26.03.2018 / Te igitur

Ці паслухалі арганізатары сінода-2018 моладзь?🕑 2 хвілін

Рэдактар выдання “The Catholic Thing” Роберт Роял, які штосьці разумее ў тым, як вядуцца справы ў Ватыкане, выказаўся пра перадсінадальную сустрэчу моладзі наступным чынам:

У сваю бытнасць маладым я б палічыў такую з’яву — калі дарослыя паводзяць сябе так, быццам ім трэба чамусьці ад мяне навучыцца — вартай жалю, а нават вельмі падазронай. Быць можа, моладзь у глыбіні душы змянілася, але штосьці я сумняваюся ў гэтым.

Арганізатары сінода біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” прадпрынялі некалькі спробаў выслухаць маладыя галасы ў Касцёле: спачатку моладзь мела магчымасць запоўніць анкету, затым былі арганізаваны адмысловыя моўныя групы для абмеркавання на Фэйсбуку і, нарэшце, 300 маладых людзей з усяго свету сабраліся ў Рыме, каб супольна выпрацаваць дакумент, які мае паўплываць на працоўны дакумент (instrumentum laboris) восеньскага сінода біскупаў.

Наколькі кожны з гэтых спосабаў быў эфектыўны і карысны для сінадальнага працэсу, пытанне дыскусійнае, аднак нядаўна ў публічнай прасторы з’явілася інфармацыя, якая дазваляе меркаваць, наколькі шчырым было жаданне арганізатараў выслухаць моладзь у Касцёле.

Кэтлін Плат у блогу The Chant Café прыводзіць словы члена падрыхтоўчай камісіі, якая займалася напісаннем фінальнага дакумента па выніках моладзевай сустрэчы:

У працэсе падрыхтоўкі я зазірнуў [-ла?] у анлайн-абмеркаванне англамоўнай перадсінадальнай групы і заўважыў, што дыялог, які там вядзецца, вельмі адрозніваецца ад таго, што далі нам.  Гэта была вялікая анлайн-супольнасць, якая прасіла, каб у дакуменце была прадстаўлена надзвычайная форма [рымскага абраду, альбо Трыдэнцкая Імша], і я зразумеў, праглядаючы гэтыя каментары, што нам, як камандзе аўтараў, не паказалі большую частку анлайн-каментароў. Мы мелі толькі іх кароткі змест, і таму мне смутна было бачыць, што многія ў гэтай групе засталіся расчараванымі або нявыслуханымі. Я звярнуўся да сваіх ліванскіх і лацінаамерыканскіх калег-рэдактараў і спытаўся, ці былі ў іх словы “надзвычайная форма” ці прынамсі “лацінская Імша”. Яны абое сказалі, што не разумеюць, пра што я, таму я ўключыў выраз “reverential liturgies” [паважлівыя літургіі], спадзеючыся выказаць гэтыя рэчы, але, зазірнуўшы ў Інтэрнэт, я сапраўды ўбачыў, што дакумент быў бы іншым, калі б анлайн-свет быў у ім адэкватна прадстаўлены.

Інтэрнэт-супольнасць сапраўды з недаверам адрэагавала на рэзультат перадсінадальнай сустрэчы моладзі. З-за пачуцця нявыслуханасці ў Твітэры нарадзіўся флэшмоб #whatyoungcatholicswant, у якім карыстальнікі ў выглядзе двух фотаздымкаў паказваюць кантраст:

злева: тое, што хочуць маладыя каталікі;

справа: тое, што старыя каталікі хочуць, каб хацелі маладыя каталікі.

Вось некалькі найбольш папулярных прыкладаў.

https://twitter.com/Englishpapist/status/977609624999391233

Такія меркаванні выказвала не толькі інтэрнэт-супольнасць, але прынамсі адзін з жывых удзельнікаў перадсінадальнай сустрэчы моладзі Берталан Кіс (Венгрыя). У інтэрв’ю з Эдвардам Пенцінам ён заўважыў, што традыцыйная літургія адлюстроўвае прагрэсіўны накірунак у развіцці Касцёла, прываблівае моладзь і спрыяе новым пакліканням. Аднак ягонае меркаванне ў фінальным дакуменце таксама прадстаўлена не было.

Поўны тэкст фінальнага дакумента перадсінадальнай сустрэчы моладзі на некалькіх мовах можна знайсці тут (англ., неафіцыйныя пераклады на італьянскую, іспанскую).

Ілюстрацыя: профіль @MahoundParadise ў Твітэры.

Пакінуць каментар

Scroll Up