22.03.2018 / Edward Pentin

Удзельнік перадсінадальнай сустрэчы моладзі: “Традыцыйная лацінская Імша — гэта прагрэсіўна”🕑 8 хвілін

Берталан Кіс сцвярджае, што надзвычайная форма рымскага абраду — гэта не позірк у мінуўшчыну, а спосаб выкарыстаць скарбы касцёльнай спадчыны і прыцягнуць моладзь, бо яна “ставіць іх перад выклікам”.

Для Берталана Кіса, старшыні моладзевага руху Foederatio Internationalis Juventutem, прыхільнасць надзвычайнай форме рымскага абраду (Імшы, якая знаходзілася ва ўжытку перад Другім Ватыканскім саборам) — гэта рух не назад, а наперад.

Размаўляючы з Register 19 сакавіка, падчас удзелу ў перадсінадальнай сустрэчы моладзі ў Рыме, якая папярэджвае кастрычніцкі сінод біскупаў, Кіс распавёў, што тыя, хто аддае перавагу традыцыйнай лацінскай Імшы, выбіраюць яе, таму што яна выкарыстоўвае ўсе скарбы і спадчыну Касцёла і дапамагае збаўляць душы. Таму ён лічыць, што насамрэч гэта “прагрэсіўны” рух, а не “кансерватыўнае” захрасанне ў нейкай канкрэтнай эпосе.

Венгр па нараджэнні, Кіс таксама кажа, што надзвычайная форма рымскага абраду спрыяе ўзнікненню шматлікіх пакліканняў і асабліва прыцягвае моладзь, пераважна таму, што яна “ўздымае планку” і ставіць іх перад выклікам.

Напрыканцы гэтага тыдня плён дыскусіі 300 маладых людзей, якія ўдзельнічаюць у перадсінадальнай сустрэчы, будзе прадстаўлены Папу Францішку і ўключаны ў instrumentum laboris (працоўны дакумент) кастрычніцкага сінода на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

— Як вам спадабалася сённяшняя прамова Папы?

— Было цікава пачуць, што Папа Францішак зрабіў акцэнт на “каранях” і на тым, як культура без каранёў, без хрысціянскіх каранёў, не можа расці і рухацца наперад. Добра было пачуць гэта, пачуць, што ён робіць такі націск на Традыцыю ўвогуле.

— Рух Juventutem займаецца падтрымкай Традыцыі Касцёла. Ці не маглі б вы распавесці нам больш падрабязна пра гэты рух і пра тое, якія мэты вы ставіце?

— Міжнародная федэрацыя Juventutem па сутнасці з’яўляецца свабодным аб’яднаннем невялікіх супольнасцяў моладзі, прывязанай да надзвычайнай формы рымскага абраду, вядомай таксама як традыцыйная лацінская Імша або Трыдэнцкая Імша — але я аддаю перавагу назве, якую Папа Бенедыкт XVI выкарыстаў у Summorum Pontificum [апостальскім лісце 2007 года, дзе ён даў свабоду Імшы, якая служыцца па Рымскім Імшале 1962 года]: надзвычайная форма. Мы прысутнічаем на ўсіх кантынентах, і фактычна мы не выступаем за шырэйшае выкарыстанне надзвычайнай формы, мы проста робім гэта. Адпаведна, калі існуе стабільная група маладых людзей, якія хацелі б мець Імшу ў надзвычайнай форме, мы дапамагаем ім развіваць яе. Галоўны ж акцэнт мы робім на моладзь.

— Чаму так?

— Цікава, што традыцыйная форма Імшы прыцягвае шмат моладзі і прыводзіць да шматлікіх пакліканняў.

— Як вы думаеце чаму?

— Яна ўздымае планку. Я задаваў сабе пытанне: у чым справа, што я чую, як надзвычайная форма прыцягвае шмат моладзі? Часта мне кажуць: “Так, але моладзь прыцягваюць таксама і харызматыкі”. Я кажу: цудоўна, дзякуй Богу, у нас ёсць штосьці, што прыцягвае моладзь. З майго досведу, справа не толькі ў форме, хоць яна і важная, але таксама і ў тым, што ўздымаецца планка, бо калі ты не з’яўляешся часткай мэйнстрыму, то ў цябе няма патрэбнай інфраструктуры і табе трэба працаваць, каб мець тое, што ты хочаш. Калі ты сапраўды хочаш, каб супольнасць працавала і жыла, над гэтым трэба працаваць кожны дзень, таму гэта ўздымае планку і так прыцягвае маладых людзей.

— Яны становяцца перад выклікам.

— Так, гэта выклік, а моладзі патрэбны выклікі. Гэтая канцэпцыя спрашчэння і абмазвання ўсяго цукрам у надзеі, што нешта зробіцца больш даступным для моладзі — я не бачу, каб яна давала плён. Калі вы падымаеце планку, то выклік прымуць толькі двое з дзесяці, але яны сапраўды прымуць яго і возьмуцца за працу. Незалежна ад таго, якой супольнасці альбо літургіі яны аддаюць перавагу, яны прымуць гэты выклік, а затым падцягнуцца іншыя. Трэба мець цярплівасць. Мы толькі сеем зерне, а рост паходзіць ад Бога, таму нам след быць цярплівымі. Не трэба ні за што біцца. Калі справа зробіцца эгаістычнай, у ёй не застанецца месца для працы Святога Духа.

— Як чалавек, які аддае перавагу Традыцыі, ці адчуваеце вы сябе ў нейкім сэнсе за бортам, таксама і тут, з-за былых антыпатый некаторых прадстаўнікоў Касцёла да “старой Імшы”?

— Не, я ўвогуле гэтага не адчуваю. У мінулым годзе я меў некалькі добрых размоваў з кардыналам Фарэлам [сённяшнім прэфектам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця], а таксама з дырэктарам па справах моладзі ў [тагачаснай] Пантыфікальнай радзе па справах свецкіх. Калі казаць шчыра, то я лічу, што большасць цяжкасцяў для тых, хто аддае перавагу надзвычайнай форме, узнікае з-за таго, што біскупы ці святары мелі асабістыя непрыемныя ўражанні ад гэтага руху. Але калі мы будзем імкнуцца стаць бліжэй і не звяртацца да іх толькі з праблемай літургіі, а кантактаваць на асабістым узроўні, каб яны пазнаёміліся з намі, каб убачылі, што мы тут, што мы бярэм удзел і дапамагаем, і спадзяемся разабрацца з праблемамі, з якімі сутыкаецца Касцёл — калі яны ўбачаць гэта, яны сапраўды будуць па-іншаму ўспрымаць усю справу. Таму адной з задач з’яўляецца “дэпалітызацыя” праблемы літургіі. Дзякуючы Summorum Pontificum людзі пры жаданні могуць мець Імшу ў надзвычайнай форме, святары могуць яе служыць. Прайшлі часы, калі гэтыя супольнасці мусілі змагацца альбо абараняць гэтую літургію, таму што цяпер ёсць закон, які робіць яе даступнай. Таму цяпер, як мне здаецца, мы павінны зрабіць большы націск на тое, як задзейнічаць нашу парафію, нашу дыяцэзію і спытацца ў нашых біскупаў і святароў, як мы можам дапамагчы, зрабіць свой унёсак, стаць часткай усёй гэтай справы. Мне здаецца, акцэнт павінен быць такі.

— Раней вы сказалі, што знаходзіцеся на “прагрэсіўным баку”. Што вы маеце на ўвазе?

— Так, у гэтым заключаецца мая пазіцыя. Існуе такая канцэпцыя, такі светапогляд, што тыя людзі, якія аддаюць перавагу надзвычайнай форме, традыцыйным літургічным практыкам і ўсяму тэалагічнаму і маральнаму вучэнню, якое ідзе за гэтым, у нейкім сэнсе адсталыя. Яны жадаюць пайсці назад і гэтак далей. Але я заўсёды кажу, што гэта абсалютна не так, таму што, калі вы паглядзіце на літургічную рэформу і на тое, як Папа Бенедыкт інтэрпрэтаваў яе ў святле неразрыўнасці, то такі рух з’яўляецца лагічным наступным крокам, які трэба зрабіць.

Літургічная рэформа была праведзена каля 50 гадоў таму. Тады былі вялікія надзеі, што гэта прывабіць новыя пакаленні, што Імша будзе больш даступнай і гэтак далей, але рэалізацыя і плёны рэформы дагэтуль неадназначныя. Тое ж, якім чынам Summorum Pontificum бачыць выкарыстанне надзвычайнай формы ў жыцці парафіі і Касцёла, з’яўляецца наступным лагічным крокам. Таму я зазвычай кажу, што мы не тыя, хто хоча ісці назад, а сапраўдныя прыхільнікі прагрэсу, таму што мы не баімся выкарыстоўваць розныя элементы скарбаў і спадчыны Касцёла. А таксама таму, што мы не жылі ў часы, калі адбываліся літургічныя рэформы, таму ў нас няма нейкага асабістага кантакту з дыскусіямі, што адбываліся ў той час. Таму для нас гэта лагічны наступны крок.

— Ці назвалі б вы гэта спробай вярнуць тое, што было страчана?

— Я б не ставіў праблему такім чынам, бо гэта хутчэй магчымасць, якая залежыць ад нас, асабліва ад моладзі, якая аддае перавагу традыцыйнай літургіі. Наша задача — прадставіць усе багацці і ўсе плёны, якія паходзяць з духоўнага жыцця, такім чынам, каб яны былі прывабнымі і дэманстравалі, што не трэба баяцца вярнуцца да лацінскай мовы, таму што 50 ці 60 гадоў таму свет быў цалкам іншы. Цяпер усё даступна ў Інтэрнэце, і ўсе лацінскія тэксты можна паглядзець за адзін клік. Гэта больш не перашкода. Таму гэта не столькі вяртанне, колькі рух наперад і прапанова чагосьці новага іншым пакаленням, бо яны ніколі не сустракаліся з тым, што адбывалася ў 1950-я. Таму, хоць гэтая літургія лічыцца старой, для маладых пакаленняў гэта новы досвед. І, як кажа Summorum Pontificum, калі група вернікаў хоча мець яе, іхняе жаданне трэба ўсяляк падтрымліваць.

— Не чынячы перашкодаў.

— Так, і калі яны сутыкнуцца з нейкімі цяжкасцямі альбо ў сваёй парафіяльнай супольнасці, альбо са сваімі біскупамі, трэба проста пайсці туды і паразмаўляць з імі, пастараўшыся растлумачыць, чаму гэта важна для вас асабіста. Не трэба зноў распальваць тыя дыскусіі з 1970-х. Не, проста скажыце ім, чаму гэта важна асабіста для вас, і яны ўбачаць карціну таго, што за людзі аддаюць гэтаму перавагу. Менавіта так трэба падыходзіць да гэтай справы, таму што, калі пра гэта падумаць, то ўсё, што адбывалася ў 1970-я і што адбываецца цяпер, гэта толькі сімптомы. Прычыны ляжаць глыбей. І пакуль мы займаемся сімптомамі і дыскутуем пра сімптомы, мы не можам пайсці і абмеркаваць з біскупамі глыбейшыя праблемы і справы. Таму нам трэба растапіць лёд і прадставіцца такімі, якія мы ёсць: вернікамі, каталікамі без усялякіх прыметнікаў. Не “традыцыйнымі каталікамі” і гэтак далей, а проста каталікамі.

— І вы не аспрэчваеце Другі Ватыканскі сабор?

— Зразумела, не.

— Калі вы староннікі прагрэсу, то хто тады кансерватар?

— Зазвычай тыя рухі, якія аддаюць перавагу надзвычайнай форме, чуюць заявы, што мы проста выбралі пэўны час у жыцці Касцёла на свой густ, што мы хочам вярнуцца туды, што мы думаем, быццам тады было ўсё добра і што трэба сёння ўвесці тыя рэчы і гэтак далей. Таму найчасцей нам кажуць, што мы захраслі у нейкім адным гістарычным перыядзе жыцця Касцёла. Але я так не думаю. Я лічу, што мы проста адкрытыя на сваю спадчыну і на скарбы Касцёла. Таму кансерватызм, калі пад ім мы маем на ўвазе проста засяроджанасць на канкрэтным перыядзе часу ў жыцці Касцёла, на 1970-х ці на Трыдэнцкім саборы, гэта не зусім добры падыход. Мы павінны быць прагрэсіўнымі ў тым сэнсе, каб не баяцца выкарыстоўваць тое, што мае каштоўнасць, і рэалізаваць яго так, каб яно дасягнула як мага большай колькасці людзей, таму што наша асноўная місія — гэта ратаваць душы.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Фота: National Catholic Register

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up