У апошнім “гістарычным” фрагменце з кнігі кс. О’Браена мова ішла пра тое, што святар (і вернікі) павінны былі захоўваць перад Імшою пост ад поўначы дадзенага дня. Імша ў тыя часы магла пачацца найпазней у 13:00, таму вытрываць можна было. Такой была паўсюдная практыка Рымскага Касцёла да 1957 года.

Затым Папа Пій ХІІ ў motu proprio Sacram Communionem:

  • дазволіў служыць Імшу пасля поўдня, калі таго вымагала “духоўная карысць значнай колькасці вернікаў”;
  • скараціў эўхарыстычны пост да 3 гадзін;
  • адначасова заклікаючы святароў і вернікаў, калі магчыма, захоўваць старую і шанаваную форму эўхарыстычнага посту (ад поўначы).

У 1964 годзе Папа Павел VI скараціў эўхарыстычны пост да 1 гадзіны перад прыняццем святой Камуніі (як для вернікаў, так і для святароў). У 1983 годзе гэтая практыка была адлюстравана ў Кодэксе кананічнага права (кан. 919, § 1); захоўваецца яна да гэтага дня.

Гэтым кароткім нарысам мы нагадалі пра апошнія змены ў дысцыпліне эўхарыстычнага посту. Вернемся, аднак, да тых часоў, калі эўхарыстычны пост яшчэ не быў рэфармаваны і захоўваўся ад поўначы. У тагачасных святароў існавала адна практычная праблема, якая не сустракаецца сёння.

Справа ў тым, што ў некаторыя дні святары мелі права цэлебраваць дзве альбо тры Імшы:

  • тры Імшы ў дзень Божага Нараджэння — здаўна;
  • тры Імшы ва ўспамін усіх памерлых вернікаў — з 1915 года (Бенедыкт XV, Incruentum Altaris sacrificium);
  • дзве Імшы ў нядзелі і абавязковыя святы пры неабходнасці і з дазволу ардынарыя.

Аднак той факт, што святар служыў некалькі Імшаў, не звальняў яго ад абавязку захоўваць пост перад кожнай Імшою. І праблема была не толькі ў тым, каб не з’есці стэйк і не выпіць кавы паміж Імшамі, але і ў тым, што ён не мог карыстацца нармальнай працэдурай ачысткі келіха падчас усіх Імшаў, акрамя апошняй. Бо ў такім выпадку яму прыйшлося б выпіць віно і ваду, якія выкарыстоўваліся для абмывання келіха, а гэта было б парушэннем посту.

Сённяшні святар, які служыць другую ці трэцюю Імшу, не мае такой праблемы, бо кананічнае права фактычна вызваляе яго ад абавязку захоўваць (гадзінны) пост перад другой і трэцяй Імшамі (кан. 919, § 2).

У мінулыя ж часы святар павінен быў нейкім чынам пазбегнуць парушэння посту, і таму ў Імшу ўносіліся пэўныя змены.

У першым варыянце келіх проста не абмывалі, а пакідалі яго да наступнай Імшы: на алтары, у сакрыстыі, на крэдэнсе альбо нават у табернакулюме (у кожным выпадку келіх павінен быў стаяць на карпарале). Каб не пачаць абмываць келіх выпадкова, праз недагляд, святару рэкамендавалася ўліць у келіх усё віно падчас аферторыя. Тады на абмыванне віна не заставалася, і святар мог бы прынамсі па гэтым згадаць, што яму не след абмываць келіх.

На другой Імшы святар карыстаўся ўжо гэтым неабмытым келіхам, уносячы ў Імшу адпаведныя невялікія змены.

Больш складана было ў тым выпадку, калі святару трэба было служыць другую Імшу ў іншым касцёле. Тады карысталіся другім варыянтам: келіх пасля першай Імшы трэба было абмыць абавязкова, але святар рабіў гэта пасля заканчэння Імшы, а ваду, якая выкарыстоўвалася пры абмыванні, ён зліваў у адмысловае начынне, падрыхтаванае з гэтай мэтай. Выпіць гэтую ваду можна было толькі пасля апошняй Імшы, калі ўжо можна было парушыць пост.

Адрыян Фортэск’ю прысвячае гэтай практычнай асаблівасці асобны параграф у сваім цырыманіяле “The Ceremonies of the Roman Rite Described”.

* * *

7. Правілы для святара, які цэлебруе больш за адну Імшу ў той жа дзень [1]

Кожны святар можа адслужыць тры Імшы ў свята Божага Нараджэння, а цяпер і ва ўспамін усіх памерлых вернікаў. Акрамя таго, пры неабходнасці ардынарый можа дазволіць святару служыць Імшу двойчы ў нядзелі і абавязковыя святы [2].

Кожную Імшу трэба служыць цалкам, уключна з падрыхтоўчымі малітвамі каля прыступак алтара. Адзіная розніца заключаецца ў ачышчэнні келіха. Калі цэлебрант будзе зноў служыць Імшу ў той жа дзень, ён не можа ачышчаць келіх, як звычайна, бо гэта парушыць ягоны пост. Падчас аферторыя першай Імшы лепш уліць усё віно з ампулкі ў келіх. Пазней гэта дазволіць пазбегнуць абмыцця келіха праз недагляд. Пасля спажывання Найдаражэйшай Крыві ён ставіць келіх на карпарал і накрывае яго палай. Ён не робіць абмыванняў; ён кажа малітву “Quod ore sumpsimus” са зведзенымі рукамі пры цэнтры алтара; затым ён абмывае пальцы ў невялікім шкляным начынні з вадою [3], якое павінна стаяць на выступе алтара або на алтары, кажучы “Corpus tuum, Domine”. Затым ён накрывае неачышчаны келіх пурыфікатарам (не выціраючы яго ўнутры), патэнай, палай і вэлюмам. Аднак ён не кладзе карпарал у бурсу. Келіх застаецца стаяць на карпарале, а бурса стаіць убаку. Калі паміж Імшамі ёсць перапынак, неачышчаны келіх — ён увесь час павінен стаяць на карпарале — можна пакінуць на алтары, занесці ў сакрыстыю альбо нават паставіць у табернакулюм (без вэлюма). Калі далей служыцца ўрачыстая Імша, яго можна перанесці на крэдэнс і паставіць там на карпарал.

Перад накрываннем келіха вэлюмам, перад наступнай Імшою альбо нават перад яе аферторыем, ён павінен пакласці на патэну гостыю для кансэкрацыі. На наступнай Імшы ён не выцірае келіх унутры падчас аферторыя і не ставіць яго на алтары па-за карпаралам. Ён адстаўляе яго крыху на бок Паслання ў межах карпарала і там, крыху прыпадымаючы яго, налівае віно і ваду.

Другая Імша ў іншым касцёле. Калі ён будзе служыць наступную Імшу ў іншым касцёле, келіх трэба ачысціць. У гэтым выпадку святар дзейнічае так, як бы ён рабіў гэта ў выпадку Імшаў пры тым самым алтары. Але пасля заканчэння Імшы ён адкрывае келіх і спачатку спажывае кроплі Найдаражэйшай Крыві, якія маглі сцячы са сценак і сабрацца ўнізе. Затым пры цэнтры алтара ён улівае крыху вады ў келіх, акуратна абарочвае келіх, каб вада сабрала ўсе кроплі Найдаражэйшай Крыві, і вылівае ваду ў адмысловае начынне, падрыхтаванае з гэтай мэтай, робячы гэта праз той бок келіха, з якога ён спажываў Найдаражэйшую Кроў. Затым ён выцірае келіх пурыфікатарам і накрывае яго, як звычайна. Ваду, якая выкарыстоўвалася для абмывання, трэба потым выліць у сакрарый альбо захоўваць яе і выпіць падчас другога абмывання на наступнай Імшы. Такім чынам, келіх ачышчаны, і яго можна адставіць, як звычайна. На наступнай Імшы, якую ён служыць, неабавязкова карыстацца тым жа келіхам.

[1] Пар. рубрыкі Імшала ў дзень Божага Нараджэння і дзень усіх памерлых вернікаў, а таксама RR, дадатак (SRC 3068).

[2] Служэнне дзвюх Імшаў у дзень называецца бінацыяй. Яно не павінна рабіцца без апостальскага індульту альбо без спецыяльнага дазволу ардынарыя, які даецца толькі тады, калі ў адваротным выпадку з-за недахопу святароў значная колькасць людзей (напрыклад, прынамсі дваццаць) не змагла б удзельнічаць у Імшы ў абавязковае свята (CJC 806, § 2).

[3] Вада з гэтага начыння выліваецца ў сакрарый (с. 18, № 3).

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA, cropped).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар