Апісваючы прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, немагчыма ў нейкі момант не прыйсці да яе параўнання з новым, рэфармаваным абрадам. Параўнанне гэтае не будзе вельмі прыемным, але хтосьці рабіць яго мусіць.

Іерархія старанна пазбягае такіх параўнанняў, альбо замоўчваючы гісторыю Касцёла да 1970 года, альбо прадстаўляючы новыя абрады як Богам дадзены ідэал, які няможна аспрэчваць, а старую літургію — як збор магічных практык, якіх ніхто не разумеў. А чаму так? Бо так жыццё прасцей, бо ідэалы Сабору жывуць, а іх трэба бараніць, бо ўсе так робяць, бо начальства за іншае не пахваліць.

Але перадусім праблема ў тым, што калі чалавеку з галавою на плячах прадставіць два куфары: адзін з надпісам “традыцыйная літургія”, а іншы — з надпісам “літургія Паўла VI”, то ён зможа зазірнуць у абодва і задаць шэраг непрыемных пытанняў пра тое, чаму было так, а зрабілася гэтак. І тады, на жаль, новыя парадкі могуць не вытрымаць аб’ектыўнага, халоднага параўнання з мінулымі.

Новы цыкл “Аптымізацыя” (нерэгулярны, але па колькасці матэрыялу ўсё ж цыкл) ні ў якім разе не ставіць пад сумненне сапраўднасць і дзейснасць сучасных абрадаў Рымска-каталіцкага Касцёла. Касцёл мае ўладу змяняць свае абрады, і фактычна сам Другі Ватыканскі сабор загадаў перагледзець іх (наконт сакрамэнталіяў гл. Sacrosanctum concilium, 62, 79), што і было зроблена.

Нашай мэтай хутчэй з’яўляецца выцягнуць з куфара старое і новае, паказаць, пад якім вуглом трэба іх параўнаць, і пакінуць чытача з рытарычным пытаннем: “Навошта гэта было змяняць?”

Благаслаўленне попелу як сакрамэнталія

Штогадовы абрад благаслаўлення попелу ў Папяльцовую сераду належыць да сакрамэнталіяў Касцёла — абрадаў, якія нагадваюць сакрамэнты, але не звязаны непасрэдна з іх удзяленнем. Каталіцкая энцыклапедыя (1913) адрознівае такія сакрамэнталіі, як літургічная і прыватная малітва, выкарыстанне святой вады і святых алеяў, спажыванне благаслаўлёнай ежы, адрачэнне ад грахоў, як падчас Імшы, міласціна і разнастайныя благаслаўленні, як біскупскія, так і святарскія. Галоўнае адрозненне паміж сакрамэнтамі і сакрамэнталіямі заключаецца ў тым, што сакрамэнты з’яўляюцца надзейнымі крыніцамі ласкі і дзейнічаюць на моцы самога здзяйснення знешняга знаку (ex opere operato), тады як сакрамэнталіі не перадаюць верніку ласку самі па сабе, а хутчэй служаць для выпрошвання ў Бога тых ласкаў, якія б Ён інакш не ўдзяліў. Само ж удзяленне ласкі праз сакрамэнталіі і яе колькасць залежыць ад волі Бога.

Менавіта з пункту гледжання выпрошваючай якасці варта разгледзець старую і новую формы гэтага пасвячэння. Новая форма складаецца з кароткага закліку, малітвы благаслаўлення (попелу — але ў Рымскім Імшале ёсць і другая форма малітвы, якая просіць “благаславіць гэтых слугаў”) і ўласна пасыпання галоваў попелам.

У сваю чаргу старая форма з’яўляецца асобным пазаімшальным абрадам. Яна пачынаецца спевам антыфоны, пасля якой ідуць чатыры фармальныя малітвы (дзве з просьбай благаславіць попел і дзве з просьбай благаславіць людзей на пост). Пасля малітваў святар акрапляе попел і акаджвае яго, а затым сам прымае пазначэнне попелам і пазначае іншых. Тым часам спяваюцца адмысловыя антыфоны, заснаваныя на Святым Пісанні, а таксама вельмі прыгожы рэспансорый (“Зменім на лепшае ўсё тое, чым мы зграшылі ў засляпленні нашым, каб, калі нас застане дзень смерці, мы не шукалі часу для пакаяння, а знайсці не маглі”). Калі пасыпанне попелам скончана, святар вяртаецца да алтара і прамаўляе пятую малітву, якою ён нібы фармальна аб’яўляе распачацце святога посту.

У якасці практыкавання прапануем чытачу самастойна прайсці праз малітвы адной і другой формы і скласці спіс таго, што для нас выпрошвае новая форма, а што старая. Відавочна, у старой форме просьбаў будзе больш, а змест іх будзе больш багаты. А калі хрысціянін (тым больш святар) просіць больш, то больш і атрымае.

Новая форма

(Літургічная агенда, 2010)

Пасля гаміліі цэлебрант, звёўшы рукі, кажа:

Дарагія браты і сёстры, пакорна просім Бога Айца, каб з паўнаты ласкі сваёй паблагаславіў гэты попел, якім пасыпаем галовы нашыя на знак пакаяння.

Пасля кароткага маўчання цэлебрант кажа:

Міласэрны Божа, не смерці грэшнікаў Ты хочаш, а іх навяртання. Ласкава выслухай нашыя просьбы і з Тваёй дабрыні благаславі + гэты попел, якім збіраемся пасыпаць нашыя галовы. Дай, просім, каб, вызнаючы, што мы — прах і ў прах вернемся, і шчыра захоўваючы саракадзённы пост, змаглі атрымаць адпушчэнне грахоў і новае жыццё на падабенства Твайго Сына, што паўстаў з мёртвых. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.

Н.: Амэн.

Цэлебрант акрапляе попел асвячанай вадой.

Цэлебрант пасыпае попелам прысутных, якія да яго падыходзяць, звяртаючыся да кожнага: Кайцеся і верце ў Евангелле.

Падчас пасыпання попелам выконваецца адпаведны спеў.

Старая форма

(Missale Romanum, 1962)

Перад Імшою наступным чынам благаслаўляецца попел, зроблены з аліўкавых галінак альбо аліўкавага дрэва, благаслаўленых мінулым годам:

Прамовіўшы Нону (калі служыцца ў хоры), святар, апрануты ў фіялетавую капу альбо без арната, з прыслугоўваючымі, апранутымі падобным чынам, пачынае з благаслаўлення попелу, начынне з якім стаіць на алтары. Найперш спяваецца наступная антыфона:

Exaudi nos, Dómine, quóniam benigna est misericórdia tua : secundum multitudinem miseratiónum tuarum respice nos, Dómine. Ps. Salvum me fac, Deus : quoniam intraverunt aquae usque ad animam meam. . Gloria Patri. Exaudi nos.

[Выслухай нас, Пане, бо шчодрая міласць Твая; глянь на нас, Пане, паводле вялікай дабрыні сваёй. Пс. Збаў мяне, Божа, бо ўзышлі воды ажно да душы маёй. ℣. Хвала Айцу. Выслухай нас…]

Затым святар, стоячы пры баку Паслання, не паварочваючыся да людзей і са зведзенымі рукамі кажа:

℣. Dominus vobiscum. [Пан з вамі.]
℞. Et cum spiritu tuo. [І з духам тваім.]

Oremus. [Молімся.]

Omnipotens sempiterne Deus, parce poenitentibus, propitiare supplicantibus : et mittere digneris sanctum angelum tuum de coelis, qui bene+dicat, et sancti+ficet hos cineres, ut sint remedium salubre omnibus nomen sanctum tuum humiliter implorantibus, ac semetipsos pro conscientia delictórum suórum accusantibus, ante conspectum divinae clementiae tuae facinora sua deplorantibus, vel serenissimam pietatem tuam suppliciter obnixeque flagitantibus : et praesta, per invocationem sanctissimi nóminis tui : ut, quicumque per eos aspersi fuerint, pro redemptióne peccatórum suórum, córporis sanitatem, et animae tutelam percipiant. Per Christum Dominum nostrum. ℞. Amen.

[Усемагутны вечны Божа, даруй тым, хто каецца, акажы міласэрнасць да тых, хто Цябе моліць, і будзь ласкавы паслаць свайго святога Анёла з нябёсаў, каб ён блага+славіў і асвя+ціў гэты попел, каб ён стаў збавенным лекам для ўсіх, хто пабожна заклікае Тваё святое Імя і хто абвінавачвае сябе, усведамляючы свае грахі, аплакваючы свае злачынствы перад Тваёй боскай міласэрнасцю і пакорна і шчыра ўпрошваючы Тваю найвышэйшую дабрыню; дай, каб праз закліканне Твайго святога Імя кожны, хто будзе ім пазначаны на адпушчэнне сваіх грахоў, атрымаў як здароўе цела, так і абарону для душы. Праз Хрыста, Пана нашага. ℞. Амэн.]

Oremus. [Молімся.]

Deus, qui non mortem sed poenitentiam desideras peccatórum : fragilitatem conditiónis humanae benignissime respice : et hos cineres, quos causa proferendae humilitatis, atque promerendae veniae, capitibus nostris impóni decernimus, bene+dicere pro tua pietate dignare : ut, qui nos cinerem esse, et ob pravitatis nostras demeritum, in pulve­rem reversuros cognóscimus; peccatórum ómnium veniam, et praemia poenitentibus repromissa, misericórditer consequi mereamur. Per Christum Dóminum nostrum. ℞. Amen.

[Божа, Які жадаеш не смерці грэшнікаў, але іх пакаяння, узглянь міласціва на слабасць людской прыроды і ў сваёй дабрыні будзь ласкавы блага+славіць гэты попел, якім мы збіраемся пасыпаць нашыя галовы на знак нашай нягоднасці і дзеля атрымання прабачэння, каб усведамляючы, што мы ўсяго толькі попел і што з-за заганаў нашай грэшнасці ў попел вернемся, мы атрымалі ад Тваёй міласэрнасці прабачэнне ўсіх нашых грахоў і ўзнагароду, абяцаную тым, хто каецца. Праз Хрыста, Пана нашага. ℞. Амэн.]

Oremus. [Молімся.]

Deus, qui humiliatióne flecteris et satisfactióne placaris : aurem tuae pietatis inclina precibus nostris : et capitibus servorum tuórum, horum cinerum aspersióne contactis, effunde propitius gratiam tuae benedictiónis : ut eos et spiritu compunctiónis repleas, et quae juste postulaverint, efficaciter tribuas ; et concessa perpetuo stabilita et intacta manere decernas. Per Chris­tum Dóminum nostrum. ℞. Amen.

[Божа, Якога кранае пакора і суцішвае адплата, схілі вуха сваёй дабрыні да нашых малітваў і шчодра пралі ласку свайго благаслаўлення на галовы Тваіх слугаў, пазначаныя гэтым попелам; напоўні іх духам шкадавання, дзейсна дай ім тое, аб чым яны справядліва маліліся і загадай, каб тое, што Ты даў ім, трывала ўстанавілася і засталося нязменным. Праз Хрыста, Пана нашага. ℞. Амэн.]

Oremus. [Молімся.]

Omnipotens sempiterne Deus, qui Ninivitis in cinere et cilicio poenitentibus indulgentiae tuae remedia praestitisti : concede propitius, ut sic eos imitemur habitu, quatenus veniae prosequamur obtentu. Per Dóminum. ℞. Amen.

[Усемагутны вечны Божа, Які быў ласкавы ўдзяліць сваё гаючае аздараўленне нінівіцянам, што каяліся ў попеле і мяхах, ласкава дай нам так наследаваць іх пакуту, каб і нам атрымаць прабачэнне. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, Які з Табой жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. ℞. Амэн.]

Пасля гэтага цэлебрант засыпае кадзіла ў кадзільніцу, тройчы акрапляе попел асвячанай вадою, прамаўляе антыфону Asperges без спеву і без псальма і тройчы акаджвае попел.

Затым найбольш дастойны святар з прысутнага духавенства ўзыходзіць да алтара, пазначае попелам цэлебранта, які пры гэтым не становіцца на калені. Калі сярод прысутных няма іншага святара, сам цэлебрант, укленчыўшы перад алтаром, пасыпае сабе галаву попелам, нічога пры гэтым не кажучы. Тым часам спяваюцца антыфоны.

Immutemur ha­bitu, in cinere et cilicio : jejunemus, et ploremus an­te Dóminum: quia multum misericors est dimittere peccata nostra Deus noster.

[Зменім вопратку нашую на попел і мяхі, будзем пасціць і плакаць перад Панам, бо наш Бог вельмі міласэрны і адпускае нашыя грахі.]

Inter vestibulum et altare plorabunt sacerdótes ministri Domini, et dicent : Parce, Dómine, parce, pópulo tuo: et ne claudas ora canentium te, Dómine.

[Паміж сенцамі і ахвярнікам будуць плакаць святары, слугі Пана, і казаць: даруй, Пане, даруй народу Твайму і не закрывай вусны тым, хто спявае Табе хвалу, Пане.]

Затым ідзе рэспансорый:

Emendemus in melius, quae ignoranter peccavimus: ne subito praeoccupa ti die mortis, quaeramus spatium poenitentiae, et invenire non possimus. * Attende, Dómine, et miserere, quia peccavimus tibi.

Ps. Adjuva nos, Deus salutaris noster : et propter honorem nóminis tui, Dó­mine, libera nos. * Attende, Dómine. . Gloria Patri, et Filio, et Spiritus sancto. * Attende.

[Зменім на лепшае ўсё тое, чым мы зграшылі ў засляпленні нашым, каб, калі нас застане дзень смерці, мы не шукалі часу для пакаяння, а знайсці не маглі. * Узглянь на нас, Пане, і змілуйся, бо мы зграшылі супраць Цябе. Пс. Дапамажы нам, Божа, наш Збаўца, і выбаў нас, Пане, дзеля славы Імя Твайго. * Узглянь на нас, Пане. . Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. * Узглянь на нас, Пане.]

Пакуль спяваюцца антыфоны і рэспансорый, святар пазначае попелам галаву таго святара, ад якога сам прыняў яго, а затым служыцелям у літургічным убранні, што стаяць на каленях перад алтаром, кажучы:

Memento, homo, quia pulvis es, et in pulverem reverteris.

[Памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся.]

Затым падыходзяць іншыя, спачатку да духавенства па парадку, потым народ. Укленчыўшы перад алтаром, яны адзін за адным прымаюць попел ад святара. Завяршыўшы пасыпанне попелам, святар кажа: 

℣. Dominus vobiscum. [Пан з вамі.]
℞. Et cum spiritu tuo. [І з духам тваім.]

Oremus. [Молімся.]

Concede nobis, Dómine, praesidia militiae christianae sanctis inchoare jejuniis: ut contra spiritales nequitias pugnaturi, continentiae muniamur auxiliis. Per Christum Dóminum nostrum. ℞. Amen.

[Дай нам, Пане, святым постам распачаць нашае хрысціянскае змаганне, каб у бітве са злым духам устрыманне было нам дапамогай. Праз Хрыста, Пана нашага. ℞. Амэн.]

Затым пачынае Імшу.

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар