Да пачатку ХІІІ ст. звычай, калі шматлікія святары ядналіся ў ахвяраванні той самай Імшы, быў вельмі распаўсюджаны падчас больш урачыстых святаў года. Святароў, якія пры такіх нагодах далучаліся да Імшы, сталі называць канцэлебрантамі, бо яны выконвалі служэнне разам з асноўным цэлебрантам Імшы. Як бы шмат іх ні было, ніхто не лічыў, што ў выпадку канцэлебрацыі прыносіцца больш за адну Ахвяру (Bona, Rer. Liturg., с. 246). Адносна гэтага звычаю Папа Інакенцій ІІІ у сваёй чацвёртай кнізе пра Імшу (раздзел XXV) піша наступнае: “Кардыналы-святары маюць звычай станавіцца вакол Рымскага Пантыфіка і служыць разам з ім, а калі Ахвяра прынесена, яны прымаюць Камунію з яго рук, што сімвалізуе Апосталаў, якія сядзелі пры стале разам з нашым Панам і ад Яго прынялі Эўхарыстыю; у гэтай супольнай цэлебрацыі таксама паказваецца, што ў той жа час яны навучыліся абраду, пры дапамозе якога трэба прыносіць гэтую Ахвяру”.

Напачатку ХІІІ ст. звычай канцэлебрацыі, здаецца, прыйшоў у заняпад, бо Дзюран, які працаваў каля 1260 года, кажа пра яго так, быццам ён ужо знік. Адзіным ягоным следам у Лацінскім Касцёле на сённяшні дзень застаецца Імша пасвячэння святара і кансэкрацыі біскупа. У першым выпадку кандыдат (ordinandus) працягвае служыць Імшу разам з біскупам ад аферторыя і да канца, рэцытуючы ўсе часткі гучным голасам, нават словы кансэкрацыі гостыі і келіха; у другім выпадку біскуп-элект пачынае Імшу разам з кансэкруючым біскупам і следуе за ім да самага канца, толькі што ён не паварочваецца разам з ім да людзей, каб сказаць “Dominus vobiscum” альбо “Orate fratres”. Падчас Камуніі ён прымае частку Гостыі кансэкруючага біскупа і з ім жа прымае частку Найдаражэйшай Крыві з таго ж келіха.

Наконт гэтай Імшы з канцэлебрацыяй задаюць шмат цікавых пытанняў; але паколькі затрымлівацца на іх не ўваходзіць у нашыя мэты, мы пададзім нашаму чытачу толькі самыя важныя. Напрыклад, у выпадку, калі новапасвячаны святар вымавіць формулу кансэкрацыі першым, то прыпісваць кансэкрацыю хлеба і віна трэба яму ці пасвячаючаму біскупу? Раней некаторыя тэолагі, каб пазбегнуць усялякіх неадназначнасцяў, трымаліся меркавання, што новапасвячанаму святару след прамаўляць словы кансэкрацыі гістарычным чынам (historico modo) і ўвогуле не мець ніякага намеру здзейсніць кансэкрацыю. Па меркаванні іншых, увогуле не мела значэння, хто з іх першым прамовіў словы кансэкрацыі, бо яна заўсёды прыпісвалася біскупу. Трэцяе меркаванне, якое сёння з’яўляецца агульнапрынятым, заключаецца ў наступным: хоць новапасвячаны святар і можа з-за паспешлівасці прамовіць святыя словы ўстанаўлення перад пасвячаючым біскупам, усё гэтае дзеянне павінна лічыцца адным, цэльным учынкам, на моцы якога кансэкрацыя здзяйсняецца толькі тады, калі двое прамовілі ўсю формулу цалкам. Гэтае меркаванне падтрымана, сярод іншага, Папам Інакенціем ІІІ і вялікім доктарам св. Тамашам Аквінскім (гл. Catalanus, Mühlbauer, “Pontificale Romanum”, том І, с. 167).

Усе, аднак, сыходзяцца на тым, што новапасвячаны святар у гэтым выпадку прыносіць сапраўдную Ахвяру і таму ён павінен мець намер кансэкраваць разам з біскупам той жа хлеб і тое ж віно (Бенедыкт XIV, частка 2, № 142; Bouvry, ii, 493, q. 4).

Усходні звычай у гэтай справе

Старажытны звычай канцэлебрацыі дагэтуль шырока распаўсюджаны амаль ва ўсім Усходнім Касцёле. Ён сурова захоўваецца на тэрыторыі, дзе існуе грэцкі абрад; таксама ён ёсць і ў нестарыянаў (Badger, Nestorians and their Rituals, I, c. 286). Літургія маранітаў і іх літургічныя традыцыі паказваюць, што гэты звычай папулярны і ў іх. Калі іх патрыярх служыць канцэлебраваную Імшу, да яго далучаецца некалькі біскупаў і святароў, якія служаць і прымаюць Камунію разам з ім (Goar, Euchol., с. 299). Калі цэлебрантам з’яўляецца біскуп, да яго далучаюцца ўсе прысутныя святары; тое ж адбываецца, калі Імшу цэлебруе пратапоп [1]. Усё гэта, аднак, датычыцца толькі вялікіх святаў, а не звычайных нагодаў.

[1] Пратапоп ва Усходнім Касцёле — гэта прыкладна тое ж, што наш архідыякан, а яго дакладная юрысдыкцыя такая ж, як у старажытнага хорбіскупа, альбо сельскага біскупа.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар