Калі святар скончыў інтроіт, ён пераходзіць да сярэдзіны алтара і там наперамен з прыслугоўваючым рэцытуе “Kyrie eleison”, альбо малую літанію, як яе называлі ў старажытныя часы. У выпадку ўрачыстай спяванай Імшы “Kyrie” чытаецца пры кнізе.

“Kyrie eleison” і “Christe eleison” — гэта два грэцкія выразы, якія азначаюць “Пане, змілуйся над намі” і “Хрыстэ, змілуйся над намі”. Калі палічыць тыя просьбы аб міласэрнасці, якія прамаўляе святар, і дадаць адказы прыслугоўваючага, разам атрымаецца дзевяць просьбаў, якія ў літургічных аўтараў атрымалі наступную інтэпрэтацыю: тры “Kyrie eleison” звернуты да Бога Айца з просьбай аб Яго шматлікіх ласках; тры “Christe eleison” звернуты да Бога Сына, нашага Збаўцы; і яшчэ тры “Kyrie eleison” звернуты да Бога Духа Святога, асвячальніка і суцяшыцеля (Kozma, 168).

Існуе адно вельмі старажытнае паданне, і даволі прыгожае, паводле якога наш Боскі Пан, слаўным чынам узыходзячы на неба, прабываў па адным дні з кожным з дзевяці анельскіх хораў, а толькі потым дасягнуў свайго нябеснага трона, і менавіта на ўспамін пра гэта ў межах “Kyrie” мы прамаўляем дзевяць радкоў (Neale, Song of Songs, с. 86). Паводле некаторых ранніх Айцоў Касцёла, гэтае паданне з’яўляецца ключом да інтэрпрэтацыі таго фрагмента Песні песняў, дзе ўзлюблены прадстаўлены “скачучым па гарах” і “пераскокваючым праз пагоркі” (2:8). Горы і пагоркі, па іх словах, гэта ступені анельскіх хораў, праз якія праходзіў наш Пан (ibid.)

Некаторыя прыпісваюць увядзенне “Kyrie” Папу Грыгорыю Вялікаму, але гэта не можа быць праўдай, бо сам гэты святы Пантыфік казаў, што проста прадпісаў прамаўляць яго як святару, так і народу, таму што ў Грэцкім Касцёле гэты тэкст быў прадпісаны толькі для народу, а “Christe eleison” там увогуле адсутнічае. Іншае моцнае пацвярджэнне ранняга паходжання “Kyrie” — гэта тое, што айцы Другога Вэзонскага сабору, які праводзіўся ў 529 годзе, кажуць пра яго так, быццам яно добра вядомае ва ўсім Касцёле, прычым гэта было прынамсі за 60 гадоў да пантыфікату Грыгорыя Вялікага. Будзе дарэчы працытаваць пастанову гэтага сабору: “Няхай падтрымліваецца гэты прыгожы звычай Усходу і Італіі, а менавіта спеў “Kyrie eleison” з вялікім эфектам і шкадаваннем на Імшы, Начной малітве і Нешпарах, таму што такі салодкі і прыемны спеў не можа выклікаць агіды ці стомы, нават калі яго выконваць удзень і ўначы без перапынку” (Summa Conciliorum, с. 89).

У многіх касцёлах у пэўныя часы быў распаўсюджаны звычай дадаваць да “Kyrie” інтэрпаляцыі, якія адлюстроўвалі прыроду таго ці іншага свята. Напрыклад, для святаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі гэта выглядала наступным чынам: “Пане, прыхільнік дзявоцтва, праслаўлены Ойча і Стварыцель Марыі, змілуйся над намі” і г. д. (Romsee, с. 84).

Міланцы, якія прытрымліваюцца амбразіянскага абраду, прамаўляюць “Kyrie” ў трох месцах Імшы: пасля “Gloria in excelsis”, пасля Евангелля і напрыканцы набажэнства.

Чаму прамаўляецца па-грэцку. — Існуюць словы і выразы, якія настолькі моцна звязаны з мовай, на якой яны ўпершыню з’явіліся, што яны трацяць усю сваю моц і прыгажосць, калі іх перакласці на іншую мову. Да такіх словаў належаць “аллелюя”, “гасанна” і “Kyrie eleison”. Але ёсць і больш глыбокая прычына, чаму яны захоўваюцца ў Імшы. Спачатку Касцёл складаўся з трох розных нацый: лацінскай, грэцкай і габрэйскай, і каб засведчыць, што вера гэтых трох нацый была адна і тая ж, Заходні Касцёл палічыў дарэчным захаваць у памяці гэты факт тым, што прыняў выразы з кожнай мовы. З грэцкай мовы да нас прыйшлі “Kyrie eleison, Сhriste eleison” і “Agios o Theos, Agios ischyros, Agios athanatos” у Вялікую Пятніцу; з габрэйскай мовы мы маем “амэн”, “аллелюя”, “гасанна”, “Сабаот”, “хэрубім”, “сэрафім” і яшчэ некаторыя словы, якія тут і там сустракаюцца ў Пасланнях ці Евангеллях.

Але літургічныя аўтары даюць некалькі іншых прычын, чаму гэтыя мовы захаваліся ў Імшы, галоўная з якіх заключаецца ў тым, што яны заўсёды лічыліся шанаванымі і сакральнымі, бо на гэтых мовах была напісана віна на Крыжы; а паколькі ахвяра Імшы — гэта тая ж ахвяра крыжа, хоць апошняя і прыносіцца некрывавым чынам, што можа быць больш дарэчным, чым даць гэтым праслаўленым мовам месца ў Імшы? Грэцкая мова мае яшчэ шэраг прычын застацца. Яна была размоўнай для некаторых, а насамрэч для большасці, ранніх герояў і абаронцаў веры: св. Яна Хрызастома, св. Грыгорыя Назіянзіна, св. Базыля Вялікага, св. Яна Дамаскіна і шматлікіх іншых. Менавіта на яе быў зроблены вельмі каштоўны і шляхетны пераклад Пісання, які называецца Сэптуагінтай і з якога наш Пан і Яго святыя апосталы так шчодра чэрпалі, звяртаючыся да людзей (Dixon, Introduction to the Sacred Scrip., с. 98).

Згадаем яшчэ адну прычыну на карысць захавання ў Імшы габрэйскай мовы: яна была мовай Мельхізэдэка, старазапаветнага правобразу нашага Боскага Пана ў сэнсе Яго святога і вечнага святарства. Яна таксама была размоўнай для нашага Пана і Яго Найсвяцейшай Маці, не кажучы ўжо пра пераважную большасць вучняў новага закону.

Мы не жадаем уваходзіць тут у поўную гісторыю старажытнай габрэйскай мовы і той мовы, якая называецца сіра-халдзейскай альбо сірыйскай. Будзе дастаткова сказаць, што з часоў вавілонскага плену габрэі не размаўлялі на сапраўднай габрэйскай мове; тое, што ў Новым Запавеце называецца гэтай назвай, насамрэч адносіцца да арамейскага адгалінавання семіцкай сям’і моваў, вядомай як сірыйская. Можна лёгка давесці, што менавіта на гэтай мове размаўляў наш Пан.

Kyrie eleison” на Усходзе. — Сярод усіх усходніх літургій, святар прамаўляе “Kyrie” толькі ў літургіі св. Якуба [1]. Ва ўсіх іншых гэтыя словы належаць выключна хору і народу, якія, аднак, ніколі не кажуць “Christe eleison”. Літургія св. Яна Хрызастома [2] прадпісвае прамаўленне “Kyrie” пасля ўсіх галоўных просьбаў.


[1] Літургія св. Якуба прэтэндуе на першае месца сярод усходніх літургій. Кажуць, што яна найбольш старажытная з усіх існуючых, бо была замацавана на пісьме каля пачатку ІІІ ст. Хоць цяпер яе выкарыстоўваюць рэдка, яна з’яўляецца асновай для тых літургій, якімі карыстаюцца мараніты, сірыйцы і нестарыяне, а таксама касцёлы ў Ерузалемскім патрыярхаце.

[2] Літургія св. Яна Хрызастома, якая паходзіць ад літургіі св. Базыля, з’яўляецца пазнейшай за літургію св. Якуба і мае найбольшае распаўсюджанне сярод усіх літургій Усходу. Яна з’яўляецца галоўнай літургіяй усюды, дзе выкарыстоўваецца грэцкі абрад, незалежна ад мовы. Адпаведна, гэта літургія Расіі і чатырох патрыярхатаў: Канстантынопальскага, Александрыйскага, Антыяхійскага і Ерузалемскага, а таксама самой Грэцыі. У тых выпадках, калі літургія св. Яна Хрызастома не служыцца, а менавіта ў нядзелі Вялікага посту, акрамя Пальмавай нядзелі, у Вялікі чацвер, Вялікую суботу, у вігіліі Нараджэння Пана і Эпіфаніі, яе месца займае літургія св. Базыля.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Sotiris Marinopoulos (CC BY-NC-ND).

Пакінуць каментар