14.03.2018 / John O'Brien

№59. Цэлебрацыя Імшы: “Gloria in excelsis”🕑 5 хвілін

Пасля “Kyrie” прамаўляецца “Gloria in excelsis Deo”, альбо вялікая даксалогія, падчас якой святар робіць некалькі жэстаў ушанавання, крыху схіляючы галаву на некаторыя словы і робячы на сабе знак крыжа напрыканцы.

Наконт аўтарства першых радкоў гэтага велічнага гімна не паўстае аніякіх пытанняў, бо евангелісты перадаюць, што іх праспяваў нябесны Хор над Бэтлеемам у раніцу Божага Нараджэння. Што ж да астатняга тэкста, то тут узнікаюць спрэчкі; некаторыя прыпісваюць яго аднаму аўтару, іншыя — іншаму. Вельмі распаўсюджанае меркаванне звязана з імем св. Гілярыя, біскупа Пуацье ў Францыі. Але, хто б ні быў аўтарам гэтага тэкста, дакладна можна сказаць адно: яшчэ перад Нікейскім саборам, які адбываўся ў 325 годзе, гэты гімн існаваў у тым жа выглядзе, слова ў слова (Kozma, c. 170; Bona). Хутчэй, чым у адсутнасць надзейных доказаў прыпісваць яго камусьці аднаму, лепш разам з айцамі Чацвёртага Таледскага сабору (Іспанія, 633 г.) сказаць, што астатняя частка была складзена дактарамі Касцёла, хто б яны ні былі (Merati, Thesaur. Sacr. Rit., c. 72).

Старажытны Касцёл настолькі дбаў пра тое, каб захаваць пашану вакол гэтага гімна, што ён абмежаваў яго выкарыстанне да вельмі вялікіх нагодаў і нават прадпісаў яго выкананне толькі біскупам. Але выкарыстоўваўся ён не толькі на Імшы, бо было таксама прадпісанне выконваць яго на Ютрані, або Ранішняй малітве Божага Афіцыя (Romsee, IV, 90). Дакладную ж дату яго ўвядзення ў літургію і таго, хто яго ўвёў, устанавіць нялёгка. Тыя, хто прыпісваюць яго ўвядзенне Папе Тэлесфору, відавочна, памыляюцца, бо сёння дакладна вядома, што ён загадаў прамаўляць толькі першыя словы, гэта значыць тыя словы, якія праспявалі анёлы, але не меў аніякага дачынення да астатняга тэкста (Bona, с. 317). Калі ўвесь гімн яшчэ не быў укладзены, у літургіі спяваліся толькі яго першыя словы, але не ў кожнай Імшы, а толькі ў Імшы Божага Нараджэння апоўначы, як і загадаў вышэйзгаданы Пантыфік (ibid.) Па словах Папы Інакенція ІІІ (De Sacr. Altaris Mysterio, раздз. ХХ, с. 113), гэты гімн у цяперашнім выглядзе быў пашыраны на ўсе нядзелі года і святы ўсіх мучанікаў Папам Сімахам (498–514). Некаторыя сцвярджаюць, што адпаведны дэкрэт трэба разглядаць як агульны і што ён, адпаведна, датычыўся як біскупаў, так і святароў; іншыя ж кажуць, што мова ў ім ідзе толькі пра біскупаў. Так гэта ці не, але вядома вось што: калі Папа Грыгорый Вялікі распачаў свой пантыфікат (590–604), ніводзін святар не меў звычаю прамаўляць яго на Імшах, калі гэта толькі не была Імша Вялікадня; біскупам жа дазвалялася ўжываць яго толькі ў нядзелі і святы. З вельмі старажытнай рымскай дырэкторыі, якая ўсё яшчэ захоўваецца ў ватыканскай бібліятэцы, мы атрымліваем наступную інфармацыю: “Dicitur “Gloria in excelsis Deo”, si episcopus fuerit, tantummodo die Dominico, sive diebus festis. A presbyteris autem minime dicitur nisi in solo Pascha” (Bona, с. 317), г. зн. “Калі служыць біскуп, “Gloria in excelsis Deo” прамаўляецца толькі ў нядзелі і святы. Ні ў якім выпадку яго не кажуць святары, акрамя толькі Вялікадня”. Тое ж абмежаванне было пацверджана і прадпісана Папам Грыгорыем, які таксама загадаў уставіць гэты гімн у Імшал на бачнае месца; і так, па словах кардынала Боны, працягвалася да сярэдзіны ХІ стагоддзя, калі гэтае абмежаванне скасавалі, а прывілей рэцытацыі “Gloria” пашырылі на святароў і біскупаў і на кожную Імшу, якая гэта дапускала.

Мартэн і іншыя кажуць, што ў Рыме ў раніцу Божага Нараджэння гэты гімн спявалі спачатку на грэцкай мове, а потым на лацінскай. Той жа звычай захоўваўся сярод турскага духавенства, якое прамаўляла яго па-грэцку на першай Імшы, а па-лацінску — на другой Імшы (Enchiridion de Sacr. Missae ex opere Ben. XIV, с. 31).

Калі можна прамаўляць “Gloria in excelsis”. — Паколькі гэты анельскі гімн мае радасны і святочны характар, яго прамаўленне забаронена ў пакутныя і пакаянныя перыяды. Таму ён адсутнічае ў перыяд Вялікага посту і ў Імшах за памерлых. З немалой порцыяй святога абурэння Дзюран паведамляе нам, што ў былыя часы біскуп Бэтлеема неабгрунтавана прысвоіў сабе права прамаўляць яго пры кожнай нагодзе, хоць радаснай, хоць смутнай, тлумачачы гэта той толькі прычынай, што для горада, дзе гэты святы гімн прагучаў упершыню, трэба зрабіць выключэнне (Rationale Divinorum, с. 172). Цяперашняе правіла адносна яго выкарыстання захавалася ад часоў Пія V: калі ў Афіцыі прамаўляецца “Te Deum”, тады ў Імшы прамаўляецца “Gloria”. Гэта, аднак, дапускае некаторыя выключэнні, але паколькі мы пішам не цырыманіял, мы не думаем, што варта дакладна іх называць; мы толькі хочам, каб чытач меў гэта на ўвазе.

Як яго прамаўляюць дамініканцы, картузіянцы і іншыя. — Згодна са сваімі прадпісаннямі, картузіянцы і дамініканцы для рэцытацыі гэтага гімна падыходзяць да сярэдзіны алтара, як і мы. Аднак пасля прамаўлення першых словаў яны вяртаюцца і дачытваюць гімн да канца пры Імшале. Такі звычай быў таксама распаўсюджаны ў Імшы сарумскага абраду (Church of Our Fathers, ІІІ, 148).

Практыка на Усходзе. — Даволі цікава, што сярод усіх хрысціянаў на Усходзе толькі нестарыяне прамаўляюць гэты гімн на Імшы (Neale, Holy Eastern Church, І, 471). Грэцкі Касцёл часта рэцытуе яго ў Божым Афіцыі, але ніколі не выкарыстоўвае ў Імшы. Насамрэч ён сустракаецца ў літургіі св. Якуба, але там гэта не ўвесь гімн, а толькі анельская частка, якая спачатку прамаўлялася і ў Лацінскім Касцёле. І гэта моцны аргумент супраць тых, хто прыпісвае яго аўтарства Папу Тэлесфору, які памёр у 154 годзе, бо, калі б ён тады існаваў у той жа форме, што і цяпер, несумненна, яго б дадалі ў літургію св. Якуба, якая, па меркаванні найбольш аўтарытэтных аўтараў, пачала ўкладацца не раней за 200 год.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Даменіка Гірландая (1488).

Пакінуць каментар

Scroll Up