Саракагадзінным набажэнствам называецца перыяд пабожнай малітвы, спалучаны з пакланеннем Найсвяцейшаму Сакрамэнту, які выстаўляецца на алтары касцёла на працягу 40 гадзінаў. Традыцыйна гэтая форма малітвы адбываецца ў гадзіны, якія папярэднічаюць пачатку Вялікага посту, а менавіта ад нядзелі Quinquagesima (Пяцідзесятніца) да аўторка перад Папяльцовай серадой, але яна можа праводзіцца таксама і ў іншыя перыяды года.

ГІСТОРЫЯ

Існуе звычай, калі падчас Вялікага тыдня вернікі прабываюць у касцёлах, чуваючы перад выявай магілы Хрыста ад часу Яго смерці (ад Ноны Вялікай пятніцы) да Яго ўваскрасення, якое адзначаецца пасхальнай працэсіяй у раніцу Вялікадня. Агулам атрымліваецца 40 гадзінаў. У многіх месцах пасля Імшы раней асвячаных дароў у Вялікую Пятніцу святар складае ў магілу цела Хрыста разам з Гостыяй. Тую ж Гостыю велікодным ранкам бяруць з магілы і праносяць ва ўрачыстай працэсіі, каб потым з трыумфам паставіць на алтар у манстранцыі.

Сімвалічныя 40 гадзінаў, якія Хрыстус правёў у стане смерці, пераклікаюцца са старажытнай традыцыяй, пра якую кажа св. Аўгустын (De Trinitate IV, 6): “Таму ад часу Яго смерці да ранку ўваскрасення — 40 гадзінаў, калі ўлічваць таксама саму дзявятую гадзіну. З гэтай лічбай таксама згаджаецца працягласць Яго жыцця на зямлі пасля ўваскрасення — 40 дзён” (“Ab hora ergo mortis usque ad diluculum resurrectionis horae sunt quadraginta, ut etiam ipsa hora nona connumeretur. Cui numero congruit etiam vita eius super terram post resurrectionem in quadraginta diebus“. Варта памятаць, што старажытная форма вылічэння гадзінаў не адпавядае нашай цяперашняй практыцы, калі гадзінаю лічыцца прамежак у 60 хвілін.)

Саракагадзіннае набажэнства ў касцёле ў Батанука

У XVI стагоддзі ў многіх частках сярэднявечнай Еўропы ўшанаванне Хрыста ў магіле зрабілася сапраўднай вайсковай аховай Эўхарыстычнага Цела ў чаканні ўваскрасення, і яго пачалі паўтараць таксама па-за межамі Вялікага тыдня ў адказ на аспрэчванне пратэстантамі Сапраўднай Прысутнасці Хрыста ў святой Гостыі па-за Імшою. Саракагадзінныя набажэнствы — спачатку яны лічыліся выключным сродкам — з’явіліся ў 1527 годзе ў Мілане, сярод войнаў і бедстваў, падчас разрабавання Рыма і французскага ўварвання ў Міланскае герцагства. Джавані Антоніё Белоцці ўстанавіў іх на пачатак кожнага трыместра да 1529 года. У 1537 годзе міланскі капуцын Джузэпэ да Фэрна падхапіў гэтую практыку і зрабіў з яе серыю ўрачыстых набажэнстваў з эўхарыстычнай працэсіяй: калі адна парафія завяршала свае сорак гадзінаў, эстафету пераймала наступная, так што Найсвяцейшы Сакрамэнт ушаноўваўся няспынна (адсюль пайшла няспынная адарацыя). Св. Антоній Марыя Дзаккарыя (1502–1539), заснавальнік (таксама ў Мілане) рэгулярных клерыкаў св. Паўла (барнабітаў) з вялікай адданасцю распаўсюджваў гэтыя набажэнствы.

Саракагадзіннае набажэнства ў Аццонэ ў Італіі

Капуцыны і барнабіты хутка разнеслі саракагадзіннае набажэнства па-за межы Мілана. Джузэпэ да Фэрна падчас сваіх місій у 1537–1539 гг. увёў яго ў Павіі, Сіене і Арэцца, а ягоны сабрат Франчэска дзі Сар’яна ўстанавіў гэты звычай у рэгіёне Умбрыя. У 1550 годзе св. Філіп Нэры распачаў гэтыя набажэнствы ў Рыме; ён меў звычай арганізоўваць іх у пачатку кожнага месяца ў розных касцёлах тых брацтваў, якімі ён кіраваў, між іншым, і ў касцёле Санцісіма-Трыніта-дэі-Пелегрыні. У Месіне, абложанай туркамі ў 1552 годзе, саракагадзінныя набажэнствы з просьбай аб вызваленні горада распачалі езуіты. З 1556 года ордэн езуітаў увёў традыцыю праводзіць саракагадзіннае набажэнства ад нядзелі Quinquagesima да аўторка перад Папяльцовай серадой, каб прасіць прабачэння за грахі, здзейсненыя падчас карнавалу.

Прылада для саракагадзіннага набажэнства ў Б’ена, Італія

У 1575 годзе арцыбіскуп Мілана св. Караль Барамэа ў вельмі красамоўным лісце пра святасць Сямідзесятніцы скардзіцца на смутны стан тых абыякавых хрысціянаў, якія кепска выкарыстоўваюць гэтыя каштоўныя дні, тады як яны павінны асаблівым чынам аддавацца малітве і добрым учынкам. Таму ён загадаў арганізаваць у найвялікшай дыяцэзіі Еўропы саракагадзінныя набажэнствы: у катэдры Мілана, а таксама ў трыццаці іншых касцёлах горада Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен быў выстаўляцца на тры дні перад Вялікім постам. Зранку і ўвечары павінна была праводзіцца ўрачыстая працэсія, а пробашчы павінны былі размяркоўваць гадзіны паміж сваімі парафіянамі так, каб перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам заўсёды знаходзілася вялікая колькасць вернікаў.

Прылада для саракагадзіннага набажэнства ў Калерэ, Італія

25 лістапада 1592 года Папа Клімэнт VIII канстытуцыяй Graves et diurturnae арганізаваў саракагадзінныя набажэнствы ў горадзе Рыме ў той форме, у якой іх раней рабіў Джузэпэ да Фэрна, — у выглядзе няспыннай эстафеты. Калі адзін рымскі касцёл заканчваў гэтае набажэнства, іншы яго працягваў. Папа прасіў, каб гэтае набажэнства праводзілася з трыма намерамі:

  1. Аб збаўленні для Французскага каралеўства, якім у той час кіраваў пераемнік Генрыха ІІІ;
  2. Аб перамозе хрысціянства над туркамі;
  3. Аб еднасці Касцёла.

Папа распачаў гэтую серыю набажэнстваў 30 лістапада 1592 года ў Сікстынскай капліцы.

Прылада для саракагадзіннага набажэнства ў Неапалі

21 студзеня 1705 года Папа Клімэнт ХІ (1700–1721) апублікаваў некалькі ўказанняў наконт цэлебрацыі гэтага набажэнства ў касцёлах Рыма. А 1 верасня 1731 года Папа Клімэнт ХІІ (1730–1740) апублікаваў іх у форме інструкцыі на італьянскай мове (“Клімэнтава інструкцыя”), у якой быў прапісаны літургічны парадак саракагадзіннага набажэнства ў рымскіх касцёлах. Сцісла кажучы, Клімэнтава інструкцыя была абавязковай толькі для Вечнага горада, але агульныя правілы, якія датычыліся яе, набылі шырокае распаўсюжданне дзякуючы пастановам і рашэнням Святой Кангрэгацыі абрадаў (№ 2403). Стэркі называе Клімэнтаву інструкцыю “цудоўным трактатам пра выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту”, да якога след звяртацца ўсім дыяцэзіям рымскага абраду.

Загад кардынала Наая наконт саракагадзіннага набажэнства ў Парыжы (1725)

САРАКАГАДЗІННАЕ НАБАЖЭНСТВА У ФРАНЦЫІ

Францыя не адставала ад Італіі, бо ў 1574 годзе езуіт а. Ажэ атрымаў ад арцыбіскупа Парыжа дазвол на арганізацыю саракагадзіннага набажэнства ва ўсіх касцёлах французскай сталіцы, нягледзячы на моцны супраціў пробашча касцёла св. Эўстафія (Сэнт-Эсташ). З Парыжа саракагадзіннае набажэнства хутка распаўсюдзілася па ўсёй Францыі. У 1584 і 1589 годзе мы знаходзім яго ў Руане, у 1593 годзе — у Іль-сюр-Сорг і Ліёне, у 1596 годзе — у Авіньёне, у 1597 годзе — у Анмасе, у 1598 годзе — у Таноне, у 1599 годзе — у Марсэлі, у 1604 годзе — у Гапе і г. д. Па ініцыятыве капуцынаў саракагадзінныя набажэнствы сталі ўрачыстым кампанентам парафіяльных місій, накіраваным на тое, каб заахвоціць вернікаў, зведзеных пратэстантызмам, вярнуцца ў Касцёл, а таксама на ўмацаванне веры неафітаў. У Францыі саракагадзіннае набажэнства зрабілася сапраўднай ваеннай зброяй каталіцкай контррэфармацыі: яднаючы ў сабе ўсялякае мастацтва дзеля праслаўлення Эўхарыстыі (пры кожнай нагодзе выкарыстоўваліся надзвычайныя дэкарацыі і выконваліся велічныя музычныя творы), яно збірала вялікія натоўпы (напрыклад, 100 тыс. чалавек у Гапе ў 1618 годзе) і прыводзіла да шматлікіх навяртанняў.

У сваім брэвэ Sacri apostolatus ministerio Папа Грыгорый XV (які кіраваў Касцёлам ад 1621 да 1623 года) заклікаў арцыбіскупаў і біскупаў Францыі арганізаваць саракагадзіннае набажэнства па ўсім каралеўстве “дзеля поспеху каралеўскага змагання з ерэтыкамі краіны, дзеля знішчэння ерасяў, а таксама дзеля праслаўлення і спакою нашай святой Маці-Касцёла”. Гэтым брэвэ ён удзяляў поўны адпуст французскім вернікам, якія, паспавядаўшыся і прыняўшы святую Камунію, маліліся ў намерах Вярхоўнага Пантыфіка (Пій ХІ зрабіў гэты адпуст агульным для ўсяго каталіцкага свету ў 1931 годзе). У хуткім часе (у 1625 годзе) Папа Урбан VIII даў французскім капуцынам (а пазней таксама і іншым місіянерскім ордэнам), якія слухалі споведзі падчас саракагадзінных набажэнстваў, шырокую ўладу адпушчэння грахоў, якая зазвычай належыла біскупам. Гэты дазвол нямала паспрыяў поспеху многіх місій капуцынаў у Францыі XVII стагоддзя — а гэтыя місіі заўсёды суправаджаліся цудоўнымі саракагадзіннымі набажэнствамі — бо вернікі вырашалі, што лепш натоўпамі прыходзіць на споведзь да выпадковых місіянераў, чым да сваіх парафіяльных святароў, якія ў выпадках, зарэзерваваных для біскупа, не маглі ўдзяліць ім адпушчэння грахоў!

У 1617 годзе ў Каоры натоўпы людзей, якія жадалі наведаць саракагадзіннае набажэнства ў езуіцкім касцёле, былі настолькі шматлікія, што гэта прывяло да масавых беспарадкаў. У 1628 годзе ў Гапе саракагадзіннае набажэнства давяло 1500 пратэстантаў да адрачэння ад сваёй веры: “ерэтыкі, якія прыйшлі з высокіх гораў Дафінэ, увайшоўшы ў касцёл і ўбачыўшы вялікую прыгажосць і раскошу, асветленую шматлікімі свечкамі ў гонар выстаўленага Найсвяцейшага Сакрамэнту, кінуліся на калені, палічыўшы, што яны знаходзяцца ў раі, і голасна закрычалі: “Няхай будзе праслаўлены такі цудоўны Рымскі Касцёл, а не храмы тых служыцеляў, якія ў параўнанні з гэтым нагадваюць стайні для жывёлаў!” (Archives departementales de Hautes-Alpes, 3H2, 1, p. 89, cited in Bernard Dompiner, Un aspect de la dévotion eucharistique dans la France du XVIIème siécle: les prières des Quarante-Heures, Revue d’histoire de l’Eglise de France, 1981, Vol. 67, n. 9178, p. 17).

Падобна як у Італіі, саракагадзінныя набажэнствы падчас місій капуцынаў цэлебраваліся на працягу ўсяго года, аднак вельмі хутка ўзнік звычай праводзіць іх таксама на працягу апошніх трох дзён перад Вялікім постам. Касцёл Сэн-Нікаля-дзю-Шарданэ штогод праводзіў саракагадзінныя набажэнствы ў перыяд Quinquagesima з 1616 года. Некаторыя парафіяльныя акты паміж 1628 і 1637 гадамі паказваюць, што саракагадзіннае набажэнства было грандыёзнай прэлюдыяй да Вялікага посту і спалучалася з запрашэннем прыступіць да споведзі і Камуніі. Гэтыя акты вельмі дэтальна апісваюць, як праводзіліся гэтыя ўрачыстыя набажэнствы: званы на вежы білі, як у святы першага класа, галоўны алтар упрыгожваўся рэлікварыямі, карцінамі, вялікай колькасцю свечак “і іншымі пабожнымі і святымі ўпрыгожваннямі”, “убранне, упрыгожванні, цырымоніі былі, як ва ўрачысты дзень, як у само свята Божага Цела, і нават болей, дзе гэта было магчыма”. Парыжская правінцыя капуцынаў вырашыла арганізаваць саракагадзіннае набажэнства падчас нядзелі Quinquagesima ў 1621–1622 гадах. Але менавіта французскія езуіты — асабліва св. Жан-Франсуа Рэжы (1597–1640) — распаўсюдзілі італьянскі звычай свайго ордэна, калі саракагадзіннае набажэнства праводзілася як уступ да Вялікага посту.

Саракагадзіннае набажэнства ў санктуарыі Сан-Франчэска-дэ-Джэраніма (1956)

Французская рэвалюцыя нанесла моцны ўдар саракагадзіннаму набажэнству ў гэтай краіне, і ў ХІХ стагоддзі, як здаецца, звычай яго правядзення пачаў прыходзіць у заняпад. Пра гэтую знеахвоту сведчыць, напрыклад, тое, што ў разнастайных цырыманіялах і падручніках па літургіі, апублікаваных цягам гэтага стагоддзя ў Францыі, вельмі цяжка знайсці апісанне цырымоній саракагадзіннага набажэнства. Дыяцэзіяльны часопіс Ліёна ў 1911 годзе заўважыў, што “ў нашай дыяцэзіі немагчыма дакладна захаваць прадпісанні Клімэнтавай інструкцыі і правесці саракагадзіннае набажэнства без перапынку ўдзень ці ўначы” (с. 218). Верагодна, Другая сусветная вайна прынесла гэтаму набажэнству яшчэ больш шкоды, але яно тым не менш захавалася да нашых часоў ў Вялікабрытаніі і Італіі, таксама і ў новым абрадзе.

ПРЫЛАДЫ ДЛЯ САРАКАГАДЗІННАГА НАБАЖЭНСТВА

Каб павялічыць урачысты характар выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту падчас саракагадзіннага набажэнства, пабожнасць вернікаў з’ядналася з усім дэкарацыйным геніем эпохі барока і вынайшла цудоўныя часовыя канструкцыі, якія складаліся з узнятага трона для манстранцыі і дэкарацыі са шматлікіх свечак. Гэтыя часовыя канструкцыі, якія будаваліся на тры дні выстаўлення, у Італіі называліся “Macchine della Quarantore” (англ. “Forty Hours Machines”). Падобна, што першую такую прыладу вынайшлі езуіты ў Рыме. У пабудове гэтых канструкцый удзельнічалі самыя таленавітыя архітэктары і мастакі, што сведчыць пра надзвычайную пабожнасць нашых продкаў. У 1633 годзе Нікала Пусэн атрымаў замову на “Адпачынак падчас уцечкі ў Егіпет” і “Пакланенне мудрацоў”, каб упрыгожыць рымскую капліцу да саракагадзіннага набажэнства. Ніжэй паказана прылада, створаная ў 1650 годзе для саракагадзіннага набажэнства ў рымскім касцёле езуітаў Іль-Джэзу:

А на гэтай гравюры паказаны Папа Пій VI, які пакланяецца Найсвяцейшаму Сакрамэнту, змешчанаму ў незвычайна прыгожай прыладзе для саракагадзіннага набажэнства, сканструяванай для Ватыкана самімі Берніні:

(Луі-Жан Дэпрэ (Асэр, 1743 — Стакгольм, 1804) і Франчэска Піранэзі (Рым, 1758/9 — Парыж, 1810) — “Пій VI на адарацыі ў Паўлавай капліцы падчас саракагадзіннага набажэнства”, каля 1783-1785. Акварэль і гуаш (Дэпрэ) па гравіроўцы (Піранэзі). Крыніца: La Galerie Tarantino, якой мы вельмі дзякуем за падтрымку.)

Вось яшчэ чатыры дызайны з XVII стагоддзя:

  • Першы мае рукапісную заўвагу, што гэтая прылада мае 140 свечак.
  • На другім малюнку прадстаўлены праект дэкарацыі для саракагадзіннага набажэнства. Рым, канец XVII стагоддзя. Крыніца: Galerie Tarantino.
  • Трэці малюнак — гэта праект дэкарацыі для саракагадзіннага набажэнства, на якім адлюстравана “Вяртанне разведчыкаў з зямлі Ханаанскай” Джачынта Каландручы (вучня Карла Мараты), прададзенае ў Нацыянальную галерэю мастацтва ў Вашынгтоне (разведка ў Ханаан заняла 40 дзён).
  • Бенедучы з Ардзінуові — дызайн для саракагадзіннага набажэнства.

А ніжэй на відэа прадстаўлена інсталяцыя, якая знаходзіцца ў касцёле Санта-Марыя-дэль-Орта ў Рыме і выкарыстоўваецца да сённяшняга дня, але толькі ў якасці “алтара адпачынку” ў Вялікую пятніцу. Збудаваная ў 1848 годзе, яна мае 231 свечку. Гэта праца нейкага Луіджы Клемэнці, якому, паводле архіўных звестак, яна каштавала 500 скуда за працу па дрэве і яшчэ 50 скуда за пазалоту.

СІМВОЛІКА ЛІЧБЫ 40

Лічба 40 шмат разоў сустракаецца ў Святым Пісанні, прычым часта ў кантэксце сустрэчы з Богам. Ніжэй прыведзены асноўныя моманты:

  • Дождж патопу доўжыўся 40 дзён і 40 начэй (Быц 7:4, 12, 17). Пасля 10 месяцаў патопу воды пачалі спадаць, і пасля 40 дзён Ной адкрыў акно, якое ён зрабіў у каўчэгу (Быц 8:6).
  • Як Ісаак (Быц 25:20), так і ягоны сын Эзаў (Быц 26:34) ажаніліся ва ўзросце 40 гадоў.
  • Майсей заставаўся на гары Сінай, у Божай прысутнасці, без ежы і вады, на працягу 40 дзён і 40 начэй, пасля чаго ён атрымаў табліцы Закону (Зых 24:18; 34:28; Дрг 9:9, 11, 18, 25; 10:10).
  • Пасланцы Майсея даследвалі зямлю Ханаана на працягу 40 дзён (Ліч 13:26), пасля чаго Ізраэль быў сказаны на 40-гадовую вандроўку ў пустыні (Ліч 14:33-34; 32:13; Зых 16:35; Дрг 8:2-4; Нав 5:6).
  • У Майсеевым Законе колькасць удараў, якімі можна было пакараць злачынцу, не перавышала 40 (Дрг 25:3; 2 Кар 11:24).
  • У найвышэйшым пункце гісторыі Ізраільскага каралеўства ўладаранне Давіда (1 Сам 29:27) і ўладаранне Саламона (1 Вал 11:42) працягваліся па 40 гадоў.
  • Прарок Ілля ішоў па пустыні 40 дзён, каб сустрэцца з Богам на гары Гарэб (1 Вал 19:8).
  • Прарок Ёна заклікаў нінівіцянаў да пакаяння пад пагрозай разбурэння Нінівы праз 40 дзён (Ён 3:4).
  • Наш Пан Езус Хрыстус быў прынесены ў Ерузалемскі храм праз 40 дзён пасля нараджэння, як тое загадваў Закон Майсея (свята Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі 2 лютага — Лк 2:22; Зых 13:2, 11-16; Лев 12:2-4, 6-8).
  • Хрыстус распачаў сваё публічнае служэнне постам, які доўжыўся 40 дзён і 40 начэй (Мц 4:1-2; Мк 1:12-13; Лк 4:1-2), а Яго Унебаўшэсце адбылося праз 40 дзён пасля Уваскрасення (Дз 1:3), якое, у сваю чаргу, паводле традыцыі, запісанай св. Аўгустынам (пар. De Trinitate IV, 6, як вышэй), наступіла пасля таго, як Ён правёў 40 гадзінаў у стане смерці.

ЛІТУРГІЧНЫЯ РУБРЫКІ

Саракагадзіннае набажэнства рэгулюецца Клімэнтавай інструкцыяй, апублікаванай у 1731 годзе Папам Клімэнтам ХІІ і заснаванай на ранейшай версіі, выдадзенай Папам Клімэнтам ХІ ў 1705 годзе. Гэты дакумент цытуецца на дзявятым месцы ў афіцыйным спісе літургічных кніг Рымскага Касцёла (Святая Кангрэгацыя абрадаў, № 4266 ад 17 мая 1911 года).

Інструкцыя падзелена на 37 параграфаў, якія коратка прадстаўляюць літургічныя прадпісанні для цэлебрацыі саракагадзіннага набажэнства.

Саракагадзіннае набажэнства ў Лонданскім араторыі

Агульныя правілы

  • На галоўных дзвярах касцёла, дзе адбываецца ўрачыстае выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, трэба павесіць знешні знак (герб або плакат). На гэтым знаку павінен быць сімвал Найсвяцейшага Сакрамэнту, каб людзі ведалі, што ў гэтым касцёле праводзіцца саракагадзіннае набажэнства.
  • На алтары або іншым месцы выстаўлення не павінны выстаўляцца таксама рэліквіі святых або пахавальныя сімвалы. Зазвычай выстаўленне адбываецца на галоўным алтары касцёла. Калі на задняй сцяне за алтаром ёсць нейкая карціна, яе трэба закрыць белай або чырвонай тканінай. Тое ж трэба зрабіць са статуямі святых, якія ўпрыгожваюць алтар (але не анёлаў, якія трымаюць свечнікі).
  • На алтар трэба паставіць трон, на якім будзе змяшчацца манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Можна выкарыстоўваць белыя фіранкі, якія ўтвораць балдахін, асабліва калі трон не накрываецца.
  • Антыпендый і ўпрыгожванні алтара павінны быць белага колеру і ніколі не павінны засланяць манстранцыю.
  • Перад табернакулюмам ніколі няможна ставіць кветкі. Самі кветкі не забараняюцца, аднак іх трэба ставіць умеркавана. У Рыме яны не выкарыстоўваюцца.
  • Выпадае, каб на алтары пастаянна гарэла мінімум 20 свечак, як удзень, так і ўначы.
  • Няможна ставіць за Гостыю аніякае святло, каб яна нібы свяцілася.
  • Вокны касцёла, што знаходзяцца каля алтара, можна завесіць, каб у ідэале свечкі на алтары ззялі пасярод ценю і каб гэта спрыяла канцэнтрацыі і малітве.
  • Пасля завяршэння Імшы выстаўлення і працэсіі каля прыступак алтара трэба паставіць кленчнік для святароў. Яго можна накрыць чырвонай або зялёнай тканінай.
  • Захоўванне Эўхарыстыі, калі яна зазвычай захоўваецца на алтары выстаўлення, трэба арганізаваць на іншым алтары. У любым выпадку, нельга прымаць Камунію пры алтары выстаўлення.
  • Касцёльныя званы павінны ўрачыста біць на “Angelus” увечары перад пачаткам выстаўлення, затым за паўгадзіны да заходу сонца і праз гадзіну пасля яго. Падчас выстаўлення касцёльныя званы мусяць біць кожную гадзіну, як уначы, так і ўдзень.
  • Падчас адарацыі Найсвяцейшы Сакрамэнт не павінен быць бачны са двара (каб пазбегнуць блюзнерства, асабліва падчас карнавалу). Калі трэба, уваход трэба засланіць, каб алтар выстаўлення не было бачна са двара.
  • Хоць саракагадзіннае набажэнства зазвычай пачынаецца ў нядзелю Quinquagesima, яго можна цэлебраваць таксама ў любы час на працягу года, акрамя Пасхальнага Трыдууму, калі яно, вядома, забаронена. Тым не менш, калі падчас саракагадзіннага набажэнства трэба благаславіць грамнічныя свечы і правесці працэсію, пасыпаць галовы вернікаў попелам ці благаславіць пальмы і правесці працэсію ў Пальмавую нядзелю, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту трэба прыпыніць на час гэтых абрадаў і аднавіць пасля іх заканчэння. Таксама існуюць асаблівыя правілы на той выпадак, калі саракагадзіннае набажэнства праводзіцца падчас 2 лістапада.

Правілы для духавенства і свецкіх асобаў

  • На адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту заўсёды павінны прысутнічаць дзве духоўныя асобы.
  • Падчас адарацыі яны не апранаюць стулы.
  • Члены духавенства, якія назіраюць за свечкамі, павінны быць заўсёды апранутыя ў комжу. Гэтых клерыкаў могуць падмяняць свецкія асобы, але ў такім выпадку на час сваёй працы са свечкамі яны мусяць апранаць сутану і комжу.
  • Кожны раз пры ўваходзе і выхадзе з прэзбітэрыя, дзе выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, а таксама пры праходзе перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам трэба ўкленчыць на абодва калены.

Цэлебрацыя Імшы

  • На алтары выстаўлення не павінна служыцца Імша, акрамя Імшы выстаўлення ў першы дзень (хоць тэхнічна выстаўленне пачынаецца толькі пасля завяршэння працэсіі, якая следуе за гэтай Імшой) і Імшы завяршэння ў трэці дзень.
  • Імшы выстаўлення (у першы дзень) і завяршэння (у трэці дзень) павінны быць урачыстымі ватыўнымі Імшамі пра Найсвяцейшы Сакрамэнт (з “Gloria” і “Credo”), са спевам, з дыяканам і субдыяканам, калі толькі гэтым ватыўным Імшам не перашкаджае Імша дня. У выпадку перашкоды служыцца Імша дня, аднак робіцца ўспамін Найсвяцейшага Сакрамэнту з агульным завяршэннем малітваў. Тым не менш, антыпендый алтара выстаўлення і наплечны вэлюм павінны быць белымі незалежна ад колеру Імшы.
  • На другі дзень служыцца ўрачыстая ватыўная Імша з дыяканам і субдыяканам аб спакоі альбо ў іншай патрэбе (з “Gloria”, калі толькі гэта не Імша ў фіялетавым убранні), згодна з распараджэннямі біскупа.
  • Імшу другога дня нельга цэлебраваць на алтары выстаўлення альбо на алтары, дзе захоўваюцца гостыі.
  • Падчас выстаўлення нельга служыць Імшы-рэквіемы.
  • Антыпендый алтара выстаўлення павінен заўсёды быць белы, якім бы ні быў колер Імшы альбо Афіцыя дня.
  • Калі выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, выкарыстанне званкоў на ціхіх Імшах забаронена. Выпадае таксама забараніць яго і на ўрачыстых Імшах.
  • Таксама падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле забаронена праводзіць збор ахвяраванняў і ўстанаўліваць адмысловыя скарбонкі.
  • Казаць казанні падчас саракагадзіннага набажэнства не заахвочваецца, аднак калі яны маюць месца, яны павінны быць кароткія і толькі пра Эўхарыстыю; прапаведніку не дазволена выкарыстоўваць бірэту і стулу. Прапаведнік павінен стаяць бокам да алтара выстаўлення такім чынам, каб нікому з вернікаў не прыходзілася паварочвацца плячыма да гэтага алтара.

Асаблівасці Імшы выстаўлення

  • Алтар рыхтуецца перад Імшой выстаўлення, але спачатку запальваецца толькі шэсць звычайных свечак. Алтарны крыж застаецца на месцы. Карпарал можна пакласці на трон выстаўлення, калі манстранцыя не будзе стаяць на тым жа месцы, дзе і крыж. Трэба падрыхтаваць манстранцыю, накрыўшы яе белым вэлюмам, а таксама кнігу з малітвамі на заканчэнне працэсіі (напрыклад, яны ёсць у Rituale Romanum). Таксама трэба падрыхтаваць балдахін, дзве свечкі і дзве кадзільніцы на працэсію.
  • Падчас Імшы ў першы дзень цэлебрант кансэкруе дзве вялікія гостыі, адна з якіх прызначаецца для выстаўлення.
  • Пасля Камуніі манстранцыя ставіцца на карпарал.
  • З таго моманту, калі дыякан змяшчае другую вялікую гостыю ў манстранцыю, астатняя частка Імшы служыцца, згодна з рубрыкамі для Імшы coram Sanctissimo:
    • Цэлебрант і прыслугоўваючыя ўкленчваюць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожны раз, калі падыходзяць да яго альбо калі пакідаюць зону алтара.
    • Калі цэлебрант ці дыякан звяртаюцца да людзей (“Dominus vobiscum”, “Ite Missa est” альбо з апошнім благаслаўленнем), яны становяцца крыху на бок Евангелля, каб не паварочвацца плячыма да Найсвяцейшага Сакрамэнту.
    • Падчас Апошняга Евангелля цэлебрант укленчвае на словы “Et Verbum caro factum est”, павярнуўшыся да Цела Пана.
  • Пасля Апошняга Евангелля цэлебрант і яго прыслугоўваючыя ўкленчваюць на абодва калены каля прыступак алтара, а затым ідуць да крэслаў, дзе здымаюць маніпулы, а цэлебрант здымае яшчэ і арнат, каб апрануць капу. Пры гэтым усе павінны дбаць пра тое, каб не павярнуцца плячыма да Найсвяцейшага Сакрамэнту. З сакрыстыі выходзяць два турыферарыі [прыслугоўваючыя з кадзільніцамі] з цэраферарыямі [прыслугоўваючыя са свечкамі]. Пры крэслах (адзіны выпадак, калі літургія гэта дазваляе) цэлебрант насыпае ў абедзве кадзільніцы кадзіла, не благаслаўляючы яго. Яму дапамагае дыякан, тады як субдыякан прыпадымае капу. Цэлебрант ідзе з прыслугоўваючымі да прыступак алтара, дзе яны становяцца на калені, і ён акаджвае (першай кадзільніцай) Найсвяцейшы Сакрамэнт (як падчас благаслаўлення ім), затым ён прымае ад цырыманіярыя вэлюм, які субдыякан зашпільвае. Цэлебрант з прыслугоўваючымі узыходзіць па прыступках і становіцца на калені. Дыякан, укленчыўшы на платформе (suppedaneum), бярэ манстранцыю і падае яе цэлебранту, які стаіць на каленях. Пакуль усё гэта адбываецца, фарміруецца працэсія.

Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам (вельмі нагадвае працэсію Божага Цела).

  • Спевакі інтануюць гімн “Pange lingua”, і працэсія выходзіць.
  • Брацтвы павінны ісці перад крыжам і духавенствам.
  • Круцыферарый павінен быць апрануты ў комжу (а не ў туніку), і яго суправаджаюць два акаліты, за якімі ідуць спевакі.
  • Перад балдахінам павінны ісці восем святароў ці клерыкаў. Іх галовы павінны быць непакрытыя, таксама ім нельга насіць дзукету з меркаванняў здароўя.
  • Кожны (як духавенства, так і свецкія вернікі) нясе свечку ў гонар Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую ён павінен трымаць знешняй рукою.
  • Духоўныя асобы, якія апрануты ў літургічнае ўбранне, могуць выкарыстоўваць толькі белае ўбранне.
  • Падчас працэсіі хлопцам і дзяўчатам не дазволена паказваць “жывыя карціны” пра святых (у Францыі XVII стагоддзя гэта было распаўсюджана).
  • Балдахін нясуць духоўныя асобы. Найбольш высокія дзяржаўныя асобы могуць пераняць яго ў іх, але толькі па-за касцёлам.
  • Два турыферарыі, якія ідуць перад балдахінам, павінны пастаянна акаджваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, не абарочваючыся.
  • Цэлебрант, нават калі гэта біскуп, павінен ісці і несці манстранцыю ў руках, без дапамогі машын.
  • Падчас працэсіі павінны званіць усе званы, таксама і званы касцёлаў, побач з якімі будзе праходзіць працэсія. Працэсію таксама можна праводзіць унутры касцёла, якая ў такім выпадку пры выхадзе з хору паварочвае направа, ідучы праз бакавую наву, а затым заходзіць у цэнтральную наву.
  • Калі шлях надта доўгі, можна ўстанавіць адзін ці два прамежкавыя алтары.
  • Пры вяртанні да алтара выстаўлення дыякан бярэ манстранцыю ў цэлебранта і ставіць яе на троне выстаўлення. Спяваюцца два апошнія вершы гімна “Pange lingua”: “Tantum ergo” і “Genitori Genitoque”.
  • Цэлебрант насыпае кадзіла і акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт, як звычайна.
  • Два спевакі затым укленчваюць у сярэдзіне хору і пачынаюць літанію да ўсіх святых. Усе застаюцца на каленях. Пасля літаніі цэлебрант, застаючыся на каленях, інтануе “Pater noster”, які працягваецца ў цішыні. Затым спевакі інтануюць псальм 69 “Deus in adiutorium meum intende”, які хор падхоплівае наперамен. Затым цэлебрант спявае вершы “Salvos fac servos tuos” і далей. Ён падымаецца на “Dominus vobiscum” і спявае пяць калектаў для саракагадзіннага набажэнства буднім тонам. Пасля гэтых калектаў цэлебрант спявае верш “Domine exaudi orationem meam”, спевакі выконваюць верш “Exaudiat nos omnipotens et misericors Dominus”, і цэлебрант заканчвае, спяваючы на адной нізкай ноце (recto tono): “Fidelium animæ per misericordiam Dei requiescant in pace“. Затым пачынаецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Імша завяршэння перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у парафіі св. Немаўлят у Нью-Ёрку

Асаблівасці Імшы завяршэння

Фактычна, завяршэнне выстаўлення напрыканцы саракагадзіннага набажэнства адпавядае выстаўленню, толькі што ўсё ідзе ў адваротным парадку: Імша, літанія да ўсіх святых, працэсія, канец літаніі (а не: Імша, працэсія, літанія да ўсіх святых).

  • Імша завяршэння павінна спявацца пры алтары выстаўлення, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і, адпаведна, павінны выконвацца рубрыкі для Імшы coram Sanctissimo.
  • Напрыканцы Імшы, як і ў Імшы выстаўлення, цэлебрант і прыслугоўваючыя ідуць да крэслаў, каб зняць маніпулы і арнат; цэлебрант апранаецца ў капу. Алтарны крыж (калі ён выкарыстоўваўся), алтарныя карткі і Імшал прыбіраюцца з алтара, на цэнтр кладзецца карпарал, рыхтуецца ключ ад табернакулюма і белы наплечны вэлюм.
  • Пасвячаныя служыцелі і цэлебрант укленчваюць на першай прыступцы перад алтаром. Два спевакі, стоячы на каленях перад сярэдзінай алтара, спяваюць літанію да ўсіх святых, пасля якой ідзе псальм 69. Цэлебрант спявае вершы да “Domine, exaudi orationem meam” з адпаведным адказам.
  • Пад канец літаніі да ўсіх святых два турыферарыі ідуць рыхтаваць кадзільніцы, фарміруецца працэсія, усім раздаюцца свечкі.
  • Калі праспявалі верш “Domine, exaudi orationem meam” з адпаведным адказам, цэлебрант падымаецца і насыпае кадзіла ў дзве кадзільніцы, не благаслаўляючы яго. Ён прымае наплечны вэлюм і з прыслугоўваючымі падымаецца па прыступках. Там дыякан падае манстранцыю цэлебранту, які стаіць на каленях, і выходзіць працэсія.
  • Падчас працэсіі спяваецца “Pange lingua”, як у першы дзень саракагадзіннага набажэнства, і затым працэсія вяртаецца да алтара. Дыякан ставіць манстранцыю на карпарал, які ляжыць на цэнтры алтара. Затым спяваюцца два апошнія вершы “Pange lingua”, і Найсвяцейшы Сакрамэнт акаджваецца, як звычайна, падчас апошняга верша.
  • Як і пры благаслаўленні, спевакі спяваюць верш “Panem de cœlo”, цэлебрант падымаецца, каб праспяваць калекту пра Найсвяцейшы Сакрамэнт “Deus qui nobis sub sacramento mirabili” (без “Dominus vobiscum”, як звычайна), і дадае чатыры іншыя малітвы для саракагадзіннага набажэнства, як у першы дзень.
  • Як і ў першы дзень, пасля гэтых калектаў цэлебрант спявае верш “Domine exaudi orationem meam”, спевакі выконваюць верш “Exaudiat nos omnipotens et misericors Dominus”, і цэлебрант заканчвае, спяваючы на адной нізкай ноце (recto tono): “Fidelium animæ per misericordiam Dei requiescant in pace“.
  • Затым цэлебрант удзяляе благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, як звычайна. Дыякан вяртае Найсвяцейшы Сакрамэнт у табернакулюм, усе гасяць свае свечкі, а духавенства, укленчыўшы перад алтаром, вяртаецца ў сакрыстыю.

Аўтар: Henri de Villiers
КрыніцаSchola Sainte Cécile

Тэкст перакладзены з англійскага перакладу, зробленага аўтарамі блога Canticum Salomonis, і апублікаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар