На вялікія ўрачыстасці, паводле агульнага правіла, прадпісваецца толькі адна калекта, але пры звычайных нагодах іх можа быць тры. За адзін раз забаронена прамаўляць больш за сем калектаў, але гэтай лічбы рэдка ўдаецца дасягнуць, калі толькі не робіцца нейкіх адмысловых успамінаў. Літургічныя каментатары кажуць, што містычнае значэнне адной калекты заключаецца ў тым, што яна сімвалізуе адзінства веры; тры калекты прамаўляюцца ў гонар Найсвяцейшай Тройцы і на ўспамін патройнай малітвы нашага Пана ў Аліўным садзе; пяццю калектамі мы згадваем пяць Ягоных ранаў, а сем нагадваюць нам пра сем дароў Духа Святога (Bouvry, ІІ, 128; Durandus, Rationale Divin., с. 181). Колькі б калектаў ні прыпадала на Імшу, прамаўляць можна толькі тыя, што знаходзяцца ў Імшале. Яшчэ ў 416 годзе на Мілевітанскім саборы ў Афрыцы былі прыняты законы, якія сурова каралі ўвядзенне ў Імшу нейкіх малітваў, не зацверджаных законнай уладай. Гэтая дысцыпліна захоўваецца і да сённяшняга дня.

Малітвы Усходніх Касцёлаў. — Малітвы, якія выкарыстоўваюцца на Усходзе, значна больш шматлікія за нашыя, як можна лёгка бачыць па якой-небудзь з іхніх літургій. Даўжынёю яны таксама пераўзыходзяць тыя, што выкарыстоўваюцца ў нас, і з гэтай адзінай прычыны Імша на Усходзе займае амаль у два разы болей часу, чым у нас. Копты зазвычай дадаюць малітвы аб спрыяльным цячэнні Ніла, які для іх з’яўляецца галоўнай крыніцай зямных благаслаўленняў, бо ўсё земляробства Егіпта залежыць ад паводак Ніла [1]. “Oratio fluminis”, альбо малітва ракі, гучыць наступным чынам: “Памятай, Пане, пра воды ракі, благаславі і павяліч іх паводле іхняй меры”.

Амэн. — На заканчэнне малітваў прыслугоўваючы адказвае: “Амэн”. Гэтае слова перакладаецца з габрэйскай мовы як “няхай так станецца”. Звычай адказваць на малітвы гэтым словам, відавочна, паходзіць са старога закону, бо мы знаходзім яго амаль у кожнай кнізе Старога Запавету, а таксама яно распаўсюджана і ў Новым. Па словах кардынала Боны (Divina Psalmodia, с. 532), гэта адно са словаў, якое перакладчыкі Бібліі пакінулі на яго першаснай габрэйскай мове, бо праз пераклад на іншыя мовы яно магло б страціць сваю прыгажосць і моц.

[1] На востраве Рода існуе інструмент, які дазваляе вымяраць узровень Ніла і называецца ніламерам. Калі рака падымалася на дванаццаць адзнак, бываў голад. Чатырнаццаць адзнак давалі плённы год. Калі было шаснаццаць адзнак, за год можна было атрымаць падвойны ўраджай. Крайняй адзнакай было сямнаццаць. Калі рака падымалася вышэй за гэтую мяжу, пачынаўся вялікі страх, бо гэта была ўжо сур’ёзная паводка, і адсюль тая шчырасць, з якой копты маліліся аб належнай меры гэтых водаў (Pococke, Travels in Egypt).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар