Як паведамляе афіцыйная вэб-старонка нямецкага епіскапату Katholisch.de, галандскі кардынал Вілем Эйк, арцыбіскуп мітрапаліт Утрэхта, просіць Папу Францішка ўнесці яснасць у замяшанне, якое ўзнікла вакол пытання, што рабіць з разведзенымі і “паўторна жанатымі” асобамі ў Касцёле. У інтэрв’ю, апублікаваным у галандскай газеце Trouw, 64-гадовы кардынал Эйк кажа: “Людзі збітыя з панталыку, а гэта нядобра”.

Кардынал Эйк мае на ўвазе неадназначнае вучэнне, якое паходзіць з папскага дакумента Amoris Laetitia. Katholisch.de піша:

Францішак выступае за магчымасць даваць у індывідуальных выпадках разведзеным і паўторна жанатым асобам доступ да сакрамэнтаў — пасля стараннага пастырскага распазнання і нават у тым выпадку, калі папярэдняе кананічнае сужэнства ўсё яшчэ існуе.

Кардынал Эйк прапануе, каб Папа напісаў дадатковы дакумент, у якім будуць зняты ўсе неадназначнасці. Сам Эйк па гэтым пытанні падтрымлівае больш суровую інтэрпрэтацыю кананічнага права. Па яго меркаванні, каталікам нельга дазваляць паўторны шлюб, калі іхні развод не быў прадметам разбіральніцтва ў сужэнскім трыбунале Касцёла. Без гэтага, паводле Эйка, гэтыя пары [у новым саюзе] не могуць мець доступу да святой Камуніі. Вось, што ён кажа (пераклад на англійскую мову Марка дэ Урыса):

Мы маем словы самога Хрыста, што сужэнства адно і што яно не можа быць разарвана. Гэтага мы трымаемся ў архідыяцэзіі. Калі касцёльны суд аб’явіў сужэнства несапраўдным, гэта з’яўляецца афіцыйным пацвярджэннем таго, што сужэнства ніколі не існавала. Толькі тады чалавек вольны жаніцца і прымаць сакрамэнты споведзі і Камуніі.

Як перадае Katholisch.de, кардынал Эйк таксама раскрытыкаваў дэбаты на гэтую тэму ўнутры Каталіцкага Касцёла, калі адна біскупская канферэнцыя ўстанаўлівае правілы, якія адрозніваюцца ад правілаў іншай. Ён кажа: “Але тое, што з’яўляецца праўдай у адным месцы, не можа раптоўна зрабіцца няпраўдай у іншым месцы”.

Заява кардынала Эйка мае значную вагу, таму што ён з’яўляецца прызнаным экспертам у пытаннях маральнай тэалогіі. Акрамя таго, ён яшчэ не сышоў на пенсію і таму больш рызыкуе, заяўляючы пра сваю пазіцыю. У 2015 годзе ён быў сярод падпісантаў ліста 13 кардыналаў да Папы Францішка, у якім прагучала просьба аб справядлівай працэдуры падчас другога сінода біскупаў на тэму сужэнства і сям’і.

Больш за тое, у 2015 годзе, перад самым другім сінодам, кардынал Эйк у складзе адзінаццаці кардыналаў апублікаваў кнігу ў абарону традыцыйнага каталіцкага вучэння на тэму сям’і, якая атрымала назву “Eleven Cardinals Speak on Marriage and the Family: Essays from a Pastoral Standpoint” (“Адзінаццаць кардыналаў выказваюцца пра сужэнства і сям’ю: эсэ з пастырскага пункту гледжання”). У гэтай кнізе кардынал Джон Анаіекан (Нігерыя) выказаў наступныя словы, якія сёння гучаць вельмі востра:

Сінод [на тэму сям’і] не быў скліканы, каб вырашаць, могуць ці не могуць разведзеныя і паўторна жанатыя пары прымаць святую Камунію. Гэта напэўна не з’яўляецца мэтай сінода. Не павінен сінод абмяркоўваць і пытанне гомасэксуальнасці і таго, могуць ці не могуць два каталікі альбо дзве каталічкі стаць перад алтаром, каб заключыць сужэнства. […] Гэтыя пытанні ў нашым вучэнні ўжо выкладзены ясна. Сіноды не склікаюцца, каб змяняць дактрыну ці вучэнне Касцёла [вылучэнне дададзена].


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар