Амаль адразу пасля “Хвала Айцу” наступае “Confiteor”, альбо вызнанне грахоў, якое святар рэцытуе, нізка схіліўшыся і ў глыбокай пакоры. Ён кажа наступныя словы: “Спавядаюся Богу Усемагутнаму, Найсвяцейшай заўсёды Панне Марыі, святому Міхалу Арханёлу, святому Яну Хрысціцелю, святым Апосталам Пятру і Паўлу, усім святым і вам, браты, што зграшыў я вельмі, думкаю, словам і ўчынкам: мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна. Таму прашу Найсвяцейшую заўсёды Панну Марыю, святога Міхала Арханёла, святога Яна Хрысціцеля, святых Апосталаў Пятра і Паўла, усіх святых і вас, браты, памаліцца за мяне да Пана Бога нашага”.

Тая форма споведзі, якая выкарыстоўваецца сёння, мае не вельмі даўняе паходжанне, аднак усе згаджаюцца, што яе асноўная структура мае апостальскае паходжанне. І ўсё ж не трэба лічыць, што яна з’яўлялася часткай Імшы ад самых апостальскіх дзён; найлепшыя аўтарытэты сцвярджаюць, што яна з’явілася ў Імшы толькі ў VIII стагоддзі (Romsee, IV, 69). Кардынал Бона выказвае здагадку, што нейкая форма споведзі павінна была выкарыстоўвацца ўвесь час, аднак што гэта была за форма і адкуль яна ўзялася, ён не асмельваецца меркаваць (Rer. Liturg., с. 310). Мераці кажа, што вызнанне грахоў падчас Імшы было зведзена да цяперашняй формы Трэцім Равэнскім саборам у 1314 годзе, а ўсе іншыя былі скасаваны.

Сярод тых формаў, што раней выкарыстоўваліся ў Імшы, найкарацейшая знаходзіцца ў сарумскім [1] Імшале: “Спавядаюся Найсвяцейшай Дзеве Марыі, усім святым і вам, што зграшыў я вельмі думкаю і ўчынкам: мая віна. Я прашу Найсвяцейшую Дзеву Марыю, усіх святых і вас памаліцца за мяне”.

Дамініканцы выкарыстоўваюць наступную форму споведзі: “Спавядаюся Богу Усемагутнаму, Найсвяцейшай заўсёды Панне Марыі, святому айцу нашаму Дамініку і ўсім святым, што зграшыў я вельмі, думкаю, словам, учынкам і занядбаннем: мая віна. Таму прашу Найсвяцейшую заўсёды Панну Марыю, святога айца нашага Дамініка і ўсіх святых памаліцца за мяне”.

Калі святар кажа “мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна”, ён тройчы ўдарае сябе ў грудзі на знак шкадавання аб тым, што пакрыўдзіў Бога тымі спосабамі, якія ён пералічвае. Гэта вельмі старажытная практыка, бо яе рабіў яшчэ бедны мытнік, калі ён увайшоў у святыню памаліцца, а таксама людзі, якія сталі сведкамі ўкрыжавання Пана на Кальварыі, бо Святое Пісанне кажа, што яны “вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі” (Лк 23:48). Гэты звычай быў таксама вельмі распаўсюджаны ў раннім Касцёле. “Мы ўваходзім у святыню ў мяхах і попеле, — кажа св. Грыгорый Назіянзін, — і ўдзень, і ўначы мы б’ем сябе ў грудзі” (Bona, с. 311). Дзюран кажа, што трайны ўдар у грудзі падчас вызнання грахоў павінен нагадаць нам пра тры істотныя часткі сакрамэнту пакаяння, а менавіта пра раскаянне, споведзь і сатысфакцыю.

Споведзь у Старым Законе. — Пра тое, што споведдзю папярэджвалася прынашэнне ахвяры таксама ў Ааронавых абрадах, кажа рабін Мошэ Майманід і іншыя габрэйскія вучоныя (Bona, с. 309). Парадак, паводле якога яна павінна была здзяйсняцца, быў падрабязна апісаны ў Мішне, а Кабала растлумачыла яе духоўнае значэнне [2]. Для споведзі выкарыстоўвалася наступная формула: “Сапраўды, о Пане, я зграшыў, я дзейнічаў вельмі несправядліва, я выкручваўся перад Табою, і я асаромлены сваімі справамі; больш ніколі я да іх не вярнуся”. Габрэі называлі яе “Viddin Haddenarin” (Merati, Thesaur. Sac. Rit., с. 158).

Без выразнага дазволу Святога Пасаду да “Confiteor” няможна нічога дадаваць. Прывілеем дадавання да яго сваіх заснавальнікаў карыстаецца некалькі ордэнаў, а менавіта бенедыктынцы, кармеліты, дамініканцы, францысканцы і аўгустынцы.

Споведзь на Усходзе. — Як мы бачым з адпаведных літургій, усе Усходнія Касцёлы захоўваюць практыку здзяйснення перад Імшою споведзі ў тым ці іншым выглядзе. Калі казаць пра словы, то ва ўсіх, акрамя армянаў, форма адрозніваецца ад нашай, але сэнс заўсёды той самы. Мараніты карыстаюцца наступнай формулай: “Прашу Цябе, Божа, зрабіць мяне годным падысці да Твайго чыстага алтара без плямы і заганы, бо я, слуга Твой, грэшнік, і здзейсніў я грахі і неразумныя справы перад Тваім абліччам. Не годны я ані падысці да Твайго чыстага алтара, ані прымаць Твае святыя сакрамэнты, але я прашу Цябе, о Справядлівы, о Міласэрны, о Чалавекалюбец, паглядзець на мяне вачыма сваёй міласэрнасці”.


[1] Сарум быў старажытным мястэчкам у англійскім графстве Уілтшыр, крыху на поўнач ад Солсбэры. Ён праславіўся дзякуючы святому Осмунду, які быў мясцовым біскупам у 1078 годзе і які пасля вялікай працы і старанных даследаванняў заснаваў так званы сарумскі абрад, альбо “сарумскі звычай”, добра вядомы па ўсёй краіне сваімі велічнымі абрадамі. Гэты абрад пераважаў у Вялікабрытаніі да панавання каралевы Марыі ў 1560 годзе, калі кардынал Поўл, арцыбіскуп Кентэрберыйскі, увёў замест яго звычайны рымскі абрад. (Падрабязнае апісанне гл. у Butler, Lives of the Saints, у гісторыі св. Осмунда, 4 снежня, а таксама ў Rock, Church of Our Fathers, том ІІІ, частка ІІ.) Сарумскі абрад ніколі не выкарыстоўваўся ў Лінкальне, Херэфордзе і Ёрку, але меў месца ў Пітэрбора, Ілі і Дарэме. Як мы ўбачым далей, у большасці цырымоній ён нагадваў картузіянскі і дамініканскі абрады.

[2] Кабалу габрэі называюць “душою душы закону”. У адрозненне ад Мішны, якая з’яўляецца проста “душою закону”, Кабала з’яўляецца зборнікам усіх пастановаў рабінаў па грамадзянскіх і рэлігійных пытаннях. Калі казаць дакладна, гэта было няпісанае слова, якое перадавалася ад продкаў да нашчадкаў і ўтрымлівала ўсё неабходнае, каб разумець закон і прарокаў. Паводле габрэйскіх настаўнікаў, яе перадаў Майсею на Сінаі сам Бог, але Ён не загадваў яе запісаць. Яе мэтай было растлумачыць усе цяжкія месцы ў законе і даць ім містычную інтэрпрэтацыю. Тыя, хто практыкаваўся ў такой форме экзэгетыкі, называюцца кабалістамі. Іхнія галоўныя каментары знаходзяцца ў кнізе Зоар, якую напісаў нібыта рабін Шымон бэн-Ёхай, які памёр каля 120 года н. э. Іншыя датуюць яе пазнейшымі гадамі (гл. The Reasons of the Law of Moses, from the More Nevochim of Maimonides, пераклад на англ.: James Townley, D.D., London. 1827; Bannister, Temples of the Hebrews, c. 359).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: James Bradley (CC BY).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар