З-за глыбокай пашаны, якая належыць нашаму Пану ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара, а таксама каб паказаць, з якой унутранай чысцінёю сэрца мы павінны ўдзельнічаць у страшнай Ахвяры новага закону, святар мае абавязак памыць рукі непасрэдна перад апрананнем святога ўбрання. Усе аднадушна згаджаюцца, што гэтая практыка такая ж старая, як і сам хрысціянскі Касцёл. Выконваючы гэтае дзеянне, святар прамаўляе наступную малітву: “Дай, Пане, моц рукам маім для знішчэння ўсялякай плямы, каб я без забруджанасці розуму і сэрца мог служыць Табе”.

У ранейшыя часы мыць рукі перад уваходам у святы будынак павінен быў кожны вернік, а не толькі святар, які меў цэлебраваць Імшу. Для гэтага пры ўваходзе ўсіх хрысціянскіх касцёлаў ставілі начынні з вадою (Riddle, Christian Antiquities, с. 739). Часам яны былі па-мастацку аздоблены, а на іх рабіліся надпісы пабожнага характару. Вядомы касцёл святой Мудрасці ў Канстантынопалі (Святая Сафія) меў такі надпіс, які ў той і іншы бок чытаўся аднолькава: “NIΨON ANOMHMATA MH MONAN OΨIN” — “Абмый свае грахі, а не толькі свой твар” (Neale, І, 215). Ва Усходнім Касцёле абмыццё рук робіцца пасля апранання, а не перад ім, як у нас. Робячы гэты, усходнія святары прамаўляюць псальм “Lavabo inter innocentes”.

Калі Імшу цэлебруе біскуп, ён, згодна з нашым абрадам, абмывае рукі чатыры разы: першы раз перад апрананнем, другі раз пасля чытання антыфоны аферторыя, трэці раз пасля самога аферторыя, чацвёрты раз пасля Камуніі.

Пасля таго як святар абмыў рукі, ён рыхтуе келіх, найперш кладучы на яго чысты пурыфікатар, на які ён затым кладзе патэну з вялікай гостыяй, а затым палу. Усё гэта ён накрывае вэлюмам, а наверх кладзе бурсу з карпаралам. Пасля гэтага келіх гатовы.

Далей святар апранаецца сам, беручы прадметы ўбрання ў тым парадку, які мы ўжо апісалі, і выконваючы адпаведныя цырымоніі. Гэта робіцца ў сакрыстыі; але калі цэлебрантам з’яўляецца біскуп, ён заўсёды апранаецца пры алтары [1].

Апрануўшыся, святар бярэ ў рукі келіх і выходзіць да алтара ўрачыстай, годнай хадою; а каб паказаць, наколькі важная тая праца, якую ён мае здзейсніць, на гэтым шляху ён не можа нікога вітаць, калі толькі гэта не вышэйшы іерарх, ды і тады толькі стрыманым кіўком галавою. Знакаміты прэцэдэнт гэтага мы сустракаем ва ўрачыстай прамове нашага Пана, калі Ён пасылае вучняў прапаведаваць Евангелле; Ён дае ім загад: “У дарозе нікога не вітайце” (Лк 10:4).

Калі святар дайшоў да алтара, ён здымае бірэту і, зрабіўшы паклон распяццю альбо ўкленчыўшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі ён ёсць у табернакулюме, ён узыходзіць па прыступках і, расклаўшы карпарал на сярэдзіне алтара, ставіць на яго келіх з усімі прыладамі. (На ўрачыстай спяванай Імшы келіх не прыносяць на алтар да самага аферторыя.) Затым ён ідзе на бок Паслання і, адкрыўшы Імшал на Імшы дня, вяртаецца да сярэдзіны алтара, становячыся перад першай прыступкай, дзе і пачынае набажэнства. (Міністрант стаіць на каленях з левага боку і робіць адказы ад імя народу.) Спачатку ён робіць нізкі паклон альбо ўкленчвае, калі на алтары прысутнічае Найсвяцейшы Сакрамэнт, і затым робіць знак крыжа.

Гл. таксама:


[1] Такая розніца засноўваецца на тым факце, што ва ўсіх старажытных касцёлах, зазвычай у наве, будавалі невялікі алтар, пры якім перад Імшою сядзеў сам біскуп, які прымаў ушанаванне ад уваходзячых людзей і ўдзяляў ім благаслаўленне; таму гэты малы алтар быў вядомы пад назвай “салютаторый”. Калі ўвесь люд сабраўся, Яго Эксцэленцыя апранаўся пры гэтым алтары, а затым ва ўрачыстай працэсіі накіроўваўся да прэзбітэрыя, дзе пачынаў Імшу. Калі такая будаўнічая практыка была пакінута, у якасці салютаторыя пачалі выкарыстоўваць галоўны алтар, і адсюль паходзіць апісаны звычай апранання пры алтары. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у Біскупскім Цырыманіяле (Caeremoniale Episcoporum) і іншых працах, якія згадваюць “сакратарый”, як па-іншаму называюць салютаторый.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: EWTN.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар