КАНГРЭГАЦЫЯ ДАКТРЫНЫ ВЕРЫ

ЛІСТ ДА БІСКУПАЎ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
АДНОСНА ПРЫНЯЦЦЯ СВЯТОЙ КАМУНІІ
РАЗВЕДЗЕНЫМІ І ПАЎТОРНА ЖАНАТЫМІ ВЕРНІКАМІ

Ваша Эксцэленцыя,

1. Сусветны год сям’і з’яўляецца асабліва важнай нагодай, каб нанова адкрыць многія знакі любові Касцёла і яго дбання пра сям’ю (1) і ў той жа час яшчэ раз прадставіць бясцэнныя багацці хрысціянскага сужэнства, якое з’яўляецца падмуркам сям’і.

2. Асаблівай увагі ў гэтым кантэксце заслугоўваюць складанасці і пакуты тых вернікаў, якія знаходзяцца ў сітуацыі неўрэгуляванага сужэнства (2). Пастыры пакліканы дапамагаць ім дасведчваць любоў Хрыста і мацярынскую блізкасць Касцёла, прымаючы іх з любоўю, заклікаючы іх давяраць Божай міласэрнасці і з разважлівасцю і пашанай прапануючы ім канкрэтныя шляхі навяртання і ўдзелу ў жыцці супольнасці Касцёла (3).

3. Аднак, усведамляючы, што сапраўднае разуменне і непадробная міласэрнасць заўсёды неаддзельныя ад праўды (4), пастыры абавязаны нагадваць гэтым вернікам пра вучэнне Касцёла наконт цэлебрацыі сакрамэнтаў, у прыватнасці, наконт прыняцця святой Камуніі.

У апошнія гады ў розных рэгіёнах прапаноўваліся розныя пастырскія рашэнні, паводле якіх хоць агульны допуск разведзеных і паўторна жанатых асобаў да эўхарыстычнай Камуніі быў немагчымы, аднак разведзеныя і паўторна жанатыя вернікі маглі прыступаць да святой Камуніі ў асаблівых выпадках, калі яны лічылі гэта для сябе дазволеным, згодна з суджэннем свайго сумлення. Гэта, напрыклад, здаралася, калі яны былі пакінутыя цалкам несправядліва, хоць і fшчыра стараліся захаваць папярэдняе сужэнства, альбо калі яны былі ўпэўненыя ў несапраўднасці свайго папярэдняга сужэнства, хоць і не маглі прадэманстраваць гэта на знешнім форуме [у публічным судовым працэсе — заўв. перакл.], альбо калі яны прайшлі доўгі перыяд разважання і пакаяння, альбо таксама калі з маральна добрых прычынаў яны не маглі выканаць абавязак разысціся.

У некаторых месцах таксама прапаноўвалася, каб дзеля аб’ектыўнага распазнання актуальнай сітуацыі разведзеныя і паўторна жанатыя асобы пракансультаваліся з разважлівым і кваліфікаваным святаром. Той святар, аднак, мусіў паважаць іхняе магчымае рашэнне прыступаць да святой Камуніі, хоць гэта і не мела на ўвазе афіцыйнага адабрэння.

У такіх і падобных выпадках гэта лічылася б талерантным і прыхільным пастырскім рашэннем, накіраваным на тое, каб аддаць належнае розным сітуацыям, у якіх знаходзяцца разведзеныя і паўторна жанатыя асобы.

4. Нават калі аналагічныя пастырскія рашэнні і прапаноўваліся некаторымі Айцамі Касцёла і ў пэўнай меры практыкаваліся, тым не менш яны ніколі не мелі кансэнсусу Айцоў і ніякім чынам не маглі стацца агульнай дактрынай Касцёла або вызначаць яго дысцыпліну. Навучаць дэпазіту веры і аўтэнтычна інтэрпрэтаваць яго ў вернасці Святому Пісанню і Традыцыі належыць універсальнаму Магістэрыю.

Таму з увагі на згаданыя новыя пастырскія прапановы Кангрэгацыя лічыць сваім абавязкам нагадаць вучэнне і дысцыпліну Касцёла ў гэтай справе. Верны словам Езуса Хрыста (5), Касцёл пацвярджае, што новы саюз не можа прызнавацца сапраўдным, калі сапраўдным было мінулае сужэнства. Калі разведзеныя асобы ўступілі ў паўторны грамадзянскі шлюб, яны апынуліся ў сітуацыі, якая аб’ектыўна парушае Божае права. Адпаведна, яны не могуць прымаць святую Камунію, пакуль гэтая сітуацыя працягваецца (6).

Гэтая норма абсалютна не з’яўляецца пакараннем або дыскрымінацыяй супраць разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а хутчэй выражае аб’ектыўную сітуацыю, якая сама па сабе робіць прыняцце святой Камуніі немагчымым: “Яны не могуць атрымаць такі доступ таму, што іх стан і ўмовы жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Эўхарыстыя. Акрамя таго, існуе і іншая, выключна пастаральная прычына: калі б гэтых людзей дапусцілі да Эўхарыстыі, вернікі трапілі б у памылку і замяшанне наконт вучэння Касцёла пра неразрыўнасць сужэнства” (7).

Вернікі, якія настойліва трываюць у такой сітуацыі, могуць прыняць святую Камунію толькі пасля атрымання сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў, якое можа быць удзелена толькі “тым, хто, пакаяўшыся ў разрыве знака Запавету і вернасці Хрысту, сумленна гатовы прыняць стыль жыцця, які больш не знаходзіцца ў супярэчнасці з неразрыўнасцю сужэнства. На практыцы гэта азначае, што, калі па сур’ёзных прычынах, такіх як выхаванне дзяцей, мужчына і жанчына не могуць выканаць абавязку разысціся, яны “бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам” (8). У такім выпадку яны могуць прымаць святую Камунію пры ўмове, што яны паважаюць абавязак пазбягаць стварэння скандалу.

5. Вучэнне і дысцыпліна Касцёла ў гэтай справе ў паслясаборны перыяд багата прадстаўлены ў апостальскай адгартацыі Familiaris consortio. Гэтая адгартацыя, сярод іншага, нагадвае пастырам, што з любові да праўды яны абавязаны старанна адрозніваць розныя сітуацыі, і заклікае іх заахвочваць разведзеных і паўторна жанатых асобаў да ўдзелу ў разнастайных падзеях касцёльнага жыцця. У той самы час яна пацвярджае і ўказвае на прычыны пастаяннай і паўсюднай практыкі, “якая засноўваецца на Святым Пісанні і не дазваляе доступ да Эўхарыстычнай Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна ажаніліся” (9). Структура адгартацыі і агульны тон яе словаў даюць ясна зразумець, што гэтая практыка, прадстаўленая як абавязковая, не можа змяняцца з увагі на розныя сітуацыі.

6. Вернікі, якія жывуць разам, як муж і жонка, з асобамі, якія не з’яўляюцца іх законнымі сужэнцамі, не могуць прымаць святую Камунію. Калі яны палічаць, што гэта магчыма, пастыры і спаведнікі, улічваючы сур’ёзнасць матэрыі і духоўнае дабро гэтых асобаў (10), а таксама агульнае дабро Касцёла, маюць сур’ёзны абавязак перасцерагчы іх, што такое суджэнне сумлення адкрыта супярэчыць вучэнню Касцёла (11). Таксама пастыры павінны ў сваім навучанні нагадваць вернікам, даручаным іх апецы, пра гэтае вучэнне.

Гэта не азначае, што Касцёл не прымае да сэрца сітуацыю гэтых вернікаў, якія, акрамя таго, не выключаныя з касцёльнай супольнасці. Ён дбае пра пастырскую апеку над імі і запрашае іх раздзяліць жыццё Касцёла ў той меры, у якой гэта згаджаецца з характарам Божага закону, ад якога Касцёл не мае ўлады вызваліць (12). З іншага боку, гэтых вернікаў неабходна настаўляць, каб яны не лічылі, што іхні ўдзел у жыцці Касцёла абмяжоўваецца выключна пытаннем прыняцця Эўхарыстыі. Таксама трэба дапамагаць гэтым вернікам паглыбляць разуменне каштоўнасці ўдзелу ў Хрыстовай ахвяры ў Імшы, духоўнай камуніі (13), малітвы, разважання Божага Слова і справаў міласэрнасці і справядлівасці (14).

7. Памылковая ўпэўненасць разведзенай і паўторна жанатай асобы ў тым, што яна можа прымаць святую Камунію, нармальна мае на ўвазе, што асабістае сумленне ў канчатковым аналізе лічыцца здольным на аснове сваёй упэўненасці (15) прымаць рашэнне адносна існавання альбо адсутнасці папярэдняга сужэнства і каштоўнасці новага саюза. Аднак такая пазіцыя недапушчальная (16). Фактычна, з-за свайго вобразу шлюбных адносінаў паміж Хрыстом і Касцёлам, а таксама з-за сваёй ролі фундаментальнага ядра і важнага фактара ў жыцці грамадзянскай супольнасці сужэнства па сваёй сутнасці з’яўляецца публічнай рэальнасцю.

8. Вядома, гэта праўда, што суджэнне наконт сваёй уласнай гатоўнасці да прыняцця святой Камуніі, павінна здзяйсняцца правільна сфарміраваным маральным сумленнем. Але праўда таксама і тое, што [сужэнская] згода, якая з’яўляецца фундаментам сужэнства, гэта не проста прыватнае рашэнне, паколькі яна стварае для сужэнцаў асаблівую касцёльную і сацыяльную сітуацыю, як для індывідуальных асобаў, так і для пары. Таму суджэнне сумлення наконт свайго ўласнага сужэнскага статусу датычыцца не толькі непасрэдных адносінаў паміж чалавекам і Богам, як быццам бы можна было абстрагавацца ад пасрэдніцтва Касцёла, якое таксама ўключае кананічныя законы, абавязковыя для сумлення. Не прызнаваць гэты істотны аспект азначае фактычна адмаўляць, што сужэнства з’яўляецца рэальнасцю Касцёла, гэта значыць сакрамэнтам.

9. Заклікаючы пастыраў старанна адрозніваць розныя сітуацыі разведзеных і паўторна жанатых асобаў, адгартацыя Familiaris consortio згадвае выпадак тых, хто мае суб’ектыўную ўпэўненасць у сумленні, што іхняе папярэдняе сужэнства, незваротна зламанае, ніколі не было сапраўдным (17). Ці існуе аб’ектыўна такая несапраўднасць сужэнства, неабходна з упэўненасцю устанавіць пры дапамозе знешняга форуму, устаноўленага Касцёлам. Дысцыпліна Касцёла пацвярджае выключную кампетэнтнасць касцёльных трыбуналаў адносна праверкі сапраўднасці сужэнстваў каталікоў, але таксама яна прапануе новыя шляхі дэманстрацыі несапраўднасці папярэдняга сужэнства, каб выключыць, наколькі гэта магчыма, сітуацыю, калі праўда, якую можна верыфікаваць у судовым працэсе, разыходзіцца з аб’ектыўнай праўдай, якую ведае карэктнае сумленне (18).

Вернасць суджэнню Касцёла і захаванне існуючай дысцыпліны, звязанай з абавязковасцю кананічнай формы, неабходнай для сапраўднасці сужэнства каталікоў, сапраўды спрыяюць духоўнаму дабрабыту згаданых вернікаў. Касцёл фактычна з’яўляецца Целам Хрыста, і жыць у касцёльнай еднасці азначае жыць у Целе Хрыста і карміцца Целам Хрыста. Што датычыцца прыняцця сакрамэнту Эўхарыстыі, то еднасць з Хрыстом-Галавою ніколі не можа быць аддзелена ад еднасці з Яго членамі, гэта значыць з Ягоным Касцёлам. З гэтай прычыны сакрамэнт нашага саюзу з Хрыстом уключае ў сябе і мае на ўвазе захаванне, часам цяжкога, парадку касцёльнай еднасці, і не можа быць правільнай і плённай сітуацыя, калі вернік, жадаючы прыступіць да Хрыста наўпрост, не паважае гэты парадак.

10. З улікам сказанага вышэй, яшчэ належыць цалкам рэалізаваць жаданне, выказанае Сінодам Біскупаў, прынятае Святым Айцом Янам Паўлам ІІ як сваё ўласнае і з адданасцю і годнымі ініцыятывамі ўведзенае ў практыку біскупамі, святарамі, кансэкраванымі і свецкімі вернікамі, а менавіта з дбайнай любоўю рабіць усё магчымае, каб умацаваць вернікаў, якія знаходзяцца ў сітуацыях неўрэгуляванага сужэнства, у любові да Хрыста і Касцёла. Толькі так яны змогуць цалкам прыняць пасланне хрысціянскага сужэнства і з верай перанесці няшчасце іхняй сітуацыі.

У пастырскай дзейнасці трэба зрабіць усё магчымае, каб упэўніцца, што гэта зразумета не як справа дыскрымінацыі, а толькі як абсалютная вернасць волі Хрыста, які аднавіў і даверыў нам яшчэ раз неразрыўнасць сужэнства як дар Стварыцеля. Пастырам і супольнасці вернікаў прыйдзецца пакутаваць і любіць у салідарнасці з гэтымі асобамі, каб яны ўспрымалі свае цяжкасці як прыемнае ярмо і лёгкі цяжар Езуса (19). Іхняе ярмо не прыемнае і не лёгкае ў тым сэнсе, што яно малое і нязначнае, але яно становіцца лёгкім, таму што Пан — а з ім увесь Касцёл — падзяляе яго. Задачай пастырства, якое мусіць праводзіцца з поўнай адданасцю, з’яўляецца прапанова гэтай дапамогі, заснаванай адначасова на праўдзе і любові.

З’яднаны з Вамі ў адданасці сумеснай працы спрыяння ззянню праўды Езуса Хрыста ў жыцці і дзейнасці Касцёла, Ваш, адданы ў Пану,

Кардынал Ёзаф Ратцынгер,
Прэфект

+ Альберта Бавонэ,
Тытулярны арцыбіскуп Цэзарэі ў Нумідыі,
Сакратар

Падчас аўдыенцыі, удзеленай Кардыналу-прэфекту, Вярхоўны Пантыфік Ян Павел ІІ ўхваліў гэты ліст, укладзены падчас звычайнай сэсіі гэтай Кангрэгацыі, і загадаў апублікаваць яго.

Дадзена ў Рыме, з пакояў Кангрэгацыі дактрыны веры, 14 верасня 1994 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа.


(1) Пар. Ян Павел II, Ліст да сем’яў (2 лютага 1994 года), 3.

(2) Пар. Ян Павел II, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio (22 лістапада 1981 года), 79-84: AAS 74 (1982) 180-186.

(3) Пар. ibid., 84: AAS 74 (1982) 185; Ліст да сем’яў, 5; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1651.

(4) Пар. Павел VI, Энцыкліка Humanæ vitæ, 29: AAS 60 (1968) 501; Ян Павел II, Апостальская адгартацыя Reconciliatio et pænitentia, 34: AAS 77 (1985) 272, Энцыкліка Veritatis splendor, 95: AAS 85 (1993) 1208.

(5) Мк 10:11-12: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць”.

(6) Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1650; пар. таксама ККП, 1640 і Трыдэнцкі сабор, сесія XXIV: DS 1797-1812.

(7) Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 84: AAS 74 (1982) 185-186.

(8) Ibid., 84: AAS 74 (1982) 186; пар. Ян Павел II, Гамілія з нагоды закрыцця шостага Сінода Біскупаў, 7: AAS 72 (1980) 1082.

(9) Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 84: AAS 74 (1982) 185.

(10) Пар. 1 Кар 11:27-29.

(11) Пар. Кодэкс кананічнага права, 978 §2.

(12) Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1640.

(13) Пар. Кангрэгацыя дактрыны веры, Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла наконт некаторых пытанняў, звязаных са служыцелем Эўхарыстыі, III/4: AAS 75 (1983) 1007; Св. Тэрэза Авільская, “The Way of Perfection” 35,1; Св. Альфонс Марыя Лігуоры, “Visite al SS. Sacramento e a Maria Santissima”.

(14) Пар. Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 84: AAS 74 (1982) 185.

(15) Пар. Энцыкліка Veritatis splendor, 55: AAS 85 (1993) 1178.

(16) Пар. Кодэкс кананічнага права, 1085 § 2.

(17) Пар. Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 84: AAS 74 (1982) 185.

(18) Пар. Кодэкс кананічнага права, 1536 § 2 і 1679, а таксама Кодэкс канонаў Усходніх Касцёлаў, 1217 § 2 і 1365 (наконт доказнай сілы паказанняў бакоў у такіх працэсах).

(19) Пар. Мц 11:30.


Крыніца: vatican.va

Пераклад зроблены з афіцыйнай англійскай версіі.

Пакінуць каментар