У 1980-я гады, правёўшы пяць гадоў у якасці каталіцкага актывіста ва ўніверсітэце, я вырашыў распачаць аспірантуру па маральнай тэалогіі. Гэта быў час росквіту прапарцыяналізму, калі яго айцы-заснавальнікі ўсё яшчэ трымалі найбольш уплывовыя кафедры каталіцкай маральнай тэалогіі ў свеце: Рычард Маккормік ва Універсітэце Нотр-Дам, Ёзаф Фукс у Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, Луі Янсэнс у Лёвэнскім універсітэце і Бернхард Герынг (на пенсіі) у Альфансіянскай акадэміі ў Рыме.

У энцыкліцы Veritatis splendor Ян Павел ІІ сурова перасцерагаў Каталіцкі Касцёл перад іхнімі маральнымі тэорыямі. Галоўнай перасцярогай гэтага святога Папы было тое, што, апелюючы да складаных абставінаў, да дзейнасці сумлення і да аргумента, нібы маральны закон з’яўляецца ўсяго толькі ідэалам, яны даходзілі да апраўдання такіх формаў паводзінаў, якія здаўна лічыліся супярэчнымі Божаму і натуральнаму праву (Veritatis splendor, 56, 76, 103).

І вось, праз 25 гадоў прыходзіць тое, што сёння называецца “новай парадыгмай”, выплываючай з Amoris laetitia. Гэтая парадыгма, грунтуючыся на складаных абставінах, на дзейнасці сумлення і на аргуменце, нібы маральны закон з’яўляецца ўсяго толькі ідэалам, сцвярджае, што ад некаторых каталікоў не патрабуецца паслухмяна падпарадкоўвацца аб’ектыўным і канкрэтным патрабаванням Божага і натуральнага права.

Пасля падрабязнага вывучэння гэтай новай формы маральнай аргументацыі і яе абмеркавання з філосафамі, тэолагамі, юрыстамі ў кананічным праве, біскупамі і кардыналамі, я выказваю занепакоенасць, што гэтая “новая парадыгма” супярэчыць каталіцкай fides et moralibus, што яе вучэнне шкоднае для душаў і што яе далейшае распаўсюджванне моцна падарве каталіцкую маральнасць.

Таму, ведаючы, што кожны вернік павінен рабіць усё магчымае, каб захаваць і падтрымаць хрысціянскі дэпазіт веры (канон 212), і верачы ў сумленні, што Езус жадае, каб я прадпрыняў гэты крок, я скіроўваю гэты заклік да каталіцкіх біскупаў свету — пакорна, наўпрост, шчыра і адважна — бо лічу, што цяпер толькі біскупы могуць захаваць Цела Хрыста і яго апостальскую місію ад яшчэ большай шкоды, якую “новая парадыгма” з усёй пэўнасцю выкліча, калі мы будзем працягваць ісці тым жа шляхам.

Я давяраю гэты заклік і адказ біскупаў свету заступніцтву нашага пакорнага бацькі св. Юзафа, апекуна паўсюднага Касцёла.

* * *

Паважаныя Арцыбіскупы, Біскупы і Браты ў Хрысце,

Некаторыя ўплывовыя галасы ў Касцёле выкарыстоўваюць “новую парадыгму”, каб апраўдаць тыя формы паводзінаў, якія здаўна лічыліся супярэчнымі загадам Божага і натуральнага права. Нядаўна я пісаў:

“Гэтая “новая парадыгма” — хоць яна ніколі не кажа гэтага адкрыта — дазваляе святарам і біскупам адначасова сцвярджаць, што яны прымаюць маральнае вучэнне Касцёла, і ў той жа час даваць свабоду “індывідуальнаму сумленню”, якое не жыве па гэтым вучэнні і працягвае не жыць па ім, у той самы час прыступаючы да Стала Пана”.

Мы бачым гэта ў тых месцах, дзе каталікам, якія жывуць у аб’ектыўна грэшных саюзах, дазваляюць вярнуцца да святой Камуніі без шчырай пастановы выправіць свае паводзіны. Гэтая “новая парадыгма” фактычна робіць дазволенымі ўчынкі, якія ў Новым Запавеце асуджалі Хрыстус і св. Павел, а таксама Касцёл на працягу дваццаці стагоддзяў. У Германіі, Аргентыне, на Мальце і ў іншых месцах цяпер існуюць “каталіцкі развод і паўторны шлюб” і “каталіцкае чужалоства”.

Калі вы не ўмяшаецеся і дазволіце “новай парадыгме” пашырыцца на іншыя часткі каталіцкага маральнага вучэння, яе логіка напэўна будзе прыменена да кантрацэптыўных актаў (нягледзячы на даўняе вучэнне, пацверджанае ў канстытуцыі Gaudium et spes і энцыкліцы Humanae vitae), да гомасэксуальных паводзінаў (нягледзячы на вучэнне, пацверджанае ў дэкларацыі Persona humana і Катэхізісе Каталіцкага Касцёла), а таксама да іншых формаў паводзінаў, якія традыцыйна траплялі пад асуджэнне.

Абаронцы “новай парадыгмы” скажуць: “Мы ўсяго толькі прымяняем вучэнне Касцёла з большай пастырскай чуласцю, надаючы павышаную ўвагу складанасці канкрэтных “абставінаў” і надзяляючы большай пашанай годнасць “сумлення”; само нязменнае маральнае вучэнне мы пад пытанне не ставім”.

Умяшанне свецкіх асобаў і верных святароў вельмі важнае, аднак яно наўрад ці паўплывае на рашэнні Папы. Цяпер толькі братэрскае ўмяшанне біскупаў можа паспрабаваць адвесці тое, што ў іншым выпадку стане духоўнай катастрофай Каталіцкага Касцёла. Бо калі “новую парадыгму” афіцыйна прыменяць да кантрацэптыўных актаў, усе нормы каталіцкай сэксуальнай маральнасці пачнуць падаць, як касцяшкі даміно. Зробіцца вялікае зло. Шмат душаў будзе страчана. Вядома, Бог аберне гэта на добрае, але не без нязмерных стратаў.

Таму ўсіх каталіцкіх біскупаў — усходніх і заходніх — якія лічаць, што “новая парадыгма” выкарыстоўваецца і будзе выкарыстоўвацца для апраўдання тых формаў паводзінаў, якія традыцыйна лічыліся супярэчнымі Божаму і натуральнаму праву, я з павагай прашу паразважаць над ажыццяўленнем наступных чатырох практычных крокаў:

  1. Напісаць прыватны ліст да апостальскага нунцыя сваёй краіны і з павагай папрасіць яго данесці да Святога Айца вашыя перасцярогі наконт “новай парадыгмы” і асаблівым чынам заклікаць яго ўстрымацца ад прымянення “новай парадыгмы” да вучэння энцыклікі Humanae vitae.
  2. Напісаць прыватны ліст да самога Папы Францішка, выказаўшы ў ім тыя самыя перасцярогі і з павагай папрасіўшы яго недвухсэнсоўна навучаць маральным праўдам каталіцкай веры, асабліва ў справах, якія датычацца пятага і шостага прыказання дэкалогу, а таксама выправіць пастырскія памылкі, да якіх прывялі некаторыя моманты ў яго навучанні.
  3. Афіцыйна прыняць у сваёй дыяцэзіі набор пастырскіх інструкцый, звязаных з далікатнымі праблемамі, узнятымі ў апостальскай адгартацыі Amoris laetitia (асабліва, у восьмым раздзеле) — інструкцый, якія адпавядаюць вучэнню Яна Паўла ІІ, Бенедыкта XVI, а таксама каталіцкай маральнай і пастырскай Традыцыі.
  4. Прыватна падтрымліваць сувязь з біскупамі-аднадумцамі і разважаць над тым, як канструктыўна выкарыстоўваць сваё настаўніцкае служэнне для выканання сваіх біскупскіх абавязкаў, выкладзеных у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла:

“Настаўніцтва павінна ахоўваць Божы люд ад адхіленняў і слабасцяў і забяспечваць яму аб’ектыўную магчымасць вызнаваць сапраўдную веру без памылак. Таму пастырскае заданне настаўніцтва мае на мэце дбанне аб тым, каб Божы народ прабываў у праўдзе, якая робіць свабодным” (890).

Закранаючы ў сваіх лістах “новую парадыгму”, вы можаце выкарыстаць форму, падобную да той, што выкарыстаў Ян Павел ІІ, кажучы пра прапарцыяналізм у энцыкліцы Veritatis splendor:

“Такія тэорыі [у дадзеным выпадку, “парадыгмы”] не з’яўляюцца вернымі вучэнню Касцёла, калі лічаць, што могуць апраўдаць, назваўшы маральна добрым, свабодны выбар таго тыпу паводзінаў, які супярэчыць прыказанням Божага і натуральнага права. Яны [парадыгмы] не могуць прэтэндаваць на ўкаранёнасць у каталіцкай маральнай традыцыі” (76).

Было б надта проста сказаць: “Я зрабіў усё, што мог. Усё ў Божых руках. Нам трэба задаволіцца тым, што ёсць”. Калі ласка, зразумейце, што вы з’яўляецеся рукамі Езуса для вырашэння гэтай вельмі цяжкой сітуацыі.

Я жадаю дапамагчы вам тым спосабам, якім толькі здолею: пералікам перасцярог, пытаннямі для абмеркавання, дыяцэзіяльнымі інструкцыямі і г. д. Калі ласка, звязвайцеся са мною, не раздумваючы.

З пашанай, ваш у Хрысце,

Ю. Крысціян Бругер, D. Phil,
маральны тэолаг
Джэксанвіл-біч, Флорыда
ЗША
ecb.assistance@gmail.com


Аўтар: E. Christian Brugger
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Даведка: Ю. Крысціян Бругер з’яўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам у сферы этыкі ў інстытуце Culture of Life Foundation у Вашынгтоне. У 2016 годзе ён быў тэалагічным кансультантам у камісіі дактрыны веры пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША. Працаваў дэканам Школы філасофіі і тэалогіі Універсітэта Нотр-Дам у Аўстраліі і прафесарам маральнай тэалогіі ў Тэалагічнай семінарыі св. Яна Марыі Віянэя ў Дэнверы. З’яўляецца аўтарам кнігі The Indissolubility of Marriage and the Council of Trent (Catholic University of America Press, 2017). Жыве ў Джэксанвіл-біч, Флорыда, з жонкай і пяццю дзецьмі.

Пакінуць каментар