Калі святар падышоў да Імшала пасля малітвы “Munda cor meum”, ён гучным голасам прамаўляе прывітанне “Dominus vobiscum”, не паварочваючыся пры гэтым да людзей (бо ён ужо часткова павернуты), і затым ён прамаўляе загаловак Евангелля, якое будзе чытаць. Адначасова ён вялікім пальцам крэсліць знак крыжа на пачатку Евангелля, а затым на сабе ў трох месцах: на лбе, на вуснах і на грудзях. Знак крыжа на кнізе павінен нагадваць нам, што ў святым Евангеллі знаходзяцца словы Таго, хто памёр на крыжы дзеля нашага збаўлення; знак крыжа на лбе кажа нам пра тое, што мы ніколі не павінны саромецца Божага слова, бо сам Пан кажа: “Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх слоў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй” (Лк 9:26); крыж на грудзях нагадвае нам пра заклік у Песні песняў: “Пакладзі мяне, як пячатку, на сваё сэрца” (Пп 8). (Іншыя містычныя значэнні, гл. Durandus, с. 202.) Калі святар абвяшчае загаловак Евангелля, прыслугоўваючы адказвае: “Gloria tibi, Domine” — “Хвала Табе, Пане” (людзі робяць на сабе знакі крыжа, як святар). Такі адказ робіцца для таго, каб падзякаваць Богу за духоўныя дары, якія знаходзяцца ў святым Евангеллі. Дзеі апосталаў (13:48) паказваюць нам, як язычнікі праславілі Божае слова і выказалі сардэчную падзяку св. Паўлу і Барнабу за тое, што яны прынеслі ім збавенныя праўды, якія адкінулі габрэі.

Пастава цела падчас Евангелля. — Падчас чытання Евангелля ўсе падымаюцца ў знак пашаны для святых словаў нашага Боскага Пана, а таксама каб паказаць сваю гатоўнасць следаваць таму, чаму навучае Евангелле. Гэты звычай вельмі старажытны, бо мы бачым, як яму следавалі габрэі, калі Эздра чытаў ім Закон пасля вяртання з вавілонскага палону (2 Эзд 8:4). Калі ў касцёлах пачалі выкарыстоўваць апоры, каб на іх можна было абапірацца падчас пэўных частак набажэнства, гэтага ніколі не дазвалялася рабіць падчас чытання святога Евангелля. У той час трэба было адкласці ўсялякія кійкі, а таксама знакі ўлады, напрыклад, скіпетры і кароны, каб кожны стаў перад Панам у пакорнай паставе слугі (Bona, с. 328; Romsee, с. 114). Некаторыя рыцары, сярод іх і рыцары св. Яна [1], мелі звычай у гэтым месцы Імшы вымаць свае мячы з ножнаў як знак сваёй гатоўнасці стаяць за святыя словы нават да праліцця крыві (Bona, ibid.)

Калі святар скончыў чытаць Евангелле, ён цалуе святы тэкст з пашаны да словаў Пана, бо Евангелле — гэта перадусім “кніга Хрыста”, як яе называлі ў старажытныя часы. Падчас гэтага дзеяння ён кажа: “Словамі Евангелля няхай будуць знішчаны нашыя правіны”. Картузіянцы цалуюць не сам тэкст, а палі Імшала. Калі ў прэзбітэрыі прысутнічае які-небудзь высокі іерарх, кнігу спачатку падаюць яму, і ў такім выпадку цэлебрант не цалуе кнігу ўвогуле. У старажытныя часы кнігу цалаваў не толькі святар, а ўвогуле кожны прысутны (Bona, с. 329). У сарумскім абрадзе для гэтага існавала асобная кніга (Church of Our Fathers, ІІІ, 192). Звычай цалавання старажытных дакументаў вельмі старажытны; ён і дагэтуль распаўсюджаны ў большасці каралеўскіх двароў, пераважна на Усходзе. Тым дакументам, што паходзяць ад Святога Айца, заўсёды аказваюць такую пашану, а сярод першых хрысціянаў была распаўсюджана практыка цалаваць не толькі кнігу Евангелляў, але амаль што кожную прыладу ў Божым доме, пра што мы чытаем у шматлікіх крыніцах (Riddle, Christian Antiquities, с. 739; Hefele, Life of Cardinal Ximenes, с. 37).

Напрыканцы Евангелля прыслугоўваючы адказвае: “Laus tibi, Christe” — “Хвала Табе, Хрыстэ”. У масарабскім абрадзе дагэтуль захоўваецца старажытны звычай адказваць у гэтым месцы: “Амэн” (гл. Migne, Liturgia Mozarabica). Іншы старажытны звычай — рабіць у гэтым месцы знак крыжа — захоўваюць кармеліты.

На ўрачыстай спяванай Імшы. — На ўрачыстай спяванай Імшы, дзе Евангелле спяваецца гучным голасам, цырымоніі робяцца больш уражваючымі і поўнымі глыбокага значэння. Як толькі цэлебрант прамовіў “Munda cor meum” і перайшоў ад сярэдзіны алтара на бок Евангелля, дыякан прымае ад цырыманіярыя кнігу святых Евангелляў, з вялікай пашанай нясе яе да алтара і кладзе гарызантальна насупраць табернакулюма. Ён застаецца там, каб дапамагчы цэлебранту пры благаслаўленні кадзіла на працэсію. Калі кадзіла благаслаўлена, дыякан сыходзіць на адну прыступку ўніз і прамаўляе малітву “Munda cor meum”, пасля якой ён падымаецца з кален і, узяўшы кнігу з алтара, становіцца на калені перад цэлебрантам і просіць аб благаслаўленні. Атрымаўшы благаслаўленне, ён цалуе руку цэлебранта і сыходзіць на падлогу, дзе чакае сігналу на выхад працэсіі да таго месца святыні, дзе будзе спявацца Евангелле. Узначальвае працэсію поўны склад акалітаў са свечкамі, кадзільніцай і г. д., пасля якіх — адразу за субдыяканам — у працэсіі павольна і годна ідзе дыякан, несучы перад тварам святую кнігу. Затым кнігу атрымлівае субдыякан, які падчас усяго спеву трымае яе, абапіраючы на свой лоб. Прамовіўшы звычайнае прывітанне “Dominus vobiscum” і назваўшы загаловак Евангелля, дыякан атрымлівае кадзільніцу і акаджвае Евангелле ў цэнтры, справа і злева. Затым ён гучна спявае Евангелле, пасля заканчэння якога ён зноў бярэ кадзільніцу і акаджвае цэлебранта пры алтары, які ўвесь час, пакуль дыякан спяваў, стаяў тварам да Евангелля.

Тлумачэнне. — Тое, што кнігу бяруць з алтара, павінна нагадаць нам, што закон выйшаў з Сіёна, а слова Пана — з Ерузалема; не столькі закон Майсея, колькі закон Новага Запавету, пра які прарок Ерамія пісаў: “Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет… Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам” (Ер 31). Дыякан, які ўкленчыў каля ног святара, каб атрымаць яго благаслаўленне, вучыць нас, што трэба спачатку прасіць дазвол прапаведаваць Евангелле, а потым благаслаўленне на гэтую святую працу, каб яна прынесла адпаведны плён. Браць на сябе цяжкое ярмо прапаведавання, не будучы пакліканымі да гэтай святой службы Богам, азначае наклікаць на сябе Божы гнеў і атрымаць, замест благаслаўлення, асуджэнне. Св. апостал Павел робіць асаблівы націск на неабходнасць асаблівага паклікання для выканання гэтага абавязку (Рым 10). Акрамя таго, той факт, што кнігу бяруць з алтара і голасна чытаюць яе перад усім народам, моцна нагадвае тое, што рабіў на Сінаі Майсей, калі ён прынёс табліцы закону і чытаў іх перад выбраным народам каля падножжа гары. Субдыякан ідзе на месца спеву Евангелля перад дыяканам, каб нагадаць нам святога Яна Хрысціцеля, чыім заданнем з’яўляецца Пасланне (Durandus, с. 199). Кадзіла ў дадзеным выпадку выкарыстоўваецца, каб нагадаць тое, пра што кажа св. Павел (2 Кар 2), што мы Хрыстовы водар для Бога на кожным месцы. Запаленыя ж свечкі сведчаць пра нашу радасць ад атрымання добрай Навіны, а таксама выказваюць нашу пашану Таму, хто з’яўляецца “Святлом свету” (Інакенцій ІІІ, Sacrif. Miss., с. 141). Нарэшце, Евангелле спяваецца ў куце прэзбітэрыя тварам на поўнач, каб паказаць, што прапаведаванне нашага Пана было накіравана менавіта супраць Люцыфера, які сказаў: “Устанаўлю трон свой на поўначы і буду, як Найвышэйшы” (Ісая, ibid.) Калі, паводле старажытнай дысцыпліны, Евангелле спявалі з тых узнятых кафедр, якія называлі амбонамі, гэта рабілася на ўспамін наказу нашага Пана сваім вучням, калі Ён загадаў ім наконт служэння слова наступнае: “Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах” (Мц 10:27; Durandus, Rationale, с. 200). Апошні са згаданых аўтараў кажа пра звычай, які быў распаўсюджаны ў ягоныя дні (ХІІІ ст.), спяваць Евангелле з арла, маючы на ўвазе, што фігура гэтай птушкі часта выкарыстоўвалася для ўпрыгожвання старажытных пульпітаў у знак выканання словаў: “Ён паляцеў на крылах ветру” (Пс 17), бо крылы арла можна даволі дакладна параўнаць з крыламі ветру, таму што гэтая птушка лётае найвышэй з усяго крылатага брацтва, як Евангелле з’яўляецца найвышэйшым з усіх натхнёных твораў. Больш падобных цікавых фактаў, пра якія мы кажам, можна знайсці ў Durandus, Rationale Divinorum, раздзел XXIV.

Пашана да Евангелляў у старажытныя часы. — Пашана, якую аказвалі Евангеллю ў старажытныя часы, відавочная з таго факту, што гэтую святую кнігу змяшчалі ў масіўныя вокладкі з золата, срэбра і каштоўных камянёў, як пра гэта можна даведацца са шматлікіх крыніцаў. Скрыні, у якія гэтыя святыя кнігі змяшчалі пасля выкарыстання, таксама рабілі з найдаражэйшых матэрыялаў, часта з найчысцейшага золата, а знешняй апрацоўкай гэтых скрыняў займаліся самыя таленавітыя майстры (Kozma, с. 105). Д-р Рок (Church of Our Fathers, ІІІ, 31) кажа нам, што залатыя лісты, упрыгожаныя жамчужынамі і іншымі каштоўнымі камянямі, не лічыліся дастаткова добрай вокладкай для гэтых кніг, таму іх часта друкавалі залатымі літарамі па чырвоным фоне. На ўсіх вялікіх касцёльных сустрэчах Евангеллям давалі пачэснае месца. На Эфескім саборы, які праводзіўся ў 431 годзе ў касцёле св. Марыі, кнігу Евангелляў паставілі на ўзвышаным троне, каб усе сабраныя Айцы маглі бачыць яе (Bona, с. 329).

На ўрачыстай спяванай Імшы, якую служыць Папа, Пасланне і Евангелле спачатку спяваюцца на лацінскай мове, а затым на грэцкай, каб выказаць адзінства Касцёла на Усходзе і на Захадзе (Kozma, с. 183).

Евангелле на Усходзе. — Цырымоніі, якімі суправаджаецца чытанне Евангелля на Усходзе, вельмі нагадваюць нашы. У літургіі св. Яна Хрызастома дыякан, укленчыўшы перад выхадам працэсіі каля ног цэлебранта, просіць аб благаслаўленні наступнымі словамі: “Блаславі, ойча, дабравесніка святога апостала і евангеліста N.” (называючы імя евангеліста). Затым святар, робячы знак крыжа над ім, кажа: “Бог малітвамі святога, слаўнага і ўсяхвальнага апостала і евангеліста N. хай дасць табе слова дабравесціць сілаю вялікаю, для спаўнення Евангелля любага Сына свайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста”. Затым працэсія ідзе да амбоны, і ўсё адбываецца менш-больш так, як у нас на ўрачыстай спяванай Імшы. У эфіопаў у гэты момант дыякан робіць абыход усяго касцёла, кажучы пры гэтым гучным голасам: “Устаньце! Паслухайце Евангелле і добрыя навіны нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста”. Гэты абыход сімвалізуе тое, як апосталы прапаведавалі Евангелле па ўсім зямным шары, як кажа святы тэкст: “Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, і да межаў сусвету словы іхнія” (Пс 43:5).

Копты не робяць такога абыходу касцёла, але ходзяць у працэсіі вакол алтара ў суправаджэнні шматлікіх акалітаў і іншых прыслугоўваючых са свечкамі і кадзілам. Гэтыя іх цырымоніі вельмі велічныя. Пасля спеву Евангелля яго найперш цалуе духавенства, а потым яго накрываюць шаўковым вэлюмам і даюць цалаваць вернікам (Renaudot, Liturg. Orient., І, 190). Калі на Імшы прысутнічае хтосьці з копцкіх іерархаў, яны зазвычай адкладаюць на гэты час свае мітры і пастаралы і падчас усяго спеву Евангелля крыху схіляюцца.

Грэцкія біскупы не толькі падымаюцца, каб выслухаць Евангелле, але і адкладаюць свой амафор [2], сведчачы гэтым самым пра сваё поўнае падпарадкаванне Пану (Goar, Euchol. Graec., с. 223).


[1] Ордэн рыцараў св. Яна, заснаваны каля 1098 года ў Ерузалеме, быў таксама вядомы пад іншымі назвамі. Іх называлі гаспітальерамі, бо іх першы дом быў шпіталём, прызначаным для апекі над хворымі; рыцарамі Родаса яны называліся таму, што часова прабывалі на гэтым востраве; рыцарамі Мальты яны называюцца, бо на Мальце знаходзілася іх апошняе прыстанішча. Яны больш не існуюць у выглядзе вайсковага ордэна, аднак яго члены дагэтуль называюцца рыцарамі і захоўваюць свае першапачатковыя шлюбы беднасці, чысціні і паслухмянасці. Іх можна сустрэць у Італіі, Англіі і іншых краінах Еўропы. Вялікі магістр ордэна мае тытул “Яго Эмінэнцыя”. Патронам ордэна з’яўляецца св. Ян Хрысціцель, а яго сімвал — гэта васьміканцовы белы крыж (у гонар васьмі благаслаўленняў) (гл. Lives of the Saints, том І, 571, зноска; Ferraris, Bibliotheca: Knights of Malta).

[2] Амафор у грэкаў служыць той жа мэце, што ў нас палій, толькі што ў іх яго мае кожны біскуп, а не толькі арцыбіскупы, як у нас. Як і палій, ён зроблены з воўны, але ён больш шырокі і не звісае свабодна, а завязваецца вузлом вакол шыі. Зазвычай ён аздабляецца срэбрам і шаўковымі ніткамі і сімвалізуе згубленую авечку (Neale, Holy Eastern Church, I, 312; Romanoff, Greco-Russian Church, c. 400).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар