Напачатку Імшы святар робіць знак крыжа, дакранаючыся да лба, грудзей, левага і правага пляча і кажучы пры гэтым “In nomine Patris, et Filii, et Spiritus Sancti. Amen” — “У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн”. Калі ён дакранаецца да лба, ён кажа “ў імя Айца”; дакранаючыся да грудзей, ён кажа “і Сына”; а пераносячы руку ад левага пляча да правага, ён кажа “і Духа Святога. Амэн”. Мы звяртаем асаблівую ўвагу чытача на гэтае размеркаванне словаў, бо часта іх ставяць няправільна, і зазвычай нічога не чуваць, акрамя “амэн”, калі святар дакранаецца да правага пляча. Гэта цалкам няправільна, што можна лёгка дазнацца з рубрык, якія апісваюць спосаб выканання знака крыжа. Лішне казаць, што знак крыжа трэба заўсёды рабіць правай рукою.

Старажытныя звычаі, якія датычацца спосабу выканання знака крыжа. У раннія часы хрысціянскага Касцёла быў вельмі распаўсюджаны звычай выканання знака крыжа толькі на лбе. Тэртуліян (200 г.) згадвае пра гэта ў сваім творы “De Corona Militis” (раздзел ІІІ), як гэта робіць і рымскі парадак Імшы. Часам таксама крыжам пазначалі толькі вусны, а часам толькі грудзі. У розных месцах звычаі адрозніваліся. Стараючыся, аднак, захаваць след усіх гэтых старажытных пабожных практык, Касцёл выкарыстоўвае іх у пэўных частках сваіх абрадаў. Тры з гэтых цырымоній, напрыклад, аб’яднаныя ў кантэксце чытання Евангелля, калі святар, прамаўляючы пачатковыя словы, робіць знак крыжа на лбе, вуснах і грудзях. Знак крыжа толькі на вуснах захаваўся ў Божым Афіцыі (брэвіярыі) на словах “Domine, labia mea aperies” — “Пане, адкрый мае вусны”.

Калі старажытныя практыкі зніклі і была ўведзена цяперашняя дысцыпліна, доўгі час правілам было, дакрануўшыся да грудзей, пераносіць правую руку ад правага пляча да левага, а не як цяпер, ад левага да правага. Апошні варыянт набыў агульны характар у часы Папы Пія V (XVI ст.)

Іспанскія сяляне, робячы знак крыжа, кажуць такія словы: “Знакам святога крыжа выбаў нас ад ворагаў нашых, Пане, наш Божа! У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн, Езус”.

Што датычыцца складання пальцаў пры выкананні гэтага святога знака, то ў адзін час таксама існавалі розныя варыянты. Агульным жа жэстам у Лацінскім Касцёле было складанне мезенца і безыменнага пальца правай рукі і выцягванне астатніх трох; склаўшы так пальцы, рабілі знак крыжа. Біскупы і члены картузіянскага і дамініканскага ордэнаў захавалі гэты звычай. Два пальцы, з’яднаныя такім спосабам, сімвалізуюць дзве прыроды ў нашым Боскім Пану супраць эўтыхіянаў, якія казалі, што прырода была толькі адна. Іншыя тры пальцы азначаюць Найсвяцейшую Тройцу (Romsee, IV, 56; Bona, De Divina Psalmodia, c. 507). Чытачу будзе цікава даведацца, што Святы Айцец, калі ўдзяляе благаслаўленне, заўсёды складае пальцы такім чынам, па-старажытнаму. Гэта можна бачыць на любой правільнай выяве, якая прадстаўляе яго ў такой паставе.

Звычаі Усходняга Касцёла. Старажытная практыка дакранацца спачатку да правага пляча, а потым да левага ўсё яшчэ распаўсюджана сярод тых, хто трымаецца грэцкага абраду, але пальцы яны складаюць зусім іншым чынам. Робячы знак крыжа, грэцкі святар спачатку скрыжоўвае вялікі і безыменны пальцы правай рукі, і крыху згінае мезенец, каб ён па форме нагадваў месяц; указальны палец ён выпроствае, каб ён быў абсалютна роўны, а сярэдні палец ён крыху схіляе, каб ён прыняў тую ж форму, што і мезенец. Склаўшы так пальцы, ён падымае руку ўгору і робіць знак крыжа. Інтэрпрэтацыя гэтага жэсту вельмі цікавая. Выцягнуты ўказальны палец азначае грэцкую літару І; сагнуты сярэдні палец нагадвае літару С — адзін са старых спосабаў напісання літары “сігма”. Гэтыя літары І і С з’яўляюцца вядомым скаротам слова “Езус” і азначаюць яго першую і апошнюю літару. Скрыжаваныя вялікі і безыменны пальцы сімвалізуюць грэцкую літару Х; разам з мезенцам, сагнутым у форме літары С, яны ўтвараюць скарот слова “Хрыстус”. Таму разам усе пальцы азначаюць “Езус Хрыстус”. Грэкі настолькі старанна захоўваюць гэты жэст пры выкананні знака крыжа, што яны складаюць так пальцы, нават калі благаслаўляюць людзей дыкірыем і трыкірыем [1].

У вялікім саборы Святой Мудрасці ў Канстантынопалі, пра які мы ўжо шмат сказалі, над цэнтральнымі дзвярыма ёсць знакамітая выява нашага Пана са св. Янам Хрысціцелем з аднаго боку і Найсвяцейшай Дзевай Марыяй з іншага боку; сам Хрыстус благаслаўляе імператара Юстыніана, які нізка схіліўся перад ім, а пальцы ў Пана на гэтай выяве складзены менавіта так, як мы толькі што апісалі [2]. Хоць гэтая вялікая святыня больш не выкарыстоўваецца для хрысціянскага культу і была ператворана ў джума-мячэт [3], сляды гэтай старажытнай мазаікі ўсё яшчэ можна бачыць, хоць і ў вельмі кепскім стане.

Мараніты [4] пры выкананні знака крыжа прамаўляюць формулу “У імя Айца і Сына, і Духа Святога, адзінага Сапраўднага Бога” (Сірыйскі мараніцкі брэвіярый, афіцый будня).

Монафізіты [5], каб даць як мага большае сведчанне пра сваю ерась, згодна з якой яны вераць, што ў нашага Пана была толькі адна прырода, робяць знак крыжа адным пальцам. Праваслаўныя на Усходзе, каб супрацьстаяць гэтай ерасі, робяць знак крыжа двума пальцамі (Smith and Dwight, Researches in Armenia, І, 159, зноска; Bona, De Divina Psalmodia, с. 507-508). Згодна з першай са згаданых крыніцаў, армяне робяць знак крыжа дакладна так жа, як і мы.


[1] Дыкірый — гэта свечнік з дзвюма свечкамі, якія азначаюць дзве прыроды нашага Пана; а трыкірый з трыма свечкамі сімвалізуе Найсвяцейшую Тройцу. Імі грэцкі біскуп благаслаўляе людзей перад Імшою.

[2] Насамрэч, як вядома на сённяшні дзень, у паклоне перад Панам намаляваны імператар Леў VI, а па абодва бакі ад Хрыста знаходзяцца Дзева Марыя і арханёл Міхаіл (заўв. перакл.)

[3] Джума-мячэт для мусульманаў — гэта тое ж, што катэдра для хрысціянаў. Звычайныя месцы малітвы ў іх называюцца мячэтамі. Большыя з іх, тыя, дзе праводзяцца пятнічныя малітвы, называюцца джумамі. Гэтыя асаблівыя для іх малітвы называюцца джума-намазамі.

[4] У іншым месцы мы казалі, што назва “мараніты” паходзіць ад імя манаха Марона, які пасяліўся на гары Ліван. Тут трэба згадаць яшчэ і тое, што самі мараніты выводзяць яго ад слова “Моран”, наш Пан, і кажуць, што такая назва адпавядае ім надзвычай добра, бо яны ніколі не трацілі веры, якую атрымалі ад нашага Збаўцы (Bona, Divina Psalmodia, с. 567).

[5] Па ўсёй Афрыцы прыхільнікі ерэтыка Эўтыхія завуцца монафізітамі, г. зн. веруючымі ў адну прыроду; але на Усходзе іх паўсюдна называюць якабітамі ад імя Якуба Барадэя, аднаго з іх лідараў.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыі: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), Николай Малакс (PD).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар