У вельмі раннія часы выбар, служыць адну ці шмат Імшаў у дзень, належыў выключна самому святару (Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., c. 19). Даволі распаўсюджанай сітуацыяй было тое, што святар служыў штодзень дзве Імшы: адну — з таго свята, якое выпадала на гэты дзень, а другую — за памерлых вернікаў. Аднак у хуткім часе магчымасць цэлебраваць некалькі Імшаў была абмежавана да тых выпадкаў, калі з нагоды нейкай урачыстасці збіралася больш людзей, чым зазвычай. Тады, каб даць магчымасць кожнаму ўдзельнічаць у святой Імшы, дазвалялася служыць столькі Імшаў, колькі было патрэбна, нават калі іх служыў адзін і той жа святар. Кажуць, што Папа Леў ІІІ (ІХ ст.) служыў ажно дзевяць Імшаў у дзень, каб задаволіць падобныя патрэбы (ibid., с. 19). Аднак такая практыка паступова прыходзіла ў занядбанне, пакуль Папа Аляксандр ІІ (1061—1073) не пастанавіў, што ніводзін святар не павінен служыць больш за адну Імшу ў дзень. Адпаведны дэкрэт казаў наступнае: “Святару дастаткова служыць адну Імшу ў дзень, таму што Хрыстус пацярпеў аднойчы і адкупіў увесь свет. Цэлебрацыя адной Імшы — гэта нямала, і вельмі шчаслівы той, хто можа годна цэлебраваць адну Імшу” (ibid.) Гэта адпавядае цяперашняй дысцыпліне Касцёла. Аднак святарам, якія працуюць у двух касцёлах, даюцца паўнамоцтвы служыць у нядзелю Імшы ў абодвух касцёлах, каб даць магчымасць людзям выканаць абавязак, паводле якога яны павінны ўдзельнічаць у гэты дзень у Найсвяцейшай Ахвяры. Але ні пры якіх умовах святар не можа служыць больш за дзве Імшы ў такіх выпадках [1]. Дазвол дубляваць Імшы таксама можа быць дадзены для аднаго касцёла, дзе трэба адслужыць дзве Імшы.

Божае Нараджэнне ў якасці выключэння

На сённяшні дзень Божае Нараджэнне з’яўляецца адзіным днём на працягу года, калі можна служыць шмат Імшаў. У гэтае вялікае свята Касцёл удзяляе кожнаму святару прывілей цэлебраваць Найсвяцейшую Ахвяру тройчы ў тую самую раніцу, не абавязваючы іх, аднак, служыць больш за адну Імшу, калі яны таго не хочуць. Паводле Дзюрана (Rationale Divin., с. 419, № 17), гэты прывілей быў устаноўлены Папам Тэлесфорам у 142 годзе. Літургічныя аўтары прыпісваюць гэтым тром Імшам наступнае містычнае значэнне: па-першае, спрадвечнае нараджэнне Божага Сына ва ўлонні Айца; па-другое, Яго нараджэнне ў часе ва ўлонні Яго Беззаганнай Маці; па-трэцяе, Яго духоўнае нараджэнне ў сэрцах вернікаў пры годным прыняцці сакрамэнтаў, а перадусім пры прыняцці Яго самога ў сакрамэнце алтара (Benedict XIV, De Festis Dom. Nostr. J. Christi, No. 668; Bouvry, Expositio Rubr., i. 437).

У каралеўстве Арагон, у Іспаніі (уключна з Валенсіяй і Каталоніяй), а таксама ў каралеўстве Мальёрка кожнаму святару дазволена служыць дзве Імшы 2 лістапада, у дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў, а кожны законны [2] святар можа служыць тры Імшы. Гэтым прывілеем таксама карыстаюцца дамініканцы кляштара св. Якуба ў Памплоне (Benedict XIV, De Sacrif. Missae, Romae, ex. Congr. de Prop. Fide, an. 1859 editio, c. 139). Кажуць, што гэты дазвол упершыню ўдзяліў альбо Папа Юлій, альбо Папа Павел ІІІ, і хоць аб ім потым прасілі вядомыя людзі, ён больш не быў дадзены аніводнаму гораду альбо месцу ў Іспаніі, акрамя пералічаных. Што датычыцца самай апошняй інфармацыі наконт таго, як цяпер распаўсюджваецца гэты прывілей, то гэтага я сказаць не магу. Аднак існуе рух, накіраваны на тое, каб выпрасіць у Святога Айца пашырэнне гэтага прывілею на паўсюдны Касцёл, каб церпячыя ў чысцы душы маглі атрымаць як найбольш эфектыўную дапамогу.

Практыка Усходняга Касцёла адносна цэлебрацыі Імшы

Практыка Усходняга Касцёла ў тым, што звязана з цэлебрацыяй Імшы, даволі мяккая; аднак калі казаць пра колькасць Імшаў, якія святар можа адслужыць у той самы дзень, Усходні Касцёл (акрамя коптаў) і мы згаджаемся. Штодзённая Імша на Усходзе з’яўляецца рэдкасцю, акрамя як у папскіх каталікоў (як называюць тых, што ў еднасці з намі), і нават у многіх месцах яе не служаць у нядзелю, калі гэта толькі не нейкая асаблівая нядзеля.

Паводле нестарыянскага рытуала, служэнне Імшы прадпісана на кожную нядзелю і пятніцу, а таксама кожнае свята на працягу года. Яна таксама служыцца кожны дзень у першы, сярэдні і апошні тыдні Вялікага посту, акрамя Вялікай пятніцы, а таксама на працягу тыдня пасля Вялікадня. Аднак на сённяшні дзень цэлебрацыя Імшы абмяжоўваецца да нядзелі і галоўных святаў, і ў некаторых месцах цэлыя тыдні праходзяць без аніводнай цэлебрацыі. Джордж Персі Бэджэр, якога мы цытуем, кажа, што ў некаторых выпадках ёсць практыка, што святар чытае тэкст літургіі, прапускаючы малітву кансэкрацыі і іншыя часткі, падобна як робіцца падчас сухой Імшы. Гэта нестарыяне называюць простай Імшою (Nestorians and their Rituals, том ii. с. 243).

Сміт і Дуайт у сваіх падарожжах па Усходзе распавядаюць, што некаторыя нестарыянскія святары казалі ім, што часам можна прайсці цэлы год, а будзе адслужана не больш за тры Імшы (Researches in Armenia, том ii. с. 230). Аднак, кажуць яны, больш пабожныя святары служаць вельмі рэгулярна, асабліва ў перыяд Вялікага посту [3].

Паводле дысцыпліны армянаў, ім прадпісваецца штодзённая Імша, якая рэдка прапускаецца, калі ёсць дастаткова святароў (ibid., 103). Ніл, аднак, наўпрост супярэчыць гэтаму ў кнізе Holy Eastern Church (том i. с. 380, зноска a), дзе ён ясна сцвярджае, што ў Армянскім Касцёле існуе правіла, што літургія не павінна служыцца, акрамя як у суботы і нядзелі, а таксама ў дні, на якія прыпадае вялікае свята нашага Пана альбо Яго Маці. У звычайныя дні, замест Імшы, яны прамаўляюць тэрцыю, сэксту і нону з Божага Афіцыя. Аднак Ніл дадае, што ў Вялікім посце Імша служыцца часцей.

Калі здарыцца смерць, заўсёды цэлебруецца Імша. Армяне служаць адну Імшу ў дзень пахавання і па адной на сёмы, пятнаццаты і саракавы дзень пасля смерці, а таксама яшчэ адну ў дзень гадавіны. Гэтая святая практыка маліцца за памерлых і служыць Імшу за іх вельмі распаўсюджана на Усходзе, як сярод схізматыкаў, так і сярод каталікоў.

Літургічнымі днямі коптаў з’яўляюцца нядзелі і святы, а таксама серады і пятніцы посных перыядаў. Кажуць, што па прычыне немагчымасці атрымаць вінаград для вытворчасці віна з Каіра іх святары не могуць служыць Імшу часцей, чым раз на месяц. Гэтыя заўвагі, вядома, датычацца толькі коптаў-схізматыкаў, а не каталікоў. Апошнія служаць рэгулярна.


[1] Кс. Ветроміл (Travels in Europe and the Holy Land, с. 171) пацвердзіць нашыя словы, што святары, якія служаць у Кальварыйскай капліцы ў Ерузалеме, могуць там цэлебраваць Імшу ў любы час дня і так часта, як захочуць.

[2] Святары, якія жывуць у супольнасці, называюцца рэгулярнымі, альбо законнымі. Святары, якія жывуць па-за супольнасцю, называюцца секулярнымі, альбо дыяцэзіяльнымі.

[3] Перыяд Вялікага посту вельмі сурова праводзіцца на ўсім Усходзе. Фактычна, яны маюць не адзін пост, а некалькі, і яны адзначаюцца з усёй старажытнай адданасцю нават па сённяшні дзень. Акрамя захоўвання посту ва ўсе серады і пятніцы года, нестарыяне таксама трымаюць пост на працягу 25 дзён перад Божым Нараджэннем, 15 дзён перад святам св. Марыі, г. зн. перад Унебаўзяццем Найсвяцейшай Дзевы Марыі, тры дні перад святам Святога Крыжа, тры дні перад святам св. Яна, 50 дзён перад Вялікаднем і 50 дзён перад Пяцідзесятніцай. Пост у сераду і пятніцу настолькі суровы, што мяса нельга спажываць з папярэдняга вечара да вечара наступнага дня (Smith, Dwight, Researches in Armenia, ii. 208, 209). Агульная колькасць посных дзён у армянаў за адзін год дасягае 156 (ibid. i. с. 156).

Паводле д-ра Ніла, пасты ў Грэцкім Касцёле складаюць 226 дзён у год. Ён таксама заўважае, што па суровасці нішто і нідзе не можа параўнацца з іх Вялікім постам. Адзінае паслабленне заключаецца ў дазволе больш чым на адзін пасілак у суботы і нядзелі, а таксама на спажыванне рыбы ў свята Звеставання. Ва ўсе іншыя дні мяса, рыба, сыр, яйкі, алей і малако сурова забаронены. Старыя і маладыя настолькі сурова захоўваюць гэты Вялікі пост, што бядняк выкіне сваю апошнюю скарынку хлеба, калі да яе выпадкова дакранецца кропля алею ці іншага забароненага рэчыва (Holy Eastern Church, іі.744).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Mateusz Szymkiewicz (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар