Святар прамаўляе ўсе малітвы з разведзенымі і ўзнятымі рукамі. Такая практыка не новая, бо яе мы можам бачыць ужо ў старым законе. У такой паставе маліўся Майсей, і Святое Пісанне кажа, што, пакуль ён трымаў рукі высока ўзнятымі, ізраільцяне перамагалі амалекіцянаў у пустыні Рэфідым, але калі ён апускаў іх, перамога пераходзіла да апошніх (Зых 17). Стары Запавет потым часта згадвае гэтае ўзняцце рук; вельмі рэкамендуе яго і Новы Запавет, бо св. Павел кажа: “Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі” (1 Цім 2:8). Існуюць шматлікія сведчанні таго, што гэтую святую і шанаваную паставу ў сваіх малітвах захоўвалі і першыя хрысціяне. Пра гэта сведчаць катакомбы, дзе ў такой паставе прадстаўлены мужчыны і жанчыны, якія моляцца. Але сёння на Імшы толькі святар трымае рукі такім чынам. Людзі ж моляцца хутчэй не з разведзенымі рукамі, а са зведзенымі. Д-р Рок у сваёй “Hierurgia” (с. 61) кажа, што падчас сваіх падарожжаў па Еўропе ён заўважыў, што ў многіх касцёлах Мюнхена людзі моляцца такім старажытным чынам. Сярод містычных інтэрпрэтацый гэтай паставы цела ёсць спасылкі, па-першае, на Адама, які ўздымае рукі, спрабуючы ўзяць забаронены плод, а па-другое, на нашага Пана, які ўзняў свае рукі на крыжы, каб адкупіць грэх Адама (Bona, с. 322). Малітва з рукамі, разведзенымі ў форме крыжа, дагэтуль захоўваецца ў некаторых частках Імшы картузіянцамі, кармелітамі і дамініканцамі, як гэта можна бачыць з іх цырыманіялаў.

Несумненна, чытач будзе зацікаўлены даведацца яшчэ штосьці пра тое, якім чынам старажытныя хрысціяне ўдзельнічалі ў Імшы. Зазвычай старажытныя касцёлы не мелі месцаў для сядзення, бо лічылася няправільным сядзець, прабываючы ў Божым доме. На набажэнствах, якія ў раннія часы былі значна даўжэйшымі за цяперашнія, тым, хто не мог стаяць з-за слабасці здароўя альбо па іншых прычынах, дазвалялася абапірацца на кійкі, а ў рэдкіх выпадках нават сядзець на падушках, што і цяпер вельмі часта сустракаецца ў Іспаніі, а таксама ў іншых месцах Еўропы. Існавала таксама традыцыя заўсёды стаяць у нядзелі (на ўспамін слаўнага ўваскрасення нашага Пана) і кленчыць на працягу астатняй часткі тыдня (Selvaggio, с. 10). Паколькі кленчанне з’яўляецца сімвалам пакоры, гэтую паставу прымалі ў пакаянныя перыяды, а таксама падчас усіх жалобных нагодаў. Як кажуць св. Геранім, св. Базыль Вялікі, Тэртуліян і іншыя, гэтыя правілы паходзяць ад саміх апосталаў. Але паколькі некаторыя сядзяць, калі трэба стаяць, а іншыя стаяць, калі трэба кленчыць, Нікейскі сабор, каб навесці парадак, у сваім 20 каноне пастанавіў наступнае: “Каб ва ўсіх парафіях усё адбывалася аднастайна, Святы Сінод палічыў правільным пастанавіць, каб людзі ўзносілі свае малітвы стоячы” (Summa Conciliorum, с. 35; Selvaggio, 8). Вядома, гэтае правіла не датычылася тых, хто публічна каяўся, бо яны былі абавязаны стаяць на каленях на працягу ўсяго часу, калі ім дазвалялася прысутнічаць у Божым доме. Чацвёрты Карфагенскі сабор нават сурова забараніў ім змяняць паставу цела.

Кожны раз, калі павінна была чытацца важная малітва або важнае чытанне, а людзі стаялі на каленях, дыякан запрашаў іх падняцца словамі “Erecte stemus honeste” — “Выпрастаемся і станем годна”. Падчас пакаянных перыядаў сабраных запрашалі ўкленчыць словамі “Flectamus genua”, а падняцца — словам “Levate”. Такі звычай захаваўся ў Вялікім посце і ў некаторых іншых выпадках. Каталіцкаму чытачу, вядома, не трэба казаць, што падчас цэлебрацыі Імшы святар заўсёды стаіць. На ўрачыстай спяванай Імшы яму і ягоным прыслугоўваючым дазволена прысесці, пакуль хор спявае “Kyrie eleison”, “Gloria in excelsis” і “Credo”, але не падчас іншых частак набажэнства. Вядома пра два выключныя выпадкі цэлебрацыі Імшы седзячы. Так рабіў у свае апошнія гады Папа Бенедыкт XIV, бо ён меў слабое здароўе і не мог ані стаяць, ані кленчыць. Тое ж вядома пра праведнага і векапомнага пантыфіка Папу Пія VII.

Малітва ў накірунку ўсходу. — Сярод першых хрысціянаў быў распаўсюджаны звычай маліцца, павярнуўшыся тварам на ўсход, прычым ён захоўваўся як на Імшы, так і па-за Імшою, а большасць старажытных касцёлаў будавалася так, каб можна было захоўваць гэты звычай. Такая практыка тлумачыцца наступнымі прычынамі. Па-першае, таму што Усход сімвалізуе нашага Пана, якога Пісанне называе “Усходам з вышыні”, “Святлом” і “Сонцам справядлівасці”. Па-другое, Эдэнскі сад знаходзіўся ва ўсходнім рэгіёне, і адтуль жа прыйшлі мудрацы, каб скласці свае падарункі пры яслях нашага Пана ў раніцу Яго нараджэння. Па-трэцяе, як кажа св. Ян Дамаскін, калі нашага Пана ўкрыжавалі, Ён вісеў плячыма на ўсход, а тварам на захад; таму мы молімся тварам на ўсход, каб глядзець Яму ў твар. Па-чацвёртае, у старажытнасці маліліся такім чынам, каб не нагадваць язычнікаў, якія круціліся ва ўсіх накірунках: сёння ў бок Сонца апоўдні, заўтра ў накірунку месяца, а потым у накірунку зорак; сарацыны маліліся на поўдзень, габрэі — у накірунку Ерузалема, а магаметане — у бок Меккі. Пятая прычына заключаецца ў тым, што заўсёды існавала ўпэўненасць, што ў апошні дзень наш Пан са сваім бліскучым крыжам, ззяючым у нябёсах, прыйдзе судзіць чалавецтва, прычым прыйдзе з усходу (гл. Bona, Divina Psalmodia, с. 441; Kiddle, Christian Antiquities, с. 795).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар