24.04.2018 / John O'Brien

№69. Уплыў дысцыпліны сакрэту на прапаведаванне🕑 4 хвілін

У гэтым месцы мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу чытача на факт, пра які, разглядаючы традыцыі ранняга Касцёла, часта забываюцца. Мы кажам пра так званую disciplina arcani, гэта значыць дысцыпліну сакрэту, згодна з якой галоўныя праўды нашай святой веры, а таксама сэнс многіх публічных малітваў Касцёла павінны былі старанна ахоўвацца ад тых, хто не быў членам супольнасці Касцёла. Рабілася гэта ў выкананне закліку нашага Боскага Пана: “Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі”. “Таямніцы, — кажа св. Атаназій, — не трэба публічна прадстаўляць непасвячаным, а тым больш язычнікам, якія не разумеюць іх, насміхаюцца з іх, а таксама катэхумэнам, якія, робячыся цікаўнымі, потым абураюцца” (Apol. contra Arian., с. 105).

Гэтая перасцярога, якая дзейнічала падчас існавання такой дысцыпліны — а доўжылася яна, як мы казалі ў іншым месцы, цягам першых пяці стагоддзяў — даволі істотна ўплывала на тагачасных прапаведнікаў, бо сярод іхніх слухачоў часта знаходзіліся габрэі, іншаверцы, язычнікі і іншыя людзі, якія не ведалі прыроды нашай веры і якія, не зразумеўшы яе ва ўсёй прыгажосці, маглі пачаць новае пераследаванне. Менавіта гэтым тлумачыцца тое покрыва містыфікацыі, якое ляжыць на многіх казаннях ранніх Айцоў, а таксама раптоўнасць, з якой яны завяршаліся. Шмат разоў св. Ян Хрызастом спыняў сваю прамову словамі: “Пасвячаныя разумеюць, пра што я кажу”. Так ён рабіў, калі бачыў, што нейкі чалавек сярод слухачоў не належыў да вернікаў. “Я хачу прамаўляць адкрыта, — казаў ён аднойчы, звяртаючыся да сваёй паствы, — але не асмельваюся з прычыны тых, хто не пасвячаны [ў таямніцы веры]. Гэтыя асобы робяць тлумачэнне больш цяжкім, абавязваючы нас прамаўляць незразумелымі азначэннямі, каб не раскрыць тыя рэчы, якія знаходзяцца ў сакрэце; аднак я пастараюся, наколькі гэта магчыма, растлумачыць усё ва ўкрытых тэрмінах” (Гамілія XL на 1 Кар). Тэртуліян, які жыў у ІІ стагоддзі пры імператарах Северы і Каракале, так кажа на гэтую тэму: “Непасвячаным забаронена сузіраць найсвяцейшыя таямніцы, і толькі старанна выбраным дазволена быць гледачамі” (Apol. adversus Gentes).

Вельмі вымоўнай з’яўляецца стрыманасць св. Эпіфанія (IV ст.), калі ён кажа пра Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Каб не дапусціць аніводнага выразу, які мог бы выклікаць цікаўнасць непасвячаных, ён карыстаўся такой абароненай мовай: “Мы бачым, што наш Пан узяў рэч у свае рукі, што Ён падняўся з-за стала, што Ён працягнуў справу і, узнёсшы падзяку, сказаў: “Гэта — маё”. “Мы павінны хутчэй праліць кроў, — кажа св. Грыгорый Назіянскі, — чым адкрыць нашы таямніцы чужынцам” (Orat., с. 35 і 42).

Трэба таксама згадаць і тое, што ў даўнія часы язычнікі рассылалі скарапісцаў, якія павінны былі запісваць усё тое, што прапаведавалася на хрысціянскіх сходах. Пра іх часта згадвае Сазомен і іншыя гісторыкі. Св. Грыгорый Назіянскі ў казанні 33 сам сцвярджае, што падчас казання бачыў такога чалавека, які хаваўся сярод людзей, каб яны не заўважылі ягоную працу; а калі яны не чулі нічога, што варта было б запісаць, яны фабрыкавалі абы-што і ўкладалі ў вусны прапаведніка абсалютна не тое, што ён хацеў сказаць. Св. Гаўдэнцый (427) горка лаяў гэтую ганебную практыку (Riddle, Christian Antiquities, с. 457).

Мы наўмысна затрымліваемся на гэтай тэме, бо пратэстанты любяць казаць, што раннія Айцы мала кажуць або ўвогуле не кажуць пра Сапраўдную Прысутнасць нашага Пана ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Няхай жа яны памятаюць, што з-за дысцыпліны сакрэту да VI стагоддзя было сурова забаронена адкрыта навучаць гэтай праўдзе, і таму няма чаго дзівіцца гэтаму мудраму маўчанню. Гісторык Сазомен настолькі скрупулёзна ставіўся да гэтай святой дысцыпліны, што не мог нават запісаць Сімвал веры, акрэслены ў 325 годзе Нікейскім саборам, бо ён таксама знаходзіўся пад сакрэтам.

Роспуск катэхумэнаў

Калі заканчвалася казанне або, пры адсутнасці казання, пасля заканчэння Евангелля катэхумэнаў адпускалі з касцёла, і Імша вернікаў пачыналася за закрытымі дзвярыма. “Ecce post sermonem, — кажа св. Аўгустын, — fit missa catechumenis; manebunt fideles”, гэта значыць “Пасля казання катэхумэны распускаюцца; вернікі застаюцца” (Казанне 237). Разам з катэхумэнамі адпускаліся апантаныя, якія знаходзіліся пад уладай нячыстых духаў; вераадступнікі, якія адкрыта аспрэчвалі веру; публічныя грэшнікі, час пакаяння якіх яшчэ не скончыўся, а таксама габрэі, язычнікі і іншаверцы. Паколькі іх выхад з касцёла ствараў немалое замяшанне — такая вялікая была іх лічба — пры знешніх дзвярах зазвычай ставілі брамнікаў, якія назіралі, каб усё адбывалася прыстойна і каб не здарылася чагосьці, што супярэчыць годнасці святога месца. Формы роспуску розніліся ў залежнасці ад касцёла. Часам казалі: “Si quis est catechumenus exeat foras” — “Калі прысутнічае нейкі катэхумэн, няхай выйдзе”. Іншым разам казалі: “Катэхумэны, выйдзіце! Катэхумэны, выйдзіце!” Так некалькі разоў крычаў дыякан. Таксама заклік мог быць такі: “Si quis non communicat det locum” — “Калі хто не прымае Камунію, няхай сыходзіць”. Хутка мы пабачым, што ў раннія часы ўсе, хто ўдзельнічаў у Імшы, прымаў Камунію або залічваўся да адлучаных. У літургіі св. Якуба заклік быў наступны: “Няхай не застаецца ніводны катэхумэн! Няхай непасвячаны і той, хто не можа з’яднацца з намі ў малітве, не застаецца!” Пасля гэтага дыякан усклікаў: “Дзверы! Дзверы! Будзьма ўважлівыя!”

Сярод усіх абрадаў Лацінскага Касцёла толькі масарабскі захоўвае ў літургіі назвы “Імша катэхумэнаў” і “Імша вернікаў”. І на Усходзе, і на Захадзе падобныя назвы з’яўляюцца ўсяго толькі напамінам пра гэтую старажытную практыку.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Mattana (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up