06.02.2018 / John O'Brien

№50. Імша павінна служыцца ў абутку🕑 2 хвілін

Ці то імітуючы першасвятара старога закону, які заўсёды служыў басанож, ці то з глыбокай пашаны да Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў ранейшыя часы некаторыя святары служылі Імшу без абутку. Гэтая практыка таксама існавала ў некаторых егіпецкіх манахаў, пакуль яе не забараніў Святы Пасад (Cassianus, Institut., кніга І, раздзел VІ). Згодна з цяперашняй дысцыплінай, служыць Імшу басанож не дазваляецца ніколі; рубрыкі выразна кажуць, што святар павінен быць абуты (pedibus calceatus).

Аднак у выпадку нестарыянаў усё наадварот. Бо ў іх лічыцца вялікай знявагай служыць Імшу ў абутку. Яны павінны рабіць гэта басанож ад пачатку да канца, паказваючы такім спосабам сваю глыбокую пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту (гл., сярод іншага, Smith, Dwight, ІІ, 229). Кажуць, што армянскія святары, якія прысутнічаюць на Імшы ў хоры, ніколі не носяць абутку на нагах, але цэлебрант заўсёды носіць лёгкія чорныя тапачкі.

Старажытныя правілы, якія датычацца колеру абутку падчас Імшы. У ранейшыя часы біскупы маглі насіць на Імшы абутак такога колеру, які ім падабаўся, але для святароў і ніжэйшага духавенства заўсёды быў прадпісаны чорны колер. Эксэтэрскі сабор (1287) загадаў духавенству насіць выключна чорныя боты; а на саборы ў Лондане (1342) было пастаноўлена забараніць ім насіць зялёныя ці чырвоныя рэйтузы. Біскуп Уонфліт у статутах для свайго каледжа ў Оксфардзе сурова забараніў выкарыстанне нізкіх чаравікоў (high-lows), а таксама чырвоных завостраных чаравікоў, а таксама ўсяго падобнага, што супярэчыць святарскаму стану і святым канонам (Dr. Rock, Church of Our Fathers, II, 244).

Падчас адарацыі крыжа ў Вялікую пятніцу пасвячаныя служыцелі здымаюць абутак у знак пашаны. Кажуць, што рымляне басанож хадзілі на пахаванне Аўгуста, каб засведчыць вялікую павагу, якой заслугоўвае такі чалавек.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Roman Catholic Archdiocese of Boston (CC BY-ND).

Пакінуць каментар

Scroll Up