Падчас вясновага пасяджэння ў Інгальштаце нямецкая біскупская канферэнцыя большасцю галасоў прыняла рашэнне наконт допуску некаторых пратэстантаў да Камуніі. Цяпер міжканфесійныя сем’і, дзе адзін з сужэнцаў з’яўляецца каталіком, а іншы пратэстантам, змогуць сумесна прымаць Камунію ў каталіцкіх касцёлах.

Пра адпаведнае рашэнне ўчора на адмысловай канферэнцыі паведаміў арцыбіскуп Мюнхена кардынал Рэйнхард Маркс. Па яго словах, за такі “накірунак працы” прагаласавала абсалютная большасць нямецкіх біскупаў, хоць на пасяджэнні і вялася “інтэнсіўная дыскусія”, падчас якой былі выказаны “сур’ёзныя перасцярогі”.

Кардынал Маркс абгрунтаваў зацверджаны допуск пратэстантаў да Камуніі канонам 844 Кодэкса кананічнага права, які рэгулюе ўдзяленне сакрамэнтаў некаталікам у Каталіцкім Касцёле і каталікам у некаталіцкіх хрысціянскіх супольнасцях:

§ 4 — Si adsit periculum mortis aut, iudicio Episcopi dioecesani aut Episcoporum conferentiae, alia urgeat gravis necessitas, ministri catholici licite eadem sacramenta administrant ceteris quoque christianis plenam communionem cum Ecclesia non habentibus, qui ad suae communitatis ministrum accedere nequeant atque sponte id petant, dummodo quoad eadem sacramenta fi dem catholicam manifestent et rite sint dispositi.

§ 4 — Пры небяспецы смерці або ў тым выпадку, калі, паводле меркавання дыяцэзіяльнага біскупа ці канферэнцыі біскупаў, да таго будзе змушаць іншая вострая неабходнасць, служыцелі-каталікі законна ўдзяляюць тыя ж сакрамэнты [пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых] і іншым хрысціянам, якія не маюць поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, якія не змогуць звярнуцца да служыцеля сваёй супольнасці і якія самі пра тое папросяць, калі толькі яны праявяць каталіцкую веру адносна гэтых сакрамэнтаў і будуць мець адпаведную ўнутраную паставу.

Па словах кардынала Маркса, вызначаць тыя выпадкі, калі пратэстант зможа прымаць Камунію ў каталіцкім касцёле, будзе мясцовы святар. Таксама ён заявіў, што дыяцэзіяльным біскупам цяпер належыць прыняць адпаведныя законы ў сваіх дыяцэзіях, бо толькі ардынарый можа ўстанаўліваць новыя законы ў сваёй дыяцэзіі.

Рашэнне біскупаў прадугледжвае неабходнасць паставіць перад пратэстантам умову, што “пасля глыбокага распазнання падчас духоўнай размовы са святаром альбо іншым пастырскім працаўніком ён павінен прыйсці да рашэння ў сумленні прызнаць веру Каталіцкага Касцёла”. Аднак кардынал Маркс адкідае ідэю таго, што прыняцце пратэстантам Камуніі павінна быць звязана з ягоным навяртаннем. Ён звярнуў увагу на тое, што новы дакумент нідзе не кажа пра тое, што пратэстант зможа прымаць Камунію толькі пасля навяртання.

Што датычыцца кансультацый з Ватыканам, то кардынал Маркс не лічыць іх неабходнымі. Па яго словах, нямецкія біскупы не змяняюць вучэння: яны толькі прапануюць новы пастырскі падыход, які не патрабуе зацвярджэння ў Ватыкане.

Новаўвядзенне каталіцкіх біскупаў Германіі з’явілася ў святле выказвання Папы Францішка, які ў лістападзе 2015 года сам прапанаваў падобнае выйсце адной лютэранцы, якая задала яму пытанне, ці магла б яна прыступаць да Камуніі разам са сваім мужам-каталіком:

Гэта праблема, на якую кожны павінен даць адказ, але мой сябар-пастар аднойчы сказаў мне: “Мы верым, што Пан прысутнічае тут, Ён прысутнічае. Вы ўсе верыце, што Пан прысутнічае тут. Дык якая розніца?” — “Ну, ёсць тлумачэнні, інтэрпрэтацыі”. Жыццё большае за тлумачэнні і інтэрпрэтацыі. Заўсёды вяртайцеся да свайго хросту. “Адна вера, адзін хрост, адзін Пан”. Гэта тое, што кажа нам Павел, і адсюль рабіце высновы. Я нават не асмелюся дазволіць гэта, бо гэта не ў маёй кампетэнцыі. Адзін хрост, адзін Пан, адна вера. Паразмаўляйце з Панам і наперад. Я не асмелюся сказаць нічога большага.

Кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, закрануў пытанне інтэркамуніі ў прадмове да нядаўна апублікаванай кнігі кс. Федэрыка Бартолі “La distribuzione della comunione sulla mano. Profili storici, giuridici e pastorali”. Кажучы пра знявагі, якія атрымлівае Пан Езус у святой Гостыі, кардынал у адным шэрагу называе рытуалы сатаністаў, блюзнерчыя прыняцці Камуніі, калі чалавек не знаходзіцца ў стане ласкі альбо не вызнае каталіцкую веру (“Тут я маю на ўвазе пэўныя формы інтэркамуніі”), а таксама адсутнасць веры ў Эўхарыстыю.

У 2015 годзе кардынал Сара таксама даў некаторыя каментарыі наконт словаў Папы Францішка да лютэранкі:

Гэта не пытанне таго, каб паразмаўляць з Панам і даведацца, ці магу я прыступаць да Камуніі. Не, я павінен ведаць, ці адпавядаюць мае дзеянні закону Касцёла. (…) Як я магу ведаць, што Пан сапраўды сказаў: “Ідзі і прымай Маё Цела”? Не. Чалавек не можа вырашаць, ці прымаць яму Камунію. Ён павінен кіравацца законам Касцёла, гэта значыць быць каталіком, знаходзіцца ў стане ласкі, быць сапраўдна жанатым [калі ён жанаты].

Таксама кардынал адзначыў, што такое супольнае прыняцце Камуніі ў нягодным стане не паспрыяе еднасці паміж сужэнцамі, бо, як казаў св. Павел, у такім выпадку чалавек “есць і п’е на сваё асуджэнне”.

Тым не менш рашэнне нямецкіх біскупаў удзяляць Камунію пратэстантам ужо выклікала станоўчую рэакцыю евангелічнай супольнасці Германіі, якая назвала яго “важным крокам на дарозе экуменізму”.

Ілюстрацыйнае фотаBotulph (CC BY-SA).

Пакінуць каментар