Пакуль што мы знаходзімся ў перыядзе Вялікага посту, а вернікі рыхтуюцца да ўспаміну смерці і ўваскрасення нашага Пана, таму са сваіх акопаў, у якіх яны прабываюць на працягу астатняй часткі літургічнага года, непазбежна выглядаюць касцёльныя наказы. Паколькі ў межах трэцяга касцёльнага наказу Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (§ 2042) яўным чынам згадвае Велікодны перыяд, людзі пачынаюць прыгадваць гэты невялікі спіс “мінімальных патрабаванняў”, якім мусіць адпавядаць кожны каталік, каб заставацца “ў добрых адносінах” з Касцёлам. Як вы здагадваецеся, гэта прыводзіць да пытання: “Навошта мне рабіць штосьці яшчэ?” Гэта добрае пытанне, але лепшым пытаннем было б: “Што насамрэч ад мяне патрабуецца?”

Давайце коратка вернемся да пяці рэчаў, якія наказвае Касцёл, і прааналізуем іх у святле іх сапраўднай мэты:

  1. У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у святой Імшы і не рабіць неабавязковай працы. Гэты наказ не мае на ўвазе, што ўдзельнічаць у Імшы штодзённа — кепскі варыянт.
  2. Прынамсі раз у год прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Гэта для вашага дабра. Многія каталікі сёння не вызнаюць свае грахі ўвогуле, не кажучы нават пра раз у год. Гэты наказ мае на мэце абараніць тых, хто іначай увогуле не прыступіў бы да споведзі. Аднак ён не збавіць вас ад пекла. Нават калі вы выканаеце гэты наказ, але памрэце ў стане смяротнага граху, вы будзеце асуджаны на пекла. Выканайце гэты наказ і зрабіце яшчэ больш.
  3. Прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прыняць святую Камунію. Гэты наказ не патрабуе вялікай здагадлівасці. Эўхарыстыя — гэта Хрыстус у сваім Целе; мы павінны рабіць усё магчымае, каб прымаць Яго штодзённа. Больш за тое, нават Катэхізіс кажа нам, што варта імкнуцца прымаць Камунію штодзённа (§ 1389). Але мы не можам зрабіць гэтага, калі не ачысцімся ў сакрамэнце споведзі, што азначае — для большасці з нас — больш частае вызнанне грахоў, чым раз у год.
  4. Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах. Гэты наказ амаль што скінулі на бакавіну сучаснага каталіцтва. Тут варта дадаць толькі адно: калі вы знаходзіце апраўданні для таго, каб пазбягаць посту і ўстрымання, спыніце гэта. Для здаровага чалавека не існуе паважных прычынаў ігнараваць гэты закон.
  5. Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла. Насуперак паўсюднаму меркаванню, гэта не азначае дзейнічаць падчас Імшы ў якасці замены для цэлебранта. Гэта не мае нічога супольнага з тым, каб увогуле чымсьці займацца на Імшы; гэта цалкам звязана з тым, што мы павінны прыносіць Богу найлепшае і падтрымліваць Касцёл у яго матэрыяльных патрэбах. Гэта не азначае, што трэба вызвацца на ролю так званага “надзвычайнага служыцеля святой Камуніі”; гэта азначае ўпэўніцца, што парафія мае грошы, каб плаціць па рахунках. Падтрымліваць у касцёле святло, каб у ім можна было служыць святую Імшу — гэта значна больш паслухмяна і паважліва, чым нягодным чынам трымаць нашага Пана падчас Камуніі або граць на гітары падчас Імшы.

Халодная і жорсткая праўда заключаецца ў тым, што касцёльныя наказы вас не збавяць. Хоць гэта можа прагучаць дзіўна, але выкананне гэтых наказаў ніякім чынам не запэўнівае збаўлення. Яны і не задуманы ў якасці сродку для збаўлення; іх прыдумалі для вашай абароны.

Разгледзім дарожны рух у якасці аналагу касцёльных наказаў. Аўтамабіліст можа паслухмяна следаваць загадам дарожных знакаў і сігналаў святлафора, але за гэта яго не называюць добрым кіроўцам. Каб зрабіцца ўмелым кіроўцам, трэба практыкавацца, прысвячацца, вытрымліваць нягоды і ўпарта працаваць. Калі хтосьці можа выконваць правілы, гэта не азначае, што ён не разаб’е машыну. Тое самае датычыцца і наказаў.

Не хачу гучаць несур’ёзна, але касцёльныя наказы след трактаваць як членскі ўнёсак, а не актыўны ўдзел у арганізацыі. Сам Касцёл прызнае, што гэтыя наказы — гэта ўсяго толькі абсалютна мінімальныя патрабаванні для таго, каб застацца каталіком у добрых адносінах з Касцёлам. Падумайце пра гэта.

Каб лепш зразумець, чаго сапраўды патрабуе ад нас Бог, а ад Яго імя — Касцёл, будзе лагічна задумацца над тым, чаго ад нас не патрабуецца. Па-першае, ад нас не патрабуецца рабіць як мага менш. Здаровы сэнс падказвае нам, што высілак і стараннасць прыносяць лепшы плён. Па-другое, ад нас не патрабуецца ігнараваць наказы. Яны даюць нам адчуванне напрамку і дапамагаюць трымацца правільнай сцежкі. Нарэшце, як я казаў вышэй, гэтыя наказы не з’яўляюцца інструкцыямі для нашага збаўлення; гэта інструкцыі для нашай абароны, гэта меры бяспекі супраць адной з нашых найбольшых праблем: узрастаючай праблемы свецкага гуманізму — меркавання, што не Бог, а чалавек мае ганаровае становішча ў сусвеце. Калі мы трымаемся наказаў, яны служаць для нас стрэлкай, якая паказвае на Бога і ўбок ад нас, але яны не прывядуць нас да парогаў Божага Валадарства. Каб гэта здарылася, мы павінны трымацца сваёй веры ў яе цэласным сэнсе, а не толькі пэўных частак.

У гэты перыяд Вялікага посту і пасля яго кожны каталік павінен паставіць сабе на мэце выканаць і перавыканаць касцёльныя наказы. Гэтым спосабам мы можам ушанаваць Бога, прызнаўшы, што Ягоны закон распасціраецца значна далей, а не толькі на пералічаныя пяць правілаў.

Правілы, рэкамендацыі, інструкцыі і т. п. прасякаюць усю культуру каталіцкай веры. У нас ёсць каноны, вучэнне, наказы і запаведзі, таму што ўсе яны розным чынам служаць адной і той жа мэце: вечнасці з Богам. Калі мы стараемся выйсці па-за іх межы, калі мы імкнемся рабіць тое, што нам след рабіць, а не тое, што ад нас патрабуецца, мы атрымаем вечную ўзнагароду неба.


Аўтар: Christian Patin
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Джузэпэ Мальтэні, “Споведзь” (1838, фрагмент).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар