, звязаныя з ерассю Арыя, а затым і сам ерэтык стаў перад трыбуналам.

Памылка Арыя. — Арыя апісваюць як высокага і хударлявага чалавека, аскетычнага з выгляду, сур’ёзнага ў паводзінах і з вельмі прыемнымі манерамі. Яго прадстаўляюць як адукаванага чалавека, разумнага і ўзвышанага логіка — ганарлівага, амбіцыйнага, няшчырага і хітрага. Св. Эпіфаній называў яго падступным змеем.

Як і Філон Александрыйскі, Арый прызнаваў існаванне прамежкавага стварэння, якое было ніжэйшым за Бога, але з’яўлялася боскім інструментам у стварэнні свету, як богі Платона. Акрамя таго, ён перанёс ідэю часу, які кіруе кожным людскім пакаленнем, на боскія рэчы і зрабіў з гэтага вывад, што па лагічнай неабходнасці (як ён лічыў) Сын не можа быць настолькі ж спрадвечным, як і Айцец. Менавіта гэта і давяло яго да асуджэння.

Што датычыцца знакамітага слова, якое Айцы выкарыстоўвалі ў якасці абароны супраць ерасі Арыя, а менавіта слова ὁμοούσιος (homoousios), то тут вядзецца даволі шмат дыскусій, бо на грэцкай мове гэтае слова мае розныя значэнні і можа інтэрпрэтавацца па-рознаму. Няпроста давесці і тое, што Айцы Нікейскага сабору мелі намер надаць яму дакладна тое тэалагічнае значэнне, якое яно мае, таму што добра вядома, што колькасная еднасць трох Асобаў Найсвяцейшай Тройцы была акрэслена толькі на Чацвёртым Латэранскім саборы ў 1215 годзе адначасова з асуджэннем ерасі Ёахіма Флорскага.

Недастаткова проста перакласці слова “homoousios” як “адзінасутны”, не даючы пры гэтым ніякіх тлумачэнняў, бо таксама праўдай будзе і тое, што Сын Божы з’яўляецца адзінасутным сваёй Найсвяцейшай Маці і нам самім. Ягоная адзінасутнасць з Богам Айцом павінна быць чымсьці вышэйшым. Нельга гэта перакласці і як “той самай асобы”, бо гэта было б ерассю Савелія, які сцвярджаў, што Айцец і Сын — гэта адна і тая ж асоба, але яны адрозніваюцца толькі імем. Таксама няма поўнай пэўнасці, якое значэнне гэтаму слову надавалі Айцы Нікейскага сабору; нам застаецца толькі сцвердзіць, што ў тых абставінах не знайшлося лепшага слова, каб вынесці прысуд ерасі Арыя. Сам Арый гэта цудоўна разумеў, таму хапаўся за ўсе сродкі, каб пазбегнуць гэтага ціску. Больш адназначна на англійскую мову гэтае слова можна было б перадаць як “co-eternal” (адзінаспрадвечны), “co-equal” (адзінароўны), бо слова “consubstantial” (адзінасутны) можна няправільна інтэрпрэтаваць (гл. Dublin Review, чэрвень 1845 года, том XVIII, “Difficulties of the Ante-Nicene Fathers”; Alzog, Church History, том І, “Arian Controversy”, перакл. Pabisch і Byrne; Hefele, History of the Christian Councils, том І; Newman, Tracts, Theological and Ecclesiastical).

Трэба адзначыць, што Нікейскі сімвал веры засноўваўся на Апостальскім сімвале веры, прычым да апошняга былі дададзены толькі тыя выразы, якія аказвалі ціск на ерасі Арыя і ягоных папярэднікаў. Таксама варта згадаць і тое, што, хоць ерась Арыя і скаланула ўсю зямлю да самых падмуркаў, арыянства ніколі не рабіла з сябе асобнага касцёла, як гэта было ў выпадку нестарыянства ці ерасі Эўтыхія. Сёння на Усходзе тысячы людзей лічаць сябе прыхільнікамі гэтых дзвюх сектаў, але не існуе аніводнага арыяніна.

Цяпер мы пералічым асноўныя выразы Сімвала веры, якія дадалі Айцы Нікейскага сабору, а таксама назвы галоўных ерасяў, супраць якіх яны былі скіраваны.

θεὸν ἀληθινόν ἐκ θεοῦ ἀληθινοῦ
Deum verum de Deo vero
Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага

Гэты радок быў дададзены супраць арыянства і анамейства; абедзве гэтыя ерасі адмаўлялі, што наш Боскі Пан быў самім Богам па сваёй прыродзе, і казалі, што Ён быў богам у тым сэнсе, у якім Пісанне называе некаторых людзей багамі, як, напрыклад, у псальме 81.

Γεννηθέντα οὐ ποιηθέντα
Genitum, non factum
Народжанага, не створанага

Гэтыя словы паказваюць, што наш Пан не быў стварэннем, як тое мелі на ўвазе некаторыя ерэтыкі, сярод якіх і Арый.

Ὁμοούσιον τῷ πατρί
Consubstantialem Patri
Адзінасутнага Айцу

Слова “адзінасутны”, як мы ўжо казалі, было зброяй супраць Арыя, бо яно пазбавіла яго апошняга апірышча, на якім трымалася ягоная ерась. Акрамя арыянства, Нікейскі сабор асудзіў таксама ерасі маніхеяў, эбіянітаў, сіманіянаў, а таксама ерась Паўла Самасацкага.

δι’ οὗ τὰ πάντα ἐγένετο
Per quem omnia facta sunt
Праз Якога ўсё сталася

Многія з ранніх ерэтыкоў лічылі, што адзіным стварыцелем усіх рэчаў быў Бог Айцец, а Божы Сын не меў да гэтага справы, хоць наш Боскі Пан сам кажа ў Ян 5: “Бо што робіць Ён [г. зн. Айцец], тое і Сын робіць таксама”. У сваіх справах ad extra, як кажуць тэолагі, удзельнічаюць і яднаюцца тры боскія Асобы.

καὶ σαρκωθέντα, καὶ ἐνανθρωπήσαντα
Et incarnatus est, et homo factus est
І ўцелавіўся, і стаўся чалавекам

Гэтыя словы былі дадазены супраць тых, хто лічыў, што цела нашага Пана не было рэальным людскім целам і што Ягоная боскасць займала месца людской душы.

Як кажа кардынал Бона (Rer. Liturg., с. 331), адразу пасля прыняцця гэтага знакамітага Сімвала веры яго прынялі ўсе касцёлы на Усходзе; яму вучылі як вернікаў, так і катэхумэнаў; а тых, хто не вызнаваў яго адкрыта, адразу пачыналі лічыць арыянамі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: аўтар невядомы (PD).

Пакінуць каментар