Наўрад ці можна знайсці шмат словаў, якія мелі б столькі разнастайных значэнняў, як слова “сімвал”, але, як здаецца, аднадушнае меркаванне сыходзіцца на тым, што ў дачыненні да Сімвала веры гэтае слова ўжываецца таму, што перад тым, як разысціся па свеце дзеля прапаведавання, кожны з апосталаў зрабіў свой унёсак у яго ўкладанне. У сваім першым значэнні яно паходзіць ад грэцкіх словаў σύν (syn — з, разам) і βάλλω (ballo — я кідаю) і азначае нейкую частку, складзеную паасобным чалавекам у супольны маёнтак. У старажытных рымлянаў гэтым словам называўся ўнёсак, які рабіў чалавек, каб схадзіць на супольную вячэру ці публічны банкет. Таму прымяненне гэтага слова да Сімвала веры вельмі дарэчнае, калі ўлічваць, што, як кажуць пастаянная традыцыя Касцёла і аднадушная згода ранніх Айцоў, Сімвал веры быў укладзены самімі апосталамі, ад якіх ён і ўзяў сваю назву (Bona, Rer. Liturg., с. 330; Divina Psalmodia, с. 501).

Часткі, складзеныя кожным апосталам

У канцы Імшала св. Калумбана (ірландскага святога VI ст.) знаходзіцца вельмі цікавы трактат пра Сімвал веры, які, сярод іншага, прыпісвае дванаццаці апосталам пэўныя часткі гэтага тэкста. Парадак такі:

  1. Св. Пётр — Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі.
  2. Св. Ян — І ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага.
  3. Св. Якуб — Які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі.
  4. Св. Андрэй — Замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны.
  5. Св. Філіп — Зышоў да адхлані.
  6. Св. Тамаш — На трэці дзень уваскрос з памерлых.
  7. Св. Барталамей — Узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага.
  8. Св. Мацвей — Адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.
  9. Св. Якуб Алфееў — Веру ў Духа Святога.
  10. Св. Сымон Зілот — Святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых.
  11. Св. Юда Тадэвуш — Адпушчэнне грахоў.
  12. Св. Мацей — Уваскрашэнне цела, жыццё вечнае.

Ферары сцвярджае, што такі аналіз Сімвала веры правёў Дунс Скот, які дзякуючы свайму востраму розуму атрымаў мянушку Doctor subtilis. Аднак, паколькі Імшал св. Калумбана быў укладзены задоўга да ХІІІ ст., калі жыў Дунс Скот, адназначна прыпісваць яму гэтую працу нялёгка.

Паколькі Сімвал веры быў адной з публічных малітваў Касцёла, якія катэхумэнам не дазвалялася чуць, яго не прамаўлялі, пакуль яны не пакінуць святыні, а да Нікейскага сабору яго нават не запісвалі, перадаючы толькі вусна. Пра гэта мы даведваемся ў св. Кірыла, які ў сваіх катэхетычных выкладах (т. 1-12, с. 77, 78) так звяртаўся да вучняў: “Я жадаю, каб яго [г. зн. Сімвал веры] вы дакладна вывучылі на памяць і старанна паўтаралі яго сярод сваіх, аднак не запісвалі яго на паперы, а выразалі ў памяці свайго сэрца, асцерагаючыся падчас сваіх практыкаванняў, каб ніводзін катэхумэн не падслухаў тое, што вам было перададзена”. Падобным чынам выказваецца св. Амброзій: “Я папярэджваю вас, — кажа ён, — каб сімвал не запісваўся” (Explanatio Symb. ad Initiandos).

Некаторыя аўтары сцвярджаюць, што Апостальскі сімвал веры выкарыстоўваўся ў Імшы да 325 года, калі ён быў заменены Сімвалам, акрэсленым Айцамі Нікейскага сабору як больш выразны і поўны ў тым, што датычыцца дагматаў нашай святой веры (Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., с. 86).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: аўтар невядомы (PD).

Пакінуць каментар