20.04.2018 / John O'Brien

№68. Казанне🕑 4 хвілін

Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, якая кіруецца пераважна пастановамі Трыдэнцкага сабору, на кожнай парафіяльнай Імшы ў нядзелі і абавязковыя святы да людзей трэба прамаўляць казанне, якое датычыцца вялікіх праўдаў нашай святой веры. Каб рабіць гэта больш эфектыўна, рэкамендуецца следаваць думцы, выказанай у Евангеллі дня, бо Касцёл жадае, каб дадзены фрагмент Святога Пісання старанна тлумачыўся і развіваўся ва ўсіх сваіх аспектах.

Звычай такога прапаведавання вельмі старажытны, а найдастойнейшыя крытыкі кажуць, што ён мае апостальскае паходжанне. Святое Пісанне таксама падтрымлівае такое меркаванне. Св. Юстын (+167) у сваёй “Апалогіі” (І, 67) кажа, што ў тыя дні існавала практыка перад сходам людзей чытаць частку Святога Пісання, а затым тлумачыць яе сэнс і прымяненне. Старажытныя габрэі заўсёды прапаведавалі людзям пасля чытання Торы, альбо кнігі Закону (Bannister, Temples of the Hebrews, с. 351).

Каму належыць абавязак прапаведаваць

Калі набажэнства ўзначальвае біскуп, што часта бывае амаль ва ўсіх катэдральных касцёлах, абавязак прапаведаваць належыць яму. Насамрэч у раннія часы гэты абавязак настолькі звязваўся са служэннем біскупа, што, калі да вернікаў у публічным касцёле звяртаўся святар, гэта лічылася вялікай саступкай. Св. Амброзій кажа (De Off. Sac., кн. I, раздз. І): “Episcopi proprium munus docere populum” — “Навучанне людзей з’яўляецца асаблівым абавязкам біскупа”, а святы Ян Хрызастом, каментуючы гэты абавязак, кажа, што біскуп, які яму не адпавядае, павінен быць вызвалены ад свайго служэння (гамілія Х на 1 Цім).

Падчас панавання ранніх ерасяў рабіліся найвялікшыя намаганні, каб ніхто не браўся прапаведаваць, калі ён не мае выбітных якасцяў прапаведніка і тэолага. Асабліва гэта было звязана з арыянскай ерассю. Яе лічылі настолькі небяспечнай, што на ўсім Усходзе прапаведаванне зрабілася заданнем біскупаў, а святарам яно было забаронена пад страхам суровых пакаранняў. Халкідонскі сабор (451 год), як добра вядома, забараніў прапаведаваць манахам з-за ўзнікнення ерасі Эўтыхія, аднаго з айцоў манаства (Catalani, Comment. in Pontif. Romanum; Mühlbauer, I, 133).

Прапаведаванне і свецкія асобы

Хоць старажытныя Айцы займалі суровую пазіцыю наконт прапаведавання і заўсёды настойвалі, што гэтую справу трэба давяраць людзям выпрабаваных здольнасцяў і найвышэйшых ступеняў святарства, усё ж у пэўных рэдкіх выпадках мы знаходзім паслабленні гэтай суровасці. Бо часам гэтае заданне выконвалі не толькі асобы з ніжэйшымі пасвячэннямі, але нават тыя, хто ўвогуле не належыў да духоўнага стану. Знакаміты Арыген, як сцвярджае Эўсэбій, будучы свецкім чалавекам, часта прапаведаваў у Ерузалеме; той жа аўтар кажа, што дазвол прапаведаваць у рэдкіх выпадках атрымліваў таксама Канстанцін Вялікі (De Vita Const., кн. IV, раздз. XXIX-XXXIV).

Паводзіны людзей падчас казання

Паводзіны людзей падчас казання амаль заўсёды былі самыя ўзорныя. Часам можна было назіраць няўважлівасць і бесклапотнасць, а ў рэдкіх выпадках можна было бачыць вернікаў, якія вялі свабодную размову. Калі такое здаралася, дыякану належыла падняцца і заклікаць прысутных да ўвагі, усклікаючы: “Silentium habete!” — “Захоўвайце маўчанне”. Св. Амброзій часта карыстаўся гэтым воклічам у Мілане; ён жа нярэдка выказваў горкае незадавальненне людзьмі гэтага горада з-за іх кепскіх паводзінаў у гэтым сэнсе.

Пастава прапаведніка

Зазвычай падчас казання прапаведнік стаяў, прычым у прэзбітэрыі. Кажуць, што звычай прапаведаваць з амбоны, дзе чыталася Евангелле, увёў св. Ян Хрызастом (Socrates, Hist. Eccles., кн. VI, раздз. V; Sozomen, Hist. Eccl., VIII). Калі з-за слабога здароўя ці з іншай прычыны прапаведнік не мог стаяць, яму дазвалялася сядзець на крэсле. Да такой практыкі ў свае апошнія гады часта звяртаўся св. Аўгустын, а многія раннія Айцы абаранялі яе, нават калі ў ёй не было асаблівай патрэбы, спасылаючыся на казанне нашага Пана на гары. Сённяшнія біскупы робяць так у шматлікіх месцах. Аднак, стаяў прапаведнік ці сядзеў, агульным правілам было, што сабраны народ, як мы даведваемся ў св. Грыгорыя Назіянскага, Эўсэбія і св. Яна Хрызастома, павінен быў стаяць. Калі прапаведнік казаў штосьці, што патрабавала асаблівага адабрэння, выкарыстоўваліся адмысловыя знакі, такія як паклон галавою, жэсты рукамі, часам нават апладысменты ці ўзмахі адзеннем. Аднойчы людзі прыйшлі ў такое захапленне ад залатой прамовы св. Яна Хрызастома, што яны ўсклікнулі ў адзін голас: “Ты дастойны святарства, ты трынаццаты апостал; Хрыстус паслаў цябе, каб выратаваць нашыя душы” (Riddle, Christian Antiquities, с. 455).

Раннія Айцы захоўвалі звычай узносіць перад казаннем кароткую малітву. Часам гэта было простае прывітанне людзей: “Супакой вам”, “Няхай Бог благаславіць вас” або “Пан з вамі” (ibid.) Той звычай, які сёння мае месца ў некаторых краінах, асабліва ў Францыі, калі святар кажа малітву “Вітай, Марыя” або нейкую іншую малітву да Найсвяцейшай Дзевы, быў уведзены св. Вінцэнтам Ферэрам у XV стагоддзі ў якасці пратэсту супраць зняваг у адрас Багародзіцы, якімі адзначаліся ерэтыкі таго часу (гл. Manahan, Triumph of the Catholic Church).

Што да спосабу прамаўлення казання, то ён быў дакладна акрэслены. Шчодрасць з боку прапаведніка і спачуванне да людзей лічыліся вельмі станоўчымі рысамі кожнай такой прамовы. Надта актыўная жэстыкуляцыя заўсёды жорстка асуджалася, а калі прапаведнік праяўляў за кафедрай нейкія прыкметы легкадумнасці ці нават дазваляў сабе ўчынкі, якія не адпавядалі годнасці месца і нагоды, яму адразу ж загадвалі перастаць прапаведаваць і накладалі на яго абавязак далейшага маўчання. Пра ерэтыка Паўла Самасацкага кажуць, што ён вельмі далёка зайшоў у сваёй жэстыкуляцыі: тупаў нагою па кафедры, біў сябе рукамі па сцёгнах і ўвогуле паводзіў сябе падчас прапаведавання самым непрыстойным чынам, з-за чаго Антыяхійскі сабор у 272 годзе горка скардзіўся на яго Папу Дыянізію, тагачаснаму Пантыфіку.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up