09.02.2018 / John O'Brien

№51. Імша павінна служыцца з захаваннем посту🕑 2 хвілін

Кардынал Бона сцвярджае (Rer. Liturg., с. 255), што практыка цэлебрацыі Імшы з захаваннем посту мае апостальскае паходжанне і заўсёды старанна захоўвалася ў раннім Касцёле. Св. Аўгустын кажа, што з пашаны да Найсвяцейшай Эўхарыстыі мы не павінны прымаць аніякай ежы перад Камуніяй. Аднак у старажытныя часы з гэтага правіла існавала адно выбітнае і асаблівае выключэнне, а менавіта Імша ў Вялікі чацвер. У гэты дзень на працягу некалькіх гадоў, прынамсі ў Афрыцы, было прынята на ўспамін Апошняй Вячэры служыць Імшу пасля спажывання ежы. Дэкрэт  Карфагенскага сабору (397), які рэгуляваў гэтую дысцыпліну, казаў наступнае: “Ніхто не можа цэлебраваць сакрамэнт Алтара, не захоўваючы посту, акрамя як у адзіны дзень, калі святкуецца вячэра Пана” (ibid.) Некаторыя таксама жадалі выключэння ў выпадку Імшаў за памерлых, але такая практыка не мела падтрымкі. На сённяшні дзень правіла адносна посту з’яўляецца ўніверсальным абавязкам і не мае аніякіх паслабленняў, акрамя аднаго-двух асаблівых выпадкаў, а менавіта калі са святаром здарыцца штосьці, з-за чаго ён не зможа працягваць служыць Імшу, і калі побач не будзе святара, які мог бы завяршыць Ахвяру, акрамя таго, хто ўжо парушыў пост. Некаторыя тэолагі робяць іншае выключэнне, калі людзі доўгі час былі пазбаўлены Імшы і не могуць з-за вялікай адлегласці да касцёла дабірацца ў час на рэгулярную Імшу. Але такія сітуацыі здараюцца рэдка і не з’яўляюцца выключэннем з агульнага правіла.

Практыка Усходняга Касцёла. У іншым месцы мы казалі, што копты, каб забяспечыць паміраючую асобу віятыкам, служаць Імшу ў любы час дня і ночы, захоўваючы пост ці не захоўваючы, бо яны не захоўваюць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Але гэта трэба лічыць адзіным выпадкам, бо дысцыпліна Усходніх Касцёлаў у гэтай справе дакладна такая ж, як і наша.

Згодна з многімі дысцыплінарнымі канонамі коптаў і эфіопаў, святар, які збіраецца служыць Імшу, павінен пасціцца ад папярэдняга вечара і не можа нават выпіць келіх віна перад Імшою (Denzinger, Ritus Orientalium, с. 66; Renaudot, Liturg. Oriental., ІІ, 268). Яны настолькі баяцца парушыць гэтае святое правіла, што даволі лёгка застаць святара, які з вечара селіцца ў сакрыстыі і, застаючыся там, знаходзіцца ў бяспецы, не маючы магчымасці парушыць пост, пакуль не будзе адслужана Імша.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: CDC/ Mary Anne Fenley (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up