Карыстаючыся штогадовай нагодай, распавядзём пра свае ўнутраныя справы і пра тое, што адбылося за мінулы год.

ШТО БЫЛО

У 2017 годзе гэты блог папоўніўся на 157 допісаў. За гэты ж час сюды прыйшло 4 тыс. індывідуальных (у тэхнічным сэнсе) наведвальнікаў, якія прагледзелі 7,5 тыс. старонак. У параўнанні з першым годам нашай працы, сітуацыя з наведвальнасцю амаль не змянілася. З чэрвеня 2017 года наведванні ў блогу падлічваюцца найбольш кансерватыўным лічыльнікам WordPress, і канкрэтныя лічбы вы можаце бачыць на віджэце на правай панэлі.

Тры найбольш чытаныя допісы за 2017 год:

Калі браць самае вартаснае, але менш папулярнае, то ў мінулым годзе мы апублікавалі відэападручнік па цэлебрацыі святой Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду і фрагмент кнігі кс. Аўгустына Арндта SJ пра адпусты.

Рэкорд наведванняў за дзень быў абноўлены 5 снежня 2017 года, калі вайбер-чат беларускіх святароў больш за 120 разоў прагледзеў артыкул пра тое, што Папа Францішак апублікаваў інструкцыі аргентынскіх біскупаў як аўтэнтычнае навучанне.

Агульны сённяшні стан блога наступны. Сумарная колькасць артыкулаў цяпер складае 282. Цэльным тэкстам гэта будзе 403 тыс. словаў, альбо прыблізна 800 старонак А4 дробнымі літаркамі. Абсалютная большасць тэкстаў альбо не мае аналагаў у каталіцкім байнэце, альбо станоўча адрозніваецца ад іх сваёй паўнатою.

Тры самыя вялікія допісы, кожны прыблізна па 9 тыс. словаў, наступныя:

  1. Прамова кардынала Сара на канферэнцыі “Sacra Liturgia Milan 2017”
  2. Дэкларацыя вернасці вучэнню Касцёла: поўны тэкст
  3. Канферэнцыя “10 гадоў Summorum Pontificum” на Ars Celebrandi 2017

І, нарэшце, пра бюджэт. Падтрымка даменнага імя і хостынгу на чарговы год каштуе $104, прыкладна столькі ж каштаваў пераклад відэападручніка. Яшчэ $30 было выдадзена на рэкламу ў Фэйсбуку, бо інакш, на жаль, ніяк.

ШТО БУДЗЕ

Тое самае, што раней. Даследаванне прыгажосці рымскага абраду яшчэ не скончана, адбудова зруйнаванай літургіі яшчэ толькі ў праекце. Калі будзе досыць, мы ўсе даведаемся першымі. А пакуль што выглядае так, што шлях будзе павольны, доўгі і з невядомым вынікам.

Але ёсць і некалькі станоўчых навінаў.

Па-першае, у працы знаходзіцца пераклад кнігі д-ра Пітэра Кваснеўскі “Resurgent in the Midst of Crisis: Sacred Liturgy, the Traditional Latin Mass, and Renewal in the Church”. Гэта кніга апалагетычнага характару, якая мае на мэце прадставіць непраходзячую прыгажосць традыцыйнай лацінскай літургіі і выявіць недахопы сучаснай літургіі з мэтай іх выпраўлення. З вялікай верагоднасцю ў гэтым годзе кніга выйдзе з друку.

Па-другое, рыхтуюцца да публікацыі кароткія артыкулы міжнароднай федэрацыі “Una Voce”, так званыя “пазіцыі”, якія маюць на мэце даць у сціслым выглядзе ключавую інфармацыю і літаратуру па канкрэтных вузкіх пытаннях, звязаных з традыцыйнай літургіяй. Сярод гэтых пытанняў ёсць, напрыклад, такія: літургічная роля лацінскай мовы, выкарыстанне Вульгаты ў Імшы, працягласць эўхарыстычнага посту, роля цішыні ў літургіі і інш. Агулам гэтых артыкулаў напісана больш за 30. Іх поўны спіс можна паглядзець на старонцы федэрацыі.

Будзе і шмат іншага смачнага.

ПАДЗЯКІ

Вялікая ўдзячнасць чытачам, асабліва тым, хто распаўсюджвае нашыя тэксты і падпісваецца на новыя матэрыялы ў сацыяльных сетках. Дзякуй тым, хто пісаў лісты, каментаваў і знаходзіў памылкі.

Дзякуй шматлікім аўтарам, як жывым, так і памерлым, тэксты якіх мы можам перакладаць і чытаць. Перадусім нізкі паклон тэлеканалу EWTN, які адгукнуўся на просьбу падзяліцца 110 ГБ сваіх відэаматэрыялаў.

ЯК ДАПАМАГЧЫ

Самым простым спосабам дапамагчы будзе падпіска на нашу старонку ў Фэйсбуку і канал у Тэлеграме.

Для тых, хто хоча зрабіць больш, мы ўладкавалі асобную старонку “Дапамога“, на якой пададзена канкрэтыка.

Але найлепшым спосабам дапамагчы будзе канкрэтнае спрыянне аднаўленню традыцыйнай лацінскай Імшы, якая ніколі не была забаронена, на якую вернікі маюць права і на просьбы пра якую святыя пастыры Касцёла маюць абавязак паглядзець прыхільным вокам.

Калі вы свецкі вернік, вы вельмі дапаможаце тым, што запросіце святара на калядны візіт і за кавай мімаходзь скажаце яму, што нягледзячы на тое, што многія не ведаюць і ім усё адно, — вам традыцыйная Імша вядомая і вам не ўсё адно. Скажыце свайму пробашчу, што калі раптам ён цікавіўся гэтай формай Імшы, то ён не адзін, бо ёсць прынамсі яшчэ і вы. Паабяцайце яму на дзень нараджэння бірэту з чатырма рагамі.

Калі вы святар, то вам будзе цяжка, але ніхто не адбярэ ў вас здольнасці любіць, цаніць і пазнаваць. Калі прыйдзе час і магчымасць, вы ўжо будзеце ведаць многія тэксты на памяць, а рухі і жэсты будуць напрацаваныя. Магчыма, гэта нават стане другім сэнсам вашага жыцця. Магчыма, акажацца, што вы таксама не адзін, бо той ці іншы ваш сабрат задаецца тымі ж пытаннямі. А дзе двое, там можна з любоўю пераканаць трэцяга.

Калі вы біскуп, Бог даў вам вялікую ўладу. Магчыма, ёсць аб’ектыўныя абставіны, якія не даюць вам зрабіць большага, але ў гэтай справе важным можа быць і малое. Дайце вернікам і святарам, прывязаным да традыцыйнай лацінскай Імшы, адчуць сябе ў бяспецы. Дайце паказаць ім, што самі яны таксама не нясуць небяспекі. Гэта варта таго, каб паспрабаваць.

А ва ўсім няхай будзе праслаўлены Бог.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар