Парафія брацтва св. Пятра (FSSP) у Ліёне апублікавала відэазапіс часткі Імшы ў ліёнскім абрадзе. Як і многія альтэрнатыўныя лацінскія абрады, гэты абрад выйшаў з ужытку ў сярэдзіне ХХ ст., хоць праблемы ў яго пачаліся яшчэ падчас Вялікай французскай рэвалюцыі. Цяпер жа святары FSSP, што служаць у Ліёне, адраджаюць не толькі традыцыйны рымскі абрад, але і ліёнскі. Згодна з раскладам, такая Імша ў парафіі ўжо служыцца кожную нядзелю і ў абавязковыя святы.

Запісаны фрагмент Імшы даволі кароткі і ўключае ў сябе толькі “Ойча наш” і абрад ламання хлеба (fractio panis), аднак у ім можна заўважыць некаторыя асаблівасці ліёнскага абраду. Падчас малітвы “Ойча наш” святар трымае гостыю над келіхам, ўздымаючы яе на словы “як у небе” і апускаючы на словы “так і на зямлі”. Малітва “Libera nos” чытаецца гучна, тады як у рымскім абрадзе святар прамаўляе як ціха. Таксама ў ліёнскім абрадзе перастаўлены месцамі апусканне часцінкі ў келіх і малітва “Agnus Dei”. Нарэшце, у Імшы на відэа можна бачыць вялікі карпарал, задняя частка якога выкарыстоўваецца ў якасці палы. Выглядае даволі прыгожа.

Параўнаць парадак Імшы ў традыцыйным рымскім і ліёнскім абрадах можна пры дапамозе табліцы Synopsis rituum. Аналагічнае відэа для традыцыйнай рымскай Імшы ёсць у нашым відэападручніку.

Фота: Schola Sainte Cécile (Facebook).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар