16.02.2018 / Te igitur

Патрыярх Лісабона ўводзіць Камунію для параў у паўторным “шлюбе”🕑 1 хвілін

Кардынал Мануэл Клемэнці, патрыярх Лісабона, выдаў афіцыйную заяву, у якой заахвоціў да ўдзялення ў некаторых выпадках святой Камуніі разведзеным і паўторна “жанатым” асобам. Пра падрабязнасці гэтага рашэння паведамляе LifeSiteNews.

Адпаведная заява знаходзіцца на афіцыйнай старонцы лісабонскага патрыярхату і мае назву “Нататка аб прыняцці восьмага раздзела апостальскай адгартацыі Amoris laetitia“. Згодна з нататкай, кардынал Клемэнці плануе ўводзіць гэты папскі дакумент, абапіраючыся на дзве іншыя крыніцы: перапіску паміж Папам Францішкам і аргентынскімі біскупамі, а таксама інструкцыямі, якія выдаў для святароў папскай дыяцэзіі ў Рыме кардынал-вікарый Агастына Валіні. Нагадаем, што сваю перапіску з біскупамі пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса Францішак нядаўна апублікаваў у афіцыйным часопісе Acta Apostolicae Sedis, спрабуючы надаць ёй статус “аўтэнтычнага навучання“.

У падтрымку свайго рашэння кардынал Клемэнці прыводзіць цытаты са згаданых дакументаў. У прыватнасці, ён сцвярджае, што ў некаторых выпадках рашэнне жыць ва ўстрыманні можа быць невыканальным, што існуюць абмежаванні, якія змяншаюць адказнасць і вінаватасць, асабліва калі асоба лічыць, што трапіць у наступны грэх і нанясе шкоду дзецям з новага саюза.

Абапіраючыся на гэтыя аргументы, кардынал заключае, што ў “выключных абставінах” існуе “сакрамэнтальная магчымасць”, г. зн. магчымасць прымаць святую Камунію. Ён дадае, што трэба таксама працягваць “распазнанне”, якое будзе “заўсёды дастасоўваць практыку да хрысціянскага сужэнскага ідэалу і лепшай сакрамэнтальнай сумяшчальнасці”.

Навіны з Лісабона прыходзяць у кантэксце нядаўняга рашэння дыяцэзіі Брагі, у якой таксама плануецца дапускаць да Камуніі асобаў, што жывуць у чужаложным саюзе, пасля працяглага перыяду распазнання. Верагодна, падобны ж працэс будзе ўведзены і ў Лісабоне. Гэта можна заключыць з каментароў, якія кардынал Клемэнці даў Agência Ecclesia ў снежні. Тады ён сказаў, што разведзеныя і паўторна “жанатыя” каталікі, якія хочуць зноў прыступаць да сакрамэнтаў, павінны будуць удзельнічаць у “вельмі доўгім” працэсе, які не будзе хуткім, неадкладным і простым рашэннем. Аднак, дадаў ён, “у некаторых выпадках, на меркаванне біскупа і з яго згоды, яны змогуць вярнуцца да сакрамэнтальнага жыцця”.

ФотаFouPic (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up