Як паведаміў сёння аўстрыйскі каталіцкі навінавы партал Kath.net, Кангрэгацыя дактрыны веры з выразным адабрэннем Папы Францішка адхіліла інструкцыю наконт допуску ў некаторых выпадках пратэстантаў, якія з’яўляюцца сужэнцамі каталікоў, да святой Камуніі. 22 лютага 2018 года гэтую інструкцыю зацвердзіла нямецкая біскупская канферэнцыя пад кіраўніцтвам кардынала Рэйнхарда Маркса. Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі ўласныя крыніцы, набліжаныя да Ватыкана.

Kath.net засноўвае сваё паведамленне на “добра інфармаваных крыніцах”, паводле якіх гэтая інструкцыя “была выслана назад адпраўшчыку”. Літаральна на мінулым тыдні з’явілася інфармацыя пра тое, што сямёра нямецкіх біскупаў напісалі і выслалі ў Ватыкан ліст, у якім папрасілі тлумачэння ў гэтай справе. Пазней адзін з гэтых сямі, біскуп Штэфан Остэр, падрабязна растлумачыў, з чым не згодныя гэтыя біскупы.

Як распавёў Остэр у артыкуле, надрукаваным у яго ўласнай дыяцэзіяльнай газеце, “мы жадаем атрымаць тлумачэнні наконт таго, ці з’яўляецца правільным такая пашыраная інтэрпрэтацыя сітуацыі сур’ёзнай неабходнасці”. Здаецца, няпроста “падзяляць поўнае каталіцкае разуменне Эўхарыстыі” і ў той самы час заставацца ў іншай дэнамінацыі, “адначасова захоўваючы для сябе ўласнае разуменне той канфесіі, напрыклад, разуменне Апошняй Вячэры”. Остэр не лічыць, што гэтая ўнутраная супярэчнасць, калі прымаюцца адначасова два розныя, несумяшчальныя разуменні святой Камуніі, можа і павінна захоўвацца.

Некаторыя іншыя іерархі, сярод якіх кардынал Вальтэр Брандмюлер і кардынал Пауль Кордэс, таксама выказаліся супраць прапановы нямецкай біскупскай канферэнцыі і яе пастырскіх новаўвядзенняў адносна інтэркамуніі.

Таксама і кардынал Герхард Мюлер, былы прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры, сцвердзіў, што нямецкія біскупы не павінны ўводзіць вернікаў “у замяшанне” сваёй новай інструкцыяй. Ён растлумачыў, што любы экуменічны высілак павінен весці да навяртання ў каталіцкую веру:

Экуменічны прагрэс будзе назірацца толькі ў тым выпадку, калі мы наблізімся да вялікай мэты адзінства хрысціянаў у адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім Касцёле. Аднак перадумовай гэтага павінна быць прызнанне сакрамэнтальнага вымярэння Касцёла і таго факту, што мы не маем права распараджацца сакрамэнтамі. Таму тут трэба спачатку праясніць, ці не выходзіць біскупская канферэнцыя за межы сваёй улады.

Абноўлена 19 красавіка: Згодна з паведамленнем Kath.net, нямецкая біскупская канферэнцыя сваім прэс-рэлізам абвяргае заяву пра тое, што Ватыкан адхіліў яе інструкцыю. Прэс-рэліз кажа: “Паведамленні, згодна з якімі інструкцыя была адхілена ў Ватыкане Святым Айцом альбо некаторымі дыкастэрыямі, памылковыя”. Нямецкая біскупская канферэнцыя таксама настойвае, што фінальны варыянт пастырскай інструкцыі будзе абмяркоўвацца на наступнай сустрэчы сталай рады біскупаў 23 красавіка і яшчэ ў Рым не высылаўся. Акрамя таго, кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня нямецкага епіскапату, быў запрошаны Папым Францішкам у Рым, каб абмеркаваць гэтую справу асабіста. Рымскі карэспандэнт National Catholic Register Эдвард Пенцін пацвердзіў першапачатковы ход падзей пры дапамозе сваіх крыніцаў і сцвярджае, што Папа Францішак не жадае, каб ліст Кангрэгацыі дактрыны веры публікаваўся.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Paterm (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі 1P5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар