Пасля Паслання ідзе градуал, які называецца так не ад прыступак алтара, як мяркуюць некаторыя, — бо ён ніколі не чытаўся з іх — а ад прыступак амбоны, бо менавіта гэтае месца заўсёды звязвалася з градуалам. Рымскі парадак вельмі ясна кажа пра гэта. “Пасля таго, як чытанне скончана, — кажа ён, — няхай тыя, хто будзе спяваць градуал і Аллелюя, стануць на ніжнюю прыступку кафедры” (г. зн. амбоны). Заўвагі Касандра кажуць пра тое самае. “Рэспансорый, які спяваецца на Імшы, — кажа ён, — называецца, у адрозненне ад іншых, градуалам, таму што ён спяваецца на прыступках, тады як іншыя — там, дзе спадабаецца духавенству” (Bona, с. 325). Рэспансорыем ён называецца таму, што гэта нібыта адказ на Пасланне, які спяваецца для таго, каб распаліць сэрцы вернікаў на збавенныя праўды, якія заключацца ў апошнім (Kozma, с. 178).

Галоўная прычына, чаму ў гэтым месцы Імшы з’явіўся спеў, звязана з імкненнем захаваць увагу людзей у той прамежак часу, калі фарміруецца працэсія для спеву Евангелля (ibid., таксама Romsee, IV, 105).

Градуал складаецца з двух вершаў, якія бяруцца з псальмаў або іншай часткі Святога Пісання. Пасля его ідзе падвойнае “Аллелюя” і яшчэ іншы верш з адным “Аллелюя” ў канцы.

Аллелюя. — Аллелюя — гэта габрэйскае слова, якое зазвычай перакладаецца як “хваліце Пана”. Фактычна яно паходзіць ад словаў “аллелю” — хваліць з радасцю і “Ях” — імя Усемагутнага Бога. У першых хрысціянаў гэта слова акружалася такой пашанай, што яны вымаўлялі яго толькі пры вельмі ўрачыстых нагодах. Св. Геранім у сваім дваццаць першым пасланні кажа нам, што пабожная св. Паўла гэтым словам склікала на набажэнствы ўсіх сясцёр манаскай супольнасці ў Ерузалеме. З гэтай мэтай яго некалькі разоў гучна спявалі ў калідорах [1].

Св. Анзэльм, арцыбіскуп Кентэрберыйскі з 1093 да 1109 гады, трымаўся дзіўнага меркавання наконт паходжання гэтага слова. На яго думку, яно не паходзіла з ніводнай мовы на зямлі і яго няможна было перакласці на ніводную мову, бо яно мела анельскае паходжанне. Кардынал Бона дзівіўся гэтай дзіўнай памылцы і, жартуючы, пісаў (Divina Psalmodia, с. 511): “Omnis homo aliquid humanum patitur, et quandoque bonus dormitat Homerus”, гэта значыць “Кожны чалавек мае ў сабе крыху заганаў людской прыроды, нават добры Гамер часам дрэмле”.

Падчас пакаянных перыядаў і смутных нагодаў “Аллелюя” ў рымскім абрадзе не прамаўляецца, аднак у масарабскім абрадзе яно ўжываецца нават у Імшах за памерлых; тое самае робяць і ў Грэцкім Касцёле.

Тракт. — Калі не прамаўляецца “Аллелюя”, замест яго да градуала дадаецца так званы тракт. Гэты тракт складаецца з трох ці чатырох вершаў, узятых з псальмаў (часам, як на Пальмавую нядзелю і Вялікую пятніцу, прамаўляецца ўвесь псальм), і бярэ сваю назву ад лацінскага дзеяслова “trahere” — цягнуць. Літургічныя аўтары мяркуюць, што такая назва яму дадзена таму, што ў старажытныя часы хор цягнуў яго павольным, размераным тонам без усялякага перапынку (Romsee, IV, 105; Durandus, Rationale, IV, раздз. ХХІ).

[1] Па словах св. Гераніма, старажытныя габрэі ведалі Усемагутнага Бога пад дзесяццю рознымі імёнамі, а менавіта: “Эль” або “Аль” — Моцны, “Элоах” — Цудоўны, “Аданай” (мн. л. ад “Адон”) — Вялікі Пан, “Сабаот” — Пан Магуццяў, “Ях” — Вечна Жывы, “Нгэліён” — Найвышэйшы, “Элагім” — Багі (мн. л., па меркаванні некаторых, указвае на Найсвяцейшую Тройцу), “Хава” — Той, Які ёсць, “Шадай” — Усемагутны і “Яхвэ” — Той, Які ёсць, быў і будзе. Гэтае апошняе імя габрэі ніколі не прамаўлялі з-за вялікай пашаны да яго і выкарыстоўвалі замест яго слова “Аданай”.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Maxime800 (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар