26.02.2018 / Te igitur

Кардынал Арынзэ пра літургічны танец і свецкую музыку🕑 4 хвілін

На Фэйсбуку, у каментарах да аднаго з нашых допісаў, зайшла размова пра “літургічныя танцы” і іх дарэчнасць для літургіі рымскага абраду. На наша сціплае меркаванне, тут няма чаго абмяркоўваць, бо і цяперашні літургічны закон, і традыцыя Касцёла на гэты конт даволі зразумелыя. Ды і справа тут не ў саміх танцах, а ў тым, што чалавек пакідае сабе права на літургічную крэатыўнасць і гатовы яго абараняць, зазвычай не па сваёй віне даводзячы, што чорнае — гэта белае, а 2 + 2 = 5.

Выпраўляючы падобныя скажэнні, застаецца толькі зноў і зноў вяртацца да вучэння Касцёла, да паслухмянасці аўтарытэтам, да аргументаў розуму, раз за разам адыходзячы ад суб’ектыўнага ўспрымання літургіі і Бога і ад разумення чалавека як цэнтральнай кропкі сусвету.

Нашым сённяшнім аўтарытэтам будзе нігерыйскі кардынал Фрэнсіс Арынзэ, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў (2002–2008). У прыведзеным фрагменце відэа ён адказвае на пытанні аўдыторыі на канферэнцыі “Totus Tuus” у 2007 годзе.

* * *

П.: Ці ёсць сітуацыі, калі падчас Імшы дазволены танец? І яшчэ пытанне: што наконт свецкай музыкі?

Кардынал Фрэнсіс Арынзэ: Танец — гэта рэч, чужая для лацінскага абраду Імшы. Наша кангрэгацыя разглядала гэтае пытанне многія гады. На гэтую тэму не існуе глабальных дакументаў Касцёла, але інструкцыя нашай кангрэгацыі наступная: што датычыцца літургіі ў сціслым сэнсе, гэта значыць Імшы, сакрамэнтаў, Еўропа і Амерыка не павінны казаць пра літургічны танец увогуле. Таму што танец у тым выглядзе, якім яго ведае Еўропа і Паўночная Амерыка, не з’яўляецца часткай культу. Таму пра яго трэба забыцца і не казаць пра яго ўвогуле (апладысменты).

Але сітуацыя іншая для Афрыкі і Азіі. Не таму, што для іх зроблена выключэнне, а таму што іхняя культура іншая. Калі вы дасцё тыповаму афрыканцу дары, якія ён мусіць прынесці да алтара падчас аферторыя, і дасцё тыповаму еўрапейцу тыя самыя дары, каб і ён прынёс іх, — калі яны не будуць бачыць адзін аднаго, то, ідучы да алтара, еўрапеец хутчэй будзе нацягнуты, а афрыканец хутчэй будзе рабіць рухі — налева, направа. Гэта не танец — гэта ветлівы рух, які выражае радасць і ахвярнасць. Таксама і азіяты маюць вытанчаныя рухі, якія выражаюць павагу, пакланенне, радасць. У Афрыцы няма аднолькавых культур. Калі вы знаходзіцеся ў Ашанці, у Гане, яны робяць адмысловыя вытанчаныя рухі.

Біскупы кожнай краіны мусяць назіраць за гэтым, ведаючы, што мэтаў Імшы чатыры: пакланенне, пакаянне, падзяка і просьба у нашых патрэбах. Калі рухі дапамагаюць гэтым мэтам — так, калі не дапамагаюць — не.

Такім чынам, калі вы кажаце пра танец у Еўропе ці Паўночнай Амерыцы, людзі думаюць пра суботні вечар, танцавальныя залы, танец мужчыны з жанчынай — і гэта ўсё добра ў якасці адпачынку, але мы не прыходзім на Імшу, каб забаўляцца. Мы не прыходзім на Імшу, каб захапляцца людзьмі. І пляскаць ім у далоні. І казаць: давай, яшчэ! цудоўна! выдатна! Гэта добра для выступаў, для тэатра, нават для парафіяльнай залы пры ўмове, што гэты танец прымальны з маральнага пункту гледжання. Бо ёсць танцы, непрымальныя ўсюды. Нават у парафіяльнай зале і ў тэатры непрымальныя, бо яны празмерна правакацыйныя. Але ў Афрыцы і Азіі таксама не ўсе танцы прымальныя. Ёсць некаторыя танцы, якія цалкам непрымальныя падчас любой рэлігійнай падзеі. Таму тут ёсць розніца.

Але ў тым, што датычыцца Еўропы ці Паўночнай Амерыкі, мы лічым, што танец не павінен уваходзіць у літургію ўвогуле. А людзі, якія абмяркоўваюць літургічны танец, павінны выдаць гэты час на ружанец альбо на чытанне папскіх дакументаў пра Святую Эўхарыстыю. У нас і так дастаткова праблем. Навошта баналізаваць літургію яшчэ больш? Навошта дэсакралізаваць яе яшчэ больш? Ці не дастаткова нам існуючага замяшання? Калі вы хочаце пацешыцца танцам, вы ведаеце, куды пайсці, — не на Імшу.

П.: Яшчэ пытанне пра свецкую музыку…

ФА: А, дакладна! Кожная музыка мае свае абставіны. На Імшу мы прыходзім — зноў-такі — па тых самых чатырох прычынах. Ці гэтая музыка азначае пакланенне Богу, альбо праслаўленне Бога, альбо просьбу прабачыць грахі, альбо просьбу ў нашых патрэбах? Адпачынак — гэта зусім іншае.

Уявіце сабе маэстра, які жэстыкулюе, робіць пацешныя рухі, большасць з якіх непатрэбная, а потым заканчвае, нізка кланяецца, а зала выбухае авацыямі. Гэта добра — для тэатра, але не для Імшы. Маладыя людзі, рок-музыка, яны забаўляюцца. Гэта добра — для пікніка, але не для Імшы. Для ўсяго ёсць сваё адпаведнае месца.

Таму біскупы кожнай тэрыторыі павінны стварыць добрую музычную камісію і выдаць спеўнік, які ўтрымлівае каталіцкія гімны, каб спяваліся толькі каталіцкія спевы. Таму што тое, што мы спяваем, павінна выказваць тое, у што мы верым, павінна паіць нашую веру. А не проста спяваць абы-што… Спевы павінны быць тэалагічна глыбокія, літургічна ўкаранёныя і музычна прымальныя. На жаль, шматлікія спевы, якія гучаць у каталіцкіх касцёлах, не павінны гучаць унутры касцёлаў увогуле.

Фота: Padre Mimmo Spatuzzi (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up