На мінулым тыдні беларускі каталіцкі партал catholic.by, які не адрозніваецца ў гэтым сэнсе вялікай пераборлівасцю ў аўтарытэтах, апублікаваў “разважанні” кардынала Вальтэра Каспера наконт апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris Laetitia. Нямецкі кардынал выказаў іх у сувязі з прэзентацыяй сваёй новай кнігі “Il messagio di Amoris Lætitia”.

Вось жа, цалкам магчыма, што рэдакцыі партала сапраўды няма часу разбірацца ў тонкасцях і дэталях, а рэдакцыйную палітыку вызначаюць іншыя вядомыя прыярытэты. Таму ў духу аказання грамадскай паслугі коратка агледзім, у чым заключалася роля кардынала Каспера ў гісторыі вакол Amoris Laetitia і сфармулюем сваё меркаванне, чаму прозвішча “Каспер” павінна знікнуць з беларускіх каталіцкіх СМІ.

Сутнасць “прапановы Каспера”

Для пачатку неабходна ведаць, што кардынал Каспер — гэта цэнтральны персанаж у гісторыі з удзяленнем святой Камуніі асобам, што знаходзяцца ў паўторных несакрамэнтальных саюзах, г. зн. пастаянна жывуць у публічным граху чужалоства. Па некаторых звестках, удзяленне Камуніі такім асобам ужо некалькі дзесяцігоддзяў фактычна практыкуецца ў нямецкіх парафіях, хоць пра гэта не кажуць адкрыта. Аднак менавіта дзякуючы кардыналу Касперу гэтая праблема ці не ўпершыню выносіцца на публічнае абмеркаванне.

Якія з гэтым ёсць праблемы?

Асобы, якія заключылі паўторны (грамадзянскі) саюз, не атрымаўшы пастанаўлення аб несапраўднасці свайго папярэдняга сужэнства, заключанага ў Касцёле, не могуць прыступаць да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, таму што яны прабываюць у публічным цяжкім граху чужалоства. Канон 915 забараняе распарадчыкам Эўхарыстыі ўдзяляць такім асобам Камунію, а таксама яны не могуць атрымаць адпушчэнне грахоў у споведзі, таму што іхні стан жыцця выключае намер выправіць грэх сумеснага жыцця з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам.

Касцёльнае заканадаўства, заснаванае на словах Святога Пісання і спрадвечнай традыцыі, прапаноўвае такім асобам некалькі шляхоў, якія дазволяць ім вярнуцца да сакрамэнтальнай практыкі:

  • атрымаць у касцёльным судзе пастанову аб несапраўднасці першага сужэнства і заключыць сакрамэнтальнае сужэнства ў Касцёле са сваім цяперашнім партнёрам;
  • спыніць сумеснае пражыванне ў паўторным шлюбе і вярнуцца да першага сужэнца, з якім іх яднае сапраўдная сужэнская сувязь;
  • калі ўсё гэта немагчыма, Касцёл патрабуе спыніць сэксуальныя адносіны, якія дазволены толькі мужу і жонцы.

Кардынал Каспер прапануе іншы шлях. Ён сцвярджае, што Каталіцкаму Касцёлу патрэбная “змена парадыгмы” ў адносінах да разведзеных і паўторна жанатых асобаў і агульная пастырская зацікаўленасць іх праблемамі. На думку нямецкага кардынала, нам трэба перастаць глядзець на “нерэалістычныя і рамантычныя ідэі” сужэнства і звярнуцца да “цяжкіх рэалій і раздзяліць смутак, перажыванні і слёзы многіх сем’яў”.

Па меркаванні Каспера, мы павінны запытаць сябе, ці не магчымыя тут “іншыя, больш пастырскія і духоўныя працэдуры“. Бо “шчодрае пашырэнне працэдуры несапраўднасці сужэнства можа стварыць небяспечнае меркаванне, што Касцёл, на свой сорам, саступіў таму, што з’яўляецца разводам”. Каспер пытаецца: чаму, калі асоба ў разводзе і паўторным шлюбе “каецца за сваю памылку ў першым шлюбе”, калі яна “не можа вярнуцца да першага шлюбу”, калі яна “не можа без далейшай шкоды” пакінуць абавязкі новага саюза, калі яна імкнецца “па веры пражыць магчымасці другога сужэнства і выхаваць дзяцей у веры” і калі яна жадае “прымаць сакрамэнты, крыніцу сілы ў яе сітуацыі”, то “чаму мы павінны праз пэўны час, неабходны для прыняцця новай унутранай паставы (metanoia), адмовіць ёй у сакрамэнце пакаяння і ў Эўхарыстыі?”

Як вынік, кардынал Каспер прапануе “шлях пакаяння”, не звязаны з судовым працэсам (бо ён сам прызнаецца, што не кожная пара можа атрымаць пастанову аб несапраўднасці сужэнства), прычым кіраваць гэтым новым шляхам будзе парафіяльны святар, які нейкім чынам — канкрэтныя крытэрыі дагэтуль не былі акрэслены — пасля “распазнання” канкрэтнай сітуацыі будзе дапускаць ці не дапускаць такіх асобаў да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі.

Відавочна, рабіцца гэта павінна ў абыход касцёльнага права і словаў самога Пана Езуса пра неразрыўнасць сужэнства. Што ў такім выпадку трэба думаць пра першае сужэнства асобы, дапушчанай святаром да сакрамэнтаў, застаецца незразумелым. Аднак, на думку самога кардынала, праблемы тут няма: вучэнне Касцёла ў выніку рэалізацыі яго прапановы не пацерпіць шкоды, а практыка для яго — гэта цалкам іншая гісторыя. Бо практыка не з’яўляецца адлюстраваннем вучэння: яна шырэйшая і “больш складаная” за вучэнне.

Такую пазіцыю нямецкага кардынала і кампанію па яе прасоўванні падчас сінодаў на тэму сям’і сталі называць “прапановай Каспера”.

Падобныя прапановы гучалі і раней, аднак апошняе адраджэнне гэтай тэмы пачалося 20 лютага 2014 года, падчас падрыхтоўкі да першага сінода на тэму сям’і (5–19 кастрычніка 2014 года), калі кардынал Каспер па запрашэнні Папы Францішка прадставіў сваё бачанне праблемы на надзвычайным кансісторыі, у якім прымалі ўдзел каля 150 кардыналаў і сам Папа. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства было закрытым, а змест дакладу кардынала Каспера абяцалі не публікаваць, ужо 1 сакавіка поўны тэкст з’явіўся ў італьянскім Il Foglio.

Каб падтрымаць сваю ўдзяленне Камуніі асобе ў паўторным саюзе, кардынал Каспер абапіраецца на суб’ектыўную адсутнасць віны асобы (у распадзе сужэнства, але не ў стварэнні другога саюзу), а значыць і нібыта на адсутнасць граху, а таксама стварае кананічныя сафізмы.

Напрыклад, па словах нямецкага кардынала, у выпадку асобаў у другім шлюбе мы не можам быць загадзя перакананымі, што гэтыя асобы разумеюць фактары, неабходныя для існавання сапраўднага сужэнства, а таму прэзумпцыя сапраўднасці сужэнства з’яўляецца юрыдычнай фікцыяй. (Гэта на дзіва дакладна пераклікаецца з пазнейшым каментаром Папы Францішка пра тое, што большасць сужэнстваў у свеце з’яўляецца несапраўднай, бо маладыя не разумеюць, што азначае “да канца жыцця”.)

Словам, кардынал Каспер шукае абхадныя шляхі для тых асобаў, якія не хочуць альбо не могуць ані аднаўляць сваё першае сужэнства, ані праходзіць праз судовы працэс. Ды і калі ёсць карацейшы шлях праз “дасведчанага” святара (а такія знойдуцца), то хто захоча? У гэтым заключаецца адна з глабальных небяспекаў прапановы Каспера.

(Добрае інтэрв’ю кардынала Каспера з журналістам EWTN, дзе кардынал тлумачыць падрабязнасці сваёй прапановы: частка 1, частка 2.)

Кампанія Каспера на працягу двух сінодаў на тэму сям’і

З такой прапановай кардынал Каспер пайшоў на два сіноды на тэму сям’і. У межах дадзенага артыкула ў нас няма магчымасці спыніцца на шматлікіх значных момантах сінода 2014 года. Зацікаўленым рэкамендуем прачытаць кнігу журналіста National Catholic Register Эдварда Пенціна “The Rigging of a Vatican Synod: An Investigation into Alleged Manipulation at the Extraordinary Synod on the Family” (альбо, хто не хоча чытаць яе сам, можа дапамагчы набыць яе нам, як апісана на старонцы “Дапамога“).

Адзначым толькі, што на працягу першага сінода кардынал Каспер выказваў моцную ўпэўненасць у тым, што большасць біскупаў знаходзіцца “на ягоным баку”. Ягоны смелы настрой і пастава селебрыці добра бачныя як з колькасці інтэрв’ю, якія ён даваў падчас сінода, так і з таго, што ён  адкрыта прызнае за сабою перамогу і нават просіць артадаксальных афрыканскіх біскупаў “не казаць нам, што рабіць”.

Аднак здараліся і непрыемныя для Каспера моманты. Некалькі аўтараў, сярод іх пяць кардыналаў, па гарачых слядах выдалі кнігу “Remaining in the Truth of Christ: Marriage and Communion in the Catholic Church“, у якой паказалі супярэчнасць прапановы Каспера вучэнню Касцёла і неабходнасць узаемасувязі — і фактычнай згоды — паміж вучэннем і пастырскай практыкай Касцёла. Сам кардынал Каспер выказаў вялікае шкадаванне, што кардыналы не прыйшлі спачатку паразмаўляць з ім сам-насам, а раскрытыкавалі яго ў кнізе. Аднак, магчыма, менавіта гэта дазволіла пераламіць ход падзеяў і ўскладніць жыццё прыхільнікам пераменаў.

У выніку прапанова Каспера не набрала неабходныя 2/3 галасоў і прайшла ў фінальны дакумент першага сінода толькі з дапамогай Папы. Дзякуючы гэтаму яна трапіла ў працоўны дакумент другога сінода (2015), дзе была абмеркавана яшчэ раз. Тады яе фармулёўку змякчылі, прыбраўшы згадкі пра сакрамэнты і Эўхарыстыю, назваўшы іх “больш поўны ўдзел у жыцці Касцёла”. У выніку гэтага яна набрала патрэбную колькасць галасоў і трапіла ў фінальны дакумент другога сінода.

…Каб потым пралезці ў сумнавядомую зноску 351 апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, напісанай па выніках абодвух сінодаў:

З увагі на ўмовы i змякчальныя фактары становіцца магчымым, што сярод нейкай аб’ектыўнай сітуацыі граху асоба, якая суб’ектыўна не мае віны ці не цалкам вінаватая, можа жыць у Божай ласцы, можа любіць, а таксама можа ўзрастаць у жыцці ласкі і любові, атрымліваючы для гэтага дапамогу Касцёла [зноска 351: У некаторых выпадках гэта магла б быць дапамога сакрамэнтаў…]

Такім чынам, кардынал Каспер перамог. Ягоная прапанова ў дастаткова прывабным выглядзе трапіла ў дактрынальны дакумент Касцёла, і тыя, каму гэта трэба, змаглі афіцыйна пачаць удзяляць Камунію чужаложнікам. З іншага боку, тэкст напісаны дастаткова неканкрэтна, каб аўтараў няможна абвінаваціць у злых намерах, памылцы ці ерасі.

Да агульнай карціны трэба дадаць тое, што некаторыя іерархі цягам дыскусіі нават асмеліліся назваць такі паварот падзеяў (уключна са зместам Amoris Laetitia) справай Духа Святога, спасылаючыся на тое, што змест дакумента адпавядае волі айцоў сінода, бо тыя галасавалі за яго большасцю.

Зрэшты, з гэтай кропкі распачынаецца ўсё тое замяшанне, за якім мы назіраем апошнія два гады. Адны інтэрпрэтацыі, другія, трэція, петыцыі, dubia, канферэнцыі, зноў петыцыі, correctio filialis, заява біскупаў Казахстана і г. д. Невядома, чым і калі гэта скончыцца, але пачалося гэта менавіта дзякуючы кардыналу Касперу, галоўнаму рухавіку ўсяго замяшання.

Ерась “касперызму” ў шырокім сэнсе

Тэолаг Майкл Лофтан паказаў больш шырокую небяспеку прапановы Каспера. Справа не толькі ў тым, што яна на падставе “пастырскіх меркаванняў” дапускае асобаў у цяжкім граху да Камуніі, дэсакралізуючы адначасова сакрамэнты сужэнства, пакаяння і Эўхарыстыі. Большая небяспека заключаецца ў тым, што касперызм, як называе яго Лофтан, у тэорыі не закранае вучэнне Касцёла, але на практыцы яму супярэчыць.

Вось як апісвае яго Лофтан:

Усе мы ведаем, што ў Касцёле шмат іерархаў, якія хацелі б знішчыць каталіцкую веру ў тым выглядзе, у якім яна існавала дваццаць стагоддзяў, змяніўшы яе пад уласныя мэты і жаданні. Стала відавочным, што яны хацелі б нават змяніць дагматы Касцёла. Аднак гэтая спроба ім не ўдалася б, таму што гэта паставіла б іх пад анафему Першага Ватыканскага сабору: “Таму таксама значэнне святых дагматаў павінна заўсёды захоўвацца такім, якім іх акрэсліла Святая Маці-Касцёл, і не павінна быць аніякага адкідвання гэтага сэнсу на падставе альбо ў імя больш глыбокага разумення”. Вырашэнне, якое яны знайшлі, простае і эфектыўнае:  яны не будуць аспрэчваць дагмату. Яны нават будуць яго пацвярджаць. А затым яны будуць абыходзіцца з ім так, быццам яго не існуе, знаходзячы прычыны, прадыктаваныя “міласэрнасцю” або “пастырскім клопатам”, чаму на практыцы яго трэба абыходзіць. У ранейшыя часы Касцёла іх за выбудаваную казуістыку назвалі б ерэтыкамі і перавялі ў свецкі стан; але часы ўжо не тыя, і яны ведаюць, што могуць беспакарана працягваць свае танцы вакол вучэння.

Такі прынцып можна прымяніць не толькі да пытання доступу разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Камуніі. Лофтан прыводзіць яшчэ два прыклады, як тая ж логіка прымяняецца да гомасэксуалістаў альбо да дэцэнтралізацыі Касцёла, якую праз наданне фактычнай улады біскупскім канферэнцыям плануе здзейсніць Папа Францішак.

Лофтан заключае, што калі касперызм з’яўляецца ерассю, то гэта найбольш небяспечная ерась сярод усіх, бо ён недатыкальны і дзейнічае вельмі падступна:

Яны робяць вялікае шоу, абараняючы літару закону, у той жа час літаральна разбураючы ягоны дух. Калі касперыянам сказаць: “Вашы словы супярэчаць вучэнню!”, яны проста адкажуць: “Не, мы не аспрэчваем вучэння”. Робячы так, яны фактычна раззбройваюць тых, хто імкнецца паказаць іх памылкі, выстаўляючы іх падманшчыкамі і распаўсюджваючы замяшанне.

Менавіта пра гэта і кажа кардынал Каспер: Amoris Laetitia не змяніла нічога ў вучэнні і кананічным праве, але змяніла ўсё.

“Божы народ зразумеў Amoris Laetitia”

Вяртаючыся, нарэшце, да “разважанняў” кардынала Каспера, перакладзеных і адаптаваных на партале catholic.by, мы можам лёгка заўважыць, што сваіх спробаў прасунуць “касперызм” нямецкі кардынал так і не пакінуў. Прадставіўшы традыцыю Касцёла як тое, што неабходна пастаянна інтэрпрэтаваць (sic!) адпаведна сітуацыі, ён дадае:

Перадусім я хацеў бы сказаць, што абмеркаванні неабходныя ў Касцёле і іх не трэба баяцца. Але цяпер гэтае абмеркаванне было занадта рэзкім, занадта жорсткім, з абвінавачваннямі ў ерасі. Ерась — гэта рашучае адмаўленне сфармуляванага догмату веры. Веравучэнне адносна непарыўнасці сужэнства папа Францішак не ставіць пад пытанне! Перш, чым казаць пра ерась, варта было б запытацца, як чалавек разумее сваё сцвярджэнне. І перадусім варта было б лічыць, што чалавек з’яўляецца католікам, а не наадварот.

Змест астатніх выказванняў кардынала Каспера складаецца напалову з хлусні, а напалову з пыхі, таму разглядаць іх падрабязна не мае сэнсу.

Але мае сэнс задаць шчырыя пытанні.

Як здарылася, што ва ўмовах абсалютнай забароны распавядаць свецкім пра “таямніцы” сінодаў на тэму сям’і і пра скандал пад назвай “Amoris Laetitia” слова на галоўным каталіцкім партале атрымлівае менавіта кардынал Каспер — галоўны вораг каталіцкага вучэння ва ўсёй гэтай гісторыі?

Ці не павінны мы ў абставінах, калі ніводзін прадстаўнік Касцёла не бярэцца даць крытычную ацэнку сітуацыі, увогуле пазбягаць слова “Каспер”, калі толькі мова не ідзе пра добры прывід са знакамітага мульціка?

Фота: Mazur/catholicchurch.org.uk (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар