07.04.2018 / Edward Pentin

Кардынал Бёрк: папская ўлада паходзіць з паслухмянасці Хрысту🕑 6 хвілін

У сваёй прамове падчас канферэнцыі, прысвечанай замяшанню ў Касцёле, амерыканскі кардынал акрэсліў межы папскай улады і аддаў належнае кардыналу Ёахіму Майснеру, які “нястомна” выкладаў вучэнне Хрыста.

Кардынал Рэйманд Бёрк падкрэсліў, што Папы павінны абараняць еднасць Касцёла і спрыяць ёй і што, калі Рымскі Пантыфік не дзейнічае ў адпаведнасці з Божым Адкрыццём, Святым Пісаннем і Традыцыяй, яго ўчынак “павінен быць адкінуты вернікамі”.

У прамове наконт цяперашняга стану дактрынальнага замяшання ў Касцёле, якую ён даў сёння ў Рыме, патрон Мальтыйскага ордэна заўважыў, што любы выраз вучэння альбо практыкі з боку Рымскага Пантыфіка павінен быць “сапраўдным выкананнем” служэння Пятра.

У сваім дакладзе пра “Межы папскай улады ў вучэнні Касцёла” ён растлумачыў, што plenitudo potestatis — паўната ўлады, дадзенай Папу — не азначае, што ўлада Папы “магічная”; “яна паходзіць ад яго паслухмянасці Пану”.

Юрыст і прэфект Апостальскай Сігнатуры на пенсіі зрабіў гэтыя каментарыі ў святле ўсё большага неспакою, што Папа Францішак вядзе Касцёл у таталітарным і нават незаконным напрамку, які адыходзіць ад адпаведнасці вучэнню Касцёла і Традыцыі. Кардынал, аднак, не згадваў у сваёй прамове канкрэтна Святога Айца.

Абапіраючыся на вучэнне кардынала Энрыка да Сузы (“Hostiensis”, ХІІІ ст.) і працы англійскага прафесара Джона Уота, амерыканскі кардынал засяродзіўся пераважна на папскай absoluta potestas (абсалютнай уладзе), якая, па яго словах, адрозніваецца ад той, пра якую казаў Макіявэлі ці таталітарныя дыктатары, тым, што яна выкарыстоўваецца для “лячэння дэфектаў” у існуючым праве, што ўзнікаюць з-за “неадпаведнасці” альбо “няздольнасці закона адказаць на патрабаванні канкрэтных абставінаў”.

Ён дадаў, што “паўната ўлады” азначае не ўладу над Магістэрыем Касцёла, а хутчэй “неабходнасць” кіраваць “у поўнай вернасці” Магістэрыю Касцёла. Таму, як сказаў кардынал Бёрк, яе трэба выкарыстоўваць “з вялікай асцярожнасцю” і ў мэтах “будавання, а не разбурэння”.

Папская absoluta potestas, дадаў кардынал, удзяляецца “самім Хрыстом” і таму “можа выконвацца толькі ў паслухмянасці Хрысту”. Папа можа вызваліць ад закону альбо інтэрпрэтаваць яго, дадаў ён, але толькі так, каб дапамагчы закону служыць яго “сапраўднай мэце і ніколі яго разбурэнню”.

Ён падкрэсліў, што любы ўчынак Папы, які будзе палічаны “ерэтычным альбо грэшным”, альбо такім, які можа “спрыяць ерасі ці граху”, падрывае асновы грамадства і таму траціць сваю законную моц.

Кардынал растлумачыў, што заўсёды існавала разуменне, што паўната ўлады, дадзеная Папу, не дазваляе яму “дзейнічаць супраць апостальскай веры”, але гэтая ўлада павінна выкарыстоўвацца “скупа і з найвялікшай разважлівасцю”.

Цытуючы Уота, кардынал заўважыў, што выкананне plenitudo potestatis задумвалася як сродак служэння душам і еднасці Касцёла, а не асабістым інтарэсам паасобных людзей. “Калі б Папа дзейнічаў такім чынам sine causa [беспрычынна] і без дастатковых падставаў, ён паставіў бы сваё збаўленне пад пагрозу”.

Раней на гэтым тыдні кардынал Бёрк — адзін з чатырох кардыналаў, які падпісаў dubia з просьбай да Папы Францішка растлумачыць часткі ягонай апостальскай адгартацыі Amoris laetitia —раскрытыкаваў Папу Францішка за “адсутнасць яснасці” ў навучанні Касцёла і дысцыпліне, а таксама за “разрастанне замяшання” ў сферы “самых фундаментальных і важных справаў”. У інтэрв’ю італьянскай газеце La Nuova Bussola Quotidiana кардынал Бёрк звярнуў увагу на паведамленні пра тое, што Францішак быццам бы паведаміў італьянскаму атэісту Скальфары, што пекла не існуе. Такія рэмаркі, па словах Бёрка, “з’яўляюцца вялікім скандалам”, які “выходзіць па-за межы дапушчальнага”, а адказ Ватыкана на іх быў “вельмі неадэкватным”.

У сваёй суботняй прамове кардынал Бёрк таксама растлумачыў, якім чынам можна было б выправіць злоўжыванне паўнатою ўлады. “Hostiensis” ясна кажа, што Папу трэба “папярэдзіць пра памылку ў ягоных дзеяннях, нават публічна” і што Калегія кардыналаў “павінна працаваць фактычна на стрымліванне папскай памылкі”. Але “Hostiensis” не прапануе “канкрэтнага леку”, дадаў кардынал. Аднак ён заўважыў, што калі вернік з добра сфарміраваным сумленнем лічыць, што папскі акт, звязаны з выкананнем паўнаты ўлады, з’яўляецца “грэшным”, то “Папу трэба адмовіць у паслухмянасці, а наступствы гэтай непаслухмянасці трэба знесці з хрысціянскай цярплівасцю”.

Што датычыцца словаў кананічнага права пра тое, што Папу няможна судзіць, то кардынал растлумачыў, што выпраўленне Папы адбывалася б у дзве стадыі, як выкладзена ў Хрыстовым вучэнні ў Мц 18:15-17 і кананічнай традыцыі. Гэта азначала б наўпроставае выпраўленне “меркаванай памылкі” Рымскага Пантыфіка, а затым, калі б ён працягваў памыляцца, вынясення “публічнай дэкларацыі”.

Кардынал Бёрк спаслаўся на канон 212, які хоць і кажа пра хрысціянскую паслухмянасць, аднак таксама сцвярджае, што вернікі маюць “права і абавязак” паведамляць духавенству пра свае перасцярогі наконт дабра Касцёла.

Таксама ён згадаў пра сімпозіум 1996 года “Прымат наступніка Пятра”, які праводзіла Кангрэгацыя дактрыны веры, дзе падкрэслівалася, што служэнне Рымскага Пантыфіка з’яўляецца службай еднасці з кожным партыкулярным Касцёлам, з-за чаго такое служэнне робіцца “сутнасна адрозным” ад свецкага кіравання. У гэтым сэнсе Рымскі Пантыфік выконвае сваю паслугу “ў паслухмянасці Хрысту”, сцвердзіў дакумент Кангрэгацыі, як servus servorum (слуга слуг).

“Наступнік Пятра з’яўляецца скалой, якая насуперак дэспатыі і канфармізму гарантуе шчырую вернасць Божаму слову, — сказаў кардынал Бёрк. — Паўнату ўлады Рымскага Пантыфіка можна правільна разумець і выконваць толькі ў сэнсе паслухмянасці ласцы Хрыста, Галавы і Пастыра аўчарні ва ўсе часы і ў кожным месцы”.

Спасылаючыся на розныя каноны, кардынал заўважыў, што Папа павінен рэалізаваць сваю ўладу “ў еднасці з усім Касцёлам” і з “павагай да дэпазіту веры” і што ён не можа “дзейнічаць насуперак веры”. Ён павінен “паважаць кожны і ўсе сакрамэнты, ён не можа скасоўваць ці дадаваць штосьці, што ідзе насуперак істоце сакрамэнтаў”, а таксама ён павінен раздзяляць выкананне “поўнай і найвышэйшай улады” з Калегіяй біскупаў.

Ён таксама падкрэсліў, што паўната ўлады Рымскага Пантыфіка з’яўляецца “не проста ганаровай, але істотнай” у тым, што датычыцца “ўніверсальнай адказнасці за захаванне правіла веры (regula fidei) і правіла права (regula iuris)”. Таксама ён звярнуў увагу, што, паводле кананічнага права, хоць Папа валодае найвышэйшай уладай, нават вышэйшай за паўсюдны сабор, ён не карыстаецца гэтай уладай, калі “дзейнічае, як прыватная асоба альбо просты вернік”.

Зноў падкрэсліваючы маштабы папскай улады — якая ўключае ў сябе здольнасць акрэсліваць пункты вучэння і асуджаць памылкі, уводзіць і адклікаць законы, дзейнічаць як суддзя ва ўсіх справах веры, аб’яўляць і накладаць пакаранні, пры неабходнасці прызначаць і здымаць пастыраў — кардынал сказаў, што “паколькі гэтая ўлада паходзіць ад самога Бога, яна абмежавана натуральным правам і Божым правам”.

“Таму любы выраз вучэння альбо практыкі, які не адпавядае Божаму Аб’яўленню, што ўтрымліваецца ў Святых Пісаннях і ў Традыцыі Касцёла, не можа быць сапраўдным выкананнем апостальскага служэння або служэння Пятра і павінен быць адкінуты вернікамі”, — сказаў кардынал Бёрк.

Ён працытаваў Пасланне св. Паўла да Галатаў: “Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста. Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты!”

Ён завяршыў прамову словамі Грацыяна з яго “Дэкрэталій”, кананічнага тэкста ХІІ стагоддзя, які кажа:

“Няхай ніводзін смяротны чалавек не мае нахабства рабіць заўвагу Папу з прычыны яго памылак, бо яго абавязак — судзіць усіх іншых людзей і ён не можа нікім судзіцца, калі толькі яго не прыйдзецца выпраўляць з-за адыходу ад веры”.

Жэст павагі кардыналу Майснеру

Напачатку сваёй прамовы кардынал Бёрк сказаў некалькі словаў у якасці жэсту павагі да кардынала Ёахіма Майснера — аднаго з чатырох падпісантаў dubia, які памёр у мінулым годзе.

Ён сказаў, што арцыбіскуп Кёльна на пенсіі быў “вельмі блізкі” з іншымі трыма кардыналамі і лічыў сваім “першым абавязкам” “нястомна выкладаць вучэнне Хрыста”.

У прыватнасці, ён прыгадаў каментарыі, якія кардынал Майснер зрабіў у 2014 годзе, выслухаўшы даклад кардынала Вальтэра Каспера, у якім той прадстаўляў сваю прапанову, распавядаючы пра тое, што некаторым разведзеным асобам, якія не жывуць у сэксуальным устрыманні, можа быць дазволена прымаць святую Камунію. “Усё гэта скончыцца схізмай”, — прадказваў кардынал Майснер. Кардынал Бёрк заўважыў, што Майснер рабіў “усё магчымае, каб абараніць словы Хрыста пра сужэнства”.

Кардынал таксама прыгадаў, што хоць кардынал Майснер быў “яўна і глыбока занепакоены цяперашнім станам Касцёла”, ён “заўсёды выказваў свой давер да Пана, Які не можа не падтрымаць сваё Містычнае Цела праўдай веры”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Фота: Edward Pentin

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара. Фотаздымак выкарыстаны з дазволу.

Пакінуць каментар

Scroll Up