Біскуп Атаназіус Шнайдэр акрэсліў якасці, якія патрабуюцца для служэння Пятра, і папярэдзіў аб небяспецы маўчання перад абліччам няведання праўды і атакі на праўду. Кардынал Брандмюлер распавёў пра святасць як рысу, неабходную для ўдзелу свецкіх вернікаў у дактрынальных справах.

Межы папскай улады і канкрэтнае азначэнне sensus fidei fidelium (пачуцця веры вернікаў) у тым, што датычыцца дактрынальных справаў, сталі прадметам дыскусіі на суботняй канферэнцыі ў Рыме, прысвечанай аналізу крызіснай сітуацыі ў сучасным Касцёле.

Канферэнцыя пад назвай “Куды ідзеш, Каталіцкі Касцёл?” была арганізавана сябрамі кардынала Карла Кафары.

Гэтая падзея была адным з апошніх жаданняў кардынала, арцыбіскупа Балоньі на пенсіі, які памёр мінулым вераснем. Як і многія свецкія вернікі і прадстаўнікі духавенства, кардынал быў глыбока занепакоены замяшаннем вакол вучэння і дысцыпліны, якое прывяло да таго, што некаторыя лічаць адным з найвялікшых крызісаў у гісторыі Касцёла.

Біскуп Шнайдэр

У сваёй прамове, багатай на цытаты з аўтарытэтных касцёльных крыніцаў, біскуп Атаназіус Шнайдэр падкрэсліў важнасць служэння Пятра, абапіраючыся на дагматычную канстытуцыю Першага Ватыканскага сабору Pastor aeternus, якая акрэсліла, якім чынам Рымскі Пантыфік павінен выконваць сваё высокае служэнне “дзеля збаўлення кожнага”.

Наступнік Пятра павінен забяспечыць, каб “уся аўчарня Хрыста, адведзеная ад атрутных пашаў памылкі, магла карміцца ежай нябеснага вучэння і каб пасля знішчэння таго, што вядзе да схізмы, увесь Касцёл мог заставацца адным цэлым і, умацаваны на сваім фундаменце, мог цвёрда супрацьстаяць пякельным брамам”.

Дапаможны біскуп Астаны (Казахстан), які ў студзені з прычыны пашырэння замяшання ўзначаліў ініцыятыву па вызнанні праўды пра сакрамэнтальнае сужэнства, падкрэсліў, што “харызма праўды даверана Богам перадусім Пятру і яго наступнікам” і што з-за гэтага Папы “павінны ўвесь час зважаць на тое, што яны з’яўляюцца не ўласнікамі кафедры праўды, а яе слугамі і намеснікамі”.

Ён згадаў прысягу, якую Папы складалі больш за тысячагоддзе і якая казала: “Прысягаю не змяняць нічога з атрыманай Традыцыі”, захоўваць усё, “што было аб’яўлена Хрыстом і Яго намеснікамі”, а таксама захоўваць “дысцыпліну і рытуал Касцёла”. Гэтая прысяга прыводзіцца ў кнізе “Liber Diurnus Romanorum Pontificum”, якая выкарыстоўвалася да ХІ стагоддзя.

Што датычыцца сучаснай эпохі, то біскуп Шнайдэр згадаў пра абавязак Папы “абараняць праўду і ахоўваць Касцёл ад памылак і ерасяў” і звярнуў увагу на праблему захавання маўчання. У сваёй энцыкліцы Sapientiae Christianae Папа Леў ХІІІ казаў, што “адступаць перад ворагам альбо захоўваць маўчанне, калі з усіх бакоў падымаюцца пратэсты супраць праўды, гэта прыкмета чалавека, які альбо не мае характару, альбо сумняваецца наконт праўды, у якую ён кажа, што верыць”.

Ён дадаў, што “нішто так добра не спрыяе грэшнікам, як адсутнасць адвагі ў справядлівых” і што “недахоп энтузіязму” тым больш “годны асуджэння”, чым менш насамрэч трэба зрабіць, каб “абвергнуць фальшывыя абвінавачванні” і “аспрэчыць памылковыя меркаванні”. Па словах Льва, хрысціяне “народжаны для змагання” і для перамогі над светам з дапамогай Пана; патрабуецца ж усяго толькі “адкрыта і цвёрда вызнаць каталіцкае вучэнне і распаўсюджваць яго з усіх нашых сіл”.

Біскуп Шнайдэр таксама працытаваў св. Яна ХХІІІ, які казаў, што ўсялякае зло, якое атручвае людзей і народы, паходзіць ад “няведання праўды”, а часам ад “пагарды да праўды і ад неразумнага яе адкідання”. Ён таксама сказаў, што кожны, хто неабдумана атакуе вядомую яму праўду, “улазіць у цалкам ганебную справу”. Тыя ж, хто робіць гэта не па сваім жаданні, “дзейнічаюць так, быццам Бог даў нам інтэлект для нейкай іншай мэты, а не для пошуку і пазнання праўды”.

Такая пастава, як кажа Ян ХХІІІ, вядзе да сінкрэтызму паміж рэлігіямі, пра які Папа Леў казаў, што ён “накіраваны на разбурэнне ўсіх рэлігій, а асабліва каталіцкай веры”.

Біскуп Шнайдэр заўважыў, што на працягу гісторыі шатан пастаянна атакаваў Касцёл, а “асабліва кафедру праўды, якою з’яўляецца пасад Пятра”. У рэдкіх выпадках — сказаў Шнайдэр, намякаючы на цяперашні крызіс — гэта прыводзіла да “часовага і абмежаванага зацьмення папскага Магістэрыя, калі некаторыя Рымскія Пантыфікі рабілі неадназначныя дактрынальныя заявы, выклікаючы гэтым часовую сітуацыю дактрынальнага замяшання ў Касцёле”.

Ён сказаў, што такую магчымасць прадказваў Папа Леў у 1884 годзе, калі ён меў знакамітую візію таго, як шатан просіць Бога дазволіць яму разбураць Касцёл на працягу ста гадоў — гэты дазвол быў дадзены. Адразу пасля гэтага Папа Леў ХІІІ склаў малітву да св. Міхала Арханёла.

Кардынал Брандмюлер

Кардынал Вальтэр Брандмюлер, старшыня Папскай камісіі па гістарычных навуках на пенсіі, падкрэсліў у сваёй прамове ролю свецкіх асобаў у справах веравучэння, а таксама пастараўся адмежаваць сапраўдны sensus fidei (пачуццё веры) ад таго, што ім не з’яўляецца.

Абапіраючыся на знакамітае эсэ бл. кардынала Джона Генры Ньюмэна “On Consulting the Faithful in Matters of Doctrine” (“Пра кансультацыі з вернікамі ў справах вучэння”, 1859), кардынал Брандмюлер сказаў, што ён жадае прааналізаваць гэтае пытанне “ў абставінах крызісу веры, які сёння скаланае Касцёл да самых глыбіняў”.

Гісторык Касцёла спаслаўся на некалькі прыкладаў з гісторыі, калі свецкія асобы давалі важнае сведчанне веры. Ва ўмовах арыянскага крызісу IV стагоддзя, калі ішлі дыскусіі вакол боскасці Езуса Хрыста, “біскупы ў абсалютнай большасці схібілі”, а “боская традыцыя” захавалася “хутчэй дзякуючы вернікам, чым епіскапату”.

Пераходзячы бліжэй да нашых часоў, кардынал заўважыў, што сведчанне свецкіх вернікаў можна знайсці ў кантэксце марыйных догмаў 1854 і 1950 гадоў. “Таму існуе sensus, альбо consensus fidei, дзякуючы якому сведчанне вернікаў мае сваю ўласную вагу ў захаванні, паглыбленні і абвяшчэнні праўды аб’яўленай веры”, — сказаў кардынал.

Ён нагадаў прысутнымі, што калі Ньюмэн казаў пра “кансультацыі” з вернікамі, гэта не азначала, што Касцёл заснаваны на дэмакратыі. Паколькі вернікі з’яднаны ў адно цела, у адзін звышнатуральны арганізм, тут дзейнічаюць іншыя законы і ўзнікае “рэальнасць ласкі”.

Кардынал Брандмюлер дадаў, што тэалагальная цнота веры становіцца эфектыўнай часткова дзякуючы sensus fidei вернікаў і што яна можа дзейнічаць як “пэўны тып духоўнага імунітэту”, які можа “інстынктыўна распазнаваць і адкідаць памылкі”. Таму ўпэўненасць у тым, што Касцёл у сваёй цэласнасці ніколі не можа ўпасці ў ерась, “засноўваецца таксама на гэтым sensus fidei“, — заключыў ён.

Ён даў некалькі прыкладаў, сярод іх і прыклад руху патарыя ў паўночнай Італіі, які ўзняўся ў ХІІ стагоддзі супраць сіманіі і канкубінатаў святароў, а таксама прыклад вернікаў, якія ў 1300-я гады прымусілі Папу Баніфацыя VIII устанавіць святы юбілейны год і сфармуляваць вучэнне пра адпусты.

Прыводзячы гэтыя прыклады, ён таксама заўважыў, што “праўдай не абавязкова валодае большасць”.

“Таму, калі каталікі en masse вырашаць, што можна законна заключаць другі шлюб пасля разводу, карыстацца кантрацэпцыяй і іншымі падобнымі рэчамі, гэта будзе не масавае сведчанне веры, а масавы адыход ад яе”, — сказаў ён. Цытуючы Міжнародную тэалагічную камісію (2014), ён сказаў: “Зразумела, паміж sensus fidei і публічным меркаваннем ці меркаваннем большасці няма простай узаемасувязі. Гэта ні ў якім разе не адна і тая ж рэч”.

Камісія дадае: “У гісторыі Божага люду часта здаралася, што верай сапраўды жыла і давала ёй сведчанне не большасць, а хутчэй меншасць… Таму асабліва важна распазнаваць і слухаць галасы тых “малых, якія вераць”.

Кардынал Брандмюлер дадаў, што высновы з гэтага “незвычайныя”: “Досвед Касцёла паказвае, што часам праўдзівая вера захоўваецца не ў высілках тэолагаў і не ў навучанні большасці біскупаў, а ў сэрцах вернікаў”.

Кардынал заўважыў, што сёння ў дыяцэзіях, парафіях можа бачыць тое ж, што і падчас арыянскага крызісу. Але ён падкрэсліў, што распазнанне набірае ўсё большую важнасць і што патрэбны спіс крытэрыяў, каб адрозніць арганічнае развіццё вучэння ад памылкі.

“Тут будзе дастаткова прыгадаць абавязковую адсутнасць супярэчнасці з сапраўднай традыцыяй”, — заўважыў кардынал, ускосна спасылаючыся на супярэчныя вучэнні на працягу гэтага пантыфікату.

Абапіраючыся на дакумент тэалагічнай камісіі, ён падкрэсліў, што “сапраўдны ўдзел у sensus fidei патрабуе святасці”, а быць святым “з фундаментальнага пункту гледжання, азначае быць ахрышчаным і жыць верай у моцы Духа Святога”.

“Таму гэта вельмі высокае патрабаванне”, — заключыў кардынал Брандмюлер.

Адпаведна, ён выказаў сумневы наконт таго, ці адлюстроўваюць анкеты, што выкарыстоўваліся падчас апошніх сінодаў, сапраўднае пачуццё веры сярод вернікаў. На яго думку, на іх уплывалі пэўныя “індывідуальныя асацыяцыі”, а фармулёўка пытанняў дазваляла “лёгка маніпуляваць рэзультатамі”.

Sensus fidei fidelium (пачуццё веры вернікаў) больш сапраўдна выражаецца праз спантанныя дэкларацыі, заўважыў кардынал Брандмюлер. Ён прывёў прыклад нядаўніх пралайф-маршаў у Францыі (Manif pour tous), а таксама прыклад таго мільёна каталікоў, што прасілі Святога Айца праясніць вучэнне Касцёла.

“Гэта і ёсць формы, у якіх сёння праяўляецца sensus fidei, інстынкт веры веруючых людзей, — сказаў кардынал Брандмюлер. — Прыйшоў час, каб Магістэрый звярнуў на яго ўвагу”.

У якасці пабочнай заўвагі да сваёй прамовы ён дадаў, што ў сваім эсэ 1859 года Ньюмэн піша, што ён не чакае, “што зноў прыйдуць такія часы, як пры арыянстве”.

Беручы пад увагу меркаванне тых, хто лічыць, што сённяшні крызіс вельмі нагадвае арыянскае замяшанне, кардынал Брандмюлер заўважыў: “Калі ён меў рацыю, то лепш бы нам сёння ўзяцца за працу”.

Поўныя тэксты прамоваў біскупа Шнайдэра і кардынала Брандмюлера ў перакладзе на англійскую мову можна знайсці на старонцы LifeSite News.

Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікі і свецкія вернікі падпісалі дэкларацыю веры, у якой падтрымалі ключавыя пункты каталіцкага вучэння.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Фота: Edward Pentin

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара. Фотаздымак выкарыстаны з дазволу.

Пакінуць каментар