Кардынал Райнэр Вёлькі з Кёльна і шасцёра іншых біскупаў выступілі з пратэстам супраць прапановы, якую ў лютым зацвердзіла нямецкая біскупская канферэнцыя.

ВАТЫКАН — Нядаўняя прапанова нямецкіх біскупаў дазволіць некаторым пратэстантам, сужэнцам каталікоў, пры пэўных умовах прымаць святую Камунію сустракаецца з сур’ёзным супрацівам у Германіі, а таксама з непрыняццем з боку іншых лідараў Касцёла.

4 красавіка газета Kölner Stadt-Anzeiger паведаміла, што сямёра нямецкіх біскупаў, сярод якіх і кардынал Райнэр Вёлькі з Кёльна, напісалі тэрміновы зварот у Ватыкан з пратэстам супраць такой прапановы.

Як перадаюць нямецкія СМІ, сямёра біскупаў у сваім лісце адзначылі, што яны лічаць гэтую прапанову супярэчнай каталіцкаму вучэнню, што яна падрывае еднасць Касцёла і выходзіць за межы кампетэнцыі біскупскай канферэнцыі. Ліст, які 4 красавіка трапіў у сродкі масавай інфармацыі, быў дасланы ў Кангрэгацыю дактрыны веры і Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству ў мінулым месяцы.

У сераду, адразу пасля публікацыі ліста сямі біскупаў, кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня нямецкай біскупскай канферэнцыі, даслаў ліст біскупам Германіі. У ім кардынал абараняе рашэнне біскупскай канферэнцыі, кажучы, што яно адпавядае тэалагічным і экуменічным тэкстам, а таксама кананічнаму праву.

Кардынал Маркс таксама заявіў, што гэтае рашэнне стала рэзультатам “заахвочвання з боку Папы Францішка рабіць далейшыя крокі ў сферы экуменізму”.

На сваім веснавым пасяджэнні ў лютым нямецкія біскупы прагаласавалі за распрацоўку інструкцыі альбо пастырскага дапаможніка, які б дазволіў некаторым пратэстантам, сужэнцам каталікоў, пры пэўных умовах прымаць святую Камунію.

Абсалютнай большасцю галасоў яны выступілі за ўвядзенне інструкцый, якія б дазвалялі партнёру-пратэстанту прымаць Эўхарыстыю, калі пасля “сур’ёзнага рахунку сумлення” са святаром ці іншай асобай з пастырскімі функцыямі гэты партнёр “пацвердзіць веру Каталіцкага Касцёла”, пажадае пакласці канец “сур’ёзнаму духоўнаму няшчасцю” і будзе мець “прагненне задаволіць голад Эўхарыстыі”.

Тады кардынал Маркс таксама заявіў, што інструкцыі будуць толькі “пастырскім дапаможнікам” і што ніхто не збіраецца “змяняць нейкае вучэнне”. Ён таксама заявіў, што гэтая прапанова не мае на ўвазе “экуменізму вяртання”, калі б пратэстанцкім сужэнцам прыйшлося навяртацца. Па словах Маркса, яна таксама пакідае шмат вольнасці мясцоваму біскупу, які можа ўстанаўліваць новыя законы на сваёй тэрыторыі.

Як стала вядома Register, толькі 13 нямецкіх біскупаў з 67 прагаласавалі супраць ці ўстрымаліся.

Меркаванне чатырох кардыналаў

Нягледзячы на тое, што ў адказ на прапанову нямецкіх біскупаў узнікла значная рэакцыя і неспакой, вельмі нешматлікія кардыналы пажадалі выказацца наконт гэтай справы публічна.

З моманту паведамлення пра гэтую прапанову Register звязаўся з 23 кардыналамі (11 кардыналамі з Рымскай курыі і 12 некурыяльнымі), а таксама з прэфектам Кангрэгацыі дактрыны веры арцыбіскупам Луісам Ладарыяй, каб спытацца, ці маюць яны нейкія перасцярогі, звязаныя з рашэннем біскупаў, і, калі маюць, то ці не збіраюцца яны перадаць іх у нямецкі епіскапат.

Толькі чацвёра кардыналаў далі каментар, прычым трое з іх знаходзяцца на пенсіі. Ніхто з іх не паведаміў, што збіраецца звярнуцца да нямецкіх біскупаў з прапановай перагледзець сваё рашэнне.

Сярод кардыналаў, з якімі звязаўся Register і якія пажадалі з ходу пракаментаваць справу, быў кардынал Фрэнсіс Арынзэ, былы прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

“Я не згодны з гэтым рашэннем ці інструкцыяй”, — адказаў ён Register, падкрэсліўшы, што “эўхарыстычная цэлебрацыя з’яўляецца найвышэйшым актам культу Каталіцкага Касцёла”.

Кардынал Вальтэр Брандмюлер, старшыня Папскай камісіі па гістарычных навуках на пенсіі, 15 сакавіка паведаміў Register, што гэтая прапанова з’яўляецца “злоўжываннем” канонам 844 (4).

Гэты канон сцвярджае, што “пры небяспецы смерці альбо ў тым выпадку, калі, паводле меркавання дыяцэзіяльнага біскупа альбо канферэнцыі біскупаў, да таго будзе змушаць іншая вострая неабходнасць”, Камунію можна ўдзяліць “іншым хрысціянам, якія не маюць поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія не змогуць звярнуцца да служыцеля сваёй супольнасці і якія самі пра тое папросяць, калі толькі яны праявяць каталіцкую веру адносна гэтых сакрамэнтаў і будуць мець адпаведную ўнутраную паставу”.

Кардынал Брандмюлер назваў гэтую прапанову “падманам”.

“Нельга аддзяліць праўду ад учынку, — сказаў ён. — Праўда і дзеянні павінны адпавядаць адно аднаму”, а нямецкія біскупы імкнуцца “раздзяліць” іх. Ён таксама дадаў, што гэта “інтэлектуальна несумленна”.

Таксама і кардынал Мюлер у інтэрв’ю нямецкаму часопісу Tagespost сказаў, што прапанова біскупаў з’яўляецца “рытарычным выкрутам”, які накладаюць на вернікаў, большасць з якіх не з’яўляецца тэолагамі.

Ён падкрэсліў, што змяшанае сужэнства не з’яўляецца “сітуацыяй вострай неабходнасці” і што “ані Папа, ані мы, біскупы, не можам пераакрэсліць сакрамэнты як сродкі зняцця псіхалагічных цяжкасцяў і задавальнення духоўных патрэбаў”, паколькі яны з’яўляюцца “эфектыўнымі знакамі Божай ласкі”.

Для нямецкага кардынала Пауля Кордэса, былога старшыні папскай дабрачыннай рады Cor Unum, прапанова нямецкіх біскупаў “прадстаўляе сур’ёзныя тэалагічныя праблемы” і ідзе супраць вучэння Касцёла, “заснаванага на Бібліі і Традыцыі”.

14 сакавіка ён пракаментаваў сітуацыю для Register, спаслаўшыся на “замацаваную касцёльную традыцыю”, якая сягае часоў ранняга Касцёла, калі эўхарыстычная еднасць заўсёды была “відочным знакам касцёльнай еднасці”.

Кардынал Кордэс нагадаў, што ў сёмым стагоддзі, калі каталікі падарожнічалі ў “ерэтычныя рэгіёны”, яны бралі Цела Пана з сабою, а ерэтыкі са сваім разуменнем Эўхарыстыі рабілі тое ж, наведваючы каталіцкія мясціны.

Ён заўважыў, што нягледзячы на “памылковыя вучэнні і ерасі”, якія паўставалі ў Касцёле вакол гэтага пытання, “заўсёды прымяняўся прынцып: кожны належыць да той супольнасці, дзе ён ці яна прымае святую Камунію”.

Гэта “вера і практыка ранняга Касцёла”, сказаў ён: “Прыняцце Цела Пана больш сапраўдна сведчыць пра веру, чым любыя словы”.

Ён дадаў, што “эўхарыстычная еднасць і касцёльная еднасць настолькі шчыльна ідуць разам, што ў цэлым хрысціяне-некаталікі не могуць прымаць Камунію, калі не падзяляюць [касцёльную] еднасць”.

Меркаванне ў падтрымку

Кардынал Уілфрыд Нап’е з Паўднёвай Афрыкі не выказаў ахвоты ўваходзіць у канкрэтыку гэтай дыскусіі, аднак праявіў да гэтага кроку пэўную сімпатыю.

19 сакавіка ў электроннай перапісцы з Register ён падрабязна апісаў свой досвед доўгага падарожжа з тагачасным біскупам царквы метадыстаў у паўночнаафрыканскай правінцыі Квазулу-Наталь. Пасля абмеркавання сацыяльна-эканамічных і палітычных справаў, над якімі яны працавалі разам, кардынал Нап’е папрасіў лідара метадыстаў растлумачыць яго ўласную веру ў Эўхарыстыю, а не тое, чаму навучае яго дэнамінацыя.

“Калі ён скончыў, мне прыйшлося шчыра і адкрыта сказаць яму: “Тое, што вы толькі што мне растлумачылі, гэта не што іншае, як вера і вучэнне Каталіцкага Касцёла пра Эўхарыстыю”, — згадаў кардынал.

“Тады на думку прыходзіць наступнае пытанне: “Ці ёсць у мяне добрая прычына, каб не даваць яму святую Камунію, калі ён скажа, што гэта трэба яму, каб уратаваць сваю душу?” — сказаў кардынал. — Ці ж галоўнай прычынай для ўдзялення Камуніі дырэктыва пра экуменізм называе не тое, калі яе просяць спантанна; калі чалавек шчыра верыць у тое, у што верыць Каталіцкі Касцёл; калі ў чалавека няма магчымасці звярнуцца да свайго ўласнага служыцеля і калі адсутнічае небяспека стварыць сур’ёзны скандал?”

“Ці ж не тое самае маюць на ўвазе нямецкія біскупы, калі яны кажуць пра “канкрэтныя выпадкі і пэўныя прадвызначаныя ўмовы”?”

Кананічнае замяшанне?

Але ключавым пытаннем, якое часта задаюць і на якое яшчэ не адказалі нямецкія біскупы, застаецца пытанне таго, што такое “вострая неабходнасць” і чаму, калі пратэстант праяўляе каталіцкую веру, яму проста не стаць каталіком.

Па меркаванні некаторых аўтарытэтаў у кананічным праве, на гэтыя пытанні можна было б адказаць даволі проста, калі б не фармулёўка канона 844 ў Кодэксе кананічнага права 1983 года, якая замяніла сабою больш суровую фармулёўку канона 731 ў Кодэксе 1917 года.

Канон 731 сцвярджаў, што, паколькі сакрамэнты з’яўляюцца “асноўнымі сродкамі асвячэння і збаўлення” і павінны “ўдзяляцца і прымацца з вялікай дбайнасцю і пашанай”, “забаронена ўдзяляць сакрамэнты Касцёла ерэтыкам і схізматыкам, нават калі яны просяць аб іх у добрай веры, калі яны спачатку не адмовяцца ад сваіх памылак і не паяднаюцца з Касцёлам”.

Эдвард Пітэрс, прафесар кананічнага права ў Вышэйшай семінарыі Святога Сэрца ў Дэтройце, кажа, што новы канон “рэзка адрозніваецца ад кананічнага права, якое яму папярэднічала”, дапускаючы “ўмовы, якія, верагодна, лічыліся дастатковымі, каб трымаць такія выключэнні ў вузкіх межах, але якія на практыцы можна разумець так шырока, што яны будуць даваць дазвол на тое, што робіць нямецкая біскупская канферэнцыя”.

29 сакавіка ён паведаміў Register, што канон 844 мае “некалькі тэрміналагічных праблем”, якія робяць яго “неадкладным кандыдатам на рэформу”.

Ён заўважыў, што “ключавая інтэрпрэтацыйная памылка” заключаецца ў тым, якім чынам нямецкія біскупы прымяняюць гэты канон, і што гэта тая ж памылка, якая прывяла да нядаўніх атак на канон 915, які забараняе ўдзяляць святую Камунію разведзеным і паўторна жанатым каталікам. А менавіта гэта “ідэя таго, што індывідуальнае сумленне з’яўляецца найвышэйшым крытэрыем прыдатнасці асобы да прыняцця сакрамэнту”.

Такі погляд, па словах Пітэрса, патрабуе, каб служыцелі Касцёла “адкінулі сваю адказнасць” у сферы ацэнкі аб’ектыўных кананічных крытэрыяў і перасталі судзіць, ці годны каталік прымаць пэўныя сакрамэнты. Але калі лідары Касцёла “адкідаюць свае абавязкі”, дадаў ён, “церпяць менавіта вернікі, бо адны ўмацоўваюцца ў сваіх памылках ці грахах, а іншыя пачынаюць задумвацца, ці сапраўды такія памылкі ці грахі настолькі памылковыя ці грэшныя”.

Некаторыя лічаць, што прапанова нямецкіх біскупаў мае дачыненне таксама да дыскусіі вакол інтэрпрэтацый папскай паслясінадальнай адгартацыі Amoris laetitia, якая дапускае некаторых разведзеных і паўторна жанатых асобаў да святой Камуніі.

Пітэрс заявіў, што гэтая прапанова сапраўды “можа сягаць каранямі” ў адгартацыю, але ён аддае перавагу таму, каб успрымаць гэта як больш агульнае “дактрынальнае замяшанне і дысцыплінарную хваробу, якая раптоўна праявілася ў многіх месцах”.

Ён заўважыў, што некаторыя біскупскія інструкцыі, якія паследавалі за публікацыяй Amoris laetitia ў 2016 годзе, “яўным чынам парушаюць вучэнне Касцёла не толькі пра Эўхарыстыю, але і пра пакаянне і намашчэнне хворых — іншыя два сакрамэнты, якія згадваюцца ў каноне 844”.

Непавага да аднаго сакрамэнту, па словах Пітэрса, “непазбежна падрыхтуе глебу для непавагі да ўсіх сакрамэнтаў”.

“Сапраўдны скандал”

Кардынал Брандмюлер, адзін з чатырох кардыналаў, які падпісаў dubia (пяць пытанняў, дасланых Папу Францішку з мэтай праясніць вучэнне Amoris laetitia), лічыць, што канон 844 адпавядае канону 731, таму што пазнейшы канон усё яшчэ патрабуе “каталіцкага разумення сакрамэнтаў”.

На яго думку, праблема хутчэй заключаецца ў тым факце, што нямецкія біскупы “дапускаюць, што асоба мае каталіцкае разуменне сакрамэнтаў, і пашыраюць гэтую верагоднасць на сітуацыі нармальнага жыцця”.

На пытанне, ці распаўсюджана ўжо ў Германіі тая практыка, калі сужэнцы-пратэстанты прымаюць святую Камунію, і ці гэтая прапанова проста мае на мэце нармалізацыю такой практыкі, кардынал Брандмюлер адказаў, што ён “упэўнены, што гэта адбываецца часта”, дадаўшы, што “гэта знак страты веры ў сакрамэнт”.

З улікам сур’ёзнасці гэтай справы для Касцёла паўстае таксама пытанне, ці трэба пашыраць паўнамоцтвы асобных біскупскіх канферэнцый, такіх як нямецкая.

Па словах кардынала Брандмюлера, з часоў Другога Ватыканскага сабору некаторыя пытанні, якія датычацца вучэння, могуць быць перададзены біскупскім канферэнцыям. Але ён звярнуў увагу на тое, што кожнае такое рашэнне павінна быць зацверджана трыма чвэрцямі біскупаў, а потым і Рымам. (Кардынал Маркс заяўляў, што зацвярджэнне Ватыкана не з’яўляецца патрэбным, таму што рашэнне нямецкіх біскупаў — гэта толькі справа “пастырскай дапамогі”.)

Па словах кардынала Брандмюлера, цяперашняя сітуацыя паказвае слабасць біскупскіх канферэнцый, якія маюць дачыненне да адносінаў дзяржавы і Касцёла і не павінны займацца справамі вучэння, маралі і літургіі, якія належаць да кампетэнцыі сінода. Ён выказаў шкадаванне, што пасля Другога Ватыканскага сабору біскупскім канферэнцыям далі больш улады ў дактрынальных справах.

Што да вялікай колькасці біскупаў, якія прагаласавалі за гэтае рашэнне, то кардынал Брандмюлер адзначыў, што гэта “сапраўдны скандал, няма пытання”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
ІлюстрацыяRaimond Spekking (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар