06.03.2018 / John O'Brien

№57. Цэлебрацыя Імшы: інтроіт🕑 8 хвілін

Дайшоўшы да боку Паслання пасля малітвы “Oramus te, Domine”, святар становіцца перад Імшалам і чытае з яго інтроіт, альбо пачатак Імшы бягучага дня. Прамаўляючы яго першыя словы, святар робіць на сабе знак крыжа, такім чынам выконваючы цудоўны старажытны звычай, на які так шмат спасылаліся Айцы Касцёла: рабіць знак крыжа, распачынаючы кожную важную працу. “Пры кожным кроку і руху, — кажа Тэртуліян (ІІ ст.), — калі мы ўваходзім і выходзім, у лазні, пры стале, што б мы ні чынілі, мы робім знак крыжа на лбе” (De Corona Militis, раздз. ІІ). Інтроіт, калі быць дакладным, з’яўляецца пачаткам Імшы, бо ўсё тое, што было перад тым, можна лічыць падрыхтоўкай да цэлебрацыі; і мы бачылі, што большая частка з гэтага часта не з’яўляецца абавязковай. У амбразіянскім абрадзе інтроіт называецца інгрэсам. Масарабскі Імшал, а таксама Імшалы картузіянцаў, дамініканцаў і кармелітаў называюць яго афіцыем. Гэтую ж назву ён меў у старажытным сарумскім Імшале (Church of Our Fathers, том ІІІ, с. 147).

Па словах Мераці (Thesaur. Sacr. Rit., с. 70), увядзенне інтроітаў у Імшу трэба прыпісваць Папу Цэлестыну (423–432 гг.) Да часоў гэтага Пантыфіка Імша пачыналася чытаннямі, а ў некаторых выпадках літаніямі, сляды чаго ўсё яшчэ можна бачыць у некаторых Імшах Вялікага посту. Усе літургічныя аўтары згаджаюцца ў тым, што размеркаванне інтроітаў, якое мы маем цяпер (прынамсі тых, што ўзяты з псальмаў), было зроблена Папам Грыгорыем Вялікім. Разам з градуаламі, аферторыямі, антыфонамі на Камунію і г. д. ён змясціў інтроіты ў асобную кнігу, якая называлася антыфанарыем і да якой ён звяртаўся па меры неабходнасці. Тут варта згадаць, што пры ўкладанні антыфанарыя гэты Пантыфік карыстаўся не Геранімавым перакладам Вульгаты, які быў тады ва ўжытку, а перакладам, які быў распаўсюджаны перад Геранімам і быў вядомы пад назвамі “Versio Communis”, “Vetus Itala” і “Editio Vulgata”. З-за гэтага паміж фрагментамі псальмаў, што выкарыстоўваюцца ў Імшы і ў Нешпарах, а таксама іншых частках Божага Афіцыя, узнікла розніца ў словах. Напрыклад, псальм 111 “Beatus vir” у імшальным варыянце мае словы “metuit” і “cupit”, тады як у Геранімавай версіі мы бачым “timet” і “volet”. А псальм 147 “Lauda Ierusalem” у Геранімавай версіі мае радок “Mittit crystallum suam sicut bucellas”, тады як у Імшы гэты радок гучыць так: “Emittit christallum suam sicut frusta panis”, і гэтак далей. Тыя, хто карыстаецца масарабскім і амбразіянскім абрадамі, не прытрымліваюцца дакладна старажытнай “Versio Communis”, аднак іхнія тэксты, якія выкарыстоўваюцца на Імшы, нагадваюць яе значна больш, чым версію св. Гераніма. Відавочна, менавіта пра такія версіі (а яны не аднолькавыя) св. Аўгустын пісаў, што ў ягоныя часы іх немагчыма было злічыць.

Адкуль бяруцца інтроіты. — Мы казалі пра тое, што аўтарам усіх інтроітаў, узятых з Псалтыра, а прынамсі іх укладальнікам, быў Папа Грыгорый. Ёсць некалькі інтроітаў, узятых увогуле не з псальмаў, а некаторыя інтроіты ўзяты ўвогуле не з Пісання; яны з’яўляюцца сачыненнем пабожных асобаў. Больш за тое, адзін з інтроітаў нават узяты з апакрыфічнай кнігі — 4-й кнігі Эздры, пра якую мы яшчэ скажам. Інтроіты, узятыя не з псальмаў, а з іншых частак Пісання, Дзюран называе нерэгулярнымі, магчыма, таму, што яны не знаходзяцца ў антыфанарыі Папы Грыгорыя. Да іх належаць інтроіт трэцяй Імшы ў дзень Божага Нараджэння “Puer natus est nobis”, узяты з прарока Ісаі, раздзел 9, і інтроіт Эпіфаніі “Ecce advenit Dominator Dominus” з прарока Малахіі, раздзел 3. Не з Пісання ўзяты інтроіт “Salve sancta parens” аўтарства хрысціянскага паэта Седулія [1] (V ст.), агульны амаль для ўсіх Імшаў у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі; “Gaudeamus omnes in Domino” на свята Унебаўзяцця і “Benedicta sit Sancta Trinitas” на свята Найсвяцейшай Тройцы. Гэты апошні інтроіт зазвычай пазначаны ў нашых Імшалах так, быццам ён узяты з кнігі Тобія, раздзел 12, але гэта памылка. Ні ў адным месцы Пісання мы не знойдзем, каб Найсвяцейшая Тройца яўным чынам так называлася. Гэта праўда, што большая частка гэтага інтроіта заснавана на шостым вершы згаданага раздзела, але няправільна было б казаць, што гэты інтроіт узяты адтуль цалкам. Мы казалі пра тое, што адзін інтроіт узяты з апакрыфічнай кнігі; гэты інтроіт выкарыстоўваецца на Імшы трэцяга дня [у аўторак] пасля нядзелі Пяцідзесятніцы і пачынаецца словамі “Accipite iucunditatem”. Ён запазычаны з 4-й кнігі Эздры [2], раздзел 2.

Тэма інтроіта. — Зазвычай тэма інтроіта з’яўляецца ключом да ўсёй Імшы дня. Калі Імша служыцца з нейкай урачыстай нагоды, а інтроіт бярэцца з псальмаў, то часта гэта псальмы, якія найбольш яскрава выказваюць радасць і святкаванне. Таму ў нядзелю Пасхі, калі ўся зямля спявае хвалу слаўнаму Уваскрасенню нашага Боскага Пана, інтроіт бярэцца з аднаго з найпрыгажэйшых псальмаў сярод усіх ста пяцідзесяці, а менавіта з псальма 138.

Пры сумных нагодах інтроіт бярэцца з так званых элегічных псальмаў, як, напрыклад, у нядзелю Сямідзесятніцы, калі Касцёл апранаецца ў сваё пакутнае ўбранне і шчыра заклікае сваіх дзяцей постам і пакаяннем рыхтавацца да жалобнай трагедыі, якая адбудзецца ў апошні тыдзень Вялікага посту.

У святы канкрэтных святых інтроіт фарміруецца такім чынам, каб ён падкрэсліваў нейкую асаблівую рысу ў жыцці святога. Таму, напрыклад, у выпадку св. Гераніма Эміліяні, які быў вядомы ва ўсім свеце сваім незвычайным спачуваннем у адносінах да пакінутых дзяцей, інтроіт бярэцца з Плачу Ераміі: “Выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада” (2:11).

Структура інтроітаў. — Зазвычай інтроіт складаецца з некалькіх вершаў пэўнага псальма альбо іншай часткі Святога Пісання, пасля чаго ідзе малая даксалогія. Раней у гэтым месцы альбо святар, альбо часцей хор паўтараў увесь псальм (Bona, с. 312). Папа Бенедыкт XIV кажа, што гэты звычай пераважаў у большасці касцёлаў да XVI стагоддзя (De Sacro Missae Sacrif., раздз. XVII).

Калі святар прачытаў увесь інтроіт, ён паўтарае далучаны да яго фрагмент псальма. З містычнага пункту гледжання, гэтая ўводная малітва нагадвае нам просьбы і трывожныя месіянскія чаканні патрыярхаў і прарокаў старажытнасці, а двайны паўтор псальма адданасць, з якой яны чакалі прыйсця Месіі (Durandus, Rationale Divin., с. 153). У многіх псальмах караля Давіда мы знаходзім прыклады гэтай святой надакучлівасці, бо ў іх мы бачым, як найбольш важныя вершы прамаўляюцца двойчы і тройчы (гл., напрыклад, псальм 41). Песня песняў таксама мае шмат падобных прыкладаў. Так, у чацвёртым раздзеле ўзлюбленую заклікаюць з Лібана тройчы: “Прыйдзі з Лібана, мая ўзлюбленая, прыйдзі з Лібана, прыйдзі”.

Святары кармелітанскага абраду пры звычайных нагодах паўтараюць інтроіт такім самым чынам, як і мы; аднак у больш урачыстыя святы года яны паўтараюць яго тройчы. Лебрэн кажа, што літаральнае і натуральнае значэнне такога падаўжэння гэтай часткі Імшы з’яўляецца жаданне даць больш часу на акаджэнне алтара і г. д. на ўрачыстай спяванай Імшы, дзе абавязак выканання інтроіта заўсёды ляжыць на хоры (гл. Explication des Prières et des Cérémonies de la Messe, І, 176).

Фартунат сцвярджае (De Ord. Antiph., раздз. xxi.), што біскуп Трыра Альмарык даводзіў, што Усемагутны Бог засведчыў сваё адабрэнне гэтай часткі Імшы тым, што ў свята Эпіфаніі ў святой Сафіі ў Канстантынопалі прымусіў сваіх анёлаў спяваць інтроіт Імшы, псальм 94 “Venite exsultemus”.

У Імшах за памерлых святар робіць знак крыжа напачатку інтроіта не на сабе, а на кнізе, у накірунку зямлі, быццам ён благаслаўляе зямлю, дзе спачываюць памерлыя (Kozma, с. 226).

Інтроіты на Усходзе. — У Імшы на Усходзе ёсць два інтроіты, альбо ўваходы. Ніводзін з іх не адпавядае нашаму ў дакладнасці; хутчэй яны з’яўляюцца малой і вялікай працэсіямі. Малы ўваход адбываецца нядоўга перад тым, як са святыні выдаляюць катэхумэнаў [3], і заключаецца ў тым, што дыякан пераносіць кнігу Евангелляў да алтара. Вялікі ўваход, які грэкі называюць megale eisodos, адбываецца ўжо пасля выдалення катэхумэнаў і суправаджаецца настолькі шыкоўнымі рытуаламі, што некаторыя абураюцца на гэта. Каб зразумець прычыну абурэння, трэба памятаць, што нагодай для вялікага ўваходу служыць перанясенне ва ўрачыстай працэсіі некансэкраваных постацяў ад крэдэнса да галоўнага алтара сярод дыму кадзільніцы і зіхацення мноства свечак. Гэтую працэсію суправаджае армія дыяканаў і акалітаў, а сабраныя людзі схіляюцца перад гэтай працэсіяй у ціхім пакланенні. Менавіта апошняе стала нагодай для скаргаў і прывяло да таго, што Святы Пасад выслаў ва ўсходнія рэгіёны цэнзараў, якія павінны былі скасаваць гэты абрад у праваслаўных літургіях. Усходнія хрысціяне спрабуюць абараніць гэты, на першы погляд, дзіўны звычай, кажучы, што ў гэты момант прадугледжваецца не пакланенне, а толькі прадчувальная пашана з увагі на тое, што хлеб і віно будуць перамененыя падчас Найсвяцейшай ахвяры ў Цела і Кроў Хрыста. Такое тлумачэнне дае Габрыэль, экзарх Філадэльфіі (Neale, Holy Eastern Church, I, 375).


[1] Згодна з агульным меркаваннем, Седулій быў ірландцам па нараджэнні. У маладым узросце ён пасяліўся ў Італіі, дзе з вялікім поспехам скончыў навучанне і быў пасвячаны ў святары, а потым, як кажуць некаторыя, і ў біскупы. Усе кажуць пра яго як пра знакамітага навукоўца і глыбока пабожнага чалавека. У сваіх набажэнствах Касцёл выкарыстоўвае многія ягоныя гімны, сярод якіх “A solis ortus cardine”, які спяваецца падчас Ютрані ў свята Божага Нараджэння, а таксама “Herodes hostis impie”, альбо, як ён гучыць у Брэвіярыі, “Crudelis Herodes”. Гэтага Седулія не трэба блытаць з іншым Седуліем, якога завуць Малодшым і які ў VIII ст. быў біскупам у Іспаніі, а таксама напісаў гісторыю старажытнасці ірландскага народа.

[2] На Трыдэнцкім саборы вялася вельмі ажыўленая дыскусія наконт таго, ці правільна будзе ўключыць гэтую кнігу ў канон Пісання. Некаторыя Айцы, улічваючы яе агульную карысць і высокую мову выразаў, выступалі за яе ўключэнне, тады як іншыя выступалі супраць. Апошнія, аднак, перамаглі, і так гэта засталося да нашага часу.

[3] Хоць цырымонія выдалення катэхумэнаў ужо даўно не практыкуецца ані на Захадзе, ані на Усходзе, усходнія хрысціяне захоўваюць яе сляды.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up