Пасля “Confiteor”, які прамаўляе таксама і прыслугоўваючы, святар кажа: “Няхай змілуецца над табою Бог усемагутны і, адпусціўшы табе грахі, давядзе цябе да жыцця вечнага”. Калі прыслугоўваючы адказаў: “Амэн”, святар дадае: “Дараванне, разграшэнне і адпушчэнне грахоў нашых няхай дасць нам усемагутны і міласэрны Пан”, на што таксама ідзе адказ “Амэн”. Напачатку апошняй малітвы, якая называецца “Indulgentiam”, святар робіць на сабе знак крыжа, каб паказаць, што толькі праз Таго, хто з любові да чалавека памёр на крыжы, ён спадзяецца на міласэрнасць і прабачэнне. Затым ён прамаўляе некалькі вершаў са Святога Пісання, пераважна з псальмаў, і ўзыходзіць па прыступках, кажучы такую прыгожую малітву: “Адымі ад нас, просім Цябе, Пане, беззаконні нашыя, каб да святога святых з чыстым сэрцам мы ўвайсці заслужылі. Праз Хрыста, Пана нашага”.

Выраз “святое святых”, альбо па-габрэйску קֹדֶשׁ ‏הַקֳּדָשִׁים (Кадэш ха-Кадашым), датычыцца таго месца Саламонавай святыні, да якой ніхто не меў доступу, акрамя першасвятара, ды і апошні мог уваходзіць туды толькі ў вялікі Дзень адкуплення, які святкаваўся штогод у месяцы тышрэй. Ва ўсе іншыя часы лічылася блюзнерствам нават заглядаць у гэтае святое месца, куды нават дзённае святло не магло прайсці і дзе нічога не магло знаходзіцца, акрамя Каўчэга Запавету, над накрыўкай якога (яна звалася накрыўкай прымірэння) ззяла боская Шэхіна [1], альбо бачнае аб’яўленне прысутнасці Яхвэ ў выглядзе ззяючага воблака.

Гэтая малітва выдатна пасуе да дадзенай часткі Імшы. У Саламонавай святыні святое святых было цалкам аддзелена ад астатняй часткі памяшкання і ад позіркаў людзей тоўстым палатном, якое нікому не было дазволена адсоўваць, акрамя першасвятара ў Дзень адкуплення і толькі пасля доўгай малітвы і ачышчэнняў, прадпісаных законам. Таму, просячы ўсемагутнага Бога адняць ад нас нашыя беззаконні, мы нібыта просім Яго адхінуць гэтую заслону, бо нашыя грахі, як гэтая заслона, перашкаджаюць нам бачыць Яго такім, якім Ён з’яўляецца, і стрымліваюць нас перад сапраўдным святым святых, дзе прабывае не проста Шэхіна, а Яхвэ Новага Запавету, сам Сын Божы, Яго Цела і Кроў, Душа і Боскасць. Але як прадмет пераўзыходзіць свой уласны цень, так і нашае святое святых пераўзыходзіць святое святых Саламонавай святыні, а табернакулюм, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, з’яўляецца бясконца больш святым, чым Каўчэг Запавету. Адпаведная малітва вельмі старажытная, і яе можна сустрэць у старажытных рымскіх парадкай Імшы, а таксама пра яе згадвае “Мікралог” [2] з ХІ стагоддзя (Romsee, IV, с. 75).

Калі святар дайшоў да алтара, ён кладзе на яго рукі і, крыху схіліўшыся, чытае малітву “Oramus te, Domine”, якую можна перакласці наступным чынам: “Молім Цябе, Пане, праз заслугі святых тваіх, чые рэліквіі тут спачываюць, і ўсіх святых будзь ласкавы дараваць мне ўсе грахі мае”. Калі ён прамаўляе словы “чые рэліквіі тут спачываюць”, ён цалуе алтар, каб паказаць пашану да саміх святых рэліквій, а таксама каб засведчыць сваю любоў да нашага Боскага Пана, Якога містычным чынам сімвалізуе алтар. Паколькі мы ўжо прысвяцілі некалькі старонак звычаю змяшчэння рэліквій у алтарах, тут мы дададзім толькі тое, што ў тым выпадку, калі па нейкай прычыне ў алтары няма рэліквій, як часта бывае ў гэтай краіне, малітву “Oramus te, Domine” ўсё адно няможна прапускаць.

На ўрачыстай спяванай Імшы ў гэты момант акаджваюць алтар, а ў ціхай Імшы пасля малітвы “Oramus te, Domine” святар адразу ідзе да Імшала, які стаіць на баку Паслання.

Старажытныя звычаі. — Хоць малітва, пра якую мы кажам, знаходзіцца яшчэ ў Імшалах ІХ стагоддзя, у многіх касцёлах усё ж ніколі не было звычаю ей прамаўлення. Тое ж мы знаходзім у літургіі картузіянцаў ці дамініканцаў. Першыя кажуць замест яе “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”; другія ж проста цалуюць алтар і не кажуць нічога, акрамя “Адымі ад нас”.

У старажытныя часы быў распаўсюджаны звычай цалаваць у гэты момант не сам алтар, а крыж, які быў намаляваны на Імшале (Romsee, IV, 77). Сляды гэтага звычаю дагэтуль захаваліся ў Пантыфікальнай Імшы, калі біскуп, прамовіўшы малітву “Oramus te, Domine”, спачатку цалуе алтар, а затым Евангелле дня, якое яму падае субдыякан. Некаторыя мелі звычай цалаваць знак крыжа, накрэслены пальцам на алтары. Дамініканцы дагэтуль захоўваюць такую практыку.

Усходнія звычаі ў гэтай справе. — Нестарыянскія святары цалуюць алтар пры першым падыходзе да яго, як і мы, а потым на працягу Імшы часта паўтараюць гэты знак пашаны (Smith, Dwight, Researches in Armenia, ІІ, 261 і далей). Армяне цалуюць прыгожы крыж на задняй вокладцы Імшала (ibid., 112). Што датычыцца астатніх усходніх хрысціянаў, то іхняя практыка дакладна адпавядае нашай, як можна бачыць з іх літургій.

У гэтым месцы мы асмелімся звярнуць асаблівую ўвагу чытача на той факт, пра які варта заўсёды памятаць, а менавіта што наўрад ці існуе цырымонія альбо літургічны звычай, які знаходзіўся ва ўжытку раней і якога нельга знайсці — цалкам альбо часткова — у сённяшняй літургіі Касцёла. Тое, чаго няма ў ціхай Імшы, ёсць у спяванай. Што няможна ўбачыць у Імшы простага святара, можна ўбачыць у Імшы біскупа. А калі чагосьці няма ў Імшы біскупа, то гэта будзе ў Імшы Папы. Вось некалькі прыкладаў таго, што мы маем на ўвазе. У старажытныя часы пацалунак спакою, альбо “pax”, быў звычайнай з’явай для кожнай Імшы, і кожны прысутны атрымліваў яго ў сваю чаргу; цяпер жа ён перадаецца толькі на ўрачыстай спяванай Імшы і толькі тым, хто прысутнічае ў прэзбітэрыі. Калісьці таксама быў распаўсюджаны звычай перад тым, як святар пачне падымацца да алтара, чапляць да яго левага запясця насоўку, або маніпул. Сёння такі звычай захоўваецца ў Імшы біскупа, бо яму накладаюць маніпул падчас малітвы “Indulgentiam”. Зноў жа, калі людзі прымалі Камунію пад дзвюма постацямі, побач са святарскім келіхам выкарыстоўваліся іншыя, дапаможныя келіхі, з якіх Найдаражэйшая Кроў удзялялася пры дапамозе трубачак; гэтыя трубачкі выкарыстоўваюцца і цяпер у папскай Імшы. Многія рэчы можна таксама бачыць у Імшах за памерлых, якія паходзяць з самых старажытных дзён і ў якіх, напрыклад, прапускаецца ўступны псальм, благаслаўленне вады падчас аферторыя і людзей напрыканцы Імшы.

Можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў, але мы спынімся толькі яшчэ на адным, узятым з Божага Афіцыя. Шырока вядома, што ў тыя часы, калі была распаўсюджана disciplina arcani, альбо дысцыпліна сакрэту, малітва Панская была адной з тых рэчаў, якую катэхумэнам не дазвалялі вучыць і нават чуць. Вось жа, паколькі ім было дазволена прысутнічаць на цэлебрацыі Божага Афіцыя, гэтую малітву ніколі не прамаўлялі гучна, каб катэхумэны не маглі яе пачуць. У Імшы ж сітуацыя была адваротная: ніводзін катэхумэн не мог прысутнічаць у касцёле пасля Евангелля, і таму святар мог прамаўляць малітву “Ойча наш” гучна, бо не было небяспекі, што ў касцёле застаўся хтосьці, хто не быў вернікам. Той самы звычай і да сёння захоўваецца ў Афіцыі і Імшы.


[1] Шэхіна была рэдкім прывілеем Саламонавай святыні, якой не мелі далейшыя святыні. Згодна з навучаннем рабінаў, прысутнасць Шэхіны адганяла дэманаў і перадавала асаблівую святасць усім, хто знаходзіўся ў святым будынку (Bannister, Temples of the Hebrews, с. 142). Сярод габрэяў ёсць даўняе паданне, паводле якога пры разбурэнні Храма халдэямі людзі бачылі, як Шэхіна выляцела з яго ў выглядзе вельмі прыгожай галубкі, так ніколі і не вярнуўшыся.

[2] Не да канца зразумела, ці гэта назва кнігі, ці аўтара. Ва ўсякім выпадку, кажуць, што яна была ўкладзена ў хуткім часе пасля смерці Папы Грыгорыя VII, якая наступіла ў 1085 годзе.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: James Bradley (CC BY).

Пакінуць каментар