Вызнаннем веры, складзеным з шасці пунктаў, удзельнікі канферэнцыі пацвердзілі нязменнае вучэнне Касцёла ў ключавых сферах.

Кардыналы, біскупы, святары і свецкія вернікі падпісалі ў суботу дэкларацыю, у якой засведчылі сваю прыхільнасць нязменнаму вучэнню Касцёла пра сужэнства, сакрамэнты і абсалютныя маральныя нормы.

Дэкларацыя была падпісана на канферэнцыі пад назвай “Куды ідзеш, Каталіцкі Касцёл?”. Яе матывацыяй сталі “супярэчлівыя інтэрпрэтацыі” апостальскай адгартацыі Папы Францішка пра сям’ю Amoris laetitia, а таксама ўзніклае замяшанне вакол вучэння і пастырскай практыкі.

Гэтая канферэнцыя, арганізаваная сябрамі кардынала Карла Кафары, была адным з апошніх пажаданняў арцыбіскупа Балоньі на пенсіі, які памёр мінулым вераснем.

Як і многія свецкія вернікі і прадстаўнікі духавенства, кардынал быў глыбока занепакоены замяшаннем вакол вучэння і дысцыпліны, якое прывяло да таго, што некаторыя лічаць адным з найвялікшых крызісаў у гісторыі Касцёла.

Сярод прамоўцаў на гэтай канферэнцыі прысутнічалі кардынал Вальтэр Брандмюлер, былы старшыня Папскай камісіі па гістарычных навуках, кардынал Рэйманд Бёрк, патрон Мальтыйскага ордэна, біскуп Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп Астаны (Казахстан), кардынал Юзаф Чэнь, біскуп Ганконга на пенсіі, і Марчэла Пэра, былы старшыня італьянскага сената.

* * *

ДЭКЛАРАЦЫЯ:

“Таму мы сведчым і вызнаем…”

Заключная дэкларацыя канферэнцыі “Куды ідзеш, Каталіцкі Касцёл?”, Рым, 7 красавіка 2018 года

З-за супярэчлівых інтэрпрэтацый апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia” сярод вернікаў па ўсім свеце пашыраецца незадаволенасць і замяшанне.

Неадкладны заклік прыкладна аднаго мільёна вернікаў, больш за 250 навукоўцаў і некалькіх кардыналаў да Святога Айца з просьбай аб праясненні застаўся без адказу.

Ва ўмовах сур’ёзнай небяспекі для веры і еднасці Касцёла мы, ахрышчаныя і канфірмаваныя члены Божага люду, пакліканы вызнаць нашу каталіцкую веру.

Другі Ватыканскі сабор дазваляе нам і заахвочвае нас зрабіць гэта, кажучы ў Lumen gentium, 33: “Таму кожны свецкі сілаю саміх дароў, дадзеных яму, становіцца сведкам і жывой прыладай місіі самога Касцёла “паводле меры Хрыстовага дару” (Эф 4:7)”.

Благаслаўлёны Джон Генры Ньюмэн таксама заахвочвае нас зрабіць гэта. У сваім прароцкім эсэ “On Consulting the Faithful in Matters of Doctrine” [“Пра кансультацыі з вернікамі ў справах вучэння”] (1859) ён казаў пра важнасць таго, каб свецкія вернікі давалі сведчанне веры.

Таму ў адпаведнасці з аўтэнтычнай традыцыяй Касцёла мы сведчым і вызнаем, што:

  1. Зацверджанае і завершанае сужэнства паміж дваімі ахрышчанымі асобамі можа быць разарвана толькі смерцю.
  2. Таму хрысціяне, з’яднаныя сапраўдным сужэнствам, якія пры жывым сужэнцы злучаюцца з іншай асобай, здзяйсняюць цяжкі грэх чужалоства.
  3. Мы перакананыя, што існуюць абсалютныя маральныя загады, якія з’яўляюцца абавязковымі заўсёды і без выключэнняў.
  4. Мы таксама перакананыя, што ніводнае суб’ектыўнае суджэнне сумлення не можа зрабіць учынак, дрэнны сам па сабе, добрым і законным.
  5. Мы перакананыя, што суджэнне наконт магчымасці ўдзялення сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў засноўваецца не на вінаватасці ў здзейсненым граху, а на намеры пенітэнта пакінуць стыль жыцця, які супярэчыць Божым прыказанням.
  6. Мы перакананыя, што асобы, якія развяліся і заключылі паўторны грамадзянскі шлюб і якія не жадаюць жыць ва ўстрыманні, жывуць у сітуацыі, якая аб’ектыўна супярэчыць Божаму праву і таму не могуць прымаць Эўхарыстычную Камунію.

Наш Пан Езус Хрыстус кажа: “Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8:31-32).

З гэтай упэўненасцю мы вызнаем сваю веру перад найвышэйшым пастырам і настаўнікам Касцёла і перад біскупамі, і мы просім іх умацаваць нас у веры.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Фота: Edward Pentin

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара. Фотаздымак выкарыстаны з дазволу.

Пакінуць каментар