Для зручнасці святароў, якія хацелі б грунтоўна заняцца вывучэннем традыцыйнага лацінскага абраду, мы падрыхтавалі дзве тэкставыя крыніцы.

Перадусім гэта лацінска-беларускі парадак Імшы з рубрыкамі, лацінскі тэкст якога ўзяты з Рымскага Імшала 1962 года, а беларускі пераклад абапіраецца:

  • на афіцыйныя тэксты новай Імшы ў перакладзе ККББ (усюды, дзе гэта мэтазгодна);
  • альбо на пераклад, зроблены а. Міхалам Ермашкевічам ОР (там, дзе афіцыйны тэкст істотна адыходзіць ад арыгінала і дзе новая Імша не мае адпаведных тэкстаў).

Тэксты ў гэтым парадку Імшы прыводзяцца па магчымасці дакладна так, як яны прыведзены ў адпаведным раздзеле Рымскага Імшала, без інтэрпаляцый, экстрапаляцый і спрашчэнняў. З тэкста выдалены толькі набор прэфацый, малітвы на выбар у Рымскім Каноне і ноты спяваных частак. У цэлым жа, нам было важна, каб парадак Імшы як мага больш нагадваў тэкст Рымскага Імшала, бо тады яго можна выкарыстоўваць у адукацыйных мэтах.

Старонка з парадкам Імшы знаходзіцца ў дапрацоўцы, бо змест даволі вялікі і, напэўна, некаторыя хібы трэба будзе яшчэ выправіць. Тым часам, паколькі мы пачынаем праходзіць праз парадак Імшы і ў цыкле “Гісторыя Імшы“, гэты парадак паслужыць нам для арыентацыі і навігацыі, каб можна было разумець, дзе мы знаходзімся.

Дзеля зручнасці святароў мы захавалі чырвоны тэкст: рубрыкі, якія падказваюць святару, што ён павінен рабіць. Цікава, што ў Касцёле ў розныя часы ствараліся дапаможнікі для вернікаў, дзе пэўныя часткі Імшы перакладаліся на народныя мовы, але разам з тым ніколі не перакладаліся рубрыкі. Аўтар гэтых радкоў сустракаў інфармацыю (але, як заўсёды, не можа прыгадаць крыніцу) пра тое, што раней існавала забарона на іх пераклад, таму яны падаваліся толькі ў лацінскім варыянце.

Ускосна гэта пацвярджае пастар Джон Роджэрсан Котэр, пратэстант, аўтар кнігі “The Mass and Rubrics of the Roman Catholic Church, Translated Into English“. Як відаць з назвы, мэтай ягонай працы было прадставіць поўны пераклад сталых частак святой Імшы разам з рубрыкамі (а таксама, грунтуючыся на гэтых тэкстах, растлумачыць сваім каталіцкім чытачам, чаму ім не варта верыць у тое, у што яны вераць).

У прадмове гэты пастар заўважае, што сустракаў шмат малітоўнікаў з тымі ці іншымі часткамі святой Імшы, але нідзе яму не сустрэлася такой працы, дзе тэксты і рубрыкі Імшы разглядаліся б цалкам. Менавіта таму ён і вырашыў запоўніць гэты прагал.

Не ў апошнюю чаргу гэта магло быць звязана з тым, што Касцёл імкнуўся абараніць цырымоніі Імшы ад умяшальніцтва раскольнікаў і іншаверцаў, нібы працягваючы даўнюю практыку disciplina arcani, калі найвялікшыя таямніцы каталіцкай веры хавалі ад чужых і тых, хто толькі праходзіў катэхізацыю. Год жа выдання той кнігі — 1845.

Часы змяніліся, і цяпер для зручнасці кожнага — і каталіка, і атэіста — на народныя мовы пераклалі ўсе магчымыя тэксты, з тэкстамі ўрачыстага экзарцызма ўключна. Здабыць і прачытаць можна ўсё — акрамя тэкстаў традыцыйнага рымскага абраду. І цяпер, калі ўжо не святары хаваюць свае сакрэты, перадаючы іх адзін аднаму, а калі свецкія асобы мусяць святарам гэтыя сакрэты паказваць, мы вырашылі парушыць гэты звычай і перакладаць з рубрыкамі.

Другая крыніца інфармацыі — гэта таксама вядомы чытачам VI раздзел цырыманіяла кс. Адрыяна Фортэск’ю. Таксама ў адным месцы і таксама ў форме, зручнай для карыстання. Каментарый Фортэск’ю дапаўняе тэксты Імшы канкрэтнымі інструкцыямі і апісаннем тых дзеянняў, якія мусіць выконваць святар. Гэтыя ж інструкцыі ёсць у пачатку Імшала, але на лацінскай мове.

Fortescue-1943-low-mass

Агульна кажучы, першага і другога павінна для самастойнай працы хапіць. Але няма нічога больш каштоўнага, чым настаўнік і прыклад. У Беларусі ёсць святары, якія толькі і чакаюць магчымасці навучыць іншых, таму за кантактамі просім звяртацца.

На гэтай мажорнай ноце і са спакойным сумленнем развітваемся з тэмай навучання святароў цэлебрацыі Імшы ў надзвычайнай форме.

Фота: Lumen roma (CC BY).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар