16.03.2018 / John O'Brien

№60. Цэлебрацыя Імшы: прывітанні святара🕑 3 хвілін

Dominus vobiscum. — Скончыўшы “Gloria in excelsis”, святар схіляецца і цалуе алтар. Затым, павярнуўшыся да людзей, ён вітае іх словамі “Dominus vobiscum” — “Пан з вамі”. Відавочна, гэтыя словы ўзяты са Старога Запавету, дзе яны выкарыстоўваюцца пры розных нагодах (гл. Рут 2:4; 2 Пар 16 і інш). Габрэі дбалі пра тое, каб ва ўсіх іх прывітаннях згадваўся Бог альбо каб там была прынамсі алюзія да нейкіх Божых дароў. Яны карысталіся і іншымі вітаннямі: 1) благаслаўленне Яхвэ на табе; 2) Бог з табою; 3) няхай Яхвэ благаславіць цябе; 4) супакой табе. Менавіта апошнюю форму выкарыстаў анёл Габрыэль, калі абвясціў Найсвяцейшай Дзеве, што яна павінна стаць Маці доўгачаканага Збаўцы і Адкупіцеля. Тое, што на нашай мове мы перадаем словам “Вітай”, на сірыйскай мове, на штодзённай мове Найсвяцейшай Дзевы ў тыя часы і на мове, на якой да яе звярнуўся анёл, гучала як “slom lek” — “Супакой табе”.

Pax vobis. — Як мы казалі, калі гімн “Gloria in excelsis” толькі быў уведзены ў Імшу, прамаўляць яго было прадпісана выключна біскупам, прычым такая сітуацыя захоўвалася і цягам наступных стагоддзяў. Вось жа, паколькі супакой — г. зн. супакой Божы, які, па словах апостала, “пераўзыходзіць усялякае разуменне” — з’яўляецца найбольш характэрнай рысай, пра якую ідзе мова ў гэтым гімне, а таксама паколькі наш Боскі Пан пасля свайго ўваскрасення заўсёды карыстаўся гэтым словам у сваіх прывітаннях, скіраваных да вучняў, падалося разумным пасля рэцытацыі гэтага гімна адступіць ад звычайнага закліку “Dominus vobiscum” і выкарыстаць замест яго словы “Pax vobis” — “Супакой вам”. Каб захаваць стары звычай і ўстанавіць невялікую розніцу ў тым, як Імшу служыць святар і як біскуп, апошняму было дазволена захаваць выкарыстанне словаў “Pax vobis”, калі прывілей прамаўлення гімна “Gloria” быў пашыраны і на святароў (Bona, с. 318; Le Brun, І, 205). Аднак біскуп выкарыстоўвае заклік “Pax vobis” толькі пасля гэтага гімна; ва ўсіх іншых выпадках ён кажа “Dominus vobiscum”, як і звычайны святар. Што праўда, некаторыя іспанскія біскупы прысвоілі сабе права казаць “Pax vobis” пры любой нагодзе, аднак іх сурова асудзіў за гэта Першы Брагскі сабор у 561 годзе (Bona, ibid.)

Усходнія звычаі. — Грэкі ніколі не выкарыстоўваюць прывітанне “Dominus vobiscum”, кажучы замест гэтага “Είρήνη πάσιν” (eirene pasin) — “Мір усім”, на што ідзе адказ “Και τω πνεύματί σου” — “І твайму духу”. Тая ж форма з невялікімі адрозненнямі захоўваецца ва ўсіх Усходніх Касцёлах. Нестарыянскія святары падчас некаторых частак Імшы пры такім прывітанні, якое ў іх гучыць як “Мір вам усім”, робяць на сабе знак крыжа. Іхнія дыяканы з большага кажуць “Мір нам” (Badger, Nestorians and their Rituals, ІІ, 237 et passim).

Сказаўшы “Dominus vobiscum”, святар вяртаецца да вугла Паслання і там, развёўшы рукі, як той, хто просіць, чытае малітвы, прадпісаныя на дадзеную нагоду. Перад тым, як прачытаць першую з іх, ён заклікае ўсіх з’яднацца з ім у гэтай святой справе, кажучы голасна “Oremus” — “Памолімся”. У мінулыя часы існаваў звычай пасля прамаўлення гэтага закліку паварочвацца да сабранага народу і тлумачыць людзям дакладнае значэнне наступнай малітвы. След гэтага звычаю застаецца ў Імшы Вялікай пятніцы, дзе ў доўгай серыі малітваў перад кожнай з іх гучыць невялікі дадатак. Іншым старажытным звычаем было таксама тое, што, пачуўшы заклік “Oremus”, людзі засяроджваліся ў ціхай малітве, пакуль святар не пачынаў чытаць агульную малітву. Гэтая агульная малітва ў грэкаў называлася “ἐπίκλησις” (epiclesis) — закліканне, а на лацінскай мове яна атрымала назву “collecta”, калекта, ад дзеяслова “colligere”, збіраць разам. Апошняя назва бярэцца ад таго, што ў гэтай малітве просьбы ўсяго народу збіраюцца і ўзносяцца да Усемагутнага Бога. Калектамі гэтыя малітвы называюцца і сёння (Bona, с. 319; Selvaggio, Inst. Christian Antiq., І. с. 1).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up