07.02.2018 / Maike Hickson

Біскуп Марыян Элеганці пра Amoris Laetitia🕑 6 хвілін

Гэтае інтэрв’ю з біскупам Марыянам Элеганці OSB правяла д-р Майка Хіксан для OnePeterFive. Марыян Элеганці з’яўляецца дапаможным біскупам дыяцэзіі Кур (Швейцарыя) і адказным у швейцарскай біскупскай канферэнцыі за працу з моладдзю. Некалькі дзён таму біскуп Элеганці падпісаў “Вызнанне нязменных праўдаў пра сакрамэнтальнае сужэнства”, якое біскупы Казахстана выдалі ў адказ на замяшанне, якое стварыла паслясінадальная адгартацыя Amoris Laetitia.

Майка Хіксан (МХ): Некалькі дзён таму вы падпісалі заяву біскупаў Казахстана наконт Amoris Laetitia, у якой пацверджана традыцыйнае каталіцкае вучэнне ў сферы маралі, а новаўвядзенні, звязаныя з разведзенымі і “паўторна жанатымі” асобамі і іх доступам да сакрамэнтаў, адкінуты. Што змусіла вам прадпрыняць такі крок?

Біскуп Марыян Элеганці (БМЭ): Сумленне. Непаслядоўнасць не з’яўляецца для мяне прыкметай Святога Духа. А цяпер існуе некалькі супярэчных інтэрпрэтацый Amoris Laetitia, якія ўвялі і якія абараняюць біскупы і біскупскія канферэнцыі, не кажучы ўжо пра хаос унізе, дзе кожны паасобны святар мусіць сам спраўляцца з гэтым пытаннем і з такімі парамі. Дзе там якія-небудзь аб’ектыўныя крытэрыі для рахунку сумлення і прыняцця рашэння? Зрэшты, ніхто не можа ацаніць стан ласкі. Паколькі Папа Францішак не выказваецца па сур’ёзных пытаннях, звязаных з гэтымі праблемамі, напрыклад, ці з’яўляецца дзейным папярэдняе папскае вучэнне (я маю на ўвазе перадусім энцыкліку Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor і ў гэтым кантэксце традыцыйнае вучэнне пра ўнутрана дрэння ўчынкі) — дастаткова паглядзець на паводзіны Папы ў сітуацыі з dubia — выказвацца пачынаюць усялякія іншыя людзі. Чаму б тады не выказацца і нам? Гэта пытанне таго, ці з’яўляецца заяўлены “зрух парадыгмы” ў Amoris Laetitia разрывам з Традыцыяй у вучэнні Касцёла, у адпаведнасці са значэннем гэтага новага слова. Калі з’яўляецца, то Папы супярэчылі б адзін аднаму і нават адмянялі б адзін аднаго. Гэта была б катастрофа. Гэтыя пытанні цяпер абмяркоўваюцца таксама ў дачыненні да так званага паўторнага прачытання Humanae Vitae. На кон пастаўлена больш, чым проста зноска.

МХ: Працуючы ў Швейцарыі, ці заўважаеце вы канкрэтныя наступствы таго замяшання, якое пануе сярод вернікаў ад часоў Amoris Laetitia?

БМЭ: Тут менш-больш тая самая сітуацыя, што і ў іншых месцах.

МХ: Ці вядомыя вам канкрэтныя выпадкі, калі “паўторна жанатыя” асобы, не змяніўшы свайго спосабу жыцця, прыступаюць да сакрамэнтаў?

БМЭ: Гэтая праблема ўзнікла не толькі з публікацыяй Amoris Laetitia. Цяпер многія хваляцца тым фактам, што іхняя дагэтуль нелегітымная практыка, здаецца, цяпер прымае афіцыйны характар. Я маю на ўвазе многіх пастыраў, якія на працягу гадоў давалі такім парам доступ да святой Камуніі зыходзячы з меркаванняў міласэрнасці і сумлення.

МХ: Якім чынам вы бачыце тую небяспеку, калі Amoris Laetitia кажа, што пара, якая знаходзіцца ў “неўрэгуляванай сітуацыі”, неабавязкова знаходзіцца ў стане смяротнага граху? Ці можа гэта прывесці да разбаўлення маральнага закону? Напрыклад, як мы ўжо маглі бачыць па дакладзе кс. К’ёдзі ў Рыме, паводле якога выкарыстанне супрацьзачаткавых сродкаў і іншых кантрацэптываў часам можа быць не толькі не грэшным, але нават абавязковым?

БМЭ: Ніхто не можа асмельвацца выносіць суджэнне наконт стану ласкі: ані сам пастыр, ані неўрэгуляваная пара. У гэтым кантэксце св. Ян Павел ІІ заявіў, што ў пытанні прыняцця святой Камуніі вырашальнае значэнне мае толькі аб’ектыўная сітуацыя параў, якія знаходзяцца ў паўторным грамадзянскім саюзе, і тое, ці ўстрымліваюцца яны ад сужэнскіх сэксуальных актаў. Ён таксама заявіў, што справа заключаецца між іншым у яснасці вучэння і звязнасці паміж вучэннем і сакрамэнтальнай практыкай веры. Аднак у дачыненні такіх асобаў не выносілася аніякага пастанаўлення адносна іх стану ласкі. Вялікай памылкай двух сінодаў на тэму сям’і было тое, што яны не зрабілі гэтую розніцу зразумелай, а хутчэй увялі святароў і асобаў у паўторным грамадзянскім саюзе ў зман, патрабуючы ад іх ацэнкі стану ласкі, якую яны нават пры ўсім жаданні не здольныя правесці. Замест таго, каб трымацца, як гэта рабілася ў папярэдняй дактрынальнай традыцыі і ў сакрамэнтальнай практыцы, аб’ектыўных фактаў, якія паддаюцца ацэнцы, такіх як несапраўднасць першага сужэнства (адзіная законная прычына, якая апраўдвае так званае другое сужэнства) і існаванне абсалютных нормаў, якія забараняюць усюды і заўсёды ўнутрана дрэнныя ўчынкі, такія як чужалоства (незалежна ад умоваў, добрых намераў і змякчальных абставінаў), было створана больш замяшання і інтэрпрэтацыйнага хаосу, чым яснасці. Зрэшты, не існуе праведнага жыцця ў няправеднасці [das richtige Leben im Falschen]. Іншымі словамі, калі існуе сапраўдная, неразрыўная сужэнская сувязь, нічога — нават той дабрабыт дзяцей ад другога саюзу, пра які можна часта пачуць — не апраўдвае сумеснае жыццё more uxorio ў другім грамадзянскім шлюбе без устрымання ад сэксуальных актаў, якія зарэзерваваны толькі для сакрамэнтальнага сужэнства. Гэта так, таму што яны, як і святая Эўхарыстыя, з’яўляюцца сапраўдным сімвалам неразрыўнага саюзу. Гэтыя абодва выпадкі (Хрыстус і Касцёл як Жаніх і Нявеста, муж і жонка) адлюстроўваюць гэты неразрыўны саюз і ў той самы час з’яўляюцца яго выкананнем. Іначай мы сапраўды атрымалі б пастырскае суправаджэнне разводаў і паўторных шлюбаў, якія Езус ясна адкінуў. К’ёдзі, відавочна, прадстаўляе сітуацыйную этыку, якая была асуджана папярэднім навучаннем Папаў.

МХ: Кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня нямецкай біскупскай канферэнцыі, даў зразумець, што ў цэлым ён адкрыты для магчымасці благаслаўлення гомасэксуальных параў. Як бы вы пракаментавалі гэты крок?

БМЭ: Гэта не дзіўна; гэта логіка “выключэння з правілаў у індывідуальных выпадках” [“Einzelfall-Ausnahme-Regelung”], якая, дарэчы, на доўгай дыстанцыі становіцца правілам і нармальнай сітуацыяй. Пакуль што ён кажа пра індывідуальныя выпадкі, але крытэрыяў для іх не падае.

МХ: Якія вашы перасцярогі ў дадзенай сітуацыі маральнага замяшання і што вы хацелі б сказаць вашым сабратам у біскупстве?

БМЭ: Калі казаць пра гэтае пытанне і іншыя пытанні, такія як ацэнка штучных сродкаў кантролю нараджальнасці, якія трэба, як прыгожа кажуць, “пераасэнсаваць”, то дадзены гістарычны працэс і канкрэтна дадзены момант у гісторыі Касцёла яшчэ не скончыўся. Як мы ведаем, час больш за прастору; спадзяюся, ён пакажа, на чыім баку знаходзіцца Хрыстус. Таму біскупы павінны выступіць і выказаць, у што яны вераць у сваім сумленні. Як і святы Ігнацый, я заўсёды прымаю рашэнні, стараючыся як мага больш пранікнуць у сутнасць праблемы, і затым дзейнічаю ў адпаведнасці са сваім сумленнем. Глыбокае разуменне праблемы заўсёды магчымае. Аднак часта неабходна мучаніцтва, каб дайсці да яго альбо прадставіць яго з добрымі намерамі і разумнымі аргументамі.

МХ: Якім чынам, на вашу думку, Каталіцкі Касцёл мог бы ясна прамовіць зразумелае вучэнне наконт таго, які тып паводзінаў падабаецца Богу, а які тып паводзінаў ставіць душы людзей у небяспеку і рызыкоўнае становішча?

БМЭ: Сабраўшыся разам з Папам і ведучы шчыры дыялог, без маніпуляцый, запалохвання і табу наконт таго, пра што можна казаць і думаць; але хутчэй у праўдзе і з любоўю, ва ўзаемнай пашане і з павагай да сумлення іншага. Аднак на дадзены момант Папа ў гэтым кантэксце яшчэ не прадставіў беспамылковага новага вучэння, а хутчэй адмовіўся выконваць сваё настаўніцкае служэнне, не даўшы яснага, настаўніцкага і беспамылковага адказу на dubia. Гэта праблема для малых [parvuli], пра якіх Езус кажа ў Евангеллях і якія пішуць да мяне асабіста. Выказваючыся публічна, я таксама думаю і пра іх.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Liebermary (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар

Scroll Up