Архідыяцэзія Брагі апублікавала на дадзены момант самыя дэтальныя інструкцыі наконт таго, як адмысловая дыяцэзіяльная служба (“Служба прыняцця і падтрымкі сям’і”) будзе дапускаць асобаў, якія ўступілі ў паўторны, грамадзянскі саюз, не атрымаўшы пастанаўлення аб несапраўднасці свайго першага шлюбу, да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі.

17 студзеня арцыбіскуп Жоржэ Арціга, прымас Партугаліі, прадставіў на адмысловай прэс-канферэнцыі план, паводле якога будзе адбывацца гэты допуск.

У якасці першай дапамогі “разведзеным” каталікам, якія жывуць у новым саюзе, арцыбіскуп назваў “прадстаўленне інфармацыі і дарадчай паслугі наконт існавання падставаў для перадачы справы аб несапраўднасці [іх першага] сужэнства ў касцёльны суд”. Архідыяцэзія Брагі жадае паскорыць гэты працэс і пазбегнуць уражання таго, што ён вельмі доўгі і фінансава стратны.

Тым жа, хто не можа атрымаць пастанаўленне аб несапраўднасці свайго першага шлюбу, архідыяцэзія прапануе “шлях адказнага асабістага і пастырскага распазнання з мэтай глыбейшай інтэграцыі”. Неабходна, каб пары, якія ступаюць на гэты шлях, “былі гатовыя, напрыклад, прыняць, што не існуе загадзя вызначаных адказаў альбо папярэдне акрэсленых мэтаў”. “Бо калі б яны існавалі, — кажа тэкст прэс-канферэнцыі, — то не было б чаго распазнаваць”.

Далей ідзе апісанне самога працэсу распазнання. Плануецца, што ён зойме некалькі месяцаў, падчас якіх пара будзе рэгулярна сустракацца са святаром, які павінен будзе назіраць за працэсам і забяспечваць яго “нармальнае” цячэнне, бо “мы пакліканы — кажа тэкст, спасылаючыся на адгартацыю Amoris Laetitia, — фарміраваць сумленні, а не замяняць іх”.

Што датычыцца рашэння аб прыняцці сакрамэнтаў, то гэты выбар застаецца не за святаром, а за самой парай. Асобы, якія знаходзяцца ў працэсе распазнання, павінны будуць улічыць стан свайго сужэнства, умовы, у якіх знаходзяцца дзеці, уплыў свайго рашэння на супольнасць, а таксама паразважаць над Святым Пісаннем і апостальскай адгартацыяй Amoris Laetitia. Нарэшце, трэба будзе скласці спісы “за” і “супраць” прыняцця сакрамэнтаў. Прыняўшы рашэнне, трэба будзе яго пераправерыць у малітве. “Калі Пан не дае знакаў, супярэчных зробленаму выбару, яго трэба прыняць”.

Арцыбіскуп не згадвае ані навучання Яна Паўла ІІ у Familiaris Consortio, ані патрабавання да такіх параў жыць у поўным устрыманні. Ён сцвярджае, што гэты шлях распазнання мае на мэце “паказаць важнасць асабістага сумлення ў жыцці хрысціянаў і Касцёла”.

Гэтыя новыя інструкцыі крытыкуе рэдактар выдання Catholic Herald Дэн Хітчэнс. У часопісе First Things апублікаваны ягоны артыкул з цікавай назвай “Mr. Fit goes to Communion” (“Містэр Годны прыступае да Камуніі”). У якасці асноўнай думкі Хітчэнс прапаноўвае тэзіс, што “пастырскія” і “міласэрныя” спробы прымяніць нязменную дактрыну Касцёла на карысць асобаў у паўторным шлюбе насамрэч абсалютна не з’яўляюцца міласэрнымі, калі іх перанесці са свету геніяльных прапановаў у свет канкрэтных людзей.

У спрадвечным вучэнні Касцёла, так глыбока закаранёным у гісторыі і так моцна пацверджаным у сучасныя часы, да ўсіх такіх асобаў праяўляецца аднолькавае стаўленне: калі яны пазбягаюць сэксуальных адносінаў са сваім новым партнёрам, яны могуць прымаць Камунію. Але калі яны стануць на хуткі шлях Брагі, яны далучацца да адной з дзвюх катэгорый: годныя асобы і нягодныя асобы. Праз шэсць месяцаў містэр Годны вырашыць, што ён можа прыступаць да Камуніі, а містэр Нягодны вырашыць наадварот: што Бог жадае, каб ён устрымаўся ад гэтага.

Далей аўтар прыводзіць аргументы на карысць таго, што такі варыянт пойдзе на шкоду і першаму, і другому. Па-першае, кажа Хітчэнс, не існуе алгарытму, які мог бы вырашыць, што чалавек, які мае на 65 % добрыя адносіны са сваёй былой жонкай, дзеці якога адчуваюць сябе на 43 % добра і супольнасць якога спакусіцца на 37 %, будзе ў суме нягодны прымаць святую Камунію. Паколькі чалавек найбольш здольны апраўдваць сябе, то павінен існаваць нейкі “таямнічы, вырашальны фактар”, які будзе азначаць, што містэр Нягодны “адрэзаны” ад Бога, прызначаны да вечнага асуджэння і замкнёны ў вечнай цемры.

Але сітуацыя, паводле аўтара, не лепшая і для містэра Годнага. На якой падставе ён мусіць вырашыць, што ён бліжэйшы да Бога, чым містэр Нягодны? Што, калі праз некаторы час містэр Годны апамятаецца і вырашыць, што ён памыляўся адносна Божай волі, прымаючы Камунію ўвесь гэты час? А можа, ён памыляецца цяпер?

Хітчэнс піша суцяшальную рэч:

У дыяцэзіі, якая следуе спрадвечнаму вучэнню, вы можаце вызнаць свае грахі ў споведзі, зрабіць пастанову пазбягаць іх у будучыні і працягваць жыць. У Бразе вас папросяць месяцамі раздумваць над сваёй годнасцю.

Акрамя таго, дадае ён, чым больш працягваецца гэтае распазнанне, тым больш верагоднасць таго, што чалавек набудзе “поўныя веды” і “поўную згоду” — фактары, неабходныя для існавання смяротнага граху. А гэта аўтаматычна прыводзіць не да таго выніку, які, магчыма, прадугледжаны “міласэрнай” распазнаўчай стратэгіяй архідыяцэзіі Брагі.

Што тады будзе рабіць містэр Годны падчас споведзі? Калі яго не просяць спыніць сэксуальныя адносіны з новым партнёрам, ці павінен ён перастаць згадваць чужалоства ў споведзі? Ці павінен ён казаць “пастанаўляю выправіцца, акрамя граху чужалоства”?

Хітчэнс паказвае на вялікі парадокс цяперашняга дактрынальнага крызісу:

Тыя, хто найбольш кажуць пра “пастырскія рэаліі” і “людзей у канкрэтных абставінах”, разам з тым падтрымліваюць самыя невыканальныя ідэі.

Раней мы ўжо публікавалі тэарэтычную сітуацыю “канкрэтных” людзей Ірмы, Тоні і Франсіска, прапанаваную а. Полам Келерам, а таксама пярэчанне юрыста Эдварда Пітэрса з выпраўленнем памылак Келера.

Чым больш такіх “рэальных” сітуацый будзе разгледжана загадзя, тым меншую шкоду — часовую і вечную — панясуць простыя вернікі, якія паслухмяна ідуць за памылкамі сваіх пастыраў.

Фота: фасад катэдральнага касцёла Брагі, José Conçalves (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар