14.04.2018 / John O'Brien

№66. Цэлебрацыя Імшы: “Munda cor meum”🕑 2 хвілін

Пасля таго, як прачытана Пасланне і адказы на яго, святар ідзе да сярэдзіны алтара і, глыбока схіліўшыся, прамаўляе малітву “Munda cor meum”, у якой ён просіць Бога ачысціць яго сэрца і вусны, як той зрабіў з прарокам Ісаем, каб ён мог годна абвяшчаць праўды Евангелля. Тым часам прыслугоўваючы пераносіць Імшал з боку Паслання на бок Евангелля і ставіць яго такім чынам, каб святар падчас чытання быў крыху звернуты да сабранага люду. Гэта робіцца для захавання старажытнага звычаю чытаць святое Евангелле з амбоны, каб усе бачылі і чулі.

Літаральнае і натуральнае значэнне таго, чаму Імшал прыбіраюць з гэтага боку алтара, заключаецца ў тым, каб вызваліць яго для прыняцця дароў, якія прыносяць людзі падчас аферторыя, а таксама для патэны, якая ў старажытныя часы была значна большая за цяперашнюю (Romsee, IV, 107; Kozma, с. 182). У містычным сэнсе, гэта павінна нагадаць нам пра перанос Божага слова ад габрэяў, якіх сімвалізуе бок Паслання, да язычнікаў, якіх сімвалізуе бок Евангелля, у адпаведнасці з тым, што кажуць св. Павел і Барнаба ў Дзеях апосталаў: “Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў” (Дз 13:46). Тое, што потым Імшал вяртаюць назад, азначае канчатковае вяртанне габрэяў да хрысціянства (Durandus, Rationale, с. 195).

Мы казалі, што Імшал на баку Евангелля ставіцца крыху павернутым да сабранага люду, і гэта дзеля таго, каб захаваць след старажытнага звычаю чытаць Евангелле з амбоны. Можа ўзнікнуць пярэчанне, што раней і Пасланне чыталася адтуль, то чаму б яго не чытаць цяпер, як і Евангелле. На гэта мы адказваем, што кожны раз, калі Пасланне чыталася з амбоны, яго стараліся аддзяліць ад Евангелля і чыталі з прыступак амбоны і заўсёды тварам да алтара, бо пры ўвядзенні яго ў Імшу яно не задумвалася з мэтай адукацыі слухачоў настолькі ж, наколькі і Евангелле. Не займала яно і такога шанаванага месца, хоць пашана да яго і была вельмі вялікай (Martène, De Antiquis Eccl. Ritibus, f. 24).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up