Гісторыя можа шмат чаму навучыць нас, часам незвычайным і вельмі асабістым спосабам. Вось адзін прыклад.

Калі сёння, праз 85 гадоў пасля яго падпісання ў 1933 годзе, прачытаць “Reichskonkordat” (канкардат з нацысцкай Германіяй), узнікаюць некаторыя цікавыя думкі. Гэты тэкст, укладзены ў форме дамовы, якая мела кіраваць адносінамі паміж Святым Пасадам і нямецкім урадам, у найвышэйшай ступені станоўчы. Ён таксама ўсебаковы. Па сутнасці, ён нават добры. Дзяржава атрымала стабільныя юрыдычныя адносіны з добра арганізаванай, патэнцыйна праблемнай рэлігійнай меншасцю з міжнароднымі сувязямі. Касцёл атрымаў абарону для сваіх людзей.

У тэксце ёсць таксама некалькі праблемных фрагментаў. Параграф 14.2 абавязвае Касцёл кансультавацца з нямецкім рэйхам наконт прызначэння арцыбіскупаў і каад’ютараў. Параграф 16 патрабуе ад новых біскупаў прыносіць прысягу лаяльнасці дзяржаве. Але падобныя дэталі не былі новымі ў тым еўрапейскім гістарычным кантэксце. Гарантыі, якія канкардат даваў Касцёлу ў сферы вызнавання і практыкі каталіцкай веры, бесперашкоднага імкнення да каталіцкай адукацыі і сацыяльнай працы, былі шырокімі, ясна акрэсленымі і шчодрымі.

Таксама яны былі пустымі. Рэйх пачаў парушаць дамову ў той жа момант, калі на ёй высахлі чарнілы. Ціск дзяржавы на жыццё Касцёла ў 1937 годзе (усяго праз чатыры гады) быў настолькі жорсткі, што энцыкліку Пія ХІ Mit brennender Sorge (“З палымнеючым неспакоем”) прыйшлося правозіць у краіну кантрабандай. Яе прачыталі з кожнай амбоны Германіі ў Пальмавую нядзелю таго года. У ёй Святы Айцец асуджаў неапаганства Рэйха (скіраванае да нацыстаў), расавую нянавісць, “арыянізаванае” хрысціянства, шырокія атакі на правы чалавека і пагарду Старым Запаветам. У адказ дзяржава проста падвоіла свой ціск.

Які мы маем урок з гэтага? Урок такі: калі хочаш вячэраць з д’яблам (як папярэджвае нас прыказка), лепш вазьмі доўгую лыжку. Але, магчыма, гэта перадусім кепская ідэя.

Але ёсць і яшчэ штосьці. Сітуацыя ў асабістым жыцці кожнай асобы такая ж, як у дыпламатыі ці палітыцы. Дамовы, якія мы заключаем са светам, з целам, з д’яблам, заўсёды правальваюцца. Рыса, якая аддзяляе дабро ад зла, зазвычай — не заўсёды, але зазвычай — даволі добра відочная для кожнага, хто хоча яе ўбачыць. Многія з нас сапраўды не хочуць яе бачыць, бо калі яны ўбачаць яе, яны акажуцца сціснутымі ў сваіх штодзённых паводзінах. Мы ўвесь час заключаем невялікія “канкардаты” са сваімі ўлюбёнымі асабістымі грахамі, кепскімі звычкамі і неўмеркаванымі апетытамі.

Калі мы пастаянна злуемся, то гэта таму, што ўсе вакол такія несправядлівыя. Калі мы залежым ад парнаграфіі, то, напэўна, скараціць яе прагляд да адной гадзіны ў дзень будзе “лепш”, чым глядзець па тры гадзіны. Калі мы маем праблемы з алкаголем, то чатыры стаканы будзе “лепш” за шэсць, праўда? У выпадку кожнай забароненай, шкоднай, несумленнай рэчы, якая нам падабаецца, мы гатовыя прафесійна падманваць сябе; мы гатовы выхоўваць сваё сумленне, як дамашняга ўлюбёнца… як добра наманікюранага пудзеля, які па меры неабходнасці будзе прапаноўваць нам алібі, напрыклад:

“У мяне не было выбару”, альбо:

“Але ў мяне былі змякчальныя абставіны”, альбо:

“Касцёл адстаў ад жыцця”, альбо:

“Што датычыцца канкрэтна гэтай непрыемнай рэчы, то тут існуе новая парадыгма мыслення”, альбо:

“Я ведаю, што гэта не ідэал, але гэта найлепшае, што я магу зрабіць”, альбо:

“Касцёл змяніў сваё меркаванне пра ўсялякія складаныя сітуацыі — асабліва пра маю”, альбо:

“Так, гэта няправільна, але гэта не настолькі ўжо і дрэнна”.

У нас ёсць тоны выдатных апраўданняў. У вас. У мяне. І яны ўвесь час дадаюцца.

14 лютага гэтага года мы адзначаем Папяльцовую сераду, пачатак Вялікага посту. Гэта той дзень, калі любячы Бог запрашае нас разбіць на кавалкі нашыя мізэрныя канкардацікі з грахом і грахоўныя алібі. Вучэнне Касцёла — заснаванае на Божым Слове, пацверджанае досведам, лагічнае ў сваім выражэнні, часам цяжкое, але заўсёды вызваляючае — з’яўляецца стандартам святасці і правадніком да чаканняў нашага Айца. Нам трэба даверыцца Божай міласэрнасці і прыхіліцца да вучэння, ацэньваючы свае ўласныя ўчынкі і накіроўваючы сваё жыццё, якіх радыкальных патрабаванняў ні ставіў бы новы шлях.

Таму няхай Бог дасць нам час святога і плённага Вялікага посту. Прашу вас маліцца за мяне, а я буду маліцца за вас.


Аўтар: Чарльз Шап’ю OFMCap, арцыбіскуп Філадэльфіі.
Крыніца: CatholicPhilly.com, афіцыйнае выданне архідыяцэзіі Філадэльфіі.
Ілюстрацыя: HazteOir.org (CC BY-SA).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі.

Пакінуць каментар