15-16 сакавіка 2018 года арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня ператрэсенай Пантыфікальнай акадэміі жыцця, наведаў мексіканскую дыяцэзію Керэтара з прамовай, у якой ён меў на мэце развеяць сумненні адносна новага вучэння, прадстаўленага ў адгартацыі Папы Францішка Amoris laetitia. Падрабязнасці прамовы перадае LifeSiteNews.

Выступаючы перад слухачамі, сабранымі ў мясцовай семінарыі, арцыбіскуп Палья выказаў сваё расчараванне тым, што апостальская адгартацыя Amoris laetitia выклікала такое ажыўленне сярод вернікаў і святароў. Ён звярнуў увагу на тое, што асобы ў паўторных саюзах жывуць у “экзістэнцыяльнай трагедыі”, таму “прыйшоў час скончыць гэтую дыскусію” і пачаць “прымаць людзей” у такіх сітуацыях у Касцёл. “Хопіць дыскутаваць пра ўсё гэта! — выкрыкнуў Палья падчас прамовы. — Хопіць!”

Выступ арцыбіскупа Пальі выглядае часткай новай стратэгіі Ватыкана, накіраванай на тое, каб пераканаць духавенства прыняць наступствы Amoris laetitia. Па звестках LifeSiteNews, яшчэ некаторыя ватыканскія служачыя былі высланы ў іншыя дыяцэзіі з падобнымі “пераконваючымі” канферэнцыямі.

Асноўны націск у сваёй прамове Вінчэнца Палья зрабіў на тое, каб адвесці ўвагу ад найбольш дыскусійных пытанняў. Не закранаючы непасрэдна пытання доступу да сакрамэнтаў, ён пачаў абараняць права асобаў у паўторных сужэнствах быць прынятымі да поўнага ўдзелу ў парафіяльным жыцці.

“Як старшыня Пантыфікальнай рады па справах жыцця, я размаўляў са многімі, многімі разведзенымі і нежанатымі асобамі, а таксама многімі разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі, — сказаў Палья, — і ўсе яны казалі мне пра адсутнасць ветлівасці, пра тое, што іх не прымаюць добра ні ў воднай парафіі, што іх ніхто не суправаджае. І яны не просяць аб прыняцці Камуніі. Яны кажуць пра тое, каб іх паслухалі, каб іх прынялі”.

У сваіх разважаннях арцыбіскуп Палья спасылаецца на параграф 84 апостальскай адгартацыі Familiaris consortio, дзе, па яго словах, мова ідзе пра тое, што разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі не “адлучаны” ад Касцёла і што іх трэба заахвочваць да ўдзелу ў касцёльным жыцці. На думку Пальі, тут маецца на ўвазе, што іх трэба дапусціць да ўдзелу ў літургічных, адукацыйных функцыях, а таксама даць ім права быць хроснымі бацькамі.

Палья сцвярджае, што такая інтэпрэтацыя закладалася ў Familiaris consortio, але яе ніхто не паслухаў, і таму яна аказалася “зарытым талентам”, які Папа Францішак адкапаў і зрабіў, каб ён “прынёс плён” у Amoris laetitia.

“Я ўпэўнены, што Ян Павел ІІ апладзіруе Папу Францішку”, — заявіў Палья. Таксама ён дадаў, што “калі б святары… паслухаліся параграфа 84 Familiaris consortio трыццаць гадоў таму, сёння ў нас быў бы цалкам зменены Касцёл”.

Каментарыі Вінчэнца Пальі наконт поўнай інтэграцыі разведзеных і паўторна жанатых асобаў у парафіяльнае жыццё прагучалі на фоне таго, што італьянскі біскуп Марчэла Семерара, адзін з найбліжэйшых дарадчыкаў Папы Францішка, нядаўна ўвёў у сваёй дыяцэзіі палітыку, згодна з якой асобы ў паўторных несакрамэнтальных саюзах могуць выконваць служэнне лектараў падчас святой Імшы, а таксама удзельнічаць у жыцці Касцёла ў якасці катэхетаў і хросных бацькоў.

Гэты план публічна асудзіў знакаміты юрыст Эдвард Пітэрс, растлумачыўшы ў сваім блогу, што такая палітыка з’яўляецца “гвалтам” над канонам 804, які патрабуе, каб настаўнікі хрысціянскай веры “вылучаліся сведчаннем хрысціянскага жыцця”.

Выглядае таксама на тое, што каментарыі арцыбіскупа Пальі і яго апеляцыі да асобы Яна Паўла ІІ супярэчаць паводзінам самога святога Папы. Падчас яго пантыфікату італьянская біскупская канферэнцыя, якой кіравалі прызначаныя ім іерархі, двойчы асудзіла ідэю таго, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы могуць выконваць згаданыя функцыі.

У 1979 годзе быў выдадзены дакумент “La pastorale dei divorziati risposati e di quanti vivono in situazioni matrimoniali irregolari o difficili” (“Пастырская апека над тымі, хто развёўся і паўторна ажаніўся і хто жыве ў неўрэгуляваных ці цяжкіх сужэнскіх сітуацыях”). У ім аспрэчваецца тое, што асобы ў паўторных сужэнствах знаходзяцца ў поўнай еднасці з Касцёлам. Тэкст заўважае, што “ўдзел тых, хто развёўся і паўторна ажаніўся, у жыцці Касцёла застаецца абумоўленым тым, што яны не з’яўляюцца да канца яго членамі”.

У 1990 годзе італьянская біскупская канферэнцыя выдала “Дырэкторыю пастырскай апекі над сем’ямі“, дзе яўным чынам заўважыла, што асобы ў паўторных саюзах не могуць быць лектарамі, катэхетамі і хроснымі бацькамі.

Сам арцыбіскуп Палья на пытанні LifeSiteNews, зададзеныя яму пасля прамовы, адказваць адмовіўся.

Ілюстрацыйнае фота: Fotos Presidencia El Salvador (CC0).

Пакінуць каментар