Цяпер жа мы вернемся да таго месца, на якім спыніліся. Зрабіўшы на сабе знак крыжа, святар наперамен з прыслугоўваючым чытае псальм 42 “Iudica me, Deus”. Прымяненне гэтага псальма ў дадзенай частцы Імшы вельмі дарэчнае, калі ўлічыць тое, што, паводле самага распаўсюджанага меркавання, ён быў напісаны каралём Давідам, калі ён быў выгнаны з дому вераломствам свайго сына Абсалома і свайго родзіча Саўла. Адзіным суцяшэннем, якое ў яго засталося, была надзея вярнуцца назад да скініі, дзе ён мог лепш чым дзе выліць сваю душу перад Богам у пакорнай малітве.

Да часоў Папы Пія V рэцытацыя гэтага псальма цалкам пакідалася на выбар святара, падобна як сёння на выбар чытаецца пасля Імшы “Benedicite”. Аднак у новым выданні Імшала, апублікаваным па загадзе Трыдэнцкага сабора і адрэдагаваным згаданым Пантыфікам, яго рэцытацыя ўвайшла ў рубрыкі і стала абавязковай. Тыя, каму гэты Пантыфік дазволіў захаваць свае старажытныя абрады (картузіянцы, кармеліты, дамініканцы, амбразіянцы і г. д.), цяпер не прамаўляюць гэты псальм, а прынамсі робяць гэта не перад алтаром, як гэта робіцца ў нас. Кармеліты прамаўляюць яго ў дарозе да алтара, ды і то ціхім голасам і без антыфоны “Introibo”. Паколькі гэты псальм у пэўнай ступені носіць святочны характар, ён апускаецца ў Імшах за памерлых і падчас перыяду Мукі Пана. Такія выразы, як “чаму журышся, душа мая?” і “чаму ўва мне непакоішся?”, не адпавядаюць Імшам, якія служацца з жалобных нагодаў. Сярод іншых прычын пропуску гэтага псальма называюць захаванне слядоў старажытнага звычаю, калі гэты псальм увогуле не прамаўляўся (Romsee, IV, 60).

Завяршаецца псальм малой даксалогіяй “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн”.

Што датычыцца старажытнага паходжання даксалогіі “Хвала Айцу”, то тут існуе аднадушная згода, што, за выключэннем некалькіх словаў, яна паходзіць ад саміх апосталаў, якія пры ўдзяленні святога хросту прамаўлялі яе прынамсі ў хрысцільнай формуле (Kozma, 164). Да Нікейскага сабору (325 г.) яе форма была наступнай: “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому на векі вечныя. Амэн”. Астатняя частка была дададзена Айцамі сабору супраць ерэтыка Арыя, які аспрэчваў што наш Пан быў роўны ў вечнасці і хвале Богу Айцу (Selvaggio, 1. ii. p. i. c. 10). Дзюран сцвярджае, што Папа Дамас (366–384) па прапанове св. Гераніма загадаў, каб “Хвала” прамаўлялася пасля кожнага псальма (Rationale Divin., с. 330). Грэкі кажуць яе толькі пасля апошняга псальма і не зусім тымі словамі, што мы: “Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў”. Як і мы, яны называюць гэтую малітву малой даксалогіяй, у адрозненне ад вялікай даксалогіі “Хвала на вышынях”. Апошняя ніколі не прамаўляецца ў Імшах і Афіцыі за памерлых з-за іх жалобнага характару. У нестарыянаў выкарыстоўваецца наступная форма: “Хвала Табе, Божа Ойча! Хвала Табе, Божа Сыне! Хвала Табе, усеасвячальны Духу! Амэн” (Burder, II, 236).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Mater Dei Latin Mass Parish (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар