“Каталіцкі веснік”, які з’яўляецца афіцыйным выданнем Віцебскай дыяцэзіі, днямі звярнуўся да тэмы Святарскага брацтва св. Пія Х (FSSPX) і святой Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. На старонках гэтага выдання а. Аркадзь Куляха OCD з духоўнай семінарыі ў Пінску па просьбе чытача падрабязна распавядае пра складаную гісторыю заснаванай арцыбіскупам Марсэлем Лефеўрам святарскай супольнасці і пра напружанне ў адносінах паміж ёю і Ватыканам у нашыя дні.

Артыкул варты таго, каб з ім пазнаёміцца, бо нягледзячы на сантыменты да той гераічнай спробы ўтрымацца пры Традыцыі, якую Брацтва зрабіла ў 1970-я гады, на сённяшні дзень існуюць аб’ектыўныя тэалагічныя, юрыдычныя і проста людскія рэаліі, якія не дазваляюць прызнаць, што гэтыя святары знаходзяцца ў добрых адносінах з Касцёлам:

…біскупы і святары FSSPX маюць сапраўднае пасвячэнне, аднак не належаць да касцельных структураў (дыяцэзіяльных, кансэкраванага жыцця ці іншых) і застаюцца пад пакараннем суспенсы, таму і не маюць права здзяйсняць сакраманты ў Каталіцкім Касцёле.

Таму кожнаму, хто звязаны з супольнасцю FSSPX, варта перачытаць дадзены артыкул, каб знайсці сваё месца сярод такіх тэрмінаў, як вучэнне Касцёла, экскамуніка, забарона ў служэнні (суспенсія), сапраўднасць/несапраўднасць сакрамэнтаў, законнасць/незаконнасць іх здзяйснення і г. д. Несумненна, FSSPX за гады існавання выпрацавала сваю лінію аргументацыі супраць такіх стандартных закідаў і ў адказ магло б выставіць сваё бачанне таго бачання, якім бачым іх мы. Але кожны мусіць рабіць сваё, таму ў дадзенай сітуацыі нам застаецца толькі даручыць гэтую справу Богу.

Больш праблемнай прадстаўляецца тая частка артыкула, дзе аўтар ускосна закранае тэму традыцыйнай лацінскай Імшы. У гэтай частцы айцец Куляха цалкам справядліва акрэслівае дзве ўмовы, пры якіх вернік можа бяспечна ўдзельнічаць у Імшы ў капліцы Брацтва. Першая з іх наступная:

Каталіцкія вернікі не могуць у звычайных абставінах удзельнічаць у Імшах, цэлебраваных святарамі Брацтва святога Пія X. Выключэннем можа быць святая Імша ў нядзелю або ў абавязковую ўрачыстасць, калі хтосьці не мае магчымасці ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў каталіцкай святыні. У такой сітуацыі вернік выконвае касцельны абавязак удзелу ў Святой Імшы.

Для выканання нядзельнага абавязку сапраўды трэба вельмі мала (гл. артыкул пра здвоены абавязак удзелу ў святой Імшы), а святары FSSPX, несумненна, цэлебруюць Імшу ў каталіцкім абрадзе, таму ў іх капліцах нядзельны абавязак выканаць можна. Дадаткова такую магчымасць пацвердзіла камісія Ecclesia Dei.

Іншая справа, што адзіная капліца FSSPX у Беларусі знаходзіцца ў Мінску, таму наўрад ці хто мог бы спасылацца на фактычную немагчымасць выканаць нядзельны абавязак у іншым месцы. Атрымліваецца, што ў нашых умовах гэтая прычына не можа лічыцца сур’ёзнай.

Другая прычына, калі можна наведваць капліцу FSSPX, такая:

Іншай акалічнасцю, якая дазваляла б без небяспекі граху ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў Брацтве, можна палічыць асаблівую прывязанасць вернікаў да надзвычайнай формы святой Імшы (гэта значыць, па-лацінску паводле імшалу Папы Пія V з 1570 года). Аднак падаецца, што ў нашай краіне вельмі мала або наогул няма вернікаў, якія б адзначаліся такой прывязанасцю, беручы пад увагу, што Касцёл у Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору без перашкодаў перайшоў да здзяйснення сакрамантаў на нацыянальных мовах. Ні ў часы Савецкага Саюза, ні пасля яго распаду на нашай зямлі не засталіся святары, якія былі б выразнымі прыхільнікамі Брацтва святога Пія X і супраціўляліся саборнай рэформе.

Зразумела, што гэты аргумент пакліканы паказаць прыхільнікам FSSPX, што такое апраўданне іх таксама не датычыцца, але пачакайце… “вельмі мала або наогул няма”?

Падлічым. Па-першае, у Віцебску ёсць цэлая супольнасць, якая ўжо колькі гадоў можа дазволіць сабе штонядзельную традыцыйную Імшу і нават Пасхальны Трыдуум. Па-другое — і гэта шырока вядома — капліца FSSPX у Мінску таксама далёка не пустая, а гэта, між іншым, таксама каталікі, прычым прывязаныя да традыцыйнага абраду, а не да дактрынальных спрэчак. Па-трэцяе — і гэта вядома не так шырока — група з 18 магілёўскіх вернікаў у мінулым годзе насіла подпісы да біскупа з просьбай арганізаваць Імшу ў надзвычайнай форме. Тое, што іх просьбу, скажам так, не прынялі да сэрца, не азначае, што гэтых людзей вельмі мала або наогул няма. Хутчэй вельмі мала або наогул няма тых, хто зацікавіўся б іх сапраўднай колькасцю і духоўнымі патрэбамі. Калі трох прыкладаў не дастаткова, то ёсць і іншыя. Але і гэта не ўсё.

Касцёл у Беларусі пасля Другога Ватыканскага сабору, як кажуць, “без перашкодаў” прыняў літургічную рэформу. З аднаго боку, гэта цалкам зразумела, калі ўлічваць, што пасля Другога Ватыканскага сабору ў Касцёла ў Беларусі былі значна больш сур’ёзныя праблемы, чым змена абраду. Калі дзіця трэба везці на хрост у Вільню, ды і то першым цягніком і пад лаўкай, наўрад ці будзеш зважаць на дробязі. Але ці валідны ў такім выпадку гэты аргумент?

А вось пры слаўным адраджэнні структур Касцёла ў Беларусі вернікі дык напэўна ўжо мусілі заўважыць падмену. У 1990-я гады ва ўсім свеце літургічная рэформа стала здзейсненым фактам, і можна толькі здагадвацца, якімі аргументамі і ўгаворамі аптымістычна настаўленыя святары пераконвалі роспачных вернікаў. Колькі слёз і горычы выклікала рэформа сярод тых людзей, якія памяталі старыя абрады? Колькі зламаных душ і адыходаў ад Касцёла мы атрымалі? Колькі іх мусіла б быць насамрэч, каб іхнія недастойныя нашчадкі ставіліся з пашанай калі не да сваёй каталіцкай спадчыны, то прынамсі да рэалій тых цяжкіх часоў?

З часам гісторыкі праясняць абставіны літургічнай “рэформы” на землях Беларусі, але сёння многія з тых людзей яшчэ жывыя. Яны таксама не прывязаныя і іх няма?

Таксама гэтае выказванне нібыта мае на ўвазе, што прывязанасць да старой Імшы можа быць толькі ў старых вернікаў. Як тады прыняць той факт, што ў 2007 годзе Бенедыкт XVI пажадаў не проста дазволіць старую Імшу тым, хто яе патрабаваў, але і даць яе ўсім як скарб каталіцкай літургіі? Стан рэчаў у свеце кажа пра тое, што традыцыйнай літургіяй цікавіцца пераважна моладзь, а не старыя людзі. Часам гэтая прывязанасць бярэцца з абсалютна нечаканай Божай ласкі, і тады гэтых маладых людзей, якія захапіліся абрадам, якога ніколі не ведалі, увогуле нялёгка палічыць. Атрымліваецца, усіх іх таксама няма?

Людзі, якім стары абрад абсалютна не цікавы

Справа нават не ў тым, што вернікаў, прывязаных да старога абраду, стараюцца не заўважаць. Гэта толькі адзін са спосабаў, а ўвогуле сыходжанне ад праблемы гучыць у той ці іншай форме пастаянна. Мінулым разам яно праслізнула ў дыскусіі вакол паставаў цела ў мінскім Чырвоным касцёле:

У закрытых кляштарах, якія, напрыклад, існуюць у Францыі, Польшчы, Германіі і іншых краінах свету, Імша можа нават цалкам адрознівацца ад той, да якой мы прызвычаіліся пасля рэформы 1963 (sic!) года, таму што ў гэтым кляштары такая традыцыя ўжо не адно стагоддзе. Па гэтай прычыне такія Імшы там дазволена праводзіць. У нас у Беларусі такога няма.

Можна доўга паўтараць каталіцкае “іхтамнет“, але прыхільнікі літургічнай традыцыі ад гэтага нікуды не знікнуць. Попыт будзе толькі расці, і пытанне заключаецца ў тым, калі ўзнікне прапанова. Адказ залежыць ад атмасферы, якая будзе створана вакол пытання надзвычайнай формы. У дадзеным выпадку, на жаль, акрамя канстатацыі існуючай дыскрымінацыі, атрымаўся ўнёсак са знакам мінус.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар